15 чэрвеня 2013 г., Баранавічы
«Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога».
Чым кіруецца сучасны чалавек, здабываючы веды? Напэўна, гэта тое, каб быць больш падрыхтаваным да жыцця ў сучасным свеце. Гэта таксама цікаўнасць да таго, што адбываецца ў свеце. Але таксама і імкненне да таго, каб мець уплыў на тыя альбо іншыя змены, якія ў свеце адбываюцца, перамяніць тое, што не падабаецца сучаснаму чалавеку. У гэтым асяроддзі таксама і хрысціяне праяўляюць сябе. Але як? Хрысціяне новага тысячагоддзя, акунутыя ў шматкультурныя грамадствы, якія паражаны секулярнасцю і кансумізмам, становяцца нецярплівымі, знерваванымі, а часта нават няўпэўненымі. Хацелі б для яснасці, каб рэчаіснасць была чорна-белай. Для пацвярджэння сваіх перакананняў і паводзінаў шукаюць чагосьці незвычайнага, якогасьці цудоўнага знаку і Божай інтэрвенцыі. І ўвогуле сучасны чалавек шукае сенсацый. Аб гэтым нагадваюць назвы загалоўкаў сродкаў масавай інфармацыі.
А Евангелле прыпамінае, што не сенсацыя галоўнае ў жыцці хрысціяніна, а тое, каб прыняць звычайную дзейнасць Бога ў свеце і ў святле праўды каардынаваць свае дзеянні паводле Божых наказаў. А Божы знак — гэта заклік да навяртання, гэта ўнутраны голас нашага сумлення, які гаворыць «змяні сваё жыццё». Замест таго, каб шукаць экзотыкі і незвычайнасці ў рэлігіі, трэба слухаць тое, што нам падказвае жыццё, слухаць тых, хто атрымаў ласку абвяшчаць Евангелле, услухоўвацца ў словы Езуса, які нас кліча да дзеяння — да змены і выпраўлення жыцця.
Кожны чалавек асабіста адказны за свае дзеянні. І маральнасць дзеяння ўжо не акрэсліваецца грамадствам і не перадаецца ў спадчыну, як гэта часамі было раней. Веруючым — чалавек павінен такім стаць унутрана і асабіста. Справы публічнага хрысціянства належаць да беззваротнага мінулага.
Але хрысціянства таксама і пачыналася ад навяртання сэрцаў. Аб гэтым сведчыць прыклад са св. Аўгустынам. Сёння, калі адзінства культуры разбітае, мы, падобна св. Аўгустыну, змушаны адбудоўваць яе знутры асабіста ў сабе. Праўда, свет св. Аўгустына быў больш рэлігійны за наш, але ён быў паражаны тымі самымі тэндэнцыямі распаду традыцыйных каштоўнасцяў. Цяжка ўявіць, чым быў для грамадзян распад Рымскай імперыі. І важнае пытанне ставіцца ў «Божай краіне» аб тым, хто альбо што адказвае за распад краіны. Што можна ў такой сітуацыі зрабіць? У адказ св. Аўгустын развіў навуку, якую можна назваць хрысціянскім гуманізмам, дзе фрагменты заняпаўшай культуры змясціў у новым сінтэзе хрысціянскай веры. Гэты сінтэз стаў у будучыні падмуркам хрысціянскай культуры.
Аднак пункт цяжкасці ў св. Аўгустына асабісты, аб чым сведчаць «Вызнанні», у якіх прадстаўляе сваё жыццё як асабіста Божы заклік. Яны з’яўляюцца запісам дыялогу з Богам, у якім першае слова паходзіць ад Бога.
Дарагія, многія з вас, тут прысутных, будуць навуку Божую выкладаць дзеткам, моладзі. Некаторыя з вас хочуць асабіста паглыбіць навуку Касцёла, прыходзячы на заняткі ў Катэхетычны інстытут. Такім чынам імкняцеся развіваць хрысціянскі светапогляд на свет і рэчы, дзе мы прысутнічаем і бачым шматлікія змены. Прыгадаем, што ўвогуле навука – апрача мастацтва, маральнасці і рэлігіі – з’яўляецца адной з асноўных галін культуры. А ўся культура з’яўляецца зразуменнем (пазнаннем) натуры. Святы Тамаш калісьці сказаў: Genushumanumarteetrationevivit – Род чалавечы жыве мастацтвам і навукай. А таму чалавек жыве навукай. А галоўнай вартасцю ў навуцы з’яўляецца праўда. Навука шукае праўды аб чалавеку, свеце і аб Богу.
Навука можа мець дзве мэты – тэарэтычную, калі мы хочам пазнаць праўду для яе самой, і практычную, калі пазнаём праўду, каб дзейнічаць. Навукі дзелім на філасофскія і сціслыя, а гэтыя апошнія на прыродазнаўчыя і гуманістычныя.
Выкладчык, катэхет, перадаючы веды, павінен гэта чыніць сумленна. Павінен пастаянна паглыбляць веды і быць кампетэнтным у сваёй галіне. Ён не павінен ведаць усяго (сёння вельмі вялікая спецыялізацыя). Але веды паглыбляць павінен пастаянна.
Настаўнік як дыдактык павінен пастаянна ўдасканальваць метады перадачы ведаў.
Катэхет – гэта не толькі інфарматар – пераказчык ведаў, але таксама фарматар – той, хто фармуе. Ён выхаваўца, той, хто заклікае да працы над воляй і пачуццямі. Каб такое заданне выканаць, трэба мець добрае ўяўленне аб вобразе чалавека - трэба бачыць, кім ёсць чалавек і якім ён павінен быць.
Прыгадаем аб тым, што чалавек – гэта істота цялесна-духоўная. Ён не толькі сама матэрыя і не толькі сам дух. У дзеях філасофіі некаторыя памылкова лічылі яго жывёлінай (Маркс, Энгельс, Фрэйд) альбо анёлам (Платон, Платын альбо ў новай гісторыі Феербах, Ніцшэ, Сартр).
Чалавек – сінтэз духа і матэрыі, звяно, якое лучыць нябачны свет нябачных духаў са светам матэрыяльным. У першынстве бытаў ён знаходзіцца пасярэдзіне – паміж істотамі духоўнымі (Богам і анёламі) і матэрыяльнымі (нежывым стварэннем і жывымі стварэннямі).
Чалавек — істота, якая развіваецца. Развіваецца біялагічна і духоўна. Калі развіццё біялагічнае мае свае межы, то духоўнае развіццё такіх межаў не мае. Гэта азначае, што ў кожны час мы пакліканы да дасканалення сябе, таму што заўсёды мы можам быць больш мудрымі і дасканалымі, чым ёсць.
Інтэлектуальнае развіццё — гэта развіццё пазнавальнае. Яно засноўваецца на паглыбленні ведаў. А развіццё волі — гэта набыццё здольнасці да добрага маральнага выбару (дабра, пазнанага розумам).
Мудрыя людзі гавораць, што вартасць чалавека пазнаецца па тым, што ён умее і чаго хоча, да чаго імкнецца.
Катэхет дзеліцца не толькі ведамі, але і «багаццем сваёй чалавечнасці». Сярод дзяцей і моладзі існуе вялікае запатрабаванне персанальных узораў, катэхетаў, якія становяцца для іх сапраўднымі майстрамі і правадырамі.
Тым, хто ў гэтым годзе скончыў каледж, жадаю каб веды вы выкарысталі ў поўні там, дзе Божы Провід вызначыў ваша служэнне Богу і іншаму чалавеку - у сям’і, катэхетычным класе, у коле знаёмых і сваякоў. Каб добра маглі выкарыстаць веды, здабытыя ў гэтай касцёльнай навучальнай і фармацыйнай установе. Тым, хто яшчэ мае перад сабой наступныя семестры навукі, жадаю святла Духа Святога для пазнання дысцыплін, якія выкладчыкі вам даюць у будынку гасцінна прадстаўленага вам Місіянерамі Божага слова. Кіраўніцтву і выкладчыкам каледжа жадаю, каб і на наступны год прыйшлі ў гэтую навучальную ўстанову шматлікія маладыя людзі, якія не толькі ахвотна хочуць пазнаць каталіцкую навуку, але таксама падатныя на фармацыю ў евангельскім духу. І жадаю ўсім добрага адпачынку ў летні час. Да сустрэчы на пілігрымскім шляху ў Будславе і Лагішыне.
|