Івянец, 26 ліпеня 2013 г.
Ідзіце і навучайце
Дарагая моладзь,
ад шчырага сэрца вітаю вас. Радуюся таму, што з Беларусі прыбылі вы на гэтую сустрэчу моладзі ў лучнасці з Сусветным днём моладзі, які праходзіць у Рыа-дэ-Жанэйра ў Бразіліі і на якім кожнаму з нас хацелася б быць. На жаль, тысячы кіламетраў з’яўляюцца сур’ёзнай перашкодай. Але для веруючых людзей — для іх малітвы — перашкодаў няма. Таму духоўна лучымся з нашымі аднагодкамі, са Святым Айцом Францішкам, каб разам маліцца да Бога, нашага Айца, да Езуса Хрыста, нашага Збаўцы, і да Духа Святога, які нас асвячае і сабраў тут, у Івянцы, які ператвараецца ў гэты дзень у маленькі Рыа-дэ-Жанэйра. Тут мы сустракаемся, каб у малітоўным настроі праслаўляць Пана Бога і дзякаваць Яму за дар жыцця і веры, за ласку маладосці і развіцця. Адначасова хочам – паколькі вы стаіце перад важным выбарам і рашэннем — агледзецца ў свеце вонкавым і духоўным, каб з унутраным спакоем клапаціцца аб больш поўным вобразе нашай рэальнасці.
А рэальнасць, якая нас акружае, патрабуе ад нас каб мы ў ёй былі прысутныя ўсё больш свядома. Свядома — гэта значыць з мудрасцю і глыбокім разуменнем свету. Такая прысутнасць дапамагае нам лепей зразумець сэнс усяго стварэння, яго натуру і прызначэнне, каб мы ў поўні зразумелі, што не знаходзімся на пустыні. Ёсць шмат людзей, таксама і маладых, якія захоўваюцца так, як бы знаходзіліся ў пустынным месцы, як бы вакол іх нікога не было, жывуць часта так, як бы былі самотнымі астравамі, далёкімі ад мацерыка і згубленымі ў бяскрайнім моры. Мы, аднак, адчуваем, што блізка ўсіх тых асоб і блізка нас ёсць Пан Езус. Гэта Ён вучыць нас, якім чынам мы павінны перамяняць наша жыццё, адкрывацца на блізкіх і пераадольваць усе падзелы і бар’еры, каб наша пастава прывяла нас да больш поўнага пазнання нас саміх, іншых людзей і тых, з кім жывём.
Мы асветленыя святлом Хрыста, таму што, як чытаем у пасланні да Галатаў – «калі, аднак, надышла поўня часу, паслаў Бог адзінароднага Сына свайго, народжанага з жанчыны, народжанага пад правам, каб выкупіў тых, якія былі залежныя ад права, каб мы маглі атрымаць усынаўленне; як доказ таго, што мы сыны, Бог выслаў да сэрцаў нашых Духа Святога, які заклікае – Абба Ойча» (Гал 4,4-6). Гэты спеў ахвотна выконваем вуснамі і паўтараем нашым сэрцам, такім чынам адкрываючы таямніцу быць разам і дух аўтэнтычнага братэрства, якое абапіраецца на Божым дзіцячым даверлівым успрыманні ўсяго, што тут адбываецца.
Дзякуючы адкупленню, якое здзейсніў Хрыстус, мы сталі сапраўды братамі і сёстрамі, якіх знаходзім ва ўсім свеце. Мы не сіроты, бо маем Айца ў небе і нашу Маці – Марыю.
Пан Бог рознымі спосабамі дае чалавеку шансы на збаўленне, на тое, каб меў і захаваў веру. Ужо святы Павел гаварыў аб сабе: «Для яго (Евангелля) зношу нядолю аж да пут, як злачынца; але Слова Божае не было абмежаванае» (2 Цім 2, 9). Наша краіна мае многіх апекуноў, якія з’яўляюцца сведкамі і якіх непрыяцелі Бога лічылі злачынцамі, а яны былі ацэнены толькі праз нашчадкаў і прызнаны годнымі сынамі Касцёла і краіны. Гэта людзі, заслужаныя для Касцёла, краіны і ўвогуле для чалавецтва. Да такіх вядомых благаслаўлёных і славутых належыць таксама дадаць тых нашых маці, бацькоў, братоў і сясцёр, якія пілігрымавалі па гэтай зямлі перад намі.
У гэтым Касцёле і вы, дзяўчаты і хлопцы, узрастаеце і сталееце, знаходзячы сваё месца і сваю прастору. Такімі былі і тыя, хто быў перад вамі. Тыя, хто працаваў на зямлі, вартаваў родную зямлю, працаваў на фабрыках і заводах, асвойваў новыя прафесіі, сваёй творчасцю ўзбагачаў скарбонку культуры народа, прысвячаў сябе жыццю, аддадзенаму служэнню Богу ў духоўным стане, як святары, альбо манаскім, як кансэкраваныя асобы.
У кнізе «Пераступіць парог надзеі» благаслаўлёны Ян Павел ІІ напісаў: маладыя людзі ведаюць, што іх жыццё мае сэнс, калі становіцца бескарыслівым дарам для другіх. Таму паўстае такое пытанне: ці здольны я падзяліцца сабой, сваім часам, сіламі, талентам, для дабра іншых? Ці здольны любіць? Калі так, то Касцёл і супольнасць могуць чакаць ад цябе вялікіх спраў (Маніла, 14.01.1995). Таксама і Касцёл у Беларусі спадзяецца, што вы з усім энтузіязмам будзеце працягваць справу евангелізацыі, што будзеце дзяліцца верай. Што адказна будзеце развіваць спадчыну духоўную і матэрыяльную, што не будзе з вас недахопу сярод найлепшых людзей.
Тэма гэтай сустрэчы — «Ідзіце і навучайце». Калі мы выходзім у дарогу, то ў залежнасці ад таго, наколькі яна будзе доўгая, бярэм неабходнае. Што нам неабходна мець – як належным чынам трэба падрыхтавацца, каб заданне выканаць – ідзіце і навучайце. Сведак веры павінен быць чалавекам малітвы.
І хочам аб гэтым паразважаць практычна: як гэта перажываем, як успрымаем псіхалагічна. Гэта не можа быць так, як аб гэтым вельмі спрошчана разважаюць некаторыя тэолагі, быццам тое, што называем звышпрыродным жыццём — гэта справа, якая адбываецца глыбока ў таямніцы, поўнасцю па-за нашай свядомасцю, і што гэтае звышпрыроднае жыццё нельга дасведчыць і папросту верыць у тое, чаму нас навучае Катэхізіс, што ў нас ёсць такі стан, як асвячаючая ласка, тэалагічныя цноты і прабыванне Духа Святога ў нас. Такое навучанне нас насцярожвае — бо што ж гэта за жыццё, якое не з’яўляецца прадметам нашай свядомасці і свядомых нашых намаганняў? Гэта аслабляе нашыя імкненні.
Калі чытаем пасланні св. Паўла, які з’яўляецца сведкам новага жыцця, якое ў нас чыніць Дух Святы, то апісанні апостала вельмі канкрэтныя, блізкія жыццю, дынамічныя, вобразныя, і яны гавораць аб новым чалавеку, які ў нас нарадзіўся, які развіваецца ў нас і штодзённа вядзе барацьбу са старым чалавекам, які застаецца ў нас.
Гэта не абстрактныя словы — гэта само жыццё, якое прадстаўляе нам св. Павел. Прадстаўляе тое, што сам адчуў, і тое, што адчуваюць, рэалізуюць усе хрысціяне, якіх Дух Святы вядзе да новага жыцця.
Калі праяўляецца ў нас новае жыццё? Даючы нам сябе, Пан дае нам і новае жыццё. Увогуле жыццё, дзе яго спатыкаем, з’яўляецца таямніцай, але пазнаём жыццё па вонкавых праявах.
Навука яшчэ не дайшла да самай істоты жыцця. Але мы можам апісаць, як жыццё развіваецца, якія наступаюць жыццёвыя працэсы. Гэта адбываецца на нашых вачах. Хаця пачатак жыцця нельга адчуць, нельга непасрэдна даследаваць і зарэгістраваць. Але жыццё потым праяўляецца у розных працэсах, і гэта мы можам сцвердзіць.
Прыгледзімся да новага чалавека ў нас, да таго, як ён у нас праяўляецца, якім спосабам дае аб сабе знаць, як развіваецца, на чым заснавана яго жыццё і яго дзейнасць.
Стары чалавек у нас — гэта эгаіст, які запусціў у нас глыбокія карані. Ён характарызуецца тым, што ўсё прыпісвае сабе, сябе ставіць у цэнтры жыцця. Праўда, стары чалавек мае кантакт з светам, з рэчаіснасцю. Яна знаходзіцца па-за ім. Ён мае кантакты з іншымі людзьмі. Але калі пранікнемся глыбінёй яго мыслення, то адкрыем адно правіла, якое абавязвае паўсюдна: стары чалавек усё разглядае пад прызмай карысці для сябе. Кожнае спатканне заўсёды мае адно на мэце – якая карысць з гэтага для мяне? Што я буду мець? Колькі на гэтым зараблю?
Стары чалавек прасякнуты эгаізмам, эгацэнтрызмам, самалюбствам, пыхай, не здольны да бескарыслівага ўчынку ў адносінах да іншых. Ён здольны праявіць бачнасць прыязні, добразычлівасці, бескарыслівасці. Але менавіта таму, што гэта прыемна – быць добрым у вачах людзей, — з гэтага ён адчувае глыбокае ўнутранае задавальненне, калі іншыя захапляюцца ім, яго шляхетнасцю, бескарыслівасцю, дабрынёю. І кожны вонкавы чын у сваёй глыбіні, у вытоку сваім скажоны той скіраванасцю ў сябе. Той закаханасцю ў сябе. І гэта грунтоўнае, асноўнае правіла, закон быцця старога чалавека ў нас.
Новы чалавек перакрэслівае такія схільнасці, усюды тым праяўляецца і акліматызуецца, калі імкнецца вызваліцца ад эгацэнтрызму, усіх нашых жыццёвых паваротаў да сябе, калі пачынаем адчуваць такое. Эгацэнтрызм — зло ў нас, тое, што нас прыгнятае, цяжар, які хацелі б скінуць, бо хочам выйсці насустрач іншай асобе. Бескарыслівы рух, чысты, нескажоны – так праяўляецца ў нас новы чалавек.
Ён праяўляецца напачатку як туга. Каб хоць раз зрабіць штосьці бескарысліва – не толькі для пахвалы сябе, але для іншага чалавека, каб яму было добра, каб ён быў шчаслівым.
Калі праяўляецца такая туга ў нас — гэта значыць, што новае жыццё фармуе ў нас новага чалавека. Можам назваць тры фазы такога паўстання:
уваход у сябе — адыход ад сябе — зварот да бліжняга.
Гэта тры фазы развіцця ў нас новага чалавека.
Уваход у сябе адбываецца перад абліччам Бога, адыход ад сябе — гэта адыход да Бога, і набліжэнне да бліжняга — гэта набліжэнне да нашых братоў.
Уваход у сябе іначай называем малітвай. Адыход ад сябе называецца навяртаннем, у грэчаскай мове — мэтаноя, набліжэнне да бліжняга называецца служэннем. Альбо ў лацінскай мове — дыяканіяй.
Гэтыя тры паставы, пазіцыі, імкненні — малітва, навяртанне і служэнне — фармуюць у нас новага чалавека. Калі такія паставы ў нас ёсць, то мы імкнёмся іх актывізаваць, а менавіта да малітвы, навяртання і да служэння іншым.
Іх няма, калі яны не ажываюць у нашай свядомасці як штосьці, да чаго імкнёмся, для чаго стараемся. Тады яшчэ не прабудзіўся ў нас новы чалавек, тады яшчэ жывём у няволі старога чалавека. Гэтыя праяўленні не штосьці новае — гэтаму вучыць Катэхізіс. Новы чалавек з’яўляецца прадметам нашай штодзённай зацікаўленасці. Гэта змест нашай свядомасці. Гэта сэнс жыцця, гэта Божае жыццё ў нас. Як выглядаюць у нас гэтыя тры фазы жыцця?
Чым ёсць малітва? Каб малітва адбылася, трэба, каб спаткаліся дзве асобы. Папулярна кажучы, малітва — гэта размова з Панам Богам. Добрае акрэсленне, але не глыбокае, бо хтосьці можа думаць, што гэта толькі паўтор малітоўных формул, і перакананы, што Бог яго чуе. Але характар малітвы залежыць ад таго, якім спосабам утрымліваецца сувязь з Богам. Часамі тое, што называем малітвай, у сапраўднасці пазбаўлена элементаў малітвы.
Некаторыя моляцца, перакананыя ў магічнасці вымаўленых словаў. Але нават не адрозніваюць асобаў. Гэта не зварот да Бога як Асобы. Усе настаўнікі малітвы звяртаюць увагу на тое, што трэба быць у прысутнасці Бога.
У літургічнай малітве пасля слова «молімся» прадпісана паўза, хвіліна абавязковай цішыні. І яна ёсць таму, каб кожны пакліканы да малітвы ўсвядоміў сабе ў веры прысутнасць Бога. Гэта ўмова малітвы. Хто яго не захоўвае, той бессэнсоўна гаворыць. Паўтарае толькі пэўныя малітвы. Але не моліцца.
Умоўная малітва праз веру, бо вера з’яўляецца новым органам пачуцця ў нас, які дазваляе адчуць прысутнасць Бога. Дзякуючы веры Бог прысутны ў нас як быццё, але адначасова як асоба, звернутая да нас.
Вера заснавана на тым перакананні, што Бог жывы, Ён як асоба і любоў звяртаецца да мяне, думае пра мяне. Я існую ў Яго свядомасці, я аб’ект Яго любові, і жыццё паказвае на прысутнасць Бога, Яго блізкасць. І гэта адбываецца таксама на падставе разумнага асэнсавання.
І гэта ўмова малітвы. А малітву можам назваць верай, якая пераходзіць з любові да дзеяння. Вера, якая не выражаецца ў малітве, — мёртвая вера. Бо вера патрабуе дыялогу з Богам, жывым і звернутым у мой бок са сваёй любоўю.
Таму малітва з’яўляецца такім праяўленнем, як у цялесным, фізічным жыцці дыханне. Пазнаем, што хтосьці яшчэ жыве, калі дыхае. Дыханнем нашай веры ёсць малітва.
Існуе шмат павучанняў адносна таго, якой малітва павінна быць — ёсць і філасофія, і тэалогія малітвы. Ёсць шмат малітоўных сістэм, напісаных дзеля таго, каб нам дапамагчы ў малітве. Але канчаткова Бог сам павінен нас навучыць маліцца.
Святы Павел павучае, што мы не ведаем, што павінны гаварыць Богу, але Божы Дух, які ёсць у нас, які дадзены нам, ведае, што нам патрэбна. Ён у нас моліцца нястомным уздыханнем (пар. Рым 8, 26-30).
Але неабходна выканаць умовы малітвы. Калі хочам спаткацца з іншым чалавекам, то павінны мець для яго час. Магу з чалавекам жыць пад адной страхой, магу многія гады з ім жыць побач, але ніколі не мець часу для яго. Заўсёды, хоць жывём у адным памяшканні і праходзім побач, ніколі не сустракаемся, бо кожны заняты сабой, сваімі справамі, клопатамі, пастаянна не мае часу.
Адзін святар расказваў, што, калі ў камеры смертнікаў сядзеў з чалавекам, асуджаным на смерць, то той чакаў смяротнага прысуду. У яго была магчымасць споведзі. Трэба было паспавядацца, бо невядома — а можа, у будучым жыцці штосьці ёсць? Многія так думаюць, і таксама няверуючыя: на ўсялякі выпадак не лішнім будзе падстрахавацца. Але гэта не сапраўднае звышпрыроднае жыццё, жыццё новага чалавека.
Дух Святы, можа, яшчэ ў чалавеку і ёсць, але рэальнасць прысыпана слоем вонкавых спраў, клопатаў, як гаварыў Хрыстус, бо слова Божае, засеянае на грунце той душы, прыглушана пустазеллем, упала на скалу, не можа даць усходу.
Першая ўмова – мець час для Бога, вызначыць час для Яго, таму выключаюся на пэўны час з усяго, пераходжу ў месца, дзе мне ніхто не перашкодзіць. Можа гэта быць капліца, касцёл альбо адкрытая прастора на прыродзе ці ў памяшканні. Тады я ў поўным распараджэнні Бога. Гэта і азначае сэнс — пайсці на спатканне, а спатканне залежыць ад нашай ахвоты. Мы павінны Яго запрасіць і пераканаць у нашай ахвоце спаткацца. Гэта першая ўмова пашаны да іншай асобы . Калі хтосьці прыходзіць са справай да мяне, а я не слухаю, з чым ён да мяне звяртаецца, то не маю пашаны да іншай асобы. А так часта здараецца – хтосьці прыходзіць, а мы зусім не слухаем, што ён гаворыць, бо занятыя толькі сабой.
Мы павінны знайсці і ахвяраваць час для Бога. Нам здаецца, што гэта такі каштоўны час — 10 хвілін, 1 гадзіна, цэлы дзень.
Другі этап – уключыць сваю свядомасць. Увесці Бога ў нашы думкі, у нашу свядомасць, тут нам дапаможа Божае слова. Тады ў нашу свядомасць уваходзіць Бог, бо наша натура такая, што без пасрэдніцтва слова не можам зацікавіцца быццём, ніякай рэчаіснасцю, бо слова, уведзенае у нас, неяк чыніць яго рэальным. І гэтае ўведзенае ў нашу свядомасць слова патрабуе адказу.
Паспрабуем хоць некалькі хвілін не думаць аб сабе, але толькі аб Богу. Гэта пачаткі малітвы, і яны могуць трываць нават цэлыя гады. Гэта спроба маліцца, але вельмі істотная. Спроба маліцца — гэта спроба звароту ўвагі на Бога і скіравання позірку на Яго, гэта і адказ на Яго словы. І гэта патрабуе адыходу ад сябе. Гэта выраз бескарыслівасці.
Малітва — гэта першы выраз бескарыслівасці ў жыцці. На жаль, скажонай эгаізмам бывае і малітва, і некаторыя людзі ахвотна моляцца тады, калі чагосьці патрабуюць, калі вісіць над імі пагроза экзамену. Тады пабожныя студэнты і студэнткі наведваюць касцёл, шчыра моляцца.
І ў хваробах, у небяспецы людзі здольныя маліцца. Але гэта найбольш дэфармаваная форма малітвы. Бо тады іх малітва – гэта спосаб пераканаць Бога, каб для іх штосьці зрабіў. Людзі спрабуюць схіліць Бога да сваіх спраў. Але гэта часам справы вельмі дробныя. І ў такіх малых справах Пан Бог павінен нам служыць. І якое наша ўяўленне аб Богу, каб такія дробныя рэчы Яму прадстаўляць? Можа, гэта момант даверу Богу, Яго дабрыні, можа, Пан Бог выслухоўвае часам такіх людзей, але нам тады вельмі далёка ад малітвы. Праўда, малітва просьбы – гэта асноўная малітва. Але сэнсам такой малітвы не з’яўляецца тое, каб Бог выканаў нашыя просьбы, але каб схіліў нашу волю, каб мы прынялі Божую волю і яе выканалі.
Будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі. І тут увесь цяжар — у тым, каб не Пана Бога схіліць, каб зрабіў тое, што я хачу, але толькі каб схіліць сябе. І таму малітва просьбы зусім іншая. Гэта пачатак сапраўднай малітвы — калі стаю перад абліччам Божага Слова і разумею, што гэта не ўспрыму: «Ідзі і прадай тое, што маеш», «пакінь усё, што маеш, і займіся Маімі справамі». Такія заклікі кіруе Езус да тых, з кім сустракаецца. Гэта пачатак, і тут новы чалавек пачынае жыць. Тады перад Божым абліччам пачынаецца суд над нашым эгаізмам і становімся перад клічам да навяртання, да нашага адыходу ад сваіх спраў і намераў, ад сваіх інтарэсаў і да прыняцця інтарэсаў Божых як сваіх інтарэсаў. Прыняцця Божых планаў як сваіх жыццёвых планаў. Прыняць волю Божую як правілы свайго жыцця. Здаецца, у служэнні Богу няволя, аднак гэта свабода — бо чалавек пачынае быць сабой і рэалізуе сябе як асоба, г.зн. кіруе сабой, каб дапамагаць іншым. І тут адбываецца перамена.
І гэта наступны этап перамены. Станаўлення новага чалавека. Малітва немагчымая без навяртання. А праз доўгія гады істотным зместам малітвы будзе пастаянна спроба, каб мы маглі навярнуцца. Просьба аб сіле і моцы, каб мы вызваліліся ад залежнасцяў, слабасцяў і захапленняў. Тады малітва стане барацьбой, ачышчэннем. Маем пробу маліцца, на ружанцы. Хочам затрымаць думкі пра таямніцы Бога і зноў адчуваем, што думаем аб іншым, аб тым, якія нялёгкія справы мяне чакаюць Наша думка занятая тым, што нам бліжэй, г.зн. сваімі справамі, а гэта таму, што жыву тымі справамі.
І тут адзіны пачатак пільнасці на малітве і адсутнасці ўвагі: гэта ўвага скіравана не на Бога, а на сябе. Тады адыходзім ад Бога і заглыбляемся ў сябе. І тады заканчваецца малітва.
Дарагая моладзь, няхай дні вашай сустрэчы тут, у Івянцы, стануць часам глыбокай задумы над малітвай да Бога, над сведчаннем веры ў свеце, над асабістай лучнасцю з Богам. Няхай такая малітоўная сустрэча дапаможа з радасцю сведчыць аб Хрысце тым, каго спатыкаем на дарогах нашага жыцця.
|