Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі

23 чэрвеня 2013 г., Мінск, парафія св. Яна Хрысціцеля

Па прыкладзе св. Яна Хрысціцеля абвяшчаць Божую праўду і ёю жыць


Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

1. Сёння ваша парафія адзначае адпуст нараджэння св. Яна Хрысціцеля, як галоўнага свайго апекуна. Пратаганіст сённяшняга свята – св. Ян Хрысціцель – быў сынам Захарыі і Альжбеты. Евангеліст Лука ў сённяшнім Евангеллі распавядае, як арханёл Габрыэль абвясціў Захарыі аб нараджэнні ў яго сям’і сына па імені Ян, што азначае Бог міласэрны (пар. Лк 1, 8-17). Аб Божай міласэрнасці нагадвае тое, што Захарыя і Альжбета былі старымі і натуральна не маглі спадзявацца на патомства. Аб ёй нагадвае і той факт, што падчас адведзін Марыяй Альжбеты будучы папярэднік Езуса быў ачышчаны ад першароднага граху (пар. Лк 1, 41). Менавіта гэта абяцаў арханёл Габрыель Захарыі, кажучы, што яго сын “напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй” (Лк 1, 15).

Ян вёў жыццё прарока ў пустыні. Апрануты, як старазапаветны прарок, у адзенне з вярблюджай скуры, спажываючы саранчу і дзікі мёд (пар. Мк 1, 6; Мц 3, 4), ён абвяшчаў Валадарства Божае, заклікаў да навяртання і прыняцця хросту пакаяння (пар. Мц 3, 2). Яго абвяшчэнне Божай праўды было такім моцным, што парушала сэрцы многіх, так што многія навярталіся. Яго пасланне распаўсюдзілася далёка. Евангеліст Марк кажа, што да яго ішлі з Юдэі і Ерузалема, каб хрысціцца ў водах Ярдана (пар. Мк 1, 5).

2. Евангеллі прадстаўляюць нам пакору Яна, бо ён не прыцягваў увагі да сябе, але накіроўваў яе да Езуса. Калі людзі пачалі задавацца пытаннем, ці Ян часамі не Месія, той запэўніў іх, што гэта не ён. Ян заявіў, што яго пасланнем з’яўляецца падрыхтаваць шлях да прыйсця Збаўцы. Ян казаў: “Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым” (Мк 1, 8) Калі Езус прыйшоў да Яна прасіць хросту, той сказаў: “Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету” (Ян 1, 29). Гэтыя словы Касцёл паўтарае падчас кожнай св. Імшы перад камуніяй.

Езус пачаў сваё публічнае служэнне пасля таго, як быў ахрышчаны Янам, які аб ім сказаў: “Ён павінен расці, а я – малець” (Ян 3, 30). Гэтыя словы св. Яна Хрысціцеля вельмі сімвалічныя, і яны знаходзяць сваё пацвярджэнне ў прыродзе. Касцёл адзначае свята нараджэння св. Яна Хрысціцеля праз некалькі дзён пасля летняга сонцастаяння, калі дзень пачынае становіцца меншым. А калі мы святкуем Нараджэнне Хрыста? Праз некалькі дзён пасля зімовага сонцастаяння, калі дзень пачынае павялічвацца.

3. Евангеллі таксама прадстаўляюць нам вялікую мужнасць св. Яна Хрысціцеля ў змаганнях за маральны парадак. Асабліва гэта бачна ў гісторыі, калі Ірад ажаніўся з Ірадыядай – жонкай свайго брата Філіпа. Гэта напамін нам, людзям ужо дваццаць першага стагоддзя, што не ўсё, што дазволена дзяржаўным законам, дазволена з маральнага пункту гледжання, напрыклад, разводы, аборты, гомасексуальныя саюзы і г.д. Ян Хрысціцель за сваю мужную пазіцыю абаронцы Божага закону быў асуджаны, арыштаваны і забіты праз адсячэнне галавы.

Гісторыя Касцёла ведае і іншыя падобныя прыклады. Так, св. Томас Мор, асудзіў учынак англійскага караля Генрыха VIII, які развёўся і ажаніўся з іншай жанчынай. Больш за тое, Генрых схіліў парламент Англіі прыняць закон, паводле якога кароль станавіўся галавой Касцёла. У знак пратэсту Томас Мор адмовіўся ад пасады лорд-канцлера, не прызнаў караля галавою Касцёла і за гэта паплаціўся сваім жыццём. Падобна як св. Ян Хрысціцель, у 1535 г. ён быў абезгалоўлены. Яго апошнія словы былі: «будучы добрым слугою караля, я найперш быў слугою Бога».

4. Мужнасць св. Яна Хрысціцеля ў адстойванні праўды і, як вынік, яго абезгалоўліванне, з’яўляецца асаблівым выклікам сучаснасці, калі непапулярна казаць праўду ці ёю жыць, калі ўсё больш і больш праяўляецца паліткарэктнасць у маральных справах.

Як св. Ян Хрысціцель, так і св. Томас Мор нагадваюць нам аб першынстве маральнага права, якое мы павінны захоўваць. Нялёгка жыць паводле прынцыпаў евангельскага радыкалізму, але гэта тая вузкая дарога ў Божае Валадарства, аб якой кажа Хрыстус (пар. Мц 7, 23-14). Мы павінны жыць паводле максімы, якую выказаў св. Ян Хрысціцель: “Ён павінен расці, а я – малець” (Ян 3, 30). Хрыстус сваёю ласкай павінен у нас расці.

5. На жаль, сучасны чалавек жыве вялікай пыхай, ён ставіць сябе на месца Бога. У той жа час у Хрысце чалавек, які ўчыніў сябе Богам, сустракае Бога, які стаўся чалавекам. Таму нам неабходна зрабіць у сабе месца для Бога. Для гэтага неабходна ачысціцца ад усяго таго, што нязгодна з Божай воляй. Гэта азначае неабходнасць жыць паводле Божага закону.

Такое нялёгкае заданне не пад сілу самому чалавеку. Яму неабходна Божая дапамога. Яна прыходзіць праз слова Божае, сакрамэнты і асабліва праз сакрамэнт канфірмацыі. Дух Святы змяніў апосталаў, так што з баязлівых яны сталіся мужнымі і бескампраміснымі ў справах маралі, сталіся падобнымі да св. Яна Хрысціцеля. Дух Святы вядзе Касцёл праз розныя выпрабаванні і не дазваляе яму збіцца з зададзенага Хрыстом курсу. Дух Святы таксама і ў наш час дапамагае вернікам заставацца вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню.

Сёння, калі вялікая група вернікаў, асабліва моладзь, прымае сакрамэнт хрысціянскай сталасці, неабходна адвесці месца Духу Святому ў нашых сэрцах, каб Ён умацаваў нашу веру і ўчыніў нас здольнымі жыць паводле Божага закону. Як вада ажыўляе пустыню і чыніць з яе аазіс, таксама і Дух Святы ажыўляе засохлае і памерлае духоўнае жыццё.

Учынім жа словы гімна да Духа Святога: “Сыдзі, Дух Святы, і аднаві аблічча зямлі” нашай асабістай малітвай, каб мы, адноўленыя і ўмацаваныя дарамі Духа Святога, у сваім жыцці былі падобнымі да св. Яна Хрысціцеля, баранілі маральную праўду, ёю жылі, дапамагалі іншым падрыхтаваць дарогу прыходзячаму Пану і гэтым самым аднаўлялі аблічча нашай зямлі. Амэн.

Адноўлена 23.06.2013 16:34
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі