Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія кардынала Райнера Марыі Вёльке, арцыбіскупа Берліна на ўрачыстасць Маці Божай Валадаркі Азёраў
Дарагія браты і сёстры!
 
Адзін з самых прыгожых нямецкіх вершаў ў гонар Божай Маці, які напісаў паэт Наваліс, пачынаецца са словаў: «Я бачу Цябе, Марыя,  цудоўна прадстаўленую ў тысячы абразах...». Адзін з тысячы гэтых абразоў можна знайсці тут у вас, у вашым Браславе ў Віцебскай дыяцэзіі: наша Мадонна, Божая Маці, Валадарка Азёраў, чацвёртаю гадавіну каранацыі Цудоўнага абраза якой мы сёння адзначаем. «Я бачу Цябе, Марыя, цудоўна прадстаўленую ў тысячы абразах...». Гэты верш у простых і кранаючых сэрцы словах выражае наступную думку: Марыю, Маці Божаю, любілі і любяць: простыя людзі і вялікія багасловы (тэолагі), грэшнікі і святыя, маладыя і старыя, людзі, якія ў гэты час прадстаўляюць Марыі клопаты і турботы свайго зямнога жыцця і ўсе мы, браты і сёстры, якія ў такой вялікай колькасці прыбылі ў Браслаў. Чаму Марыя прадстаўлена ў тысячы карцінах і абразах? Можа інакш спытаем: чаму Марыю любяць і праслаўляюць столькі людзей і пакаленняў? Адказ вельмі просты: таму што яна з'яўляецца Маці жыцця, новай Евай. Ужо пачынаючы ад эпохі айцоў Касцёла, Марыя была супрацьпастаўлена прамаці Еве.
 
Ева — гэта пачатак ўсіх людзей. Але адначасова яна з'яўляецца той, якая была першая спакушана, і той, якая першай спакусіла. Праз першародны грэх, грэх Евы і Адама, праз іх непаслухмянасць Богу нашыя прашчуры згубілі сваю першапачатковую святасць і справядлівасць, якія атрымалі ад Бога не толькі для сябе, але і для ўсіх людзей. З таго першага граху сапраўды бярэ пачатак грэх усяго свету: Каін забівае свайго брата Авеля. У паслядоўнасць і наступствы гэтага першароднага граху Адама і Евы, што прыводзіць да смерці, уцягнуты ўсе людзі. 
 
Марыя — гэта супрацьпастаўленне Евы, нягледзячы на тое, што і яна з'яўляецца нашчадкам прамаці Евы, Марыя у сваю чаргу — маці новага пакалення, пакалення адкупленага, вызваленага і паяднанага Езусам Хрыстом.
 
Ад першага моманту свайго існавання Марыя была вольная ад першароднага граху. З самага пачатку яна была так ахоплена любоўю і Божаю ласкай, што ніякая пляма граху не магла яе дакрануць. Алем не толькі ад самага пачатку была яна ахоплена Божаю любоўю і ласкай! Не. На працягу ўсяго свайго зямнога жыцця была Марыя вольная ад ўсялякага граху. Напрыклад, нашыя браты і сёстры Усходняй Царквы ўсхваляюць і ўшаноўваюць Марыю як Panhagia, «цалкам святую», «усю святую», якая ніколі не была заплямленая ценем граху. «Поўная ласкі» — так называе яе Анёл. А як яна ўспрымае і называе сябе сама? «Слуга Панская» — вось як называе сябе Марыя.
 
«Вось я, Слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Яна ахвяруе сябе Богу як слуга, як стварэнне, якое не прэтэндуе на Бога, а заяўляе, што Бог можа рабіць з ёй усё, што ён хоча і як ён хоча. Яна знаходзіцца ў руках Бога, і ён робіць з ёй тое, што наконт яе запланаваў і што яму падабаецца. І Бог сапраўды робіць штосьці незвычайнае! Здзяйсняецца цуд Яго ласкі над ёй і ў ёй. Божая ласка ўзмацняецца. Дух Божы зыходзіць на Марыю. Сілаю і моцаю Святога Духа Стварыцеля зачынае Марыя ў сваім улонні Сына Айца спрадвечнага, становячыся такім чынам Маці Жыцця, новая Евай, Божай Маці, Багародзіцай. Яна носіць у сваім улонні таго, у кім жыве ўся паўната боскасці (Кал. 1,19; 2,9), які ёсць само жыццё. Тым, кім з'яўляецца і Марыя, мае яна не ад сябе, але ад Бога: яна - шэдэўр Яго ласкі.
 
Яна Благаслаўлёная, Беззаганная, заўсёды святая, вельмі прыгожая, не мае недастаткаў, Маці жыцця і ўсяго жывога, новая Ева. Ці не задалёка Марыя, праз Божае абранне і ўзвышэнне, знаходзіцца ад простых людзей? Ці не прыгнятае нас тая рэчаіснасць, напрыклад, калі мы глядзім на Найсвяцейшую Багародзіцу, а затым ацэнім сябе, мы, якія не можам вырвацца з моцы граху? Што прадвясціў і даў нам Бог праз абранне Марыі? Ён даў нам у гэтым выбранні знак надзеі! Бо ў Марыі Бог паказвае нам усё тое, што раней паводле нас запланаваў. Такім чынам мы можам і павінны праслаўляць Марыю як правобраз і пачатак Касцёла.
 
У ёй пачалося ўсё тое, чым ёсць і павінны быць мы. Марыя была абраная Богам спрадвеку. Таксама і мы, «абраныя перад стварэннем свету, каб мы былі святыя і непахісныя перад Богам. Ён прадвызначыў нас для зсынаўлення праз Езуса Хрыста паводле ўпадабання сваёй волі дзеля хвалы сваёй праслаўленай ласкі» (Эф. 1, 4-6). Бог па-рознаму, зусім інакш адорвае Марыю і нас сваімі ласкамі: Марыя была захаваная перад грахом, яна і пасля была вольная ад граху. Мы ж у сваю чаргу былі вызвалены ад граху.

Але мэта тая ж самая: ачышчаныя ад усякага граху, мы таксама можам разам з Прачыстай Маці нашага Пана беззаганна жыць з Богам. І як мы атрымалі ўсялякія ласкі і адкупленне ад граху праз збаўленныя пакуты Езуса Хрыста, таксама і Марыя мае сваё захаванне ад граху, удзячная і абавязаная перад усім паўнаце ласкі крыжа свайго сына. Яна таксама вызваленая! Яна першая вызваленая і адкупленая, правобраз збаўленых і вызваленых, Маці Збаўленых і такім чынам Маці Жыцця, якую даў нам на крыжы яе сын. Сёння мы адзначаем чацвёртую гадавіну каранацыі вашага цудатворнага абраза Божай Маці, Валадаркі Азёраў, Маці жыцця. Гэта не вянок з церняў, якім была каранавана гэта ікона. Не, гэта каралеўская карона, якую тады благаславіў Святы Айцец, Папа Бэнэдыкт. Ці ёсць таму большая супярэчнасць?
 
Адказ на гэта пытанне дае нам сам Езус, а менавіта ўкрыжаваны Езус. Есус змагаўся на крыжы. Ён не саступіў, хоць і загінуў у гэтай бітве. Ён у гэтай барацьбе, якая каштавала яму жыцця, перамог. Ён перамог зло і самога злога. Ён перамог сатану і грэх, і праз гэту перамогу зрабіў Крыж сваім каралеўскім тронам.
 
Хоць і ўкрыжаваны, але ён Валадар, кароль. Не такі кароль як іншыя — і сёння ёсць шмат валадароў на зямлі — не, Ён, як называе Яго Святое Пісанне, Цар цароў і Валадар над валадарамі, Цар усяго свету. Святы апостал Павел кажа нам аб гэтым вельмі ясна ў сваім пасланні да Піліпянаў.
 
Перш за ўсё ён кажа пра Езуса, які спускаецца з Хвалы нябёсаў, паніжаецца  да смерці, аж да смерці крыжовай. І далей апостал працягвае: «Таму і Бог узвысіў Яго і даў Яму імя вышэйшае за ўсялякае імя, так што кожнае калена на небе, у нябёсах і на зямлі, і пад зямлёю скланяецца перад Імем Езуса, і ў адзін голас вызнае: «Езус Хрыстус наш Валадар, наш Пан». Валадар — па-грэчаску «Kyrios», што значыць «каралеўская, боская» годнасць. Укрыжаваны з'яўляецца валадаром, каралём, узвышаны да правіцы нябеснага Айца.
 
Той факт, што Езус гэта ўкрыжаваны кароль, нават і пасля ўваскрасення ён мае раны на целе, раны ад крыжа — растлумачвае існасць Яго валадарства. Ён зусім не падобны да зямных валадароў. Яго валадарства — зусім іншага роду!
 
Гэта валадарства святасці і ласкі, справядлівасці, любові і супакою! Па прыкладу Хрыста Валадара мы таксама павінны ўбачыць і зразумець сэнс Валадарства  Марыі. Гэтак жа, як Валадарства Хрыста бярэ свой пачатак ад крыжа, так і Валадарства Марыі, укаранёнае ў спачуваннях і цярпені Маці са сваім сынам.
 
Выразна даказвае нам гэта і Святое Пісанне. Збаўца бачыць пад крыжам сваю маці і вучня, якога ён любіць. Ён кажа сваёй маці: «Гэта твой сын». Таксама вучню: «Гэта Маці твая».
 
Яна стаіць пад крыжам за ўсіх нас, за ўвесь Касцёл. Ён увасабляе нас. І Езус прадстаўляе Марыю як Маці Касцёла, як Маці ўсіх нас, Маці ўсіх людзей. Усё гэта адбываецца пад крыжам. Гэта каралеўскі наказ Есуса з крыжа. Ён прызначае Марыю як Каралеву-Маці.
Яна ў сваім валадарстве з'яўляецца Маці жыцця, таму што яна прынесла свету Езуса Хрыста, Божага Сына, які ў сваю чаргу, даў нам Божае Жыццё. Таму і гэтая карона, якая ўпрыгожвае тут у Браславе ваш абраз, даказвае тое, што кожны з нас пакліканы да каралеўскага пакалення Божых дзяцей.
 
Мы ахрышчаныя, з'яўляемся сынамі і дачкамі Бога, пакліканыя да жыцця ў святасці Святога і Каталіцкага Касцёла. Бог хоча, каб мы па прыкладзе Марыі, бралі ўдзел ў яго жыцці і ў яго Валадарстве.
 
Калі хтосьці так, як Марыя, у жыцці і цярпенні салідарны з Хрыстом, калі наследуе Яго ў паслухмянасці, у службе і ў нясенні крыжа, то таго і Езус возьме ў сваё Валадарства. «Хрысціянін, пазнай годнасць сваю!» — так заклікаў Святы Айцец Леон Вялікі сваіх верных. Дзе і ў кім мы можам лепей распазнаць гэту хрысціянскую годнасць, як не ў той, якая сама найлепш зразумела і рэалізавала незаплямлены каралеўскі вобраз чалавека? Гэтую годнасць Марыя не толькі рэалізавала і пакінула сама сабе. Яна дапамагае і нам, каб і мы, праз яе прыклад і заступніцтва былі ў стане здзяйсняць і рэалізоўваць вялікія цуды Божай ласкі ў нас і праз нас. І як нам было дазволена жыць пры Богу разам з Марыяй, Маці жыцця, Новай Евай, Валадаркай нябёсаў, так і яна на вякі напоўніліся ўсёй паўнатою Божай (Эф. 3,19).
 
Амэн.   
 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі