Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас Імшы з удзяленнем сакрамэнту канфірмацыі ў Дзітве

7 ліпеня 2013 г.

Сярэдзіна лета – ліпень - гэта час адпачынку але і рэалізацыі намераў у гэтую цёплую пару года. Па рознаму выкарыстоўваюць гэты час многія блізкія і знаёмыя нам людзі. Евангелле на сённяшнюю нядзелю апавядае аб дасягненнях вучняў у нясенні жыхарам Палесціны навукі Настаўніка з Назарэта. Але Езус звяртае ўвагу на тое, што найважнейшыя нават не цуды, якія яны здзейснілі моцай Хрыста, але яны павінны цешыцца тым,  што іх імёны запісаны ў небе. Такім чынам Езус звяртае нашу ўвагу на тое, што сярод важных спраў найважнейшая – быць з Хрыстом у небе. Святыя сакрамэнты, якія прымаем у Касцёле, дапамагаюць нам на дарозе да святасці, да поўнай лучнасці з Богам Айцом, Сынам і Духам Святым.

Дух Святы, прыйдзі – так заклікаем Трэцюю Боскую Асобу, каб жыццё наша атрымала накірунак не зямны, але нябесны. Падчас святой Імшы група моладзі атрымае сакрамэнт канфірмацыі. Выбраныя асобы праз маю паслугу атрымаюць дары Духа Святога. Дар мудрасці і розуму, рады і мужнасці, умеласці, пабожнасці і дар боязі Божай. Іх сем, і ўсе яны вельмі важныя. Некаторыя узмацняюць наш розум, наш інтэлект, іншыя — нашу волю, каб мы маглі выбіраць дабро і дабро чынілі, не знеахвочваліся супярэчнасцямі. Дары гэтыя дадзены для нашай душы, якая пазнае і выбірае дабро альбо зло. Прымаем дары, каб мець унутраную сілу заўсёды, каб выбраць дабро, а не зло, бо калі выбіраем зло, то нішчым самі сябе, а калі выбіраем дабро — становімся благаслаўлёнымі, шчаслівымі.

1. Дар мудрасці чыніць, што чалавек сузірае Бога і разважае над Божымі справамі (пар. Эф 1, 17). Гэта ў пэўным значэнні кантэмпляцыя крыніцы, першага пачатку, якім з’яўляецца Бог. Сузіранне Бога як першай прычыны не застаецца без уплыву на чыны. Плён, наступства такога сузірання - гэта пошукі рады ў Яго, якім чынам у сучасных умовах жыць.

2. Дар розуму ачышчае розум чалавека, каб лепей мог зразумець Божае пасланне, з большай раскошай і замілаваннем мог прыняць Яго. Гэты дар з’яўляецца інтэлектуальным святлом ласкі, дзякуючы якому чалавек пранікае ў вечны закон і ім кіруецца ў жыцці. (пар. Мц. 11, 25; Эф 1, 18).

3. Дар рады чыніць, што чалавекам кіруе Бог, Дух Святы схіляе і натхняе чалавека да таго, што ён павінен чыніць у канкрэтных жыццёвых сітуацыях згодна з Божым намерам (пар. Пс 16, 7-9).

4. Дар мужнасці з’яўляецца асаблівым дарам, у якім Дух Святы прыходзіць з дапамогай, калі чалавек слабы, умацоўваючы яго волю і чынячы, што той становіцца вытрыманым у добрых справах, нязменным у здабыванні цнотаў і пастаянным у пастанове быць святым (пар. Рым 8.26.35-37; Эф 6,16).

5.Дар умеласці св. Тамаша акрэсліў як «дар, асаблівасцю якога ёсць трапнасць ацэнкі адносна стварэнняў. Хто не мае правільнай ацэнкі стварэнняў, думае, што ў іх заключаецца вечнае шчасце, прымаючы іх за адзіную сапраўдную мэту, і такім чынам трапляе ў грэх і губляе сапраўдныя каштоўнасці.

6. Дар пабожнасці ўзбуджае ў чалавеку глыбокую пашану і праслаўленне Бога. Вядзе да дзеянняў у накірунку павелічэння Яго хвалы, да нястомнага ахвяравання Яму сябе (пар. Рым 12.; Цім 2, 121 П2, 5)».

7. Дар боязі Божай. Гэта такі стан, які Дух Святы дае душы, каб падтрымаць у яе належную пашану велічы Пана і таксама залежнасць і падданасць Божай волі, звальняючы яе ад усяго, што Богу падабацца не можа. Гэта не страх перад Богам, але стан любові, які праяўляецца ў непрыняцці ўсяго таго, што магло б спрыяць абразе Бога альбо адыходу ад Яго. Боязь Божая з’яўляецца мерай мудрасці і пабожнасці.

Сакрамант канфірмацыі называецца сакрамэнтам агню. Як агонь, палаючы, сагравае тое што знаходзіцца блізка, так і той, хто атрымоўвае гэты сакрамэнт, адчувае сам асаблівую прывязанасць да Касцёла, сам гэтую цеплыню разносіць і вучыць іншых шукаць Божай цеплыні ў супольнасці, імя якой Касцёл. Ён асаблівым чынам клапоціцца пра справы Касцёла, не шкадуючы сіл,  сродкаў, талентаў, каб Касцёл мог у сучасным свеце выконваць узорна сваю місію. А заданне Касцёла – весці Божы Народ да Хрыста, да збаўлення.

Сімвалам Спаслання Духа Святога з’яўляецца зелень. Зелень асабліва вясной у прыродзе сведчыць аб развіцці прыроды аб вегетацыі, якая пад уздзеяннем веснавых промняў сонца наступіла ў раслінным свеце. І такі стан адрозніваецца ад спечанай сонцам пустыннай тэрыторыі, дзе ўсё жывое хаваецца ў цень, пад скалы альбо глыбока ў зямлю. Дух Святы ажыўляе нашы высокія памкненні, а чалавек выйшаў ад Бога і імкнецца да Бога.

Дзеі Апосталаў вядуць нас у вячэрнік Спаслання Духа Святога. Гэта там пасля Унебаўшэсця Хрыста сабраліся Апосталы, каб атрымаць дары Духа Святога. «Усе яны трывалі аднадумна на малітве разам з жанчынамі, Марыяй, Маці Езуса, і Яго братамі». Мы можам толькі здагадвацца, што гэта была за малітва. Можа, гэта была такая малітва, калі чалавек губляе ўсялякую сувязь са светам, каб поўнасцю ахінуцца ў Богу. Яна, напэўна, была пазначана тугой па Пану, які адышоў да Айца. Хрыстафаніі скончыліся. Надышоў час, пазначаны фізічнай і гістарычнай адсутнасцю Збаўцы пасярод свайго народа, надышоў час Касцёла. Гэта Ён, Святы Дух, будзе сваім голасам за нас уступацца, дапамагаць нам у малітве у якой Усемагутнага Бога можам называць Айцом. Гэтую нашу малітву, часамі цяжкую і добра не сфармаваную, хочам часамі нанізаць на пацеркі ружанца, каб затрымаць на прывязі нашу думку і ўяўленне, каб «думаць аб вялікіх Божых справах», якія апосталы абвяшчалі пасля Спаслання Духа Святога.

Не аднаму хрысціяніну вельмі цяжка змусіць сябе да малітвы, некаторыя саромеюцца маліцца. Гавораць, што малітва — гэта для састарэлых людзей. І спіхваюць малітву на перыферыю рэлігійнасці. Альбо да малітвы хочуць падыходзіць вельмі рацыянальна. Памятайма, што розум не знаходзіцца ў апазіцыі да рэлігійнасці. Ён толькі дапамагае падыходзіць да многіх справаў, захоўваючы адпаведную дыстанцыю, а калі рацыяналізм становіцца прыладай атэізацыі, калі перараджаецца ў ідэалогію, становіцца дэ факта выразам духоўнай ляноты. Часта з нашых жыццёвых выказванняў выходзіць каштоўная мудрасць. Але варта часамі замаўчаць, сцішыцца, каб да нас дайшла Божая праўда. Да такога духоўнага стану прыводзіць нас марыйная малітва. Марыя – наша маці.

Мы углядаемся ў твар Маці Божай, якая падчас Звеставання выбрала найвышэйшае дабро.

Яна нас вучыць сталасці. А чалавек сталы — гэта той, які развіваецца, развіваецца ў святасці, які адказна ацэньвае вартасці, які здольны вельмі мудра рабіць адпаведны выбар, што ставіць перад намі жыццё. Такая сталасць людзям вельмі патрэбна. Такіх сталых і адказных людзей чакае ўвесь свет. Важна, каб вы мелі свядомасць, што вы – сааўтары вашага жыцця; што вы адказныя за сучасны і будучы стан вашага жыцця, што кожны з вас адораны вольнай воляй і розумам. Дух Святы чакае, калі вы звернецеся да Яго. У Яго шукайце сталасці і святла, неабходных для прыняцця адпаведных жыццёвых выбараў і рашэнняў.

Таму заахвочваю вас – расціце ў дасканаласці. Патрабуйце ад сябе, чыніце сур’ёзныя пастановы і старайцеся іх выканаць. Будзьце людзьмі свабоднымі і радаснымі, якія здольныя выбіраць каштоўнасці і дабро. Няхай сакрамэнт, які сёння прымаеце, дапаможа вам у дарозе да сталасці веры, да здольнасці жыць з Богам. Адкрыйце вашыя сэрцы, адкрыйце вашыя думкі, карыстайце з гэтай ласкі асаблівай прысутнасці Духа Святога, Адкрыйцеся на прыняцце Яго Дароў. Гэта ваш вялікі дзень. Няхай гэты момант застанецца на ўсё жыццё апорай і моцным духоўным забеспячэннем.


Адноўлена 07.07.2013 18:19
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі