22 чэрвеня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Быць слугамі Евангелля для адраджэння і ўмацавання веры
(Ерам 1, 4-9; Габр 5, 1-10; Ян 21, 15-17)
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, удзельнікі сённяшняй урачыстасці святарскага і дыяканскага пасвячэнняў!
1. Сёння Мінска-Магілёўскі Касцёл перажывае асаблівы дзень, бо на ніву Пана выходзяць два святары і адзін дыякан. Таму сённяшні дзень – гэта дзень, калі мы маем новую магчымасць падзякаваць Богу за гэты дар і паразважаць аб значэнні святарства ў жыцці Касцёла і чалавека.
Карыстаючыся з гэтай нагоды, хацеў бы выказаць удзячнасць бацькам, святарам і ўсім, хто займаўся фармацыяй прымаючых дыяканскае і святарскае пасвячэнні, асабліва пінскай, варшаўскай і беластоцкай духоўным семінарыям. Святарскае і дыяканскае пасвячэнні – гэта свята не толькі дыяцэзіі, але і семінарыі, бо яна рыхтуе святароў.
2. Евангелле, якое мы толькі што пачулі, распавядае нам пра дыялог паміж Езусам і Пятром, які адбыўся пасля Уваскрасення Хрыста. Езус тры разы пытаецца ў Пятра, ці той Яго любіць. І тры разы чуе яго станоўчы адказ: Пане, Ты ведаеш усё, Ты ведаеш, што я Цябе люблю. На што Хрыстус дае свой наказ Пятру: пасі авечак Маіх.
Гэты дыялог вельмі эмацыйны. Ён да глыбіні душы закрануў Пятра. Але ён таксама закранае кожнага з нас, асабліва тых, хто сёння пасвячаецца ў дыякана і святароў. Тыя ж самыя словы Хрыстус кажа сёння вам, кандыдаты ў дыяканскі стан і святарства. Ён пытаецца ў вас, ці любіце Яго да канца, ці любіце так, што будзеце верна выконваць сваё дыяканскае і святарскае служэнне. Сённяшнія пасвячэнні – гэта знак таго, што вы ўжо адказалі Хрысту: так, мы любім Цябе, Пане, хочам Табе служыць і жыць для Цябе і Твайго Евангелля. Але сённяшнія пасвячэнні — гэта таксама і заклік кожны дзень паўтараць гэтыя словы, бо кожны дзень вашага служэння Хрыстус будзе пытацца ў вас, ці сапраўды любіце Яго. Сэнс святарскага паклікання заключаецца ў адказе Езусу: так, люблю Цябе, люблю да канца.
3. Моцаю сакрамэнту хросту кожны хрысціянін прымае ўдзел у паўсюдным святарстве Хрыста і пакліканы следаваць за Ім і служыць Богу і Касцёлу. Аднак сярод іх некаторыя пакліканы да службовага святарства, каб прымаць удзел у Хрыстовым святарстве і быць пастырамі Ягонага статку. Пакліканне да святарства – гэта не наша асабістая заслуга, але выбар Бога. У сённяшнім першым чытанні мы пачулі словы прарока Ераміі, што яшчэ перад тым, як Бог стварыў нас ва ўлонні маці, Ён выбраў нас і прызначыў да святарскага служэння. Гэта, можа, найбольш дзівосны элемент нашага паклікання, бо сам Бог у планах збаўлення чалавецтва некаторым людзям прызначае асаблівую ролю дзейнічаць ад імя Хрыста. Гэтымі некаторымі з’яўляюцца і сённяшнія кандыдаты да дыяканату і святарства. Гэты план быў у Божых думках яшчэ перад іх нараджэннем. Ніхто сам на сябе не бярэ такога гонару, але толькі пакліканы Богам, – кажа св. апостал Павел у сённяшнім другім чытанні.
Дарагія кандыдаты ў дыяканат і прэзбітэрат, вы былі прадстаўлены да пасвячэнняў не таму, што вы ўжо дасканалыя ці святыя, або таму, што маеце нейкія спецыяльныя здольнасці ці асаблівасці для святарскага служэння, але таму, што Касцёл, праз адказных за вашую святарскую фармацыю, пераканаўся, што вы сапраўды любіце Хрыста і хочаце Яму служыць.
4. Адзін з вас сёння прымае дыяканскае пасвячэнне. Слова дыякан паходзіць ад грэчаскага дыяконія. Што нагадвае пра заданне, якое стаіць перад дыяканам, – служыць. Ён пакліканы быць слугою слова Божага, як адной з крыніц веры, і слугою Эўхарыстыі, дапамагаючы святару пры яе цэлебрацыі і ўдзяляючы камунію вернікам. Ён з’яўляецца ардынарным служыцелем сакрамэнту хросту і, з дазволу адпаведных касцёльных уладаў, можа благаслаўляць сакрамэнт сужэнства. Дыякан таксама можа здзяйсняць іншыя служэнні ў Касцёле і пакліканы выконваць паслугу міласэрнасці для патрабуючых, якая адыгрывае вельмі вялікую ролю ў евангелізацыі.
Два дыяканы пасвячаюцца ў прэзбітэры. Менавіта вам Хрыстус сёння кажа, як калісьці сказаў Пятру: пасіце авечак Маіх. Праз сакрамэнт святарства Хрыстус чыніць вас святарамі Новага Запавету, чыніць тымі, якія ад імя Хрыста і Ягонай моцай пакліканы весці Народ Божы да Слова і Хлеба Жыцця – да Евангелля і Эўхарыстыі, гэта азначае вучыць нязменнай Божай праўдзе і карміць хлебам жыцця. Вы пакліканы несці людзям Божую міласэрнасць у сакрамэнце пакаяння, навучаючы іх, што бязмежны ў сваёй міласэрнасці Бог не стамляецца яе праяўляць, – як кажа папа Францішак. Вы пакліканы праз гэтыя і іншыя сакрамэнты іх асвячаць, даваць ім Божую ласку, якая патрэбна для збаўлення. Служачы іншым, вы таксама пакліканы будаваць касцёльную супольнасць.
5. Ці можа быць больш узнёслая місія на гэтай зямлі? Не! Бо ніхто іншы, акрамя святара, не можа адпусціць грахоў і перамяніць хлеб і віно ў цела і кроў Хрыста. Ніхто іншы не можа перадаваць дар Божай ласкі людзям, каб на зямлі ўзрастала Божае Валадарства. Ніхто іншы не можа вярнуць надзеі, нават насуперак надзеі.
Вы пакліканы выконваць гэтую місію сярод людзей гэтай зямлі, якую тры пакаленні нішчыў атэістычны Чарнобыль; людзей, якія, нягледзячы на гэта, вытрывалі і не адракліся ад сваіх хрысціянскіх каранёў і якія сёння адраджаюцца да новага жыцця ў духу і праўдзе. Гэтае адраджэнне нялёгкае, бо замест атэістычнага Чарнобылю мы маем секулярны, які не прызнае духоўнасці і заахвочвае жыць так, быццам Бога няма. А не ўшаноўваючы Бога, сучасны свет ушаноўвае злога духа.
6. Таму місія, якую Касцёл ускладае на вашы плечы, вельмі адказная. Каб яе выканаць паспяхова, неабходна самім быць духоўна моцнымі. А для гэтага неабходна быць укаранёнымі ў Хрыста. Таму прабывайце з’яднанымі з Хрыстом. Ідзіце па жыцці і выконвайце сваё служэнне, наследуючы Хрыста. Будзьце з’яднанымі з Ім на малітве, чытанні і разважанні Святога Пісання, сакрамэнце пакаяння і г.д. Цэлебруйце сакрамэнты, памятаючы, што гэта дзеянні не вашы, але Хрыста і таму заслугоўваюць найвышэйшай павагі. У сваім служэнні людзям памятайце, што вы з людзей узяты і для людзей пастаўлены. Таму вам, як кажа папа Францішак, неабходна адчуваць пах людзей, да якіх вы пасланы, гэта азначае, што вы павінны жыць праблемамі даверанай вам часткі Народу Божага і дапамагаць іх вырашаць. Адчуваючы пах людзей, вам неабходна несці ім пах Бога, гэта азначае Яго вучэнне. Сёння вы атрымліваеце ўладу дзейнічаць ад імя Хрыста, але гэтая ўлада павінна ажыццяўляцца ў служэнні, па прыкладу Езуса, які не прыйшоў, каб Яму служылі, але паслужыць іншым.
7. Дарагія кандыдаты ў дыяканы і святары!
Мы ўсе добра ведаем, што Хрыстус, як Добры Пастыр, аддаў сваё жыццё за свой народ, а не пакінуў яго. Ён застаўся з ім праз служэнне святара. Гэта вельмі важна, бо народ, да якога вы пойдзеце, – гэта Божы Народ. І любоў, з якой вы павінны ісці да яго, павінна быць ахвярнай, падобнай да любові Хрыста.
Памятайце, што дыяканскае і святарскае пасвячэнні вы атрымліваеце ў Год веры, якая знаходзіцца ў крызісе і якую неабходна аднавіць і ўмацаваць. Сінод Біскупаў па новай евангелізацыі, які меў месца ў 2013 г., падкрэсліў незаменную ролю святара як галоўнага прамоўтара новай евангелізацыі для перадачы веры.
Вы прымаеце пасвячэнні ў Юбілейны год Будслаўскага санктуарыя. 400 гадоў таму цудатворны абраз Маці Божай прыбыў у Будслаў. Чатыры стагоддзі Марыя апякуецца намі. Яна з’яўляецца Маці святароў і яе апецы давяраю вас.
Няхай жа ваша служэнне, праз заступніцтва Маці Божай Будслаўскай, таксама як служэнне кожнага святара і дыякана, спрыяе адраджэнню веры на нашай зямлі, каб наш народ будаваў сваю будучыню на падмурку Евангелля і быў яго сведкам. Амэн.
|