Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас Імшы з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі ў Будславе

5 ліпеня 2013 г.

Маці Будслаўская — Маці Святая, перад Табой мы галовы схіляем, — так спяваем у рэлігійнай песні аб Той, якая сваё месца абрала тут і ужо 400 гадоў з’яўляецца пасрэдніцай паміж намі і сваім Сынам Езусам Хрыстом. Традыцыйна, як і нашыя продкі, прыходзім сюды ў свята Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.

Мы прыбылі да Цябе, прыносячы малітвы і просьбы Божага народа. Прыносім Табе цяжкую працу хлебаробаў, людзей розных галін прамысловасці, працаўнікоў лясной гаспадаркі, высілак працаўнікоў дзяржаўнай адміністрацыі, высілак мастакоў, літаратараў, інтэлектуальны высілак студэнцкай моладзі і выкладчыкаў, настаўнікаў, выхавацеляў і выхаванцаў, пільнасць і гатоўнасць войска, ахвярную працу службы здароўя, сацыяльных устаноў, малітву і ахвярнасць святароў і кансэкраваных асобаў. Прыбываем з розных частак краіны, такой вялікай і маляўнічай, прыносячы малітвы і надзеі нашых вернікаў: плач маці, якія змагаюцца з выхаваннем дзяцей, неспакой беспрацоўных альбо тых, каму мала плацяць на працы, боль сумлення разведзеных сужэнцаў, цярпенні хворых, малітоўны і аскетычны высілак манаскіх супольнасцяў, гарачую малітву малітоўных груп, спартанскую паставу маладых, каб гэта ўсё скласці ля Твайго падножжа. Адначасова хочам сёння падзякаваць Табе за апеку, абарону і ласкі, атрыманыя праз Тваё пасрэдніцтва.

Ведаем, што існуе асаблівая сувязь паміж Табой і намі, як сувязь паміж тваім мацярынствам і святарствам Хрыста. На гэтай сувязі засноўваецца марыйная духоўнасць кожнага з нас. Але духоўнасць не будзе лічыцца поўнай, калі не бярэ пад увагу запавету Хрыста Укрыжаванага, які хацеў Маці даверыць любаму вучню. І такім чынам — усіх вернікаў. Як Ян пад крыжам, так і кожны з нас асаблівым чынам давяраецца Табе (пар. Ян 19, 26-27).

Мы прымаем Цябе як сваю Маці ў нашым штодзённым жыцці, імкнёмся быць уважлівымі да Тваіх павучанняў і праяўляць пастаянную пільнасць у малітве. Ты нас вядзеш да Хрыста, вучыш па-сапраўднаму любіць Касцёл, апякуешся намі і вядзеш да Нябеснага Валадарства.

Як Маці ты найлепшая выхавацелька нашых сэрцаў. Ты ахоўваеш перад небяспекамі, стомленасцю, знеахвочваннем. І клапоцішся, каб мы ўзрасталі ў цнотах.

Мы хочам наследаваць твае цноты, быць пакорлівымі слугамі, паслухмянымі, чыстымі. І хочам сведчыць аб любові, прысвячаючы сябе Пану і Касцёлу. Ты падаеш нам прыклад, з’яўляешся ідэалам у служэнні супольнасці.

Мы хочам мабілізаваць свае сілы, каб нашае ўздзеянне на асяроддзе, у якім Божы Провід прызначыў нам жыць, было дзейсным і плённым. Мы прымаем таксама дабравольныя ахвяры посту і іншыя пастановы з пабожнасці, каб самім быць больш дасканалымі і каб свет вакол нас станавіўся ўсё больш дасканалым.

Дух Святы, прыйдзі – так заклікаем Трэцюю Боскую Асобу, каб жыццё наша атрымала кірунак не зямны, але нябесны. Падчас святкавання 400-годдзя прысутнасці абраза Маці Божай у Будславе група моладзі прыме сакрамэнт канфірмацыі. Выбраныя асобы праз маю паслугу атрымаюць дары Духа Святога. Дар мудрасці і розуму, рады і мужнасці, умеласці, пабожнасці і дар боязі Божай. Іх сем і ўсе яны вельмі важныя. Некаторыя ўзмацняюць свой розум, інтэлект, іншыя — волю, каб маглі выбіраць дабро і дабро чыніць, не знеахвочвацца супярэчнасцямі. Дары гэтыя дадзены для нашай душы, якая пазнае і выбірае дабро альбо зло. Прымаем дары, каб мець унутраную сілу заўсёды, каб выбраць дабро, а не зло, бо калі выбіраем зло, то нішчым самі сябе, а калі выбіраем дабро —  становімся благаслаўлёнымі, шчаслівымі.

Сакрамэнт канфірмацыі называецца сакрамэнтам агню. Як палаючы агонь сагравае тое, што знаходзіцца блізка, так і той, хто атрымоўвае гэты сакрамэнт, адчувае асаблівую прывязанасць да Касцёла, сам гэтую цеплыню разносіць і вучыць іншых шукаць Божай цеплыні ў супольнасці, імя якой Касцёл. Такі чалавек асаблівым чынам клапоціцца пра справы Касцёла, не шкадуючы сіл,  сродкаў, талентаў каб Касцёл мог у сучасным свеце ўзорна выконваць сваю місію. А заданне Касцёла – весці Божы Народ да Хрыста, да збаўлення.

Сімвалам Спаслання Духа Святога з’яўляецца зелень. Зелень асабліва вясной у прыродзе сведчыць аб яе развіцці, аб вегетацыі, якая пад уздзеяннем веснавых промняў сонца наступіла ў раслінным свеце. І такі стан адрозніваецца ад спечанай сонцам пустыннай тэрыторыі, дзе ўсё жывое хаваецца ў цень, пад скалы альбо глыбока ў зямлю. Дух Святы ажыўляе нашы высокія памкненні, а чалавек выйшаў ад Бога і імкнецца да Бога.

Дзеі Апосталаў вядуць нас у вячэрнік Спаслання Духа Святога. Гэта там пасля Унебаўшэсця Хрыста сабраліся Апосталы, каб атрымаць Дары Духа Святога. «Усе яны трывалі аднадумна на малітве разам з жанчынамі, Марыяй, Маці Езуса, і Яго братамі». Мы можам толькі здагадвацца, што гэта была за малітва. Можа, гэта была такая малітва, калі чалавек губляе ўсялякую сувязь са светам, каб поўнасцю ахінуцца ў Богу. Яна, напэўна, была пазначана тугой па Пану, які адышоў да Айца. Хрыстафаніі скончыліся. Надышоў час, пазначаны адсутнасцю фізічнай і гістарычнай прысутнасці Збаўцы пасярод свайго народа, надышоў час Касцёла. Гэта Ён, Святы Дух, будзе сваім голасам за нас заступацца, дапамагаць нам у малітве у якой Усемагутнага Бога можам называць Айцом. Гэтую нашу малітву, часамі цяжкую і добра не сфармаваную, хочам часамі нанізаць на пацеркі ружанца, каб затрымаць на прывязі нашу думку і ўяўленне, каб «думаць аб вялікіх Божых справах», якія апосталы абвяшчалі пасля Спаслання Духа Святога.

Не аднаму хрысціяніну вельмі цяжка змусіць сябе да малітвы, некаторыя саромеюцца маліцца. Гавораць, што малітва — гэта для састарэлых людзей. І спіхваюць яе на перыферыю рэлігійнасці. Альбо хочуць падыходзіць да малітвы вельмі рацыянальна. Памятайма, што розум не знаходзіцца ў апазіцыі да рэлігійнасці. Ён толькі дапамагае падыходзіць да многіх справаў, захоўваючы адпаведную дыстанцыю, а калі рацыяналізм становіцца прыладай атэізацыі, калі перараджаецца ў ідэалогію, становіцца дэ факта выразам духоўнай ляноты. Часта з нашых чалавечых выказванняў выходзіць каштоўная мудрасць. Але варта часамі замаўчаць, сцішыцца, каб да нас дайшла Божая праўда. Да такога духоўнага стану прыводзіць нас марыйная малітва. Марыя – наша маці.

Ведаем добра, якую ролю выконвае маці ў сям’і. Добрая маці клапоціцца аб сваіх дзецях, іх выхоўвае, вучыць пашане да іншага чалавека. Пасылае ў школу, вучыць малітвам, апавядае ім пра Бога, уводзіць іх у веру і ў штодзённае жыццё. Столькі вершаў напісана пра маму, столькі песень у гонар маці. А што ж можам сказаць аб Маці Божай? Гэта Яна, якк Маці Касцёла, апякуецца сваімі дзецьмі. З вялікім клопатам паглядае на нас. Яна — Маці прыгожай любові, якой так не хапае сучасным сужэнцам. Кожнае чалавечае жыццё Яна туліць да свайго сэрца, каб магло дасягнуць поўнага фізічнага і духоўнага развіцця, вучыць адносіцца да іншых людзей, як да Божых дзяцей.

Заахвочваю вас усіх даверыць Маці Божай усе свае справы, якія прынеслі да яе ў пілігрымцы. Давяраю Ёй і я разам з біскупам Казімірам справы нашай Пінскай дыяцэзіі, усе цяжкія пытанні, нялёгкія персанальныя справы, арганізацыю супольнасцяў і будовы святынь, нашае служэнне, справы паклікання да святарства і манаскага жыцця. Святары няхай давераць Ёй свае парафіі, розныя ініцыятывы, якія распачынаюць, справу свайго збаўлення і духоўнае дабро сваіх парафіянаў. Бацькі няхай давераць свае сем’і, праблемы выхавання, будучыню дзяцей, пытанні, звязаныя з забеспячэннем сем’яў і ўладкаваннем на працу. Маладыя дзяўчаты няхай схіляцца да Яе далоняў, каб захаваць сваю чысціню, хворыя няхай прыносяць свае цярпенні і раны з просьбай, каб Марыя іх загаіла. Дзеці няхай прыносяць Ёй сваю нявіннасць, каб Яна ахоўвала іх. Бедныя няхай прыносяць сваю бяду, каб ім дапамагала. Сумныя няхай прыносяць свае праблемы, каб іх суцешыла. Асобы восені жыцця няхай прыносяць свае спрацаваныя сэрцы, каб Марыя іх сагрэла, і слёзы — каб іх выцерла. Бо Яна — Марыя — Маці Касцёла і наша Маці.

Адноўлена 04.07.2013 14:43
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі