16 чэрвеня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Даруй мне, Пане, віну граху майго
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма перадае галоўныя думкі ўсіх сённяшніх чытанняў. Ён нагадвае аб Божай міласэрнасці, аб тым, што Бог даруе грэх таму, хто каецца.
Першае чытанне распавядае аб жудасным граху караля Давіда. Ён учыніў усё, каб быў забіты начальнік ягонага войска Урыя, з мэтай таго, каб мець сумеснае жыццё з ягонай жонкай. Таму Давід заслужыў цяжкага пакарання. Але калі Божы прарок Натан указаў яму на ягоны грэх, Давід раскаяўся. Прымаючы Божую ласку і прабачэнне, ён пайшоў далей, каб стаць адной з найвялікшых постацяў у гісторыі габрэйскага народа і іх найвялікшым каралём, да грабніцы якога і ў наш час спяшаюцца як габрэі, так і хрысціяне іншых веравызнанняў.
Новым пачаткам жыцця Давіда было яго навяртанне. Гісторыя караля Давіда схіляе нас спытаць саміх сябе: «Які грэх можа адлучыць нас ад любові Божай, калі мы будзем каяцца і прасіць прабачэння, як Давід?»
У другім чытанні святы апостал Павел нагадвае пра тое, што чалавек апраўдваецца не ўчынкамі закона, а вераю ў Езуса Хрыста, бо законы ўстанаўліваюць межы паводзінаў, але не вядуць да Божай любові. Іншымі словамі, законы не могуць даць нам Божае прабачэнне. Яго дае толькі Божая міласэрная любоў.
Фарысей з сённяшняга Евангелля жыў паводле закону, забываючыся аб любові. У часы Езуса гасцям, якія ўваходзілі ў дом, прапаноўвалі ваду, каб абмыць пыл і бруд з ног, а таксама абмыць твар і рукі. Гэта быў нармальны і чаканы знак ветлівасці. У сённяшнім евангельскім эпізодзе фарысей не прапанаваў вады Езусу, хаця Ён быў запрошаным госцем.
Тады, дарэчы як і ў нашы часы, на Блізкім Усходзе госця віталі пацалункам у шчаку. Аднак па прыбыцці Езуса ў дом фарысея Яго не ўганаравалі пацалункам, што нагадвае пра тое, што Ён не быў для фарысея сябрам ці блізкім чалавекам.
Памазанне алеем было іншым жэстам гасціннасці. На самой справе гэты алей быў свайго роду парфумай. Можна сабе ўявіць пахі, якія збіраліся на вопратцы падарожнікаў у тых гарачых рэгіёнах. Араматызаваны алей быў добрым спосабам зрабіць прысутнасць гасцей больш камфортнай. Памазанне алеем таксама дапамагала лячыць невялікія раны, якія заставаліся на нагах пасля доўгага падарожжа. Фарысей, аднак, не памазаў ног Езуса алеем.
Такім чынам ён як быццам хацеў сказаць Езусу, што Ён не атрымае цёплага прыёму і Яму не будзе дадзена ніякай асаблівай павагі.
У адрозненне ад фарысея грэшная жанчына паступіла зусім інакш і намасціла ногі Езуса алеем. Гэтым самым яна аказала Яму сваю любоў і павагу. Езус дараваў ёй грахі, што стала пачаткам яе новага жыцця. Гэты жэст Езуса быў вельмі важны, бо ў тыя часы на Блізкім Усходзе жанчына не мела ніякага сацыяльнага статусу ці прывілеяў. Хрыстус, аднак, паказаў, што нават грэшная жанчына, якой пагарджалі ўсе, заслугоўвае прабачэння, бо яна таксама дзіця Божае і таксама створана на вобраз і падабенства Божае.
2. Калі мы больш уважліва прыгледзімся да сучаснай сітуацыі, то, напэўна, у нас узнікнуць многія пытанні наступнага характару: колькі людзей сапраўды зацікаўлена ў блізкасці да Бога і ў прабачэнні? Колькі сучасных людзей любіць Бога, як Яго палюбіла грэшная жанчына з сённяшняга Евангелля? Колькі людзей хоча кінуцца ў абдымкі міласэрнага Бога?
Гэтыя і падобныя пытанні павінны стаяць у парадку дня сучаснага чалавека, бо ў секулярным свеце людзі не спяшаюцца звяртацца да Бога з просьбамі аб дапамозе. Яны ведаюць, што жывуць у граху, але працягваюць так жыць, бо навошта сябе турбаваць, навошта заглядваць сабе ў душу, навошта пакідаць наседжанае цёпленькае месца?
Адна гісторыя распавядае, як у цягніку ехалі людзі, і калі пад’язджалі да адной станцыі, адзін з пасажыраў апрануўся і пайшоў да выхаду. Але потым ён вярнуўся. Так паўтаралася некалькі разоў. Пасажыры спыталіся яго, чаму ён не выходзіць. Ён адказаў: там холадна, снег, вецер, мароз, а тут цёпла. Я ведаю, што праехаў станцыю мэты майго падарожжа, але мне тут добра, і я еду далей.
Часта і мы едзем і едзем па сваім грэшным жыцці, не хочучы спыніцца. А трэба. Міласэрны Бог нас чакае. Не трэба баяцца, неабходна быць падобнымі да евангельскай жанчыны, каб, каючыся ў сваіх грахах, атрымаць прабачэнне і распачаць новае жыццё. Гэта ніколі не позна, пакуль мы жывём. Падчас святой Імшы мы вызнаём нашу веру і кажам: веру ў адпушчэнне грахоў. Вера без учынкаў мёртвая, як навучае апостал Якуб. Яна павінна быць жывой, каб бы не баяліся кінуцца ў абдымкі міласэрнага Бога, які распачне ў нас новае жыццё, бо без прабачэння няма будучыні.
3. Адна гісторыя распавядае пра грэчаскі марафон. Спартсмены выходзяць на старт гэтага вельмі прэстыжнага спаборніцтва. Нечакана сярод іх з’яўляецца адзін вельмі добра падрыхтаваны незнаёмец. Яму за вялікія грошы прапануюць не бегчы. Аднак ён бяжыць і выігрывае. За перамогу ён атрымлівае лаўровы вянок і магчымасць знаходзіцца каля Цэзара аж да завяршэння ўсіх спаборніцтваў. Яго спыталіся, ці не лепей было б адмовіцца і атрымаць грошы замест лаўровага вянку. Ён адказаў: не дзеля лаўровага вянку я імкнуўся перамагчы, а дзеля таго, каб мог знаходзіцца каля Цэзара. Каля свайго Цэзара – Езуса Хрыста – хацела знаходзіцца грэшная жанчына, якой Ён дараваў грахі. Таму і мы павінны імкнуцца стаць каля Хрыста, а Ён не адкіне нас і адорыць ласкай прымірэння з Богам і людзьмі з мэтай распачаць новае жыццё. Амэн.
|