Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай у Мядзелі

19 ліпеня 2013 г.

Нашае спатканне адбываецца з нагоды ўспаміну Маці Божай Шкаплернай, і гэтае свята мае вельмі цесную сувязь з супольнасцю кармэлітаў. Пабожная легенда гаворыць, што заснавальнікам гэтай супольнасці быў прарок Ілля, які пражываў у пячорах, рассеяных на схілах гары Кармэль. Фактычным заснавальнікам быў рыцар Бэртольд з Калабрыі (1156 г.).  Разам з 10 сябрамі ён збудаваў пустэльню на схіле гары Кармэль. Вёў там суровае жыццё пакутніка. У 1208 годзе Патрыярх Альбэрт, які жыў тады ў прыморскай мясцовасці Акко, зацвердзіў для манахаў Статут супольнага жыцця. У Статуце быў моцны націск на малітву, суровыя пасты і ручную працу ў цішыні без магчымасці вядзення размоў. Прадпісанні зацвердзіў Папа Ганорый І (30.01.1226 г). У трынаццатым стагоддзі манаская супольнасць распаўсюдзілася ў еўрапейскіх краінах у басейне Міжземнага мора і некаторых краінах Заходняй Еўропы. У 1245 годзе Папа Інакенцій IV змякчыў першы Статут  і зацвердзіў супольнасць  як Супольнасць Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Традыцыя ўзгадвае апавяданне  аб генерале закону Шымону Штоку, якому аб’явілася Маці Божая ў акружэнні анёлаў, са шкаплерам у руцэ. І сказала такія словы: «Вазьмі гэты шкаплер свайго закону як знак Маёй прыхільнасці, як знак асаблівай Маёй ласкі для цябе і ўсіх кармэлітаў; хто ў гэтым шкаплеры ласкі памрэ пабожна, не будзе цярпець у вечным агні». Папа Бэнэдыкт XIV выдаў сведчанне, што асабіста лічыць гэтае аб’яўленне праўдзівым і што ўсе могуць яго таксама прымаць.

Слова Божае заахвочвае нас да радасці. А нагодай з’яўляецца факт пражывання Бога на зямлі. – Цешся і весяліся, дачка Сіёну. Бо ўжо іду і пасялюся каля цябе, – гаворыць Пан (Зах 2, 14). Гэтыя словы ў першую чаргу адносяцца да Марыі. Гэта ў Ёй першай Бог пасяліўся на зямлі, пасяліўся найперш духоўна. Праз веру, а потым цялесна, калі «Слова стала Целам» (Ян 1, 14). Радасць Марыі павінна стаць нашай радасцю. Наша радасць павінна ўзрастаць з факту прабывання  Бога з намі і таксама прабывання сярод нас Марыі, якая з’яўляецца Маці нашай і Маці каралёў.

Папа нагадвае аб тым, што знак шкаплера кажа аб дзвюх справах: адна — аб пастаяннай апецы Маці Божай, і гэта не толькі на дарогах жыцця, але таксама ў хвіліну пераходу да поўні вечнай хвалы; другая — гэта свядомасць, што набажэнства да Яе нельга абмежаваць толькі да малітвы і пашаны, якую аддаём Ёй пры розных нагодах, але павінна стварыць габіт — накідку, гэта значыць павінна надаваць пастаянны напрамак хрысціянскага стылю жыцця, узмоцненага малітвай і хрысціянскімі паводзінамі, а таксама частым карыстаннем са святых сакрамэнтаў і канкрэтнымі ўчынкамі адносна душы і цела бліжняга. Такім чынам шкаплер становіцца знакам прымірэння і ўзаемнай блізкасці Марыі з вернікамі; бо выражае канкрэтным спосабам дар, які на крыжы Езус учыніў для Яна, а праз яго ўсім нам, са сваёй Маці, і прыпамінае аб даверы любага вучня і нас Той, якую ўстанавіў нашай духоўнай Маці.

Няхай Маці Божая Шкаплерная выпрошвае нам ласкі, патрэбныя для духоўнага і рэлігійнага аднаўлення нас і нашых сем’яў.

Сёння праз маю паслугу група моладзі атрымае сакрамэнт канфірмацыі. Выбраныя асобы будуць умацаваны ў веры. Дзякуем руплівым душпастырам за тое, што яны адпаведна падрыхтавалі гэтых выбраных асоб да таго, каб у Год веры і Юбілейны год абвяшчэння Міланскага эдыкта вы, дарагія кандыдаты да канфірмацыі, былі ўмацаваныя гэтым сакрамэнтам. Яго называем сакрамэнтам Духа Святога, сакрамэнтам Агню. Прымаючы сакрамэнт канфірмацыі, вы станеце рыцарамі Хрыста, каб Касцёл бараніць, быць за яго больш адказнымі, каб сваімі хрысціянскімі паводзінамі падаваць святло ў накірунку Касцёла для тых, хто яшчэ толькі ў пошуках Бога альбо ў наступстве граху адышлі ад Касцёла, каб змаглі адшукаць шлях да Створцы праз Касцёл — супольнасць, пакліканую дапамагчы вернікам на шляху да збаўлення.

Перад вамі адкрываецца цудоўная перспектыва, бо вы будзеце адчуваць уздзеянне Духа. Вы павінны выплысці на глыбіню. У вас павінна ўсё больш узрастаць Містычнае Цела Хрыста — гэта значыць Касцёла, бо калі Касцёл расце і развіваецца, тое таксама адбываецца і з нашай верай.

Дух Святы, прыйдзі – так заклікаем Трэцюю Боскую Асобу, каб жыццё наша атрымала накірунак не зямны, але нябесны. Падчас святой Імшы група моладзі атрымае сакрамэнт канфірмацыі. Выбраныя асобы праз маю паслугу атрымаюць дары Духа Святога. Дар мудрасці і розуму, рады і мужнасці, умеласці, пабожнасці і дар боязі Божай. Іх сем, і ўсе яны вельмі важныя. Некаторыя узмацняюць наш розум, наш інтэлект, іншыя — нашу волю, каб мы маглі выбіраць дабро і дабро чынілі, не знеахвочваліся супярэчнасцямі. Дары гэтыя дадзены для нашай душы, якая пазнае і выбірае дабро альбо зло. Прымаем дары, каб мець унутраную сілу заўсёды, каб выбраць дабро, а не зло, бо калі выбіраем зло, то нішчым самі сябе, а калі выбіраем дабро — становімся благаслаўлёнымі, шчаслівымі.

Сакрамэнт канфірмацыі называецца сакрамэнтам агню. Як агонь, палаючы, сагравае тое што знаходзіцца блізка, так і той, хто атрымоўвае гэты сакрамэнт, адчувае сам асаблівую прывязанасць да Касцёла, сам гэтую цеплыню разносіць і вучыць іншых шукаць Божай цеплыні ў супольнасці, імя якой Касцёл. Ён асаблівым чынам клапоціцца пра справы Касцёла, не шкадуючы сіл,  сродкаў, талентаў, каб Касцёл мог у сучасным свеце выконваць узорна сваю місію. А заданне Касцёла – весці Божы Народ да Хрыста, да збаўлення.

Сімвалам Спаслання Духа Святога з’яўляецца зелень. Зелень асабліва вясной у прыродзе сведчыць аб развіцці прыроды аб вегетацыі, якая пад уздзеяннем веснавых промняў сонца наступіла ў раслінным свеце. І такі стан адрозніваецца ад спечанай сонцам пустыннай тэрыторыі, дзе ўсё жывое хаваецца ў цень, пад скалы альбо глыбока ў зямлю. Дух Святы ажыўляе нашы высокія памкненні, а чалавек выйшаў ад Бога і імкнецца да Бога.

Дзеі Апосталаў вядуць нас у вячэрнік Спаслання Духа Святога. Гэта там пасля Унебаўшэсця Хрыста сабраліся Апосталы, каб атрымаць дары Духа Святога. «Усе яны трывалі аднадумна на малітве разам з жанчынамі, Марыяй, Маці Езуса, і Яго братамі». Мы можам толькі здагадвацца, што гэта была за малітва. Можа, гэта была такая малітва, калі чалавек губляе ўсялякую сувязь са светам, каб поўнасцю ахінуцца ў Богу. Яна, напэўна, была пазначана тугой па Пану, які адышоў да Айца. Хрыстафаніі скончыліся. Надышоў час, пазначаны фізічнай і гістарычнай адсутнасцю Збаўцы пасярод свайго народа, надышоў час Касцёла. Гэта Ён, Святы Дух, будзе сваім голасам за нас уступацца, дапамагаць нам у малітве, у якой Усемагутнага Бога можам называць Айцом. Гэтую нашу малітву, часамі цяжкую і добра не сфармаваную, хочам часамі нанізаць на пацеркі ружанца, каб затрымаць на прывязі нашу думку і ўяўленне, каб «думаць аб вялікіх Божых справах», якія апосталы абвяшчалі пасля Спаслання Духа Святога.

Сакрамэнт канфірмацыі дапамагае вам лепш разумець эўхарыстычнае спатканне вернікаў. І Касцёл найлепш развіваецца дзякуючы Эўхарыстыі. Ян Павел ІІ пісаў: перад нашымі вачыма ўстаюць прыклады святых, якія ў Эўхарыстыі мелі вяліую радасць, і закаханых у сакрамэнце Алтара (Ян Павел ІІ, Застанься з намі, Пане, 51).

Гэта вялікая таямніца веры — чуем падчас кожнай святой Імшы, адразу пасля кансэкрацыі. Але гэта толькі пачатак таямніцы веры. Але які прыгожы яе працяг. Якая прыгажосць таго, што адбываецца ўнутры чалавека, у нашай душы калі жывём Эўхарыстыяй, калі ўзмацняемся гэтым дарам, калі заўсёды памятаем на кожным кроку нашага зямнога пілігрымавання.

У разуменні гэтай праўды дапамагае нам Найсвяцейшая Панна Марыя, якая ўсім жыццём рэалізуе таямніцу Эўхарыстыі. Касцёл, гледзячы на Марыю, як на свой вобраз, пакліканы Яе наследаваць у адносінах да Найсвяцейшай Таямніцы (Ян Павел ІІ, Касцёл жыве Эўхарыстыяй, 53). Папскі легат кардынал Жан-Луі Таран у Будславе сказаў: Марыя — гэта сіла, якая нас натхняе, Яна моцная Маці, якая вядзе нас за сабою, якая дапамагае нам узрастаць у веры, каб быць сведкамі Пана Бога, каб будаваць новы свет. Яна з’яўляецца прадчуваннем нябеснага Ерузалема і, апранутая ў вясельны ўбор, выходзіць насустрач свайму Жаніху. Сёння Марыя дае такі імпульс усім пілігрыма. Адсюль Марыя адкрывае перад Касцёлам у Беларусі новыя далягляды, напаўняе яго адвагаю, пяшчотна туліць яго да сябе і паказвае мэты, якія нам неабходна дасягнуць.

Адноўлена 20.07.2013 15:51
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі