28 ліпеня 2013 г., Івянец
Быць апосталамі Добрай Навіны
Дарагія браты і сёстры, умілаваная ў Хрысце моладзь!
1. Чарговы, ужо XXVIII Сусветны дзень моладзі, у якім прымае ўдзел папа Францішак, завяршаецца сёння ў сталіцы Бразіліі Рыа-дэ-Жанэйра. Яго дэвіз «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19) вельмі добра ўпісваецца ў Год веры, бо вера найперш ад слухання, як навучае святы апостал Павел (пар. Рым 10, 17).
Галоўным заданнем Касцёла нашага часу з’яўляецца новая евангелізацыя з мэтай нанова адкрыць прыгажосць веры і вывесці чалавека з духоўнай пустыні, у якой ён апынуўся пад уплывам секулярызму. Гэтае заданне вельмі важнае і адказнае, бо ад яго залежыць будучыня хрысціянства і будучыня свету. Тым больш што сёння нямала маладых людзей сумняваецца ў тым, што жыццё ёсць дабром, і не бачыць святла на сваім шляху, – як піша папа Бэнэдыкт XVI у Пасланні на Сусветны дзень моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра (пар. ПXXVIIIСДзМ 1).
Сёння вельмі востра стаіць пытанне: на якіх каштоўнасцях мы будзем будаваць нашу будучыню? На духоўных ці нязгодных з Божым законам, якія прапануе сучасная постмадэрнісцкая культура?
Гэтае пытанне з’яўляецца прынцыповым. Гісторыя ведае не адзін прыклад, калі адыход ад Божага закону стаў прычынай гібелі магутных імперый. Дзе яны цяпер? Засталіся на старонках гістарычных кніг або ў помніках архітэктуры і больш не адыгрываюць ніякай сутнаснай ролі ў жыцці сучаснага свету. У той жа час людзі, якія жылі Божай праўдай і нават пралілі кроў за веру, працягваюць жыць вечным жыццём у Божым Валадарстве. Той, што баіцца Бога, гэта азначае жыве паводле Яго праўды, не загіне.
2. Моладзь Беларусі павінна актыўна ўключыцца ў працэс новай евангелізацыі ў вельмі адказны час жыцця нашай краіны. З аднаго боку мы цешымся свабодай веравызнання, а з іншага – знаходзімся пад уплывам працэсаў секулярызму і лібералізму, якому паддаюцца многія людзі. Усе хрысціяне, асабліва маладыя, не павінны быць толькі праслойкай у культуры спажывецтва, самаапраўдання, камфорту, дастатку і г.д. Заданнем хрысціян з’яўляецца не прыстасоўвацца да свецкіх тэндэнцый, не плыць па цячэнні, але маральна змяняць свет. Менавіта таму Касцёл з моцаю папярэджвае: «Чалавек, калі ты не зменіш сваё жыццё на 180 градусаў, то загінеш!»
Гэта, напэўна, нялёгкае заданне, і мы можам сказаць, што з’яўляемся слабымі. Але ніхто ніколі не станавіўся чэмпіёнам адразу. Распачынаў ад малога, каб дасягнуць вялікага. Кожны далёкі шлях распачынаецца ад першага кроку.
3. Вера ў Бога – гэта не ілюзія, але сіла, якая перамяняе чалавека, дапамагае ўладкоўваць жыццё, адказваць на яго выклікі і вядзе да вечнага шчасця. Святло веры асвятляе цемру сучаснага свету, дазваляе зразумець, што кожны чалавек – гэта бясцэнная каштоўнасць, бо з’яўляецца Божым творам.
Бог любіць усіх, нават і тых, хто адышоў ад Яго або забыўся аб Ім. Ён цярплівы і чакае. Ён даў нам свайго Сына, які памёр і ўваскрос, каб нас выбавіць з палону зла. А Хрыстус паслаў сваіх вучняў, каб неслі ўсім народам радаснае пасланне збаўлення і новага жыцця (пар. ПXXVIIIСДзМ 1).
4. Адзін пратэстанцкі пастар меў звычай у лацкане пінжака насіць гваздзіку. І вось аднойчы ў нядзелю малы хлопчык папрасіў яго аддаць кветку яму. Пастар аддаў і спытаў, чаму ён яе хоча. Тады хлопчык распавёў вельмі хвалюючую гісторыю свайго жыцця. Калі яго бацькі развяліся, ён застаўся жыць з мамай. Але калі яна зноў выйшла замуж, яе новы муж не хацеў пакінуць хлопца ў доме. Дзіця адправілі жыць з ягоным бацькам. Але той у сваю чаргу сказаў, што не мае часу займацца падлеткам, і паслаў яго да бабулі. Падлетак сказаў, што яму вельмі добра ў яе, бо яна ім з любоўю апякуецца, і таму ён хацеў падарыць ёй кветку.
Пастар не мог стрымаць слёз і дазволіў узяць цэлы букет кветак, які знаходзіўся ў малельным доме. Хлопчык з задавальненнем усміхнуўся і сказаў: «Які цудоўны дзень, я прасіў адну кветку, а атрымаў цэлы букет!»
Мараль гэтага аповеду ў тым, што мы можам палепшыць жыццё іншых людзей, зрабіць яго больш адмысловым і шчаслівым. Для гэтага не трэба быць багатымі ці асабліва адоранымі. Дастаткова толькі любіць, каб змяніць жыццё іншага чалавека.
5. Свет, яго развіццё і сітуацыя чалавека ў ім залежаць ад нас саміх. Свет такі, якім мы яго робім. Не трэба спадзявацца, што нехта з космасу прыйдзе, каб палепшыць яго без нас. Мы самі з’яўляемся кавалямі свайго лёсу. З неба, можна сказаць з космасу, ужо прыйшоў Богачалавек – Езус Хрыстус, каб вярнуць страчаную з-за першароднага граху гармонію, каб змяніць свет і зрабіць яго больш чалавечым і адначасова боскім. Хрыстус і далей чыніць гэта праз людзей, чыніць праз нас.
Нельга ўявіць сабе свет, у якім мы маглі б жыць абсалютна паасобку і не клапаціцца аб іншых. Без спагадлівасці свет абрынецца ў хаос. Дапамагаючы іншым, мы таксама змяняем сябе саміх, бо большае шчасце даваць, чым браць.
Аднойчы настаўніца загадала дзецям намаляваць малюнкі, якія выказвалі б удзячнасць. Сярод іх быў малюнак рукі. Настаўніца спыталася, чыя гэта рука. Хлопчык адказаў, што гэта яе рука, бо яна добрая і клапоціцца пра дзяцей.
Сярод мора чалавечых патрэбаў ёсць адна вельмі важная. Чалавецтва патрабуе поўнай любові Хрыста рукі, бо ў гомане сучаснага свету з яго секулярнымі выклікамі чалавек чакае Бога.
6. Аб гэтым заданні нагадвае як дэвіз сёлетняга XXVIII Сусветнага дня моладзі ў Рыа-дэ-Жанэйра, так і VI Малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы — «Ідзіце і навучайце ўсе народы». З гэтымі словамі Езус звярнуўся да апосталаў перад сваім Унебаўшэсцем. Гэтыя словы – Яго запавет, які мы павінны выканаць. Гэта азначае, што мы павінны працягнуць руку дапамогі іншым, каб змяніць іх жыццё, бо яшчэ так шмат людзей чакаюць Евангелля, мэта якога — змяніць жыццё чалавека.
Можа, мы не заўсёды гэта разумеем. Можа, кажам разам з Каінам, што не з’яўляемся вартаўнікамі нашых братоў і сясцёр (пар. Быц 4, 9). Можа, у нашым жыцці пануе глабалізацыя абыякавасці, – як кажа папа Францішак (пар. http://www.zenit.org/en/articles/pope-francis-we-have-fallen-into-globalized-indifference).
У той жа час Святое Пісанне прадстаўляе многа прыкладаў таго, як паслухмянасць волі Божай чыніла вялікія рэчы.
Майсей не вельмі хацеў ісці да фараона, аднак, калі зрабіў тое, чаго ад яго хацеў Бог, то вывеў ізраільскі народ з егіпецкага рабства.
Бог сказаў Ёну ісці ў Нініву. Ёна сеў на карабель і паспрабаваў выбраць іншы шлях, але калі зрабіў тое, чаго Бог ад яго чакаў, то выбавіў цэлы горад.
Пётр атрымаў ад Езуса прымат у Касцёле. Езус таксама паабяцаў яму ключы свайго Валадарства. Але ён са страху адрокся ад свайго Настаўніка. Аднак калі зразумеў сваю памылку, то сапраўды стаў скалой, на якой Хрыстус будуе свой Касцёл, і ў сваіх наступніках кіруе Касцёлам і ўмацоўвае нас у веры.
Ганіцель хрысціян Саўл стаў выбраным начыннем Езуса і самым вялікім місіянерам, які прывёў да Хрыста многіх язычнікаў.
Усё гэта азначае, што выкананне Божай волі чыніць цуды. Вельмі прыгожа аб гэтым нагадвае святы апостал Павел: «Бо я пастанавіў сабе нічога іншага між вамі не ведаць, апроч Езуса Хрыста, і пры тым укрыжаванага. І быў я ў вас зняможаны і ў страху і ў вялікім трымценні. І слова маё, і пропаведзь мая не ў пераканаўчых словах, а ў выяўленні Духа і сілы, каб вера ваша была не ў мудрасці чалавечай, а ў сіле Божай» (1 Кар 2, 2-5).
Таму нам неабходна зразумець, што Бог перадусім глядзіць у сэрца пакліканага, ці згаджаецца той з Яго воляй, а толькі потым на кваліфікацыю.
Кароль Давід быў чалавекам паводле Божага сэрца, і яго заслугі ў гісторыі збаўлення вельмі вялікія. Але як ён пачынаў? Ад пастуха, і нават яго родны бацька забыўся ўзгадаць яго, калі Самуэль прыйшоў шукаць будучага караля Ізраіля.
Паглядзім на Марыю. Простая дзяўчына, якая нічым не вылучалася. Але менавіта Ёй Бог учыніў вялікія рэчы, бо абраў быць Маці Збаўцы. Гэтая Яе трансфармацыя адбылася дзякуючы таму, што Яна згадзілася з Божай воляй. Святы апостал Павел кажа, што Бог выбраў невучоных, каб пасароміць мудрых; выбраў слабых, каб пасароміць моцных (пар. 1 Кар 1, 27).
5. Згадзіцца з Божай воляй азначае ахвяраваць сябе на служэнне Яму і справе збаўлення чалавека.
Трэба памятаць, што Бог для ажыццяўлення сваіх збаўчых планаў выкарыстоўвае людзей. Калі ў Варшаве адбудоўвалі адзін са зруйнаваных падчас Другой сусветнай вайны касцёлаў, то ўбачылі, што фігура Езуса на крыжы каля ўваходу ў касцёл засталася без рук і ног. Пробашч хацеў яе аднавіць, але вернікі сказалі, што яны будуць рукамі і нагамі Езуса. Да сённяшняга дня пад фігурай Езуса можна ўбачыць словы: «Мы з’яўляемся рукамі і нагамі Езуса».
Заданне вучыць Божай праўдзе іншых людзей – гэта заданне кожнага чалавека, асабліва поўных энтузіязму і энергіі маладых. Святы апостал Павел кажа, што выслужанае на дрэве крыжа збаўленне належыць усяму чалавецтву. Таму ў Хрысце ўсе павінны стаць новым стварэннем (пар. Гал 14-18).
Місіяй кожнага члена Цела Хрыста з’яўляецца несці сведчанне збаўчай моцы Хрыста іншым. Таму сучасны свет павінен мець два мільёны місіянераў, бо столькі ў свеце ёсць хрысціян. Як хрысціяне мы павінны прыцягваць іншых, падобна таму як ружа сваёй прыгажосцю прыцягвае позірк чалавека. Нам не дазволена згубіць дадзеную нам Божым Провідам магчымасць быць апосталамі слова, сведчання і прыкладу хрысціянскага жыцця. Мы павінны пазбягаць антысведчання, практыкуючы несапраўдную, штучную веру, калі публічна называем сябе веруючымі, а на самой справе падтрымліваем амаральныя дзеянні, такія, як разводы, аборты, генетычныя маніпуляцыі з эмбрыёнамі і г.д. Мы не павінны быць католікамі мяккіх і выгодных крэслаў, якія замест хрысціянскага сведчання нясуць антысведчанне.
6. У сучасным свеце трэба быць гатовым да таго, што ён можа не прыняць Евангелля і нават будзе высмейваць евангелізатараў. Можа нехта падумае, што я малады і не ўмею добра прамаўляць, як калісьці казаў прарок Ерамія. Але вам, моладзь, Бог кажа тыя ж самыя словы, якія сказаў прароку: «Не кажы, што ты малады, бо пойдзеш туды, куды Я цябе пашлю» (пар. Ер 1, 6.7). Не трэба баяцца, бо евангелізацыя не з’яўляецца нашай ініцыятывай, але адказам на Божы заклік, і таму абапіраецца не на нашы сілы, але на моц Божую (пар. ПXXVIIICДзМ 6).
У гэтым сэнсе вельмі павучальнай з’яўляецца гісторыя святога Філіпа Нэры, якога называлі «Апосталам Рыма». Ён з’яўляецца прыкладам так патрэбнага ў наш час місійнага запалу. Філіп прыбыў у Рым у пачатку 1500-х гадоў як свецкі імігрант з Фларэнцыі. Ён быў у жаху ад фізічнага і маральнага спусташэння горада. Евангелле не абвяшчалася, многія свецкія хрысціяне і нават духоўныя асобы не захоўвалі маральнага вучэння Хрыста. Філіп маліўся Богу, каб пазнаць Яго волю. Даведаўшыся, што святы Францішак Ксавэрый вярнуўся ў Еўропу з Індыі, дзе навярнуў дзясяткі тысяч людзей, Філіп падумаў, што Бог кліча яго ехаць у Індыю і там нават аддаць сваё жыццё за абвяшчэнне Евангелля. Калі ён сказаў свайму духоўнаму кіраўніку пра свае планы, той пахваліў яго жаданне абвяшчаць Евангелле ў далёкай краіне і сведчыць пра Хрыста. Аднак пры гэтым ён параіў Філіпу засяродзіць сваю ўвагу на паўторнай евангелізацыі людзей, сярод якіх ён жыў, кажучы: «Няхай Рым будзе тваёй Індыяй!»
Гэта было нялёгкае заданне. Але Філіп, абапіраючыся на дапамогу Божую, спачатку як свецкі чалавек, а потым як святар, пачаў навяртаць Рым, ідучы ад аднаго чалавека да другога. Ён апрацаваў розныя праграмы сацыяльнай і рэлігійнай дзейнасці, каб даць людзям, асабліва моладзі, лепшыя альтэрнатывы, чым тыя, якія прапанавала распусная культура таго часу. У выніку яго апостальскай дзейнасці вялікая частка жыхароў Рымa змяніла сваё жыццё.
Той жа самы Бог, які амаль пяцьсот гадоў таму праз духоўнага настаўніка прамовіў да Філіпа, сёння праз Касцёл прамаўляе да вас, моладзь: «Ваша парафія, ваша сям’я, ваша школа і ўніверсітэт, ваша працоўнае месца – гэта вашы місіі!» 16–17 лістапада ў Назарэце адбудзецца Міжнародны дзень веры пад дэвізам «Прымі прапанаваную веру - прапануй іншым прынятую». Гэта азначае, што атрыманым ад Бога дарам веры неабходна дзяліцца з іншымі. Свет чакае нас, нашага абвяшчэння Евангелля. Час бяжыць хутка, і мы не маем права заставацца абыякавымі ў гэтай такой важнай справе новай евангелізацыі для перадачы веры. Таму, дарагія браты і сёстры, асабліва моладзь, адкажыце на Божы заклік словамі прарока Ісаі – вось я, пашлі мяне (пар. Іс 6, 8), каб замест пануючай глабалізацыі абыякавасці адносна духоўнага стану іншых у нашым грамадстве і ва ўсім свеце панавала глабалізацыя абвяшчэння Добрай Навіны. Няхай жа заклік першай энцыклікі папы Францішка «Lumen fidei» – «Святло веры» да новага адкрыцця святла веры, якая змяняе чалавека і ўказвае напрамак яго зямной вандроўкі (пар. LF 4), стане праграмай нашага жыцця і праявай дынамізму Касцёла на Беларусі. Амэн.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Бэнэдыкт XVI. Пасланне на XXХ Сусветны дзень моладзі (ПXXVIIIСДзМ). 2. Францішак. Энцыкліка “Lumen fidei” (LF). 3. http://www.zenit.org/en/articles/pope-francis-we-have-fallen-into-globalized-indifference.
|