30 чэрвеня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Следаваць за Хрыстом — не аглядвацца назад
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сённяшняе першае чытанне і Евангелле распавядаюць аб Божым пакліканні. У першым чытанні прарок Ілля кліча Елісея, а ў Евангеллі Езус нагадвае аб прынцыпе паклікання, а менавіта аб тым, што пакліканы не павінен аглядвацца назад, але мужна ісці за Хрыстом. Памятаю, як у каўнаскай духоўнай семінарыі духоўны айцец любіў казаць: калі нехта прадаў каня, то нашто яму патрэбна сядло? Гэта азначае, што калі хтосьці пайшоў за Хрыстом, ён не павінен жыць настальгіяй па ранейшым жыцці, а следаваць шляхам, які вядзе да Божай любові, каб ёю жыць.
2. Евангелле прадстаўляе нам Хрыста, які адважна і рашуча распачынае сваё падарожжа ў Ерузалем, ведаючы, што Яго там чакае крыжовая смерць. Гэтым самым Ён паказвае тую любоў, з якой прымае волю нябеснага Айца.
Езус Хрыстус добра ведае, што ў Ерузалеме Яго місія як Адкупіцеля завершыцца арыштам, судом і смяротным прысудам. Ён, аднак, не вагаючыся, распачынае свой шлях у Святы Горад, бо Яго вядзе любоў да Айца і ўсяго чалавецтва. Падчас гэтага падарожжа нейкія ананімныя людзі выказвалі сваё жаданне з любові да Яго ісці за Ім. Аднак у той жа час кожны з іх меў яшчэ нешта да выканання. Ім Езус кажа быць рашучымі і не аглядвацца назад.
3. Кожны з нас можа атаясаміць сябе з гэтымі ананімнымі людзьмі. Яны захоплены і зачараваны Хрыстом, і ў іх ёсць моцнае жаданне ісці за Ім. Хрыстус для іх стаў цэнтрам жыцця. Яны зразумелі, што Ён можа перамяніць іх жыццё, учыніць яго святым, таму сапраўды варта ісці за Ім, нават калі трэба адмовіцца ад ранейшага стылю жыцця. Для гэтага неабходна выйсці з самога сябе, каб сканцэнтраваць сваё жыццё на Хрысце і Яго Евангеллі, на Божай волі, адкладаючы ў бок свае планы, – як навучае папа Францішак. Толькі тады мы зможам разам з апосталам Паўлам сказаць: ужо жыву не я, але жыве ўва мне Хрыстус.
Усе хрысціяне павінны ісці за Хрыстом. Гэта, аднак, нялёгка. Для гэтага неабходна выйсці з нашага цеснага эгаізму і індывідуалізму, якія часта характарызуюць сучаснае грамадства.
Калі шчыра, сучаснаму чалавеку цяжка адмовіцца, умоўна кажучы, ад мяккіх падушак і зручных ложкаў, ад жыццёвых выгодаў, ад камфорту, якія часта маюць больш высокі прыярытэт, чым следаванне за Хрыстом, гэта азначае жыццё евангельскім радыкалізмам. Вобраз плуга і праблема азірання назад часта займае нас. Гэта нашы звычкі, праца, задаваленні і г.д. Гэта таксама і нашы грахі, у якіх мы не можам заставацца, калі хочам удасканальвацца.
4. Для гэтага неабходна ў цэнтр жыцця паставіць Хрыста. Чаму? Чаму нам неабходна адмовіцца ад усяго, каб ісці за Тым, які не абяцае багацця, а толькі распавядае пра любоў, беднасць і дасканаласць? Таму што Ён адзіны, хто мае словы вечнага жыцця, словы, якія даюць сэнс нашаму існаванню.
Словы пра праўду аб вечнай любові чыняць нас шчаслівымі. Хрыстус заклікае нас ісці за Ім і жыць не тэорыяй, але практыкай Божай любові, якая павінна стаць часткай нашага жыцця і якая ў Хрысце дае нам новае жыццё. Святы апостал Ян піша, што мы перайшлі ад смерці да жыцця, бо любім братоў. Хто не любіць, той застаецца ў палоне смерці.
5. Жыццё хрысціяніна – гэта ісці за Хрыстом. Калі мы ідзём за Ім, то становімся блізкімі да Яго. Калі мы ставім нашы ногі на Яго шлях, мы становімся кожны дзень бліжэй да нашага прызначэння, а менавіта да Бога.
Следуючы за Хрыстом, мы робімся больш святымі, дзякуючы чаму жаданне вечнасці і абагаўлення ў Хрысце становіцца рэчаіснасцю. Вучань Хрыста не адмаўляецца быць падобным да Бога і быць з Богам.
У наш час вельмі часта нагадваецца пра надзею, якая ў Хрысце. І гэта праўда. Аднак здаецца, што, кажучы пра надзею, таксама неабходна казаць і пра міласэрнасць. Паводле яе мы – як Народ Божы – пакліканы ахвяраваць кожнаму чалавеку Божую любоў, Яго блізкасць і клопат аб духоўных і матэрыяльных патрэбах чалавецтва. Ахвяра Хрыста на дрэве крыжа паказвае, кім ёсць Бог. Гэта бязмежная Любоў, якая свабодна прысвячае сябе грэшнаму чалавецтву.
6. Адны пакліканы да святарства і кансэкраванага жыцця, іншыя — да сужэнства. Аднак у тым і іншым выпадку існуе толькі адзін шлях стаць вучнем Хрыста — наследаваць Яго. У жыцці хрысціяніна павінен ажыццяўляцца прынцып: я не з’яўляюся валадаром майго жыцця і таму ахвярую маё сэрца Пану Богу. Нам неабходна адмовіцца ад жыцця толькі зямнымі каштоўнасцямі. У яго трэба ўвесці новыя, духоўныя. Для гэтага неабходна прызнаць, што без Божай дапамогі мы не здолеем выбрацца з грахоўнай пустыні. Калі мы гэта зразумеем, тады становімся адкрытымі, каб пачуць голас Таго, які кажа: ідзі за Мной. А ісці за Хрыстом азначае ісці дарогай шчасця і збаўлення. Амэн.
|