21 ліпеня 2013 г.
Дзве нагоды сёння сабралі нас тут, у парафіяльным касцёле ў Сталовічах. Гэта асвячэнне новага бакавога алтара, прысвечанага Маці Божай Ларэтанскай і сустрэча сем’яў баранавіцкага рэгіёну душпастырства. Наша літургічнае спатканне адбываецца ў Год веры, у сезон, калі ў нашай краіне адбываюцць альбо адбыліся пілігрымкі да марыйных санктуарыяў – ужо мінулыя да Маці Божай Будслаўскай, Тракельскай і пілігрымка, якая рыхтуецца ў Лагішын да Маці Божай Каралевы Палесся, назначаная на канец жніўня.
Пілігрымкі ў санктуарыі, сённяшнія падзеі па асвячэнні алтара, супольная сустрэча сем’яў дапамагаюць нам глыбей перажываць нашу веру. А наша святая вера паказвае нам дарогу да вечнага шчасця. Вера суцяшае і супакойвае на дарогах жыцця падчас цяжкасцяў і нязручнасцяў, вера, падаючы абяцанні вялікай узнагароды, дае мужнасць і моц, каб вытрываць у добрым. Верым, хоць часамі праўдаў веры нашай не разумеем. Надыдзе час, калі ўсё спасцігнем і зразумеем, сузіраючы Бога тварам у твар.
Вера з’яўляецца пачаткам новага жыцця. Гэта не навіна ў разуменні сучаснага свету. Гэта навіна погляду праз веру. Гэта навіна, якая пульсуе ў вашых сэрцах, такіх неспакойных, каб з’яднацца з Хрыстом.
А Касцёл навучае, што сам заснавальнік прыходзіць як дасведчанне духа. Перададзенае вучням, каб яго асэнсоўвалі, сцераглі, паглыблялі і пастаянна развівалі ў гармоніі з пастаянна ўзрастаючым Целам Хрыста.
Гэта вялікая таямніца веры — чуем падчас кожнай святой Імшы, адразу пасля кансэкрацыі. Але гэта толькі пачатак таямніцы веры. Але які прыгожы яе працяг. Якая прыгажосць таго, што адбываецца ўнутры чалавека, у нашай душы калі жывём Эўхарыстыяй, калі ўзмацняемся гэтым дарам, калі заўсёды памятаем на кожным кроку нашага зямнога пілігрымавання.
У разуменні гэтай праўды дапамагае нам Найсвяцейшая Панна Марыя, якая ўсім жыццём рэалізуе таямніцу Эўхарыстыі. Касцёл, гледзячы на Марыю, як на свой вобраз, пакліканы Яе наследаваць у адносінах да Найсвяцейшай Таямніцы (Ян Павел ІІ, Касцёл жыве Эўхарыстыяй, 53). Хлеб, які прымаем, з’яўляецца беззаганным целам Яе Сына (Ян Павел ІІ, Застанься з намі Пане, 31).
У сувязі з тым, што тут сабраны сем’і, паразважаем аб ролі сям’і, абавязках у свеце і Касцёле, а таксама аб пераменах і цяжкасцях, якія спатыкаюць сем’і на пілігрымскім шляху да Нябеснага Айца.
Сям’я з’яўляецца фундаментам Касцёла і народа, найменшай клетачкай грамадскага жыцця. Але ад яе пастаянства і трываласці залежыць узровень духоўны, маральны і матэрыяльны ўсяго грамадства. Гісторыя інфармуе, што супермацварствы знікалі тады, калі маральны распад адбываўся ў сям’і. Народы былі здольныя перанесці няволю дзякуючы сям’і, у якой захоўваюцца і перадаюцца традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці. Касцёл заўсёды клапаціўся, каб нашыя сем’і былі падобнымі да Святой Сям’і з Назарэта. Каб лепей зразумець сям’ю, праналізуем духоўна-матэрыяльны ўзровень нашых сем’яў. Сям’я была бастыёнам веры ў мінулым. Гэта ў сям’і перадаюцца рэлігійныя традыцыі. Дзякуючы паставе бацькоў сям’ю ўдалося абараніць перад атэізацыяй.
У апошнія часы ў сям’і адбыліся сур’ёзныя змены. Сям’я больш адкрылася на стыль жыцця заходняй сям’і, дзе, на жаль, яна перажывае глыбокі крызіс. Заходні вецер свабоды сям’і прынёс многія пагрозы — гэта і маральны рэлятывізм, бясстрэсавае выхаванне, імкнене больш мець, а не тое, кім я ёсць, імкненне да выгоднага жыцця. Выразна аслаблі ў сям’і абарончыя механізмы, якія былі моцнымі ў мінулых пакаленнях.
Застаецца цяжкай сітуацыя з жыллём. Таму занепадае часамі паняцце сямейнага дома, так важнага для чалавека. Адсутнасць дома альбо кватэры негатыўна ўплывае на адносіны у сям’і, і часта гэта прычына канфліктаў і разводу. Нас непакояць слабыя сувязі суседскія і нарастаючая ананімнасць жыцця. Маладыя сем’і жывуць часта ў вялікіх мікрараёнах, у якіх недастатковая суседская сувязь, што ў хвіліну крызісу і адзіноты можа прывесці да ізаляцыі, а нават да распаду сям’і.
Іншай усё больш распаўсюджанай з’явай становіцца выезд за мяжу аднаго з сужэнцаў і таксама дарослых дзяцей. У многіх выпадках гэта становіцца прычынай распаду сям’і, паўставання новых, несакрамэнтальных сужэнскіх саюзаў і драмы для дзяцей. У выпадку выезду моладзі адбываецца забыццё пра культуру і традыцыі продкаў, не гаворачы аб страце маладых таленавітых і адукаваных людзей. Не ўсе ў чужой краіне здольныя прабіцца ўверх. Часамі перажываюць расчараванне, бо яны іншаземцы і да іх адносяцца як да людзей ніжэйшай катэгорыі.
Неспакой родзіць і вобраз сям’і, які прадстаўляюць некаторыя ліберальныя сусветныя мас-медыя. Часта прадстаўлены ў сродках масавай інфармацыі як прыклад асобы, якія дасягнулі шмат у жыцці ў свеце бізнесу, але не прыкладныя бацькі і маці, якія клапоцяцца аб нармальным клімаце ў сям’і. Часта на першым месцы ставіцца кар’ера, прафесійная прыгоднасць, але ёсць змова маўчання, якой цаной яна дасягаецца. Розныя праграмы прасоўваюць маральны рэлятывізм, негацыю аўтарытэтаў. Адказныя псіхолагі і педагогі заўважаюць, што ўсё больш актаў агрэсіі праяўляеца ў дзяцей і моладзі пасля прагляду баевікоў, бо наследуюць герояў такіх фільмаў.
Трэба заўважыць, што медыя не асвятляюць пазітыўна жыцця сям’і шматдзетнай. А многія дэманструюць негатыўную паставу да жыцця і адсутнасць пашаны да бацькоўства, што праяўляецца ў прапагандзе абортаў, прапагандзе сям’і маладзетнай альбо сужэнства без патомства. У праграмах тэле- і радыё таксама распаўсюджваецца міф аб тым, што шматдзетная сям’я выкарыстоўвае дзяржаўныя сродкі і знаходзіцца нібыта толькі на ўтрыманні дзяржавы. Таксама ёсць спробы прадставіць шматдзетную сям’ю як бедную. А як ведаем, што шматдзетныя сем’і для дзяржавы — гэта новы чалавечы капітал у гаспадарцы, так патрэбны ў будучыні. І дзяржава толькі ад гэтага мае выйгрыш, а не толькі абавязак забяспечыць годнае іх жыццё. Гэта дзеці з’яўляюцца залогам пенсій для будучых пенсіянераў і змены пакаленняў. У нашай краіне таксама няма змены пакаленняў, ёсць адмоўны натуральны прырост. І таму ёсць над чым задумацца і аб чым маліцца.
Але заўважаем таксама і пазітыўныя змены ў сем’ях. Гэта і ўзрастанне рэлігійнасці, супольны ўдзел у нядзельнай Імшы. Прыналежнасць да розных груп рэлігійных, дабрачынных. Многія сям’ю лічаць гарантам грамадскай стабільнасці. Мудрыя людзі ведаюць, што добрая сям’я — гэта залог бяспекі ў грамадстве, шчасця і найлепшае месца для падрыхтоўкі маладых людзей да самастойнага жыцця і да заснавання сваіх сем’яў.
Сям’я з’яўляецца натуральным асяродкам прыходу людзей у гэты свет. Праз сям’ю чалавецтва пастаянна адраджаецца і маладзее. Толькі ў нармальнай здаровай сям’і дзеці знаходзяць адпаведныя ўмовы, каб прыйсці ў гэты свет і атрымаць біялагічнае, маральнае і рэлігійнае развіццё. На жаль, пракрэацыя ў сям’і ў сучасным свеце спатыкае вялікія цяжкасці, а пагрозай з’яўляюцца аборты і сродкі супраць зачацця. Такія эмоцыі сустракаюцца ў розных краінах на гэтую тэму, таксама і ў хрысціянскіх краінах. Касцёл атакуецца і праз паставу ў абароне жыцця ад зачацця да натуральнай смерці. Папы Рымскія апошніх часоў прыпаміналі, што жыццё чалавека мае найважнейшую каштоўнасць і трэба бараніць яго ў кожнай сітуацыі. Усялякія практыкі абортаў, а таксама сродкі супраць зачацця — гэта дзеянні на паніжэнне годнасці чалавека.
Іншая праблема сучаснасці, якая звычайна мае непасрэдную сувязь з абортамі – гэта колькасць дзяцей у сучаснай сям’і. Касцёл, навучаючы аб адказным бацькоўстве, мае на ўвазе і схіляецца да ўзору сям’і шматдзетнай. Факт змяншэння дзяцей у сям’і сёння — гэта прыклад часта неадказнага бацькоўства, беручы пад увагу матэрыяльны стан сям’і, але гэта бывае часта наступствам стылю жыцця, скіраванага на выгоду, і спажывецкай паставы. І ў нашай краіне ў большасці рэгіёнаў колькасць пахаванняў перавышае колькасць народзінаў. Як хрысціяне мы павінны рознымі спосабамі дапамагаць сям’і адказна выканаць тое заданне, якім з’яўляецца нараджэнне патомства і абарона жыцця ад зачацця да натуральнай смерці.
Абавязкам сям’і з’яўляецца выхаванне патомства. Гэта сям’я з’яўляецца першай школай выхавання чалавека. Ніхто яе ў гэтым не заменіць. Касцёл, школа і дзяржава могуць толькі дапамагаць у сям’і але не заменяць яе. І тут патрэбныя асаблівыя ўмовы — атмасфера любові, праўды і рэлігійнасці.
Атмасфера любові павінна быць паміж бацькамі і дзецьмі, паміж сужэнцамі, паміж дзецьмі, а таксама павінна быць створана павага да старэйшага пакалення. Часта перагібам ёсць перабольшаная любоў бацькоў да дзяцей. Гэта выражаецца ў тым, каб не патрабаваць нічога ад дзяцей і дагаджаць ім ва ўсім. Тады яны вучацца браць усё і набываюць адсутнасць ахвярнасці для іншых. Такое выхаванне не падрыхтуе да самастойнага жыцця. А ў суровых рэаліях жыцця такі чалавек перажывае крызісы. Важна, каб любоў бацькоў да дзіцяці была накіравана на тое, каб ад яго патрабаваць і вучыць адказнасці за ўчынкі і прывіваць ахвярнасць. Важным чыннікам з’яўляецца любоў сужэнцаў адно да аднаго і адносіны да старэйшага пакалення. Калі такая любоў кульгае, то і зменшваюцца шансы добрага выхавання дзіцяці. Стары Запавет прыпамінае: хто паважае бацьку, як бы скарб сабраў… Хто шануе бацьку, доўга жыць будзе… Сын, дапамагай свайму бацьку ў старасці… Міласэрнасць для бацькі не будзе забыта (Сыр 3.3-4,6.12.14).
Таксама і св. Павел навучае: як выбраныя Бога – святыя і ўзлюбленыя - ахініцеся ў сардэчную міласэрнасць, дабрыню, цішыню, цярплівасць, зносячы адны другіх і прабачаючы сабе ўзаемна… Мужы, любіце жонак і не будзьце да іх прыкрымі… дзеці, будзьце паслухмяныя бацькам ва ўсім, бо гэта падабаецца Пану (Кал 3,12-13.19-20).
Спрыяе добраму выхаваню ў сям’і атмасфера праўды. Атмасфера няпраўды ў сям’і робіць такія глыбокія рысы ў дзіцячай псіхіцы, што гэта нельга потым зацерці. Яны не знікаюць нават пры працы з дасведчаным педагогам і выхаваўцам. Трэба навучыць дзяцей і моладзь адказна прымаць паведамленні са сродкаў масавай інфармацыі, дзе столькі няпраўды і двухзначнасці.
Неабходна ў сям’і тварыць атмасферу рэлігійнасці. Сямейны дом у гэтым выпадку закладае фундамент пад будучую рэлігійнасць чалавека. Праўда, здараюцца потым і іншыя выпадкі, але наогул яны вельмі рэдкія. Жыццё пацвярджае, што каштоўнасці, вынесеныя з сям’і, з дому, найбольш трывалыя. Нават калі чалавек у дарослым жыцці адыдзе ад ідэалаў дзяцінства, то яму лягчэй да іх потым вярнуцца. Бо папросту мае да чаго вяртацца. Таму важна, каб кожная сям’я станавілася Хатнім Касцёлам і была падпорай як Касцёла, так і дзяржавы.
Маці Божая Ларэтанская, мы на Тваё ўшанаванне ўстанавілі гэты алтар. Просім Цябе: май у апецы сем’і нашай краіны, дыяцэзіі, горада, парафіі. На заканчэнне прывяду словы папскага легата ў Будславе кардынала Жана-Луі Тарана аб ролі Марыі ў Касцёле і нашым жыцці. Папскі легат нам прыгадаў аб марыйнай набожнасці. Ён навучаў, што не трэба забывацца, што Марыя з’яўляецца такім жа чалавекам, як і мы. Ёй вядомыя нашыя цяжкасці і нашыя радасці. Яна таксама жыла ў сям’і. Яна не нейкая багіня. Таму мы маем моцныя падставы, каб давяраць Ёй, бо Яна ведае нашыя патрэбы. Яна ведае, з чаго складаецца нашае з вамі жыццё. Яна заўсёды будзе з намі цяпер і ў хвіліну нашай смерці.
Марыя, Маці Міласэрнасці, сабрала слёзы беларускага народа, пралітыя на працягу ўсёй яго трагічнай гісторыі. Але Марыя памятае не толькі пра памерлых. Марыя – гэта сіла, якая нас натхняе. Яна – моцная Маці, якая вядзе нас за сабою, якая дапамагае нам узрастаць у веры. Каб быць сведкамі Пана Бога, каб будаваць новы свет. Яна з’яўляецца прадчуваннем нябеснага Ерузалема, і, апранутая ў вясельны ўбор, выходзіць насустрач свайму Жаніху. Сёння Марыя дае такі імпульс пілігрымам…..Адсюль Марыя адкрывае перад Касцёлам у Беларусі новыя далягляды, напаўняе яго адвагаю, пяшчотна туліць яго да сябе і паказвае мэты, якія нам неабходна дасягнуць.
|