25 ліпеня 2013 г.
Дзве акалічнасці сабралі нас тут, у парафіі ў Ельску. Гэта дзень апекуна вашай парафіі св. Якуба — адзначаем парафіяльны фэст, і асвячэнне капліцы як месца культу вашай парафіяльнай супольнасці.
Кім быў апякун вашай парафіі? У групе 12 апосталаў было двое, якія насілі імя Якуб. Адзін, званы Малодшым, сын Алфея, лічыўся раднёй Езуса Хрыста. Пасля Унебаўшэсця Хрыста Якуб Малодшы быў выбраны старэйшым Ерузалемскага Касцёла. Ён напісаў Апостальскае Пасланне, якое увайшло ў Канон Святога Пісання. Дзякуючы голасу св. Якуба, на Ерузалемскім Саборы быў вырашаны спор аб захаванні Закону Старога Запавету для навернутых з паганства. Ён цешыўся вялікай павагай і ўплывовасцю, стаў ахвярай нянавісці Санхэдрыну і быў замучаны ў 62 годзе. Якуб Малодшы ўшаноўваецца ў літургіі разам са св. Філіпам 6 мая.
Другі Якуб, званы Старэйшым, ушаноўваецца 26 ліпеня. Ён быў сынам Зэбэдэя і братам св. апостала Яна. Браты Ян і Якуб, сыны Зэбэдэя, паходзілі з Бэтсаіды, мястэчка, якое знаходзілася на паўночна-ўсходнім беразе Галілейскага мора. Якуб з Янам і Пятром мелі асаблівыя прывілеі ў Езуса. Гэта яны былі сведкамі ўваскрашэння дачкі Яіра (Лк 8, 51), Перамянення на гары Табор (Лк 9, 28), а таксама малітвы ў Гетсіманскім садзе (Мц 26, 37). Якуб Старэйшы быў пазбаўлены жыцця мячом праз Ірада ў Ерузалеме каля 34 года. Ён першы з апосталаў аддаў жыццё за Хрыста, адразу пасля св. Стэфана. Аб гэтым гавораць Дзеі Апосталаў (Дз 12, 1-2). Асаблівым культам святога з’яўляецца Сант’яга дэ Кампастэла ў Іспаніі. Там знаходзіцца велічны касцёл пад яго іменем.
Другая акалічнасць, якая нас сабрала, – гэта асвячэнне капліцы ў Ельску як месца культу вернікаў гэтай мясцовасці.
Усцешыла мяне жаданая навіна – пойдзем у дом Пана Майго (Пс 122,). Такі псальм спявалі пілігрымы, якія набліжаліся да Рыма. І мы сёння хочам спяваць гэты псальм. Гэтыя словы і вы, дарагія вернікі, паўтараеце сёння. Бо колькі пакаленняў марыла аб гэтым. На нашых вачах і пры нашым удзеле спаўняюцца іх малітвы, мары і імкненні.
У гэтай мясцовасці вы арганізавалі капліцу для супольнай малітвы. Не шкадавалі сіл і ахвярнасці вы і вашыя дабрадзеі. Капліца прысвечана св. Якубу Апосталу. І гэта глыбокая думка, каб навуку апосталаў вы ведалі, яе захоўвалі ў сваім штодзённым жыцці і перадавалі сваім нашчадкам.
Падчас асвячэння капліцы думкамі імкнёмся ў даўніну. Прыпомнім роздумы цара Давіда. Ён вельмі хацеў збудаваць Божы Дом. Але гэтай ласкі не атрымаў. Аб гэтым ведаў цар Саламон, сын і нашчадак Давіда. Гэта ён напісаў да Гірама, цара Тыра: ты ведаеш, што мой бацька не мог збудаваць святыні для Божага Імя, свайго Бога, з прычыны войнаў, якімі акружылі яго ворагі, аж пакуль Пан не паклаў іх пад яго ногі. А цяпер Пан Бог мой адарыў мяне з усіх бакоў спакоем. Таму маю намер збудаваць святыню Імені Пана Бога майго…
Цар Тыра не толькі прыняў інфармацыю аб намерах цара Саламона, але і сам далучыўся да будаўніцтва, ахвяроўваючы кедравае і кіпарысавае дрэва. У гэтых словах мы прыпомнілі гісторыю пабудовы святыні, названай Саламонавай. Нашы думкі злучым з тымі часамі і сучаснасцю, каб усвядоміць веліч асвячэння святыні – капліцы ў гонар Пана.
Вашы продкі імкнуліся мець месца малітвы. І калі надышоў такі час, вы паставілі тут капліцу – месца культу. Не было б тут капліцы, каб не ваша вера ў Бога і вернасць Касцёлу. Наша радасць няхай выразіцца ў словах, якія прамовіў цар падчас асвячэння: благаслаўлёны Пан Бог Ізраэля, які тое, што прадказаў вуснамі майму айцу Давіду, тое рукой учыніў (1 КР 8.14). І затым, даручаючы народ і сябе Божай міласэрнасці, прамовіў: гэта твой народ і твае спадкаемцамі тыя, якіх вывеў з Егіпта (1 Кар 8, 51).
Няхай будзе праслаўлены Бог у гэтым месцы за дабро, якое нам учыніў, асабліва за тое, што памятае аб тым, што мы Яго дзеці нават тады калі нашы грахі аддаляюць нас ад Яго любові і праўды. У кансэкрацыйнай малітве біскуп нагадвае таксама аб тым, што святыня — гэта знак таямніцы Касцёла, які Хрыстус асвяціў сваёй крывёю. Касцёл з’яўляецца выбраным вінаграднікам Пана… Касцёл шчаслівы з’яўляецца жыллём Бога з народам… Касцёл велічны з’яўляецца горадам, размешчаным на гары…Таму пакорна просім, каб спаслаў поўню благаслаўлення на касцёл і алтар. Няхай Твае вернікі, сабраныя каля алтара, цэлебруюць памятку Пасхі і падсілкоўваюцца пры стале Слова і Цела Пана. Няхай добры Бог узнагародзіць тых, дзякуючы каму паўстала святыня. Няхай яна будзе запоўнена Божым народам – дзецьмі, моладдзю, дарослымі, сабранымі на святой Імшы, на малітве. Прыбывайце сюды часта, прыбывайце ахвотна, прыбывайце з верай і любоўю.
|