Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям'янкі на сустрэчу з членамі Легіёна Марыі |
17 жніўня 2013 г., Баранавічы Дарагія браты і сёстры, вы сабраліся тут на штогадовыя рэкалекцыі і прызначылі гэтыя летнія дні на тое, каб паглыбіць веру. Рэкалекцыі — гэта час, каб затрымацца і прабываць з Богам у ласцы і моцы святога Духа. Рэкалекцыі — гэта час супольнай малітвы, разважанняў над Божым Словам. Рэкалекцыі — гэта час ацэнкі нашага жыцця, час паглядзець на пройдзены шлях, асабліва на апошнюю адлегласць. Рэкалекцыі — гэта перамена ўнутраная і час зрабіць пастановы аб тым, каб выправіцца. Рэкалекцыі — гэта час запланаваць новую лепшую дарогу да святасці. Гэты час асаблівы і нам вельмі патрэбны, бо мы жывём у вельмі рухлівым свеце. Паспрабуем затрымацца, падумаць, абдумаць. Год Веры мабілізуе нас наноў узгадаць Другі Ватыканскі Сабор, які нагадае нам аб удзеле ў місіі Хрыста — святарскай, прароцкай і каралеўскай. Сабор нагадвае свецкім — шукаць Божага валадарства, выконваючы свецкія справы і кіруючы імі паводле Божай місіі (Святло народаў, 31). Сёння больш чым калі-небудзь вельмі патрэбнае наша апостальства, каб Евангелле было адначасова святлом, соллю і зачынам новага чалавецтва. Але на чым засноўваецца такі тэзіс? Што азначае быць хрысціянінам сёння, тут, у дадзеную хвіліну? Быць хрысціянінам ніколі не было лёгка. Быць ім сёння нялёгка. Каб наследаваць Хрыста, трэба прымаць Яго рашэнні і часта ісці супраць цячэння. Мы належым да Хрыста — навучаў св. Аўгустын. Даўнейшыя і цяперашнія мучанікі і сведкі веры, а сярод іх і свецкія вернікі, сведчаць, што гэта неабходна, часам нават без роздуму аддаць за Хрыста жыццё. Таму Год Веры і рэкалекцыі тут для вас прызываюць да роздуму і рахунку сумлення, да трывалай духоўнай адновы, якая дасць падмурак больш актыўным евангелізацыйным дзеянням. Святы Айцец Павел VI у 1975 годзе у апостальскай адгартацыі — Евангеллі нунцыяндзі — пісаў, што сучасны чалавек ахвотней слухае сведкаў, чым настаўнікаў, а калі і слухае настаўнікаў, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі (41). Гэтыя словы маюць моц і сёння, калі перад чалавецтвам адкрываюцца вялікія магчымасці і надзеі, калі існуюць шматлікія пагрозы і небяспекі. Гаворка ідзе пра дасягненні ў сферы дабрачыннасці і генетыкі, гаспадарчы прагрэс і недаразвітасць інфраструктуры для некаторых слаёў насельніцтва, сродкі камунікацыі і штодзённую драму адзіноцтва, пакінутасці і насілля некаторых асобаў. Як сведкі веры, вы павінны несці святло веры туды, дзе засяроджваецца жыццё грамадства. Вы прызваныя быць тымі прарокамі хрысціянскай надзеі і апосталамі «таго, Які ёсць, быў і Які прыйдзе» (Ап 1,4). Другі Ватыкансі Сабор навучае, што ўсе хрысціяне прызваныя да паўнаты хрысціянскага жыцця і дасканалай любові. Не бойцеся прыняць гэта заданне і быць святымі. Нельга забываць, што плады апостальства залежаць ад глыбіні духоўнага жыцця, ад інтэнсіўнасці малітвы, ад пастаяннай фармацыі і аўтэнтычнай вернасці наказам Касцёла. Калі будзеце бескампрамісна ўводзіць у дзеянне сваё хрысціянства, то зможаце перамяніць на лепшае іншых асобаў. Углядаючыся ў Хрыста, зможаце многае зрабіць у Касцёле для евангелізацыі сучаснага чалавека. Чалавек не створаны, каб жыць у адзіноце, ён носіць у сабе прызванне да кантакту і зносін з іншымі. Гэта закладзена ў яго духоўнай прыродзе. Моц такога прызвання чалавека развіваецца ў той меры, у якой ён сам зможа наладзіць адносіны з іншымі, знайсці сябе ў бескарыслівым дары аддання сябе самога ж (Радасць і надзея, 24). Чалавеку недастатковыя адносіны чыста машынальныя. Ён патрабуе сувязі паміж асобамі (сувязь паміж якімі найперш унутраная), цалкам выражаючы дар самога сябе. Кіруючыся указаннямі заснавальніка Легіёна Марыі, вы тут змаглі абмеркаваць паміж сабой, напэўна, розныя моманты служэння, шукаючы ацэнкі дзеянняў і падтрымкі ў тых, хто стаў на дарогу такой формы больш дасканалага жыцця праз служэнне бліжняму і абавязковую супольную малітву. Вашыя рэкалекцыі заканчваюцца ў часе, калі фармуюцца пілігрымкі да Маці Божай Лагішынскай Каралевы Палесся у Дыяцэзіяльны марыйны санктуарый. Гэты санктуарый паўстаў, дзякуючы клопату святой памяці кардынала Казіміра Свёнтка, сотую гадавіну нараджэння якога будзем адзначаць у наступным годзе. А касцёл (санктуарый у Лагішыне) сёлета адзначае сотую гадавіну пабудовы. І ўсё, што ў гэтым свеце нам удаецца спазнаць, мае свой пачатак і свой канец. Нядаўна распачатыя рэкалекцыі падыходзяць да заканчэння. Вельмі добра вам было разам прабываць адзін з адным. І хвіліны, праведзеныя разам, былі благаславёныя. Яны злучылі вас прыязнасцю і блізкасцю адзін аднаго. І хоць кожны хутка ад’едзе ў свой бок — думкамі вы будзеце вяртацца ў гэты час і месца. Заахвочваю таксама, каб і ў хвіліны радасці, а таксама ў час, калі жыццё будзе для вас здавацца невыносным, вы накіроўвалі свае малітвы да Маці Божай Лагішынскай. Не зважаючы на зменлівасць жыцця і хуткую змену часу, будзем усведамляць, што Касцёл існуе, а мы ў Касцёле моцна трымаемся дарогі Евангелля, дарогі, указанай нам Езусам Хрыстом, дарогай служэння бліжняму, якой крочыла Божая Маці і многія святыя — лепшыя сыны і дочкі Касцёла, якія зрабілі вялікі ўклад у пашырэнне Евангелля ў сэрцах многіх жыхароў зямлі. |
Адноўлена 20.08.2013 12:17 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.