Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на св. Імшу з нагоды 70-годдзя мучаніцкай смерці бл. айцоў францішканаў Ахілеса Пухалы і Германа Стэмпеня

21 ліпеня 2013 г., Баравікоўшчына

Браты і сёстры, ужо каторы раз мы пілігрымуем на тое месца, дзе 70 гадоў таму пралілася мучаніцкая кроў пастыраў — францішканаў, якія ў крытычныя хвіліны жыцця парафіян былі з імі да канца, бачачы роспач і безнадзейнасць у вачах сваіх авечак, цвёрда вырашылі несці ім духоўную падтрымку у той драматычнай сітуацыі, якая склалася ў выніку ваенных дзеянняў падчас Другой сусветнай вайны.

Успомнім аб тых трагічных для нашых продкаў днях ліпеня 1943 года, каб лепей зразумець ахвярнасць благаслаўлёных аа. францішканаў Германа Стэмпеня і Ахілеса Пухалы. У вялікім лясным масіве, які называем Налібоцкай Пушчай, падчас гітлераўскай акупацыі згрупаваліся шматтысячныя групы супраціву рознага падпарадкавання, якія называлі сябе партызанамі. Гэта былі і вайсковыя асобы, якія аказаліся ў акружэнні ў 1941 годзе і не здолелі злучыцца з часцямі Чырвонай Арміі, якая адышла на ўсход, і злучэнні, якія падпарадкаваліся эміграцыйнаму польскаму ўраду ў Лондане, і групы яўрэйскай нацыянальнасці, якім удалося ўцячы з гета, і іншыя групы узброеных людзей, якія хаваліся ў лясах ад гітлераўскай акупацыйнай улады па прычыне небяспекі вывазу на працы ў Германію, мабілізацыі ў нямецкае войска альбо паліцыю. Людзі са зброяй у руках патрабавалі таксама і харчавання, якое дабывалі ў жыхароў навакольных з пушчай населеных пунктах. Гітлераўцы, занепакоеныя такой шматтысячнай групоўкай узброеных людзей руху супраціву, знялі з усходняга фронту дывізію і пад кодавай назвай «Герман» распачалі летам 1943 года карную аперацыю з мэтай знішчэння вышэйназваных фармацый. Каб пазбавіць партызан харчавання, быў рэалізаваны план знішчэння ўсіх населеных пунктаў ва ўсёй пушчы і ў пятнаццацікіламетровай зоне ад яе. Усіх насельнікаў высялялі спецыяльныя вайсковыя фармацыі, якія складаліся не толькі з гітлераўцаў, але ў якіх таксама ўдзельнічалі вайсковыя фармацыі ўласаўцаў, вайсковыя адзінкі з  дывізіі Галіччына і іншыя. Тры дні нашым продкам, насельнікам вышэйназваных тэрыторый пражывання, было дадзена на няхітрыя зборы. Пасля чаго будынкі былі спалены, а жыхары гэтых населеных пунктаў пешшу з хатняй жывёлай і набыткам гітлераўцы гналі да бліжэйшых чыгуначных станцый, каб там, адняўшы ўвесь здабытак у няшчасных беззабаронных людзей, вывезці іх на працы ў Германію альбо размясціць у лагеры смерці Трасцянец каля Мінска. Тых, хто не пажадаў падпарадкавацца антычалавечаму загаду і заставаўся на месцы, адшуквалі  спецыяльныя каманды, якія з сабакамі прачэсвалі навакольныя лясы і бязлітасна расстрэльвалі ўсіх, каго знаходзілі. Такая карная акцыя працягвалася каля месяца. Невядома, колькі загінула нашых продкаў ад кулі карнікаў, ад голаду, хвароб, патанула ў багнах і пры перамяшчэннях у вызначаныя месцы, далёкія ад тых мясцовасцяў, дзе яны жылі і дзе засталіся могілкі з іх роднымі і блізкімі. Ніхто за іх не маліўся ў іх парафіяльных касцёлах, бо святыні таксама былі спалены, ніхто іх не суцяшаў. Але, бачачы такі лёс сваіх парафіян, неабыякавымі да іх лёсу засталіся аа. францішкане — пробашч і вікарый пяршайскай парафіі бл. айцы Ахілес Пухала і Герман Стэмпень. Ім гітлераўцы дазволілі застацца, аднак яны дабравольна далучыліся да групы парафіян, якія ў роспачы, без сродкаў на існаванне пакідалі родныя мясціны і пад дуламі аўтаматаў карнікаў накіроўваліся ў нязнанае. Айцы сваёй прысутнасцю, духоўнымі разважаннямі і сакрамэнтальнай паслугай споведзі спадарожнічалі вернікам, такім чынам змяншаючы іх боль і адчай няпэўнасці ў заўтрашнім дні, спрыялі знікненню злосці і агрэсіі на бесчалавечнасць з боку карнікаў і ўгрунтаванню хрысціянскай надзеі нават у такіх экстрэмальных умовах. Але іх прысутнасць была нядоўгай, бо пасля 10-15 кіламетраў супольнага шляху карнікі адлучылі святароў у вёсцы Баравікоўшчына, адвялі ў забудову, расстралялі іх і спалілі драўляны будынак. Пасля некалькіх дзён жыхары, якія схаваліся і выжылі ў лясах падчас карных аперацый, адшукалі парэшткі пастыраў на папялішчах і іх астанкі захавалі пры касцёле ў Пяршаях, дзе яны былі душпастырамі. У пасляваенныя гады касцёл у Пяршаях быў апаганены, а магілка ахвярных душпастыраў знішчана. На хвалях перабудовы вернікі Пяршаяў аднавілі магілку сваіх дабрадзеяў — герояў любові да Бога і чалавека. Папа Рымскі Ян Павел ІІ 13 чэрвеня 1999 года далучыў іх да ліку благаслаўлёных у групе 108 мучанікаў Другой сусветнай вайны.     

Калі ўспамінаем гадавіну трагедыі, нашы думкі імкнуцца да крыжа. І тут важным з’яўляецца выказванне Св. Паўла да Карынцянаў — аб трывалай сувязі мудрасці з крыжам: а аднак абвяшчаем мудрасць паміж дасканалымі, але не мудрасць гэтага свету, ані ўладароў гэтага свету, хаця прамінаючых, але абвяшчаем таямніцу Божай мудрасці, мудрасць схаваную, тую, якую адвечна Бог прызначыў для нашай хвалы, тую, якую не зразумеў ні адзін з уладароў гэтага свету, калі б яе зразумелі, то не ўкрыжавалі б Пана свету (1 Кар, 2, 5-8). Такой  мудрасці не хапіла 20 стагоддзяў таму, калі крыжавалі Божага Сына. Яе недахоп адчуваўся на працягу 20 стагоддзяў. Яе недахоп адчуваўся на працягу мінулых гадоў, калі столькі вучняў Хрыста прысуджвалі на смерць. Не лічыліся з той мудрасцю гітлераўцы, нацысты.

На жаль, і сёння ў свеце сустракаюцца людзі, якія яе не хочуць заўважыць. І таму не заканчваюцца цярпенні, якія прычыняе чалавек чалавеку, і ўсё яшчэ льецца кроў. А тыя, хто гэта чыніць — усё часцей людзі блізкія, часамі з адной і той жа сям’і. Аборты, эксперыменты над эмбрыёнамі, ЭКО, ужыванне раннеабартыўных сродкаў, надмернае ўжыванне алкаголю, тытуню і наркатычных сродкаў — гэта ўжо сучасныя спосабы скарачэння альбо знішчэння жыцця, якое спазналі нашыя продкі ў тыя страшныя часы блакады Налібоцкай Пушчы, але ўжо ў іншым вымярэнні. Секс-індустрыя, выхаванне ў эгаізме, стыль жыцця, скіраваны толькі на кансумпцыю, адсутнасць  ахвярнасці для Бога і бліжняга чыняць удзельнікаў і карыстальнікаў нячулымі да хрысціянскіх каштоўнасцяў і на пэўны час прытупляюць свядомасць, адказнасць  да пэўнага часу за такія чыны на судзе перад Богам. Абыякавасць дарослых да прывіцця маладому пакаленню хрысціянскіх каштоўнасцяў можа стаць прычынай праяўлення ў іх жорсткасці і насілля, такіх, якімі вызначаліся карнікі ў адносінах да безабаронных і простых людзей тады, падчас блакады. Тады праяўляўся нізкі інстынкт чалавека-жаўнера, падпарадкаванага толькі загаду фюрэра, але з іншага боку — шляхетнасць хрысціянскай фармацыі ў экстрэмальных умовах айцоў. Крыж павінен быць бачным усюды, няхай ён будзе знакам, які нагадвае аб неабходнасці прысутнасці Божай мудрасці ў жыцці асобы, сям’і, школы, выхаваўчых сістэмаў, у нашых суседзяў і ва ўсім свеце. Каб гэты знак збаўлення, аб якім разважаем у Юбілейны год  Міланскага эдыкту, быў знакам перамогі, які паўстрымае хрысціянскіх сужэнцаў ад намеру разводу дзеля духоўнай карысці іх патомства.

Крыж нагадвае аб Хрысце і тых, хто даверыўся Яму, тых, якія зразумелі, што Хрыстус — Езус, які прыняў за нас смерць і ўваскрос (Рым 8, 34). І хоць у сувязі з Езусам Хрыстом забіваюць нас на працягу ўсяго дня, лічаць нас авечкамі, прызначанымі на ўбой (Рым 8, 36), аднак ва ўсім гэтым перамагаем, дзякуючы Таму, Хто палюбіў нас (Рым 8, 37). І нішто не здолее нас адарваць ад Яго.

Аб гэтым гавораць нам крыжы — пачынаючы ад Кальварыі да канца свету і часоў. Гэта ў перспектыве крыжа разважаем сёння пра жыццё і смерць яго мучанікаў часоў Другой сусветнай вайны бл. Ахілеса Пухалы і бл. Германа Стэмпеня — айцоў францішканаў, якія былі забіты і спалены ў гэтым месцы нацыстамі з нянавісці да веры і маральнасці хрысціянскай, заснаванай на любові да бліжняга.  

Мы таму ўспамінаем мінулае, каб лепей адшукаць і выбраць герояў і сведкаў веры, каб у нас не скончыўся патрыятызм для народа, для гэтай зямлі, гераізм, каб не згубілася ахвярнасць, адвага, рашучасць і ўпэўненасць.

Важна, каб мы не дапусцілі таго, што забудземся аб сведках веры, героях, аб людзях вялікага духу і добрых чыноў, аб святых і благаслаўлёных нашай зямлі.

Геройства, хрысціянскае сведчанне веры заўсёды каштуе вельмі дорага.  Аб гэтым гавораць усе героі, усе сведкі веры і любові да Бога і чалавека. Ці толькі памятаем мы аб іх? Ці носім у сэрцы і ўспамінах тых герояў, тых сведкаў веры, якія жылі на нашай зямлі, дзякуючы якім гэтай зямлёй цікавяцца многія. Ці чытаем публікацыі, каб з гонарам маглі прадстаўляцца, што мы з Міншчыны, Валожыншчыны, з-пад Івянца?

На будучыню надалей шукайма такіх герояў, сведкаў веры і любові да Бога і чалавека. Можа, гэта будуць нашыя дзядулі, бабулі, бацькі, родныя альбо суседзі, святары, кансэкраваныя асобы, людзі, якія мелі розныя пасады і адукацыю ў нашым грамадстве і былі адказныя ў сваіх паводзінах, высока неслі імя хрысціяніна, хрысціянкі.

Трэба гаварыць аб гэтым усім, усюды і заўсёды. Будзем жа гаварыць аб гэтым нават падчас спрэчак і сварак, апавядаць дзецям і моладзі, прамаўляць да сэрцаў і розуму. Няхай у нас і наступных пакаленнях адраджаецца памяць аб нашым радаводзе — тым, хрысціянскім, і тым, зямным. Тады будзем звестунамі Добрай Навіны, калі будзем углядацца ў крыж, калі будзем разважаць над гераізмам мучанікаў нашай зямлі, каб у крыві, пралітай з веры і любові, знаходзіць Езуса Хрыста, адзінага Збаўцу свету. Надзея хрысціянская мае адметны твар, а ім з’яўляецца Езус Хрыстус. Варта для Яго жыць, варта і памерці. Толькі Ён уваскрос і толькі Ён запэўнівае нам удзел ва ўваскрасенні.

Благаслаўлёныя мучанікі з Пяршаяў а. Ахілес Пухала і а. Герман Стэмпень, дапамажыце нам, каб мы не змарнавалі таго духоўнага спадкаемства, якім вам абавязаныя, каб мы вытрывалі пры крыжы Пана нашага Езуса Хрыста.

Адноўлена 21.07.2013 15:59
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі