Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на пачатак пілігрымкі Баранавічы — Будслаў

27 чэрвеня 2013 г., касцёл Маці Божай Фацімскай у Баранавічах

Дарагія пілігрымы, канчатковая мэта нашай пешай пілігрымкі — гэта Будслаў, месца пілігрымак да марыйнага санктуарыя. Іх кульмінацыйны пункт — свята Адведзін Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбеты, якое адзначаем на пачатку ліпеня. У гэтым годзе урачыстасць будзе асабліва ўзнёслай, бо святкуем яе з удзелам папскага пасланніка. Таксама многія пілігрымы на працягу года вандруюць у гэты нацыянальны марыйны санктуарый.

Пілігрымка нагадвае нам з Бібліі пра вандроўку першых людзей – пераход да шчаслівай вечнасці. Такую вандроўку здзейснілі Абрагам, Майсей і выбраны народ, які ішоў 40 гадоў па пустыні. Пасля атрымання Абяцанай Зямлі вандраваў найперш да паасобных санктуарыяў, а затым у Ерузалемскую святыню. Трагічнай была вандроўка як пакаранне – у няволю вавілонскую.

Была пілігрымам і Божая Маці Марыя. Вось вандроўкі Маці Божага Сына: да сваячкі Альжбеты, у Бэтлеем, да Ерузалемскай святыні, каб выканаць прадпісанне закону, у Егіпет, штогадовая пілігрымка ў Ерузалемскую святыню, супольная вандроўка з Сынам, якая прывядзе Маці і Яе Сына на Галгофу. І апошняя вандроўка ў Эфес.

Вядомы многім вандроўкі католікаў і людзей добрай волі, якія яшчэ толькі ў пошуках Бога пасля доўгай ночы атэізму ў нашай краіне, да марыйных санктуарыяў у Лагішыне, Тракелях, Браславе, а таксама ў Вострую Браму, Чэнстахову, Люрд, Аглону, Бердычаў, Кодэнь,  Ліхень. Наша вандроўка мае глыбокі сэнс: мы хочам скласці Найсвяцейшай Панне Марыі пашану, удзячнасць і праслаўленне і адчуць Яе жывую прысутнасць. Мы, дзеці Марыі, ідзём слядамі Яе дарогі веры, любові і надзеі. У канцы вандроўкі нас чакае Бог. Ён мэта ўсяго стварэння.

Новы Запавет паказвае Езуса як правадніка, сябра ў падарожжы і апекуна. Святое Пісанне прадстаўляе нам таксама Марыю, якая першай прайшла за Ім гэты шлях да самага канца. Дзякуючы Ёй мы адчуваем, што гэтая дарога мае выключны характар, таму што змяняе жыццё тых, хто ідзе за Ім; будучы Маці Езуса, Марыя стала таксама Маці ўсіх веруючых. Яна стала Маці нашай надзеі. Яна дае ўпэўненасць, што дасягнем той самай мэты, што і Яна. Увайсці ў нашу «Абяцаную Зямлю» нельга інакш, як толькі ідучы за Хрыстом крыжовым шляхам. Гісторыя Касцёла прадстаўлена як дарога, вызначаная Тым, які сам з’яўляецца  дарогай, вядучай да жыцця. Трымаючыся гэтай дарогі, супольнасць веруючых атрымоўвае неабмежаваны доступ да Бога.

З чым хочам ісці да Маці Божай Будслаўскай? Хочам падзякаваць за благаслаўленне для нашай дыяцэзіі. За святароў, якія працуюць на жніве Пана, за семінарыстаў, кансэкраваных асобаў, якія ахвярна служаць Богу і людзям, часта самым бедным, аб якіх усе забыліся. Хочам падзякаваць за катэхетаў, моладзь, сужэнцаў, сем’і, пажылых людзей, якія перадалі нам скарб веры, за дар добрых людзей якіх спатыкаем на дарогах нашага жыцця. Хочам падзякаваць за ўсё, чым Бог нас кожны дзень адорвае. Але таксама нясём да Яе нашыя просьбы. Нашыя мольбы таксама нясём у гэтым пілігрымскім шляху. Як часта неба — наша будучыня — закрыта рознымі хмарамі негатыўных здарэнняў, акалічнасцяў, неспадзяванак. Таму ў цішыні перад алтаром выкажам тыя просьбы, з якімі пілігрымаваць будзем у Будслаў. Таксама звяртаемся з просьбай да Марыі аб парадах на далейшае нашае жыццё. Каб жыцця не змарнаваць, не прайграць, але ўчыніць яго больш чалавечым і шчаслівым. Прасіць будзем аб мужнасці ў нашым жыцці, аб праўдзе, справядлівасці, свабодзе духу, пашане да кожнага чалавека. У гэтым накірунку нельга выкарыстоўваць агрэсіі і зла.

Пілігрымка — гэта і школа розных асабістых ахвяр, адрачэнняў. “Калі хто хоча ісці за Мной, няхай адрачэцца самога сябе, возьме свой крыж і ідзе за Мной“ (пар. Мц 16, 24). Як важнае гэта адрачэнне сябе самога, калі атакуе зло, каб не паддацца яму. Як важнае такое адрачэнне сябе самога, калі знаходзімся на дарозе да дабра, але з’яўляюцца ўсё новыя перашкоды і паўстае пытанне: ці варта. Як жа патрэбны сціпласць, вынослівасць і самаадрачэнне, каб вытрываць, каб даказаць, што мы вучні Пана і Яго Маці Марыі.

Словамі Айцоў Касцёла звяртаемся да Маці нашага Пана: “Вітана будзь, Марыя, каштоўная пярліна свету, нязгасны светач, карона паннаў, скіпетр праўдзівай веры, незнішчальная святыня, жытло Нязмернага, Дзева і Маці, дзякуючы якой у Евангеллі “Благаслаўлёным” названы Той, які прыходзіць у Імя Пана.

Будзь праслаўлена Тая, якая ў сваім дзявочым улонні змясціла Бясконцага. Дзякуючы Табе Найсвяцейшая Тройца дазнае пашаны і хвалы па ўсёй зямлі, дзякуючы Табе па ўсім свеце найслаўнейшы Крыж акружаны хвалой і праслаўленнем. Дзякуючы Табе ўпаўшае чалавецтва ўзносіцца да нябёсаў, дзякуючы Табе веруючыя атрымоўваюць хрост, дзякуючы Табе народы пакліканы да навяртання“ (Св. Кірыл Александрыйскі).

„Ты, дасягнуўшы найвышэйшых вяршыняў цнот, акружаная акіянам Божых ласкаў, прыцягнула на адчуваючы смагу Божы народ моц ласкаў, якімі сама цешылася ў найвышэйшай ступені. Прыносіла здароўе для цела і лекі для душы. Хто ж адышоў ад Цябе хворы альбо сумны альбо несвядомы Божых таямніцаў? Хто ж не вярнуўся ў шчасці і радасці да сваіх спраў, атрымаўшы ад Маці Пана тое, чаго хацеў?“ (Св. Амадэуш).

Адноўлена 27.06.2013 10:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі