Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай

4 жніўня 2013 г., Гродна, катэдральны касцёл

Дарагія браты і сёстры!

Ёсць частка Літвы, якая называецца Латгалія, і там моцна ўкаранёна каталіцкая вера. Гэтая частка краіны ў свой час пазбегла рэфармацыі і потым запланаванай у пасляваенны перыяд дзяржаўнай атэізацыі. Напэўна, так адбылося таму, што там ельмі распаўсюджаны культ Панны Марыі. Таму гэтая зямля называецца «Terra Mariana» — Зямля Марыі. Вернікі там ушаноўваюць Маці Божую ў Аглонскім абразе, а на галоўную ўрачыстасць Маці Божай Зельнай прыбывае нават да 100 тысяч пілігрымаў з усяго свету. Па ўсёй Зямлі Марыі ёсць шмат прыгожых мураваных касцёлаў са шматвяковай гісторыяй. Такім чынам, апраўдваецца выраз: дзе развіты культ Марыі, там і вера квітнее, а дзе гэты культ занепадае, там вера слабне, гіне і руйнуюцца сувязі з Касцёлам.

Трэба сказаць, што і ў нашай краіне горад Гродна з’яўляецца месцам і зямлёй Марыі. У многіх касцёлах вы праслаўляеце Яе пад рознымі тытуламі. Нядаўна ў францішканскім касцёле адзначалася свята Маці Божай Анёльскай, у касцёле аўгустовак ушаноўваецца Маці Божая Вастрабрамская, у касцёле Дзевятоўкі — Маці Божая Нястомнай Дапамогі. Марыя з’яўляецца апякункай законных супольнасцяў, якія нясуць тут служэнне: Маці Божая Тройчы Дзівосная — шaнштацкіх сясцёр, назарэтанак, сясцёр Маці Божай Міласэрнасці; Маці Божая Шкаплерная — кармэлітак. Таму вы, гродзенцы, з’яўляецеся прыкладам пабожнасці для католікаў усёй краіны. Вы ўзіраецеся ў прыклад вашых продкаў, якія ў складзе кангрэгацыі ў гэтым горадзе і перад гэтым абразом у катэдральным касцёле супольна славілі Бога праз пасрэдніцтва Маці Божай у абразе, вядомым у Касцёле пад назвай «Уратаванне рымскага народу».

Кангрэгацыя — назва групы моладзі, якая прыгожым спевам праслаўляла Маці Божую. Гэта было ў часы нашых продкаў, якія адзначаліся вялікай марыйнай пабожнасцю. Невялікі абраз, які прадстаўляе Маці Божую з Дзіцяткам, намаляваны на меднай аснове невядомым мастаком і змешчаны ў гэтым алтары ў катэдральным касцёле, які быў грунтоўна адноўлены ў апошнія гады. Гэты касцёл заўсёды збіраў шмат вернікаў. Таксама і сёння тут прысутнічаюць розныя групы людзей.

Сённяшняе свята кажа нам, што ў нашым жыцці, як і ў жыцці нашых продкаў, павінна быць месца для шанавання Марыі. Тыя, хто адзначаўся такой пабожнасцю, перамаглі ўсялякія  жыццёвыя цяжкасці і напады супраць веры і хрысціянскай маральнасці.

Прабыванне ў супольнасці дапамагае нам змагацца са складанасцямі жыцця, бо прыклад мужнасці членаў супольнасці дадае сіл тым, хто перажывае разнастайныя цяжкасці. У саборнай Канстытуцыі пра Касцёл у сучасным свеце гаворыцца: паколькі Бог стварыў людзей не для жыцця ў адасабленні, але для стварэння супольнасці, то Яму даспадобы асвячаць і збаўляць людзей не паасобку (…), але чыніць з іх народ, які б пазнаваў Яго ў праўдзе і пабожна Яму служыў (32).

З мінулых часоў знішчэння Каталіцкага Касцёла на нашых землях і яго выключэння з грамадства ў часы ваяўнічага атэізму мы добра ведаем каштоўнасць і прыклад супольнай малітвы членаў сям’і, жыхароў аднаго раёна або вёскі. І такая супольная малітва захавала веру людзей. Арцыбіскуп Варшаўскі Шчэнсны Фялінскі толькі тры гады быў арцыпастырам гэтага горада і шмат гадоў правёў у выгнанні ў Яраслаўлі. Аднак за кароткі час свайго кіравання архідыяцэзіяй ён увёў набажэнствы, якія атрымалі назву паралітургічных або народных: маёвыя, чэрвеньскія, ружанцовыя. І гэтыя набажэнствы ў цяжкія для Касцёла часы дапамаглі захаваць веру многім пакаленням.

Маці Божая ў гэтым цудоўным абразе вучыць нас малітве ў супольнасці. Вы збіраецеся тут рэгулярна, існуе асобая група шанавальнікаў Марыі, якая кожны тыдзень у вызначаны час моліцца пры гэтым абразе.Хачу падзякаваць гэтым групам за малітвы ў інтэнцыі біскупаў, іх служэння, у інтэнцыі святтароў і пакліканняў да святарства, у інтэнцыі кансэкраваных асобаў і пакліканняў да кансэкраванага жыцця ў супольнасцях, якія імкнуцца жыць паводле евангельскіх парадаў. Тут на малітве яны просяць для Божага народу ласку вернасці Богу, Крыжу і Евангеллю. Гэта вельмі важна, што яны памятаюць і аб агульнакасцёльных інтэнцыях. Мы ўсведамляем, якія пагрозы ўстаюць сёння перад вернікамі, перад хрысціянскімі сем’ямі, ведаем, колькі злых людзей у свеце спрабуе дыктаваць іншым бязбожныя правілы. Маральны лібералізм набірае ўсё большыя абароты.

Вялікае жніво збірае шатан тады, калі хрысціяне рэдка моляцца, не хочуць разам прамаўляць малітвы. Але мы памятаем, колькі святыняў паўстала ў час перабудовы, і гэта было выразам голаду па Богу ў многіх людзей. Вернікі думалі пра забеспячэнне духоўнага пасілку для сябе і бліжніх, якіх любілі і аб духоўным дабры якіх клапаціліся. У Пінскай дыяцэзіі, дзе я служу вернікам і людзям добрай волі, вельмі адчуваецца недахоп святароў. Ёсць выпадкі, што ў парафіях вернікі згаджаюцца самі адбудаваць святыню, самі адказна вядуць будаўніцтва, жадаючы, каб толькі прыехаў святар і здзяйсняў сярод іх душпастырскае служэнне.

Невымерна важная таксама роля чалавека як адзінкі, і агульна — у гісторыі чалавецтва, і лакальна — у парафіі. У жыцці кожнага чалавека ёсць момант, калі ён можа зрабіць штосьці важнае. Для кожнага з нас такім пераломным момантам быў святты хрост, які ўвёў нас у супольнасць Касцёла. Таму можна сказаць, што Бог звярнуўся да кожнага з нас: Ты Маё ўмілаванае дзіця. Мы дасягнулі годнасці дзяцей Божых і можам жыць у камуніі з Богам. А нашай сапраўднай Маці і Каралевай з’яўляецца Марыя, з якой мы размаўляем у малітве. Марыя вучыць нас глыбокаму перажыванню веры ў Хрыста, што ў сённяшні час патрабуе адвагі і трываласці. Будзем жа наследаваць Яе на шляху веры. Будзем вучыцца ў Яе паслухмянасці, даверу, маўчанню і пакоры, чысціні і дабрыні.

Сёння, ва ўрачыстасць Маці Божай Кангрэгацкай, паставім сабе пытанне: якая мая пабожнасць да Панны Марыі і што з яе вынікае? Якое месца займае Марыя ў маім жыцці? Ці ўплывае гэтая пабожнасць на змену майго жыцця ў лепшы бок, на будаванне камуніі з Богам і людзьмі?

Будзем прасіць, каб Найсвяцейшая Панна Марыя дапамагла нам зрабіць гэты Год веры годам ласкі. Няхай Маці Божая Кангрэгацкая дапаможа кожнаму зведаць глыбокае навяртанне сэрца і знайсці радасць больш поўнай супольнасці з братамі і сёстрамі, што з’яўляецца залогам вечнага шчасця ў небе. Даверым усе нашы справы Той, якая ў гэтым цудоўным абразе, увянчанай папскімі каронамі 8 гадоў таму, атачае апекай верны народ горада Гродна, дыяцэзіі і ўсёй нашай краіны.

Адноўлена 04.08.2013 19:08
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі