Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на свята Перамянення Пана

6 жніўня 2013 г., Новая Мыш

Браты і сёстры, дзве акалічнасці сабралі нас у гэтай святыні ў Новай Мышы. Сёння – парафіяльная ўрачыстасць Перамянення Пана і прыбыццё ў касцёл рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, якія з нагоды Года веры пілігрымуюць па Беларусі. Дзякую ўсім, хто прычыніўся да нашай сустрэчы – кс. пробашчу, святарам, кансэкраваным асобам, дыякану, клерыкам, вернікам, асабліва - айцам і братам кармэлітам, якія хочуць заахвоціць нас пазнаць бліжэй духоўнасць гэтай святой Кармэлю, наследаваць яе ў практыкаванні даверлівасці да Божай міласэрнасці, заахвоціць нас да клопату аб святых місіях у Касцёле, бо гэтая святая з’яўляецца патронкай місій.

Адзін з вялікіх святых, святы кс. Ян Віянэй, у сваім брэвіярыі напісаў: “Памятайце, дзеці мае, скарб хрысціяніна знаходзіцца ў небе. Таму дзе знаходзіцца ваш скарб, туды павінны імкнуцца і вашыя думкі. Благаслаўлёнай павіннасцю і заданнем чалавека з’яўляюцца любоў і малітва. Маліцеся і любіце: вось чым з’яўляецца шчасце чалавека на зямлі”. Жыццё з аднаго боку з’яўляецца пілігрымаваннем, а з другога - яно прамінае. Пастаянна мы павінны быць гатовыя на выпрабаванні і выклікі. І ў гэтай пастаяннай нашай пілігрымцы да Нябеснага Валадарства мы не можам стаміцца. Святы Ян Марыя падказвае нам, дзе мы можам шукаць падмацавання і кірунку. Першае знаходзім у малітве – з яе вялікім выбарам,  а другое ў любові  - тым сапраўдным дары Духа Святога.

Сёння ў вашым касцёле знаходзяцца рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Яна вучыць нас, як мы павінны лучыцца з Богам, які быў, ёсць і будзе, як павучае нас катэхізіс. Яшчэ прарок Даніэль запэўніваў аб вечным панаванні Езуса Хрыста, а св. Пётр нагадвае пра навочных сведкаў Божага Сына, тых, якія прабывалі разам, слухаючы навучанні і прыглядаючыся да чыноў Збаўцы.

Гара Табор указвае на траіх – Пятра, Якуба і Яна. Яны становяцца ўдзельнікамі адзінага і непаўторнага здарэння. Дзякуючы гэтаму яны не будуць мець цяжкасцяў у зразуменні, што Езус з’яўляецца пачаткам і заканчэннем усяго - Альфай і Амегай. Разам з Іллёй і Майсеем Езус паўстае перад імі ў хвале, а Нябесны Айцец прамаўляе такія словы: Гэта Мой Сын выбраны, Яго слухайце (Мк 9, 7). Калі Ён выбраны, то выбраныя і тыя, якія ідуць за Ім.

Таму мы не можам затрымлівацца і канцэнтравацца на сабе. Нельга нам цешыцца сваім задавальненнем. Такую спакусу адчуваў св. Пётр, які хацеў на Таборы застацца назаўсёды. Спакуса гары Табор небяспечная. Мы не можам паддацца ёй. Трэба адважна сысці з гары да рэальнасці і волю Божую выконваць там, дзе нам прызначана, а не дзейнічаць толькі паводле нашых планаў, упадабанняў і разлікаў.

Гэта там Езус сказаў аб цярпеннях, смерці, але таксама і аб уваскрасенні, якое надыдзе.

Год веры павінен прычыніцца да навяртанння нанова да Пана Езуса і адкрыцця веры, каб усе члены Касцёла сталіся верагоднымі і радаснымі сведкамі ўваскрослага Пана ў сённяшнім свеце, сталі здольнымі ўказаць на Яго многім людзям, якія шукаюць, як казаў папа Бэнэдыкт XVI, брамаў веры. Гэтыя брамы адкрываюць вочы чалавеку на Езуса Хрыста, які з “намі праз усе часы аж да сканчэння вякоў”(Мц 28, 20). Езус паказвае, што мастацтву жыцця належыць вучыцца ў адносінах з Ім (пар. Слова Бэнэдыкта XVI да ўдзельнікаў сустрэчы, арганізаванай Папскай радай па новай евангелізацыі, 15.10.2011). Сваёй любоўю Езус Хрыстус прыцягвае да сябе людзей кожнага пакалення і часу. Ён збірае Касцёл, даючы яму заданне абвяшчаць Евангелле з наказам, які заўсёды з’яўляецца новым (Брамы Веры, 7).

Дарагія, усе мы цяпер як бы на Гары Перамянення. Але нельга нам баяцца ўсяго таго, што спаткаем ля падножжа, калі сыдзем з гары ў нізіну, калі скончыцца свята, наступяць звычайныя дні. Бо з намі заўсёды ёсць Хрыстус. Важна таксама бачыць небяспекі ідалапаклонства для духоўнага жыцця, каб іх абмінуць.

Чалавек, калі губляе асноўны напрамак, які яднае яго жыццё, губляецца ў разнастайнасці сваіх жаданняў - чытаем у “Porta Fidei”. Баронячыся ад чакання часу абяцання, ён распыляецца на тысячы хвілінаў сваёй гісторыі. Таму ідалапаклонства – гэта заўсёды політэізм, рух без мэты ад аднаго гаспадара да другога. Ідалапаклонства не паказвае адной дарогі, але шмат шляхоў, якія не вядуць да выразнай мэты, a хутчэй ствараюць лабірынт. Хто не хоча даверыцца Богу, вымушаны слухаць галасы многіх ідалаў, якія клічуць яго: «Даверся мне». Вера, паколькі звязана з навяртаннем, з’яўляецца супрацьлегласцю ідалапаклонства; гэта аддаленне ад ідалаў дзеля вяртання да жывога Бога праз асабістую сустрэчу. Верыць – значыць даверыцца міласэрнай любові, якая заўсёды прымае i прабачае, падтрымлівае і накіроўвае існаванне, становіцца магутнай у сваёй здольнасці раўняць скрыўленні нашай гісторыі. Вера заключаецца ў гатоўнасці адкрыцца на ўсцяж новую перамену, якую здзяйсняе Божы заклік (пар. Брама Веры, 13). Вось парадокс: няспынна звяртаючыся да Пана, чалавек знаходзіць пастаянную дарогу, што вызваляе яго ад хаатычных рухаў, да якіх змушаюць яго ідалы.

Паўната, да якой Езус прыводзіць веру, мае яшчэ адзін вырашальны аспект. У веры Хрыстус не з’яўляецца толькі тым, у каго мы верым, найвышэйшым Аб’яўленнем Божай Любові, але таксама Тым, з Кім мы яднаемся, каб верыць. Вера не толькі глядзіць на Езуса, але глядзіць з пункту гледжання Езуса, Яго вачыма: з’яўляецца ўдзелам у Яго спосабе сузірання рэчаіснасці.

У многіх сферах жыцця мы давяраем іншым асобам, якія лепш за нас ведаюць справу. Давяраем архітэктару, які будуе наш дом, фармацэўту, які дае нам лекі дзеля нашага выздараўлення, адвакату, які абараняе нас у судзе. Мы таксама патрабуем кагосьці, хто быў бы надзейным экспертам у справах Бога. Езус, Яго Сын, ёсць тым, хто вучыць аб Богу (пар. Ян 1, 18). Жыццё Хрыста, Яго спосаб пазнання Айца, адкрывае перад жыццём чалавека новую прастору, i мы можам у яе ўвайсці. Святы Ян выразіў важнасць асабістых адносін з Езусам для нашай веры, карыстаючыся па-рознаму дзеясловам верыць. Акрамя «веры ў тое, што» праўдай ёсць тое, што кажа Езус (пар. Ян 14, 10; 20, 31), Ян выкарыстоўвае таксама выразы: «верыць» Езусу, а таксама «верыць у» Езуса. «Верым» Езусу, калі прымаем Яго слова, Яго сведчанне, бо Ён праўдзівы (пар.Ян 6, 30). «Верым у» Езуса, калі асабіста Яго прымаем у нашым жыцці, калі далучаемся да Яго ў любові, а таксама калі крочым за Ім на нашым шляху (пар. Ян 2, 11; 6, 47; 12, 44).

Святая Тэрэза, рэліквіі якой знаходзяцца у вашым парафіяльным касцёле, мела моцную лучнасць з Хрыстом. Яна вучыць нас даверу да Езуса. Вось некаторыя яе думкі, запісаныя ў дзённіку:

Мой Любы павучае маю душу, прамаўляе да яе ў цішыні і ў цемры.
Пану Богу падабаецца ў маёй душы тое, як люблю нязначнае і беднае і сляпую надзею, якую маю ў Яго Міласэрнасці. Гэта мой адзіны скарб.
Чыстыя сэрцы часта бываюць акружаныя цернем. Часта знаходзяцца ў ценю, і тады лілеі думаюць, што страцілі сваю бель, і думаюць, што церні, акружаючыя іх, пашкодзілі іх чашы. Лілеі сярод церняў асабліва любіць Езус і сярод іх з прыемнасцю прабывае.

Трэба ад самага пачатку старацца, каб мы хадзілі перад Богам вясёлыя і ўнутрана свабодныя. Бо ёсць тыя, якія на хвіліну губляюць уважлівасць да сябе і імгненна губляюць усю пабожнасць.

Умацуем нашае перакананне ў веры словамі святога Бэрнарда. Ён павучаў, што вялікай і асаблівай справай з’яўляецца справядлівасць, трываласць пры выбранай цноце, клопат аб бедных, што таксама годнае пахвалы і прыносіць карысць, а тым больш злучаная з імі сціпласць, заўсёды аздобная і святая. Але па-над усімі цнотамі ўзносіцца сваім прывілеем і найбольш ззяе хвалебная пальма моцнай веры.

Адноўлена 06.08.2013 15:35
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі