Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на Імшы падчас прыняцця семінарыстаў у кандыдаты да святарскіх і дыяканскіх пасвячэнняў

20 чэрвеня 2013 г., Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя імя св. Тамаша Аквінскага

Дарагія, сёння ва ўрачыстых абставінах група старшакурснікаў будзе прынята ў кандыдаты да святарскіх і дыяканскіх пасвячэнняў. Такім чынам Касцёл пацвярджае тое, што семінарыйная фармацыя ідзе пазітыўна ў добрым накірунку і што праз адпаведны час выбраныя змогуць прыняць дыяканат і святарства. Гэта Божы выбар, і вы адгукнуліся на Божыя словы так, як чулі гэта з біблійных чытанняў, пададзеных на сённяшні дзень. Але, па-чалавечы разважаючы, задаем пытанне: што прывяло вас у семінарыю і чым кіруецеся, каб стаць спачатку дыяканамі, а затым святарамі? Ці гэта перспектыўна на сённяшні час для маладога чалавека?

Калісьці ксёндз быў кімсьці. Раней духоўная асоба штосьці значыла ў грамадстве. Раней адукацыя была ў руках Касцёла, служба здароўя – у руках Касцёла, палітыка ў значнай меры – у руках Касцёла, нават масты будавалі духоўныя асобы (супольнасць мастовых братоў). Росквіт навукі адбываўся ў кляштарах, якія ў мінулыя часы былі святынямі не толькі духу, але і ведаў. Яшчэ не так даўно місіянеры хадзілі ў аўрэоле, таму што прысвячалі сябе ганаровай і неадкладнай справе місій… А сёння… Сістэму адукацыі пераняла дзяржава, службу здароўя - лячэнне хворых - пераняла дзяржава і арганізуе гэта лепш, чым гэта рабіў Касцёл, палітыку — выключна дзяржава, дасканалыя дарогі і масты будуе дзяржава. Што застаецца ксяндзу? Алтар, толькі алтар, гаміліі і канфесіянал. Усё іншае перайшло ў іншыя рукі, і гэта ўдарыла па прэстыжу святара. Ці тое, што засталося, можа прыцягнуць увагу маладых, якім сучаснае грамадства прапаноўвае столькі розных цікавых спраў? Гэтыя, можа, занадта песімістычныя пытанні задае галандскі святар, задумваючыся над “сакрум” і “прафанум”, элементамі свецкага і святога ў служэнні Касцёла і секулярызацыі.

Калі не кіравацца ў жыцці верай у Бога і словамі Хрыста аб тым, што “брамы пякельныя не перамогуць яго (Касцёл)”, то можам песімістычна глядзець у будучыню нашага стану. Бо і некаторыя іншыя традыцыйна прынятыя ў хрысціянстве абрады і функцыі таксама вельмі хутка змяняюцца не толькі на еўрапейскім кантыненце, але ўвогуле ва ўсім свеце. Намашчэнне хрысціянскага караля замяняецца свецкімі выбарамі кіраўніка дзяржавы. Ад часоў Віклефа, Гуса і Лютэра сакральную мову Святога Пісання замяняюць мовы паасобных народаў. Сістэму касцёльных дабротаў, якія раздаваліся патрабуючым як міласціна, замяніла дасканалая сістэма страхавання і дабрачынныя арганізацыі. Парафіяльныя ініцыятывы павінны саступіць месца свецкім лакальным ініцыятывам, месца літургіі імкнецца замяніць тэатр і харэаграфія, надзея на вечнае збаўленне – адступіць нібыта перад “цвярозым” поглядам у будучыню, дактрына аб святасці - перад гуманістычнымі ведамі аб рэлігіі, экзарцызмы - перад лячэннем у шпіталях, саборы павінны адступіць перад навуковымі кангрэсамі, пілігрымкі - перад паходамі дружбы, святыні - перад дамамі культуры, Вячэра Пана - перад банкетамі, абрад перад творчасцю, келіх перад чашай, алхімік перад сталеварам, святыя кнігі перад сусветнай літаратурай, працэсія перад парадам, пабожная песня перад шоу, псальм перад паэмай, касцёльны звон перад сірэнай, прарок перад інфарматыкам, знахар перад лекарам, арганы перад сучаснай музыкай. Многія жэсты, паводзіны,  паставы, дзеянні, якія выконваліся ў плоскасці “сакрум”, выконваюцца ў сферы “прафанум”. Складваецца ўражанне, што ўся канструкцыя  хрысціянства паддалася такому працэсу дэградацыі.

Назіраюцца змены таксама ў рэлігійнасці асобы. З неспакоем заўважаем заняпад традыцыйных формаў хрысціянскага жыцця, асабліва пастоў, рэлігійных практык, пашаны да духоўнай асобы, прыняцця маральных норм, якім навучае Касцёл. Як адну з галоўных прычын такога працэсу называюць паглыбленне урбанізацыі і разрыў традыцыйных грамадскіх паводзін у выпадку пераходу на жыхарства з вёскі ў горад.

Таму традыцыйнае хрысціянства, якое да нядаўняга часу дамінавала, цяпер заўважна знікае ў розных плоскасцях. І гэта непакоіць многіх. Некаторыя бачаць у гэтым заняпад хрысціянства. Ідэалогія марксізму абвяшчала заняпад хрысціянства, назіраючы за аслабленнем рэлігійных практык сярод малаверных людзей - рытуальных хрысціянаў, рэлігійнасць якіх абмяжоўвалася да выканання толькі некаторых запаведзяў, выбраных малітваў, павярхоўнага посту, св. Імшы. Але крызіс некаторых рэлігійных практык парадаксальна можа паспрыяць ачышчэнню разумення: што значыць быць хрысціянінам? Бо хрысціянства — гэта вера ў Бога, у Хрыста Збаўцу,  гэта надзея на жыццё ў Хрысце і Ягонай любові. Вонкавыя практыкі можна змяніць, нават забараніць, але вера застаецца.

Аслабленне рэлігійных практык можа даказваць тое, што ў дадзеным выпадку хрысціянства ўвогуле не было, альбо яно было вельмі хворае, ілжывае, вонкавае, няяснае. Такім чынам можна выявіць стан, які існаваў, хоць быў незаўважальны.

І таму асабліва у нашыя часы, у Год веры мы разважаем аб шанцах для веры праз новую евангелізацыю. Вы рыхтуецеся ў сценах гэтай духоўнай навучальнай установы таксама да евангельскай місіі ў Касцёле, аб якой благаслаўлёны Ян Павел ІІ гаварыў: сёння ўвесь свет патрабуе пачуць Евангелле. Місія – гэта абвяшчэнне Евангелля язычнікам. Новая евангелізацыя – гэта абвяшчэнне Евангелля хрысціянам, якія адвярнуліся ад Евангелля і ім не жывуць. Трэба абвяшчаць Евангелле з новай моцай, з новым дынамізмам як фундамент, сэнс і нашу надзею. Жывём у новай сітуацыі, поўнай новых праблемаў, у новым асяроддзі з іншымі людзьмі, у іншай культуры, і таму нашае абвяшчэнне Евангелля патрабуе новых праграмаў, новых метадаў, новага ўяўлення, новага запалу, таксама новых тэхнік. Таму што адрасат слова ўжо зусім іншы. Змяніўся. Калісьці ім быў язычнік, цяпер вельмі часта пост-хрысціянін. Гэта такі чалавек, які нейкім чынам вырас з хрысціянства, штосьці яго з хрысціянствам лучыць (традыцыя, успаміны, навыкі, сімвалы). Але ўнутры яго хрысціянства знішчана і выпалена. Яго духоўны стан як пасля пажару. Сучасны пост-хрысціянін перакананы, што ведае хрысціянства, што ведае яго вельмі добра, але перастаў ім цікавіцца.

Ацэньваючы агульную сітуацыю ў грамадстве мы бачым, што таксама вакол нас новыя людзі, новыя праблемы, новая культура, магчымасці і немагчымае, новыя пытанні і новыя раны. І новы голад, новы досвед, новыя выклікі і таму вялікая патрэба ў новай евангелізацыі, новай не толькі па форме, але і па змесце. Не ў такой форме, што запрапануем новае Евангелле — барані Божа, — але з тым жа Евангеллем будзем прадстаўляць меней выкарыстаныя папярэдне элементы праўды, менш дагэтуль запальванае святло, будзем адкрываць тое, чаго патрабуе наш новы час.

Гэта найперш сведчанне жыцця паводле Евангелля. Не толькі словамі, але сведчаннем жыцця. Бо сучасны чалавек часта ставіць уладкаванне зямнога жыцця вышэй за вечнасць. Адзін з пастыраў Касцёла сказаў такія словы: “Пытанне не ў тым, як выгодней уладкаваць жыццё, але ў тым, дзеля чаго жывём”. Пытанне аб сэнсе жыцця кіруе наш позірк на Евангелле, вечныя каштоўнасці, на патрэбу змены жыцця і сведчання аб новай перспектыве, якую паказвае нам Езус Хрыстус. Таму сапраўднае хрысціянскае жыццё патрабуе навяртання і сведчання. Павінны навяртацца ўсе, але найперш тыя, хто евангелізуе, а менавіта Папы, біскупы, пробашчы, выкладчыкі, семінарысты, катэхеты, законнікі, свецкія асобы, асабліва бацькі.

Евангелізацыя патрэбна не толькі асобам, але і грамадствам, народам, сем’ям, кантынентам.

Вяршыняй новай евангелізацыі з’яўляецца паглыбленае літургічнае жыццё. Мэтай евангелізацыі з’яўляецца давесці народ да поўнага даверу да Хрыста і Яго святога Евангелля.

Адным з асноўных пунктаў каталіцкага вучэння, заключанага ў Божым Слове, з’яўляецца тое, што чалавек павінен дабравольна адгукнуцца на заклік Бога і вызнаць веру ў Яго. Нікога супраць волі нельга прымушаць да веры, як і да прыняцця дыяканату ці святарства. Таксама і вы, хто праходзіць семінарыйную фармацыю, асабліва тыя, хто залічаны кандыдатамі да дыяканату і святарства, з верай дабравольна адклікаецеся на заклік Хрыста – ідзі за Мной. З натуры акт веры дабравольны. Калі чалавек адкуплены Хрыстом Збаўцам і пакліканы Езусам Хрыстом як усыноўленае дзіця Божае, ён можа сябе Богу аддаць толькі тады, калі пакліканы Айцом, аказвае Богу разумную і свабодную паслухмянасць веры. З істотай веры згодна тое, што ў рэлігійных справах павінен быць выключаны які-небудзь прымус з боку людзей. Таму правіла - свабода сумлення - у значнай меры прычыняецца да такіх станоўчых умоваў, пры якіх людзі, заахвочаныя да прыняцця хрысціянскай веры, могуць без перашкодаў дабравольна яе прымаць і ўсім жыцём дзейсна і з запалам вызнаваць.

Будучы дапушчанымі як кандыдаты да дыяканату і святарства, вы адчуваеце з большай моцай, што Бог вас выбірае і пасылае. Таму трэба і на гэтым заключным этапе добра выкарыстаць усе магчымасці, прадстаўленыя вам Касцёлам. Для чаго Бог вас выбірае і пасылае? Каб перад Ім сталі і Яму служылі. Стаць перад Богам – гэта пастава поўнай гатоўнасці, каб слухаць і дзейнічаць. Стаць у гатоўнасці перад Богам - гэта адкрыцца на Яго словы і на Яго ласку: “Кажы, Пане, бо слухае слуга Твой”(пар. 1 Сам 3.9). Ісці да алтара, каб там стаць, як св. Ян, пад крыжам. Стаць на Кальварыі свайго жыцця, не знеахвочвацца пры няўдачах, бо няма служэння Богу без крыжа: ”Слуга не можа стаць вышэй за пана, а вучань быць лепшым за настаўніка”(пар. Мц 10, 24). Трываць у Касцёле пры іерархіі, трываць пры Папу і біскупах, трываць у праўдзе, нягледзячы на ахвяры.Трываць пры сваіх абавязках як семінарысты, хоць спакуса выгоднага жыцця і бяздзеяння такія вялікія.

Трываць пры Пану - гэта значыць прабываць у прысутнасці Бога, усведамляць, што Ён глядзіць на мяне з надзеяй. Семінарыст трывае перад Панам, з Ім размаўляе, вядзе асабіста дыялог. Быць пры любячым Богу – гэта значыць маліцца. Малітва не абавязкова патрабуе пышных шатаў слова, рухання вуснаў, фармавання думак. Трываць – гэта быць з Богам, а гэта ўжо малітва. Хто стаіць на сонцы, той загарае ад яго промняў, хаця аб гэтым не думае. Хто знаходзіцца блізка вогнішча, саграецца. Цяпло пранікае ва ўсё яго цела. Бог з’яўляеццца такім сонцам і такім агнём. У гэтых промнях нам неабходна сагравацца, сталець, загарацца. Нам належыць выбар: стаць перад Панам, трываць у Яго прысутнасці, паддавацца Яго выпраменьванню, Яго любові. Трэба ўвайсці ў атмасферу Хрыста, каб пазнаць яе, прыняць і ёю дзяліцца з іншымі. Я жадаю ўсім семінарыстам, а асабліва тым, хто залічваецца як кандыдат да дыяканату і святарства, каб Езус быў цэнтрам вашага жыцця.

Адноўлена 19.06.2013 22:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі