Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям'янкі на ўрачыстасць Маці Божай Каралевы Палесся ў санктуарыі ў Лагішыне |
Лагішын, 22 жніўня 2013 г. Пасля пяці дзён дарогі пешшу ў пілігрымцы адна з Бярозы праз Белаазёрск, Хоцімск, Бездзеж і другая з Баранавіч праз Ляхавічы, Ганцавічы — пасля ночы чування вы стаіце тут у санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся. Стаіце тут больш моцныя ў веры, больш дасканалыя, лепшыя, духоўна багацейшыя і перамененыя Божым Словам, Яго Моцай і Ласкай. Як Апосталы, якія атрымалі моц Духа, вы стаіце як сведкі Яго моцы і сілы, якая перавышае людскую меру, што напаўняе вас удзячнасцю. Вы стаіце тут як сведкі веры і ўдзельнікі Еўхарыстыі, якую вам цэлебравалі падчас пілігрымкі святары — праваднікі ў пілігрымкавым шляху. Вы стаіце як сведкі трывання ў ламанні Эўхарыстычным хлебам у часы, калі ва ўсім свеце так голасна нам гавораць, што дастаткова зямнога хлеба, спакою і зямнога дабрабыту, які ён сімвалізуе. Вы тут стаіце як сведкі малітвы, трывання ў супольнасці з Хрыстом, Яго Маці і нашай Маці – Каралевай Палесся, у часы, калі столькі вызнаўцаў і вучняў забываюцца пра гэты подых душы, а потым здзіўляюцца, што недастаткова ім паветра, недастаткова духоўных сіл, што падаюць падчас кожнага подыху супраціву. Св. Тэрэса, рэліквіі якой у Год Веры прабываюць у Беларусі, казала – Езу, люблю Цябе і праслаўляю ў цені веры; на сузіранне Цябе чакаю у спакою раніцы. Вы стаіце як сведкі веры Хрыстовага Евангелля і навукі Апосталаў, у якую ўслухоўваліся праз гэтыя пяць дзён, каб сёння і на будучыню абвяшчаць свету і нашым блізкім Евангелле і навуку Касцёла не словам, але жыццём, абвяшчаць радасна і з моцай так, як гэта чынілі апосталы і вучні. Вы прыпомнілі ўсім, што значыць быць вучнем Пана, наследаваць яго і ісці яго слядамі. Святы Айцец Францішак на навучае: вера — гэта не элемент упрыгожвання нашага жыцця, але яго фундамент, які патрабуе канкрэтнага ўдзелу. Таму Касцёл прапануе Год Веры, калі мы паводле аўтара ліста да габрэяў — павінны ўглядацца ў Хрыста, які вядзе нас у веры і яе ўдасканальвае. У аднясенні да Евангелля з апошняй нядзелі Папа тлумачыў, што Вера засноўваецца на выбары Бога як асноўнага крытэрыя жыцця. На працягу пяці дзён вы былі асаблівай супольнасцю вучняў Хрыста, былі злучаныя братняй супольнасцю любові і жыцця, у супольнасці Касцёла, які з’яўляецца сям’ёй Божых Дзяцей, ажыўленых Божым Духам і любоў’ю, якія служаць сабе ўзаемна і маюць адвагу браць цяжкасці другога на свае плечы. Вы прынялі гэта заданне у Год Веры свядома і адважна. Вы выканалі свае пастановы з дапамогай Божай Ласкі і Хрыстовых сакрамэнтаў, асабліва сакрамэнту споведзі і Эўхарыстыі. Вас вяла жывая вера і яснапастаўленая мэта. Чалавек Божай моцай можа вельмі многае асягнуць, калі жыве паўнатой і глыбінёй веры, калі свядома перажывае сваё жыццё як дар Бога, і ясна ўсвядамляе сабе, дзеля чаго ён тут жыве і куды крочыць. Толькі падчас пілігрымкі мы можам усвядоміць, як многа нясём па жыцці непатрэбнага баласту, які чыніць яго нязносным, як няшмат патрэбна, каб быць шчаслівым, і што ёсць для нас сапраўды найважнейшым, што святое, адзінае, за што варта аддаць жыццё. Сёння на заканчэнне вашай пілігрымкі дзякую вам за вашу вытрымку, за тое, што кожны дзень вы ўмелі пераадольваць цяжкасці, за тое, што ані спёка, ані нязручнасці не здолелі вас напужаць і знеахвоціць. Такі прыклад свету сёння вельмі патрэбны, таму што для многіх людзей выгада, камфортнае жыццё, жаданне уладкавацца (і то найчасцей коштам Хрыста і Яго запаведзяў) здаецца адзіным сэнсам жыцця. Дзякую вам за прыклад братэрства Божых дзяцей, якія здольныя пазбыцца граху — кораня ўсякіх залежнасцяў (алкагалізму, наркаманіі, распушчанасці, абыякавасці да жыцця, уседазволенасці, стылю жыцця, заснаванаму толькі на спажывальніцтве без аніякіх абавязкаў перад грамадскай супольнасцю, Касцёлам, сям’ёй і блізкімі асобамі). Дзякую за высілак паглыблення каталіцкай веры, якая выстаўлена ў сучасным свеце на выпрабаванні, дзякую за сведчанне Касцёла – Касцёла не па мадэлі і меры людзей, але праўдзівага Хрыстовага, а гэта значыць адзінага, праўдзівага, паўсюднага, каталіцкага і апостальскага Касцёла — як вызнаём у Сімвале Веры. Дзякую за сведчанне любові, братэрства і салідарнасці, якая губляецца ў штодзённым жыцці або абмяжоўваецца да слоўных дэкларацый. Дзякую, што вы, прымаючы цяжар пілігрымавання дарогамі Пінскай дыяцэзіі, учынілі хрысціянства больш верагодным, а любоў Бога больш бачнай і чутнай для кожнага, хто хоча бачыць і чуць. Людзі наогул умеюць даць ацэнку пілігрымкам. Пілігрымкі з’яўляюцца вялікім знакам у нашыя часы. Тыя, хто ўдзельнічае ў пілігрымцы, імкнуцца перажыць веру ў супольнасці, імкнуцца спазнаць хрысціянскае братэрства і ўзмоцніцца ў надзеі і любові. Пілігрымка — гэта таксама вызнанне веры, гэта форма вандроўных рэкалекцый, а таксама справа евангелізацыі. Езус сказаў: так кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах (Мц 10, 32). Важным з’яўляецца сведчанне веры праз малітву. Св. Ян Віянэй гаварыў: малітва — гэта крыніца ўсялякага дабра і шчасця на зямлі. Калі ж мы бедныя, пазбаўленыя святла і Божых ласкаў, то віна знаходзіцца у тым, што не молімся, або кепска молімся. Прашу аб дары мужнасці для вас, каб маглі жыццём, а не толькі словам умела ўказваць на Хрыста, каб не было непаразумення паміж словам і чынам, жыццём і верай, каб вы выканалі складзеныя абяцанні, каб супрацьпаставілі эгаізму дух служэння, нянавісці — дух любові, роспачы — надзею, знеахвочванню — гарачую веру, слабасці — моц духа, каб умелі быць удзячнымі Богу і людзям, каб умелі не толькі прасіць, але і праслаўляць Бога і дзякаваць Яму, каб радасць на вашых тварах была знакам моцы і мужнасці, якая мацнейшая за ўсе чалавечыя слабасці. Сёння стаім на фінішы нашай пілігрымкі. Дзелім радасць спаткання з Езусам і Яго Маці Каралевай Палесся. Тут мы больш чым дзесьці яшчэ адчуваем сябе дзецьмі і падданымі нашай адзінай Маці і Каралевы. Малады чалавек — гэта чалавек, які ва ўсіх акалічнасцях жыцця шукае Бога. Памятайма, што хрысціянамі становяцца. Мы жывём у часы, дзе ў розных частках свету ёсць больш моцны пераслед Касцёла, чым гэта было ў першыя стагоддзі хрысціянства. Людзі ў некаторых рэгіёнах і ў нашыя часы аддаюць за веру жыццё. За веру ў крыж Хрыста, за тое, што захоўваюць тэксты Святога Пісання, — людзі гінуць. Гінуць за тое, што захоўваюць хрысціянскую маральнасць і трымаюцца навукі касцёла, яны пазбаўляюцца працы і адпаведных умоў жыцця. Мы цешымся свабодай і за свабоду веры павінны дзякаваць. Згодна з энцыклікай — Святло Веры — дарога пабожнага чалавека вядзе яго праз вызнанне веры ў Бога, Які клапоціцца аб чалавек. Бога можна знайсці, але патрэбна добрая воля чалавека. Гэтаксама Бога можна цалкам свядома адкінуць... Вельмі важна, каб на пачатку кожнай чыннасці ў нас была малітва. Айцец Святы Францішак навучае: Пан прамаўляе да нас праз словы Святога Пісання, падчас малітвы. Трэба вучыцца прабываць з Ім у цішыні, разважаць над Словамі Евангелля. Трэба ў свеце быць сведкамі Хрыста, даваць сведчанне аб Ім. Моладзь можа не паслухаць святара, бацькоў, але сведчанне калегі, сяброўкі вельмі многа значыць. Св. Бернард разважаў: некаторыя праслаўляюць Бога, бо Ён — Усемагутны, іншыя — што Ён добры для іх, але ёсць і тыя, хто праслаўляе Яго толькі з-за таго, то Ён добры. Першыя — гэта слугі, бо баяцца за сябе. Другія — гэта людзі інтарэсу, бо шукаюць толькі карысці для сябе. А трэція – гэта сыны, якія аддаюць належную хвалу Айцу. Падчас спаткання Папы Францішка з сімінарыстамі і кансэкраванымі асобамі Пантыфік зазначыў, што сёння існуе небяспека перасцярогі перад культурай тымчасовасцю, якая схіляе да ўшанавання Хрыста толькі на пэўны час. Каб быць свабодным ад яе, трэба знутры закрыць дзверы свайго сэрца і моцна тываць у еднасці з Панам Богам. Мы спрашчаем жыццёвыя сітуацыі, калі задумваемся, ці ісці за псеўдасвядомасцю (гэта значыць за бажком, які дае шанс учыніць жыццё больш лёгкім, што мы нібыта адпачнем ад Божых запаветаў і надзеяў). Бажком з’яўляюцца саматлумачэнне і неахвота працаваць над сабой, гэта значыць неахвота вяртаць сабе самому ўнутранае хараство, запланаванае Створцам. Часамі мы ўнушаем сабе, што трэба схлусіць, што трэба заходзіць з пазіцыі адназначнасці, што павіннасць у адносінах да Бога не з’яўляецца неабходнасцю. Малады чалавек такім чынам — зманіпуляваны злым духам — дабравольна адмаўляецца да моцы духа і мудрасці (напрыклад калі рашаецццца не пайсці на нядзельную св. Імшу), або калі чалавек дапускае думкі, нязгодныя з аб’яўленай навукай (сістэматычна не развівае рэлігійнай адукацыі). Св. Бернард навучаў: Бог хоча, каб Яго баяліся як уладара, ушаноўвалі як Айца, а любілі як сужанца. Евангельская радасць паходзіць ад Духа Святога, няма святасці ў суме. Папа Францішак гаворыць: няхай ніхто не абкрадвае нас з надзеі. Ажыўляйма яе, слухаючы Божае слова. Таксама Папа заахвочвае да чыннай любові ў словах: належыць быць аўтэнтычнымі сведкамі Хрыста, прысвячаць час для працы ў накірунку дапамогі хворым і патрабуючым, такім прыкладам з’яўляецца св. Францішак з Асыжу. Св. Ян Хрызастом разважае так: толькі вера — недастатковая. Д’яблы дрыжаць перад Богам, падлягаючы Божай кары. Жыццё ў супольнасці Касцёла прыгожае. Веру неабходна захаваць ва ўсёй яе чысціні і моцы. Таму кожны з нас прызваны рабіць намаганні, каб лепей спазнаваць праўды веры і ўпоўні ёю жыць. Мы павінны слухаць Божае Слова, хваліць Бога малітвай на літургіі і прыватнай малітвай, выконваць запаведзі любові Бога і бліжняга – так навучаў Папа Францішак моладзь. Неабходна выходзіць па-за сябе, каб абвяшчаць Евангелле: каб спаткаць Хрыста і другога чалавека. Папа Францішак кажа: нельга аддзяляць Хрыста ад Касцёла. Ласка Святога Хросту дазваляе нам з радасцю ісці за Хрыстом у Касцёле і з ім адкрыць на нова радасць веры і абудзіць энтузіязм у яе пераказе. Пантыфік заклікае: не задавольвайцеся мінімалізмам у хрысціянскім жыцці, рашуча імкніцеся да святасці. Вера некаторых вельмі плыткая, здэфармаваная або не перакладваецца на жыццёвыя рашэнні. «Жыць Евангеллем — гэта значыць вясці барацьбу з эгаізмам, — кажа Святы Айцец. — Евангелле — гэта прабачэнне і спакой; гэта любоў, якая паходзіць ад Бога. Уваход да Божай хвалы патрабуе штодзённай вернасці Яго волі, таксама тады, калі гэта звязана з вялікімі высілкамі і ахвярнасцю з нашага боку. Усе мы гліняныя начынні, вельмі крохкія і бедныя, але носім у сябе непамерны скарб». Мы не можам быць замкнутыя ў нашых парафіях, супольнасцях, калі столькі асоб чакае на Евангелле. Мы ўсе грэшнікі, але просім Пана, каб не быць гіпакрытамі. Тыя не ведаюць, што такое прабачэнне, радасць, любоў Бога. Перасцярога перад духам кансумізма. У філасофіі камерцыялізму няма месца на дар, няма месца на ўдзячнасць, якая выплывае з сэрца. Святло веры асвячае ўсе нашы адносіны і дапамагае нам фармаваць іх у любові Хрыста, каб мы перажывалі іх так, як Ён. Моладзі патрэбныя не рэчы, а каштоўнасці. Спажывальніцтва прызвычаіла нас да марнатраўства. У культуры растраты чалавечае жыццё перастае быць зразумелым як найвышэйшая вартасць, якую трэба вартаваць і аб якой неабходна клапаціцца. У нашай хрысціянкай пабожнасці вялікае месца мае Марыйная духоўнасць. Гэта — аснова будовы. Таму адыходзячы з Лагішына, вазьміце з сабой вобраз Божай Маці – Каралевы Палесся — з нашага дыяцэзіяльнага санктуарыя у дарогу вашага жыцця. Так як Яна клапатліва і пяшчотна глядзіць на Езуса, няхай сваім позіркам спадарожнічае вам, а ў цяжкія хвіліны жыцця, выпрабаванняў, духоўнай барацьбы — выпрошвае ласкі ад свайго Сына. Бо яна — Маці Ласкі Божай, як молімся словамі Літаніі. Яна — Маці, якая трымае моцнымі рукамі Свайго Сына і нашага Збаўцу Езуса Хрыста. Няхай Яе матчыныя рукі заўсёды падтрымліваюць нас на жыццёвым шляху. |
Адноўлена 22.08.2013 18:14 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.