Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на свята Перамянення Пана

6 жніўня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Дарагія браты і сёстры!

1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае адно з самых вялікіх святаў – Перамянення Пана. Мы добра ведаем гэтую захапляючую гісторыю, якая распавядае аб тым, як Хрыстус узяў з сабой на гару Табор апосталаў Пятра, Яна і Якуба і перад імі перамяніўся. Яго твар ззяў, як сонца, а адзенне было белым, як снег. Ён размаўляў з Майсеем і Іллёй. Заварожаны ўбачаным, Пётр сказаў: «Пане, як добра нам тут быць!» А з неба прагучаў голас: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце» (пар. Лк 9, 28-36).

2. Для чаго патрэбна было Перамяненне?

На гэтае пытанне адказ дае Евангелле. Трэба зазначыць, што Перамяненне Хрыста адбылося на тым этапе Яго жыцця, калі Ён знаходзіўся ў вялікай небяспецы. Не ўсім падабалася Яго навука і не ўсе яе ўспрымалі адпаведна. Кіраўнікі яўрэйскага народу толькі і думалі, як пазбыцца Езуса, які абвяшчаў сябе Сынам Божым, чыніў цуды і прыцягваў да сябе многіх людзей. У такой сітуацыі Ягоныя вучні баяліся за жыццё свайго Настаўніка і чынілі ўсё, каб толькі Яго зберагчы. Гэта натуральна і зразумела.

Аднак у той жа час Езус ведаў, што Яму трэба будзе памерці на крыжы, каб збавіць чалавецтва, і таму найперш запытаўся у вучняў, за каго Яго прымаюць людзі. Апосталы адказалі, што за Яна Хрысціцеля, Іллю, Ерамію ці іншага з прарокаў. Тады Езус пайшоў яшчэ далей і спытаўся, кім яны Яго лічаць. Пётр даў правільны адказ, што Хрыстус – гэта Сын Бога жывога. Езус быў задаволены адказам, але адразу пачаў рыхтаваць апосталаў да сваіх будучых цярпенняў і смерці. Як выявілася, Пётр не быў гатовы да гэтага і таму пратэставаў, кажучы, што ніколі такое не адбудзецца. Хрыстус рашуча супрацьпаставіўся яму, падкрэсліваючы, што ён думае чыста па-чалавечы (пар. Мц 16, 13-23).

Езус хацеў, каб Пётр думаў па-божаму. Ён хацеў, каб Пётр і іншыя апосталы ўбачылі і зразумелі, што, нягледзячы на смяротны прысуд, які ўжо вісеў над галавой Езуса, Бог, аднак, быў над усім. Гэта было важна і з таго пункту гледжання, што паводле вучэння Езуса Яго паслядоўнікі таксама будуць цярпець пераслед.

3. Такім чынам дзякуючы праўдзе перамянення Бог адкрыў вочы Пятру, Яну і Якубу на тое, што не пакінуў Езуса аднаго перад цярпеннямі, якія Яго чакалі. Перамяненне Хрыста адбылося не для Яго самога, але для Ягоных вучняў. Яно вывела іх з крызісу веры, прычынай якога было тое, што яны глядзелі на жыццёвыя падзеі цялеснымі вачыма. Бог прасвятліў іх бачанне, так што яны змаглі бачыць Езуса такім, якім Ён ёсць у Божым Валадарстве.

Калі мы глядзім на свет знізу, гэта азначае вачыма цела, то ён можа выглядаць шэрым і часамі нават непрыемным. Але калі паглядзець на яго зверху ў святле Божай праўды, то ён выглядае зусім іншым, прыгожым і прывабным, бо ў ім прысутнічае сам Творца. Да гэтага вядзе нас праўда Перамянення Пана.

4. Дзе яе можна адчуць?

Найперш у сакрамэнце пакаяння, у якім Хрыстус ачышчае і перамяняе нашы душы і чыніць іх святынямі Духа Святога. Споведзь – гэта сакрамэнт нашага духоўнага адраджэння і перамянення, каб мы ізноў адчувалі сябе выбранымі дзецьмі Божымі.

Таксама перамяненне мы можам адчуць у Эўхарыстыі. Уважліва паглядзім на нашае жыццё. На вуліцах многа машын, і ўсе яны імкнуцца заняць лепшую пазіцыю, не прапусціць іншую, бо ўсе спяшаюцца. У выніку людзі нервуюцца і нават праклінаюць адзін аднаго. У працы мы глядзім на нашых супрацоўнікаў як на канкурэнтаў, якія ўсімі сіламі стараюцца супернічаць з намі, ідучы па лесвіцы поспеху. Гэта таксама не карысна ўплывае на наша самаадчуванне. У той жа час на святой Імшы мы глядзім адзін аднаму ў вочы, называем адзін аднаго братам і сястрой і перадаём адзін аднаму знак супакою.

І споведзь, і святая Імша, і іншыя сакрамэнты, і Святое Пісанне і практыка дабрачыннасці і да таго падобнае – гэта тая праўда Перамянення, якою нам неабходна жыць, каб змяніць сваё жыццё і выйсці з крызісу веры.

5. У часы Езуса Хрыста крыжовая смерць прызначалася рабам, закаранелым злачынцам і здраднікам. Рымскі грамадзянін не мог быць укрыжаваны без дазволу цэзара. Крыж тады быў універсальным сімвалам ганьбы, катавання і смерці. Аднак дзякуючы смерці Хрыста на ім і яго слаўнаму ўваскрасенню, ён стаў знакам збаўлення.

Што азначае несці крыж Хрыста? Гэта не што іншае, як памерці для граху, што вельмі цяжка, часамі нават цяжэй, чым пакуты. У наш час мы прызвычаіліся ісці да Бога з рознымі просьбамі, каб Ён выканаў нашы патрабаванні і жаданні. Такім чынам, мы хочам мець Бога паводле нашых жаданняў, як чароўную палачку, якая зробіць усё тое, што мы пажадаем. У той жа час Езус найперш патрабуе забіць у нас саміх нашы эгаістычныя інтарэсы. Ён вучыць нас, што, каб рэалізаваць сябе саміх, мы павінны адмовіцца ад уласнага «я», не быць эгаістамі, а ісці за Хрыстом і несці крыж свайго жыцця.

6. Мы адзначаем свята Перамянення Пана для таго, каб наша вера не была частковай, але поўнай; каб мы разам са святым Пятром маглі ўсклікнуць: «Пане, як добра нам тут быць!»
 
Сапраўды, добра нам, калі з намі Бог. Добра, калі мы жывём паўнатой веры, якая дазваляе нам адрозніваць дабро ад зла і святло ад цемры. А ў сучасным свеце вельмі шмат зла і цемры. Мы бачым, як свет усё больш і больш пагружаецца ў беззаконне і як над ім згушчаецца цемра.

Езус вучыць, што святло свеціць у цемры і яна яго не пераможа. Хрыстус, Сонца праўда, праз паслугу Касцёла свеціць у цемры нашага жыцця, каб яго перамяніць Божай любоўю. Сёння, разважаючы над праўдай Перамянення Пана, мы асэнсоўваем, што гара Табор нам дадзена, каб умацаваць нашы сілы для штодзённага жыцця, каб учыніць нас здольнымі несці крыж штодзённага жыцця і праз яго духоўна перамяніцца.

Зусім нядаўна падчас святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі ў Мінск быў прывезены крыж святога апостала Андрэя. Велізарныя чэргі стаялі да яго. Людзі хацелі пакланіцца гэтай хрысціянскай святыні. Сярод іх былі не толькі праваслаўныя, але і католікі.

Не адмовімся і мы ад крыжа, станем перад ім на калені, паклонімся яму і абдымем яго са словамі святога апостала Андрэя: «Вітай, крыж, адзіная мая надзея», каб ён вёў нас да адраджэння і аднаўлення веры, каб яе святло асвятляла нашае жыццё і давала новую надзею. Амэн.
 

Адноўлена 06.08.2013 15:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі