Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія кардынала Жана-Луі Тарана падчас святой Імшы на юбілейных урачыстасцях у Будславе
6 ліпеня 2013 г.
«У Хрысце ўсе мы, якія ёсць, утвараем адно цела, усе разам і паасобку мы з’яўляемся членамі адзін аднаго», — пісаў святы Павел рымскім хрысціянам. Мы з вамі жывем гэтым досведам: гэта — Касцёл! Які ж ён прыгожы, гэты Касцёл, ва ўсёй сваёй разнастайнасці, умацаваны малітвамі сваіх дзяцей, узбагачаны разважаннямі тэолагаў, апраменены ззяннем сведчання законнікаў і законніц, прысутны паўсюль дзякуючы намаганням місіянераў, выклікаючы здзіўленне жыццяздольнасцю сваіх парафій, у якіх звычайныя людзі захоўваюць вернасць свайму хросту, без розгаласу, але ў шчырых справах.

Так, сёння мы бачым, што Касцёл — гэта сям’я. Менавіта таму папа Францішак пажадаў скіраваць мяне да вас, каб сказаць вам пра тое, як ён вам давярае, і каб заахвоціць вас заўсёды быць хрысціянамі, годнымі веры, якія сваім жыццём прымушаюць задумацца тых, хто знаходзіцца навокал. Менавіта такое значэнне мае апостальскае благаслаўленне, якое я ўдзялю вам напрыканцы гэтай святой Імшы.

Мы прыбылі сюды для таго, каб ушанаваць дарагую вашаму сэрцу ікону Маці Божай, якая бачна і патаемна заўсёды спадарожнічала жыхарам гэтай зямлі, што спазнала так шмат выпрабаванняў.

Як падае традыцыя, гэтая ікона была падараваная папам Кліментам VIII. Такая асаблівая сувязь з Рымам набывае вялікае сімвалічнае значэнне: вернасць Папу Рымскаму была прычынаю жорсткіх ганенняў каталіцкіх вернікаў, а таксама неверагоднай трываласці з іх боку, што каштавала ім вельмі дорага. Сёння прызначэнне Надзвычайнага Пасланца робіць гэтую сувязь жывою і дзейснаю, таму што пэўным чынам Святы Айцец сам жадае прысутнічаць тут, каб выказаць сваю падзяку за гераічнае сведчанне веры праз мучаніцтва, а таксама каб запэўніць у тым, што ён любіць і паважае людзей Беларусі, падтрымлівае іхнія намаганні, скіраваныя на ўзрастанне ў справядлівасці, праўдзе і сумленнасці, а таксама на далейшае развіццё. Папа захапляецца гісторыяй гэтага народа; ён побач з ім, каб разам будаваць будучыню, годную чалавека, які з’яўляецца вобразам Бога.

Таму я жадаю прывітаць Багародзіцу ад вашага імя: «Вітай, Марыя, поўная ласкі, Пан з Табою». Гэта не звычайнае прывітанне. Яно паходзіць з неба. Гэта прывітанне, скіраванае Марыі анёлам. Таму, калі мы паўтараем яго, дык не можам памыліцца.

Маліцца разам з Марыяй і так, як Яна, проста: дзеці, хворыя, вучоныя — усе могуць паўтараць гэтую нескладаную і глыбокую малітву.

Не будзем тасама забывацца, што Марыя з’яўляецца такім жа чалавекам, як і мы: Ёй вядомыя нашыя цяжкасці і нашыя радасці, Яна таксама жыла ў сям’і. Яна не нейкая багіня! Таму мы маем моцныя падставы для таго, каб давяраць Ёй, бо Яна ведае нашыя патрэбы. Яна ведае, з чаго складаецца нашае з вамі жыццё. Яна заўсёды будзе з намі, «цяпер і ў хвіліну нашай смерці».

Акрамя таго, Марыя вучыць нас маліцца. Яна добра ведае Святое Пісанне: Яе гімн Magnificat — «Велічае душа Мая Пана», — які мы пачулі, гэта пацвярджае. Евангеліст Лука, які добра ведаў Марыю, піша пра Яе, што Яна глядзела, як Езус рос, працаваў, прапаведваў, і «захоўвала ўсё, што Ён казаў і рабіў, у сваім сэрцы». Вось што значыць маліцца. Гэта значыць дазволіць Богу завалодаць нашым сэрцам, каб любіць Яго, дзякаваць Яму, наследаваць Ягонага Сына ў штодзённым жыцці. Няма нічога больш канкрэтнага, чым сапраўдная хрысціянская малітва. І тут Марыя зноў вучыць нас маліцца. Давайце прыгледзімся да Яе: у Кане Галілейскай Яна клапоціцца пра ўдзельнікаў вясельнай гасціны; пад крыжам у Яе няма і ценю нянавісці да тых, хто ўкрыжаваў Яе Сына; у час ад Унебаўшэсця Езуса да Пяцідзясятніцы Марыя знаходзіцца ў Вячэрніку разам з апосталамі і прысутнічае пры нараджэнні Касцёла. Без лішніх словаў, без паказных жэстаў Яна вучыць нас маліцца з даверам: Бог побач, мы — у Ягоных руках, Ён ведае кожнага з нас па імені!

Вяртаючыся да гімну Марыі Magnificat, давайце вучыцца праслаўляць Бога за Ягоныя дабрадзействы. Сузіраючы Яе жыццё ў Назарэце, будзем вучыцца любіць простыя рэчы і знаходзіць асалоду ў сям’і. Гледзячы на тое, як Яна дзейнічае ў Кане Галілейскай, будзьма ўважлівымі да патрэбаў і пажаданняў нашых братоў і сясцёр. Бачачы Яе схіленай болем ля падножжа крыжа, будзем імкнуцца заўсёды спачуваць нашым бліжнім, каб зразумець іхнія цярпенні і даць ім палёгку. Яе прысутнасць сярод апосталаў у дзень Пяцідзясятніцы зрабіла Яе «Маці Касцёла»: няхай жа Яна заўжды чувае над ягонымі пастырамі і вернікамі, каб усе мы разам былі для свету адлюстраваннем Божага аблічча.

Марыя, Маці Міласэрнасці, сабрала слёзы беларускага народа, пралітыя на працягу ўсёй яго трагічнай гісторыі. Але Марыя памятае не толькі пра памерлых. Марыя — гэта сіла, якая нас натхняе, Яна — моцная Маці, якая вядзе нас за сабою, якая дапамагае нам узрастаць у веры, каб быць сведкамі Пана Бога, каб будаваць новы свет. Яна з’яўляецца прадсмакам нябеснага Ерузалема і, апранутая ў вясельны ўбор, выходзіць насустрач свайму Жаніху. Сёння Марыя дае такі імпульс усім пілігрымам, якія прыбылі сюды, нават з-за соцень кіламетраў, пешкі, у беднасці і ў малітве. Адсюль Марыя адкрывае перад Касцёлам у Беларусі новыя далягляды, напаўняе яго адвагаю, пяшчотна туліць яго да сябе і паказвае мэты, якія нам неабходна дасягнуць.

У свеце, які мы самі для сябе збудавалі, дзе насілле, грошы, улада часта спараджаюць сапраўдную тыранію, хрысціяне павінны мець адвагу не прыпадабняцца да яго. Яны павінны ажыццяўляць тое, што я называю «ўладаю сэрца», каб лагодна і з павагай сведчыць пра тое, што:

- чалавечую асобу нельга зводзіць толькі да таго, што яна вонкава сабой уяўляе і што стварае;
- сям’я з’яўляецца натуральным асяродкам, у якім чалавек вучыцца любіць і спасцігае, што такое свабода;
- часта дастаткова простых знакаў увагі і салідарнасці для таго, каб вярнуць надзею таму, хто адчувае сябе адкінутым і забытым.

Сёння ўсе разам, следам за шматлікімі пілігрымамі, укленчым перад цудатворнаю іконаю, каб праславіць Бога, які ёсць не што іншае, як любоў, і чыя «міласэрнасць трывае навекі».

З даверам просім тую, якая нясе Езуса на сваіх руках, каб даць Яго нам:

О Марыя, у Тваёй хвале не забывайся пра смутак, якога так шмат на зямлі. Скіруй свой позірк, поўны дабрыні, на ўсіх тых, хто пакутуе, хто змагаецца з цяжкасцямі, хто ўвесь час адчувае на сваіх вуснах горыч жыццёвых нягодаў.

О святая Панна, нашая Маці, злітуйся над усімі, хто разлучаны з тымі, каго любіць; над самотаю сэрца, над слабасцю нашай веры; над тымі, хто нам дарагі; над тымі, хто плача; над тымі, хто моліцца; над тымі, хто дрыжыць і баіцца. Усім дай надзею і супакой!

Адноўлена 06.07.2013 23:54
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі