31 ліпеня 2013 г., Імша ў лесе пад Навагрудкам на месцы расстрэлу
Браты і сёстры ў Хрысце, дарагія пілігрымы! Сардэчна вітаю вас і цешуся, што і ў гэтым годзе — Годзе веры ў Каталіцкім Касцёле, годзе юбілею Міланскага эдыкта, калі пасля страшных пераследаў хрысціян у Рымскай імперыі абвешчана была свабода для хрысціянскага вызнання, — вы прыбылі на супольную малітву ў 70-ю гадавіну расстрэлу 11 сясцёр назарэтанак з Навагрудка — бл. сястры Стэллы і 10 яе сябровак. Асабліва вітаю тых пілігрымаў, якія пешшу з Гродна, пераадольваючы адлегласць больш за 150 км, ужо каторы год пілігрымуюць сюды, вітаю іх духоўных апекуноў і ўдзячны ўсім, хто іх прымаў на пілігрымскім шляху. Бо такім чынам яны праслаўляюць Бога за ласкі, якія гэтыя мучаніцы атрымалі, і ўказваюць на тое, што праз іх заступніцтва ў розных жыццёвых справах мы можам мець духоўную падтрымку.
Як цудоўна, што чалавек мае памяць. Радуе тое, што кожны год у апошні дзень ліпеня можам прыйсці на гэтае месца, якое стала святым, таму што тут пралілася кроў 11 сясцёр назарэтанак — бл. Стэллы і яе сябровак, якія аддалі сваё жыццё за сем’і з Навагрудка.
Нашымі малітвамі хочам выказаць удзячнасць тым, якія былі расстраляны тут. Але гэтай малітвай хочам выказаць таксама пратэст супраць абыякавасці да пятай Божай запаведзі — «не забівай». Малітвай хочам вызнаць, што нашым Панам ёсць Бог. Мы таксама хочам, каб усё большая колькасць людзей верыла ў Бога, таму што глыбокая вера ў Створцу патрабуе ад чалавека пашаны да жыцця, кожнага жыцця ад пачатку да натуральнай смерці.
Памяць нам патрэбная. Ёсць кніга бл. Яна Паўла ІІ пад назвай «Памяць і самасвядомасць». Адрыванне пакаленняў ад памяці аб продках аслабляе ў іх самасвядомасць. Лягчэй тады маніпуляваць пасадамі. Нельга забываць мінулага — бо народ без мінулага не мае будучыні. Памяць нельга абмежаваць толькі да сухіх успамінаў — яна павінна пранікаць у наша жыццё, прасочвацца праз нашы праграмы і ўсю нашу дзейнасць.
У паэме «Станіслаў» бл. Ян Павел ІІ пісаў аб сведках веры так: «Быў чалавек, у якім мая зямля ўбачыла, што звязана з небам. Быў чалавек… былі людзі… і надалей яны ёсць. Праз іх зямля бачыць сябе ў сакрамэнце новага існавання. Ёсць Айчынай: бо Дом Айца ў у ёй пачынаецца, з яе нараджаецца».
«Быў чалавек», але былі і ёсць надалей людзі, якія сведчаць аб сувязі неба з зямлёй. У іх ліку тыя, якія на гэтым месцы цярпелі, якія тут страцілі сваё жыццё. Дзякуючы ім мы можам паглядзець на сябе па-іншаму, адкрываць новае існаванне, існаванне ў Пану Богу. Але ці адкрываем? Ці ўсведамляюць гэта людзі нашых часоў?
Слабая памяць і слабае сведчанне, таму што працягваюцца войны, гінуць людзі, столькі несправядлівасці — і перш за ўсё такая малая пашана да жыцця… Нішчыцца жыццё да нараджэння. Руйнуем яго, злоўжываючы алкаголем і ўжываючы наркотыкі. У свеце столькі бяздомных. Яны могуць мець свой дом, але большасць з іх не шукае Айца, не імкнецца да Яго. Некаторым падабаецца такі стыль жыцця — быць алкаголікам, бяздомным, губляць гады, седзячы за кратамі толькі таму, што там ёсць дах над галавой, імкнуцца трапіць у ЛТП, каб мець забяспечаны быт. Таму, паддаючыся такой тэндэнцыі, сям’я і народ могуць аслабнуць. Аднымі толькі пустымі абяцаннямі нічога нельга змяніць. Абавязковым павінен быць зварот да Айца. Неабходна ўсвядоміць, што толькі Бог ёсць Панам.
Папа Бэнэдыкт XVI у Кёльне звяртаўся да моладзі так: «У мінулым стагоддзі свет перажываў розныя войны, супольнай праграмай якіх было тое, каб не чакаць нічога ад Бога, але лёсы свету поўнасцю ўзяць у свае рукі, каб змяніць яго ўмовы. Абсалютызацыя таго, што не з’яўляецца абсалютным, але адносным, называецца таталітарызмам. Гэта не вызваляе чалавека, але адбірае ў яго годнасць і робіць залежным » (Кёльн 19.08.2005).
Сіндром Вавілонскай вежы праходзіць праз гісторыю многіх народаў, пакаленняў, стагоддзяў. Аднак людзі нярэдка вяртаюцца да старых звычак, і зло застаецца надалей вялікай пагрозай. У сучаснай гісторыі чалавецтва ваенныя канфлікты перараджаюцца ў тэрарызм.
Сёлета сустракаемся на месцы мучаніцкай смерці сястры Стэллы і 10 яе сябровак у чацвер — дзень устанаўлення Эўхарыстыі. Езус у Эўхарыстыі хоча быць сябрам кожнага з нас. Ён гаворыць: прыйдзіце да Мяне ўсе. Сёстры мучаніцы праз лучнасць з Хрыстом у Эўхарыстыі у фарным касцёле, якую цэлебраваў для іх працяглы час Слуга Божы кс. Аляксандр Зянкевіч, дайшлі да дасканалага духоўнага жыцця. І былі здольныя ахвяраваць сваё жыццё за бацькаў з Навагрудка — мужчын, якія ў якасці заложнікаў колькасцю 100 чалавек сядзелі у наваградскай турме і чакалі расстрэлу. Сёстры сілкаваліся Целам Хрыстовым і кіраваліся словамі Хрыста, які сказаў, што няма большай любові, чым калі хто жыццё сваё аддасць за сваіх сяброў. Ён аддаў жыццё за нас, а мы павінны аддаць жыццё за братоў сваіх, як кажа св. Ян. Іх велікадушная ахвяра выплывала з веры ў Хрыста і з любові да бліжніх.
Таксама і 12-я сястра Малгажата, якая засталася ў жывых, якой Божы Провід вызначыў знайсці магілу сясцёр, абвясціць свету веліч ахвяры мучаніц з любові да бліжніх і якая яшчэ ў часы ночы атэізму служыла вернікам навагрудскай парафіі да сваёй смерці 26 красавіка 1966 года, ужо некалькі гадоў таму далучана Касцёлам да Слуг Божых. Просім Пана аб хутчэйшай беатыфікацыі для яе, для капелана кс. Аляксандра Зянкевіча і аб кананізацыі для 11 сясцёр мучаніц. Няхай іх велікадушная ахвяра дапаможа нам кіравацца глыбокай верай у Бога, адданым служэннем на карысць Касцёла, а ў сямейным, грамадскім, суседскім жыцці — спагадай, добразычлівасцю, любоўю і прабачэннем.
|