25 жніўня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Набажэнства XXI Звычайнай нядзелі ў мінскай катэдры ўзбагачана прыбыццём да яе рэліквій св. Яна Боска, заснавальніка салезіянскай супольнасці, апекуна і выхавацеля моладзі. Яго духоўныя сыны працуюць у многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі. Перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боска па салезіянскіх парафіях і іншых выбраных месцах, такіх, як напрыклад мінская катэдра, прысвечана 200-й гадавіне яго нараджэння, якую Касцёл будзе адзначаць у 2015 г.
Перэгрынацыя рэліквій гэтага святога павінна дапамагчы нам лепей зразумець яго духоўнасць і асабліва неабходнасць клопату аб выхаванні моладзі, якая найбольш падвержана негатыўным уплывам сучасных секулярных тэндэнцый да такой ступені, што будуе жыццё без захавання маральных каштоўнасцяў.
2. У сувязі з гэтым вельмі прыдатным з’яўляецца сённяшняе Евангелле.
Найперш неабходна прааналізаваць дыялог нейкага чалавека з Езусам. Чалавек пытаецца ў Яго: “Ці толькі некаторыя будуць збаўлены?” Езус не адказвае на гэтае пытанне, але толькі раіць: “Спрабуйце ўвайсці праз вузкую браму”. Езус мае на ўвазе браму, якая вядзе ў Божае Валадарства, і падкрэслівае, што яна вузкая.
Таму сённяшняе Евангелле – гэта Евангелле не аб тым, колькі людзей і якім чынам будуць збаўлены. Мы не можам гэтага ведаць, і Бог не хоча, каб мы ведалі, бо толькі Ён з’яўляецца суддзёй нашых душаў.
Сённяшняе Евангелле – гэта таксама папярэджанне Езуса і аб тым, што многія будуць старацца ўвайсці праз цесную браму, аднак не здолеюць, бо ў змаганні ўвайсці ў Божае Валадарства яны пакладаюцца выключна на свае сілы. Нам неабходна памятаць, што самі мы нічога не зробім. Нам неабходна Божая дапамога.
Мы ўсе добра ведаем, што праз вузкую браму ўвайсці вельмі цяжка, асабліва калі мы нясём з сабой розныя рэчы, клункі, нейкія мяшкі. Усё гэта перашкаджае і часамі нават не дазваляе прайсці праз вузкія дзверы. Гэта падобна да таго і больш прывычна, калі мы бачым аўтамабільныя коркі на дарогах, бо машын многа, а дарогі для такой колькасці машын ужо вузкія.
3. Як мы павінны зразумець словы Езуса з сённяшняга Евангелля аб вузкай браме, якая вядзе ў Божае Валадарства? Галоўным элементам навучання Хрыста з сённяшняга Евангелля ёсць тое, што гэтай брамай ёсць сам Збаўца. Ён адзіны шлях да вечнага шчасця. Гэты самым Хрыстус патрабуе ад нас евангельскага радыкалізму. Шырокая, грэшная дарога не вядзе да вечнага шчасця. Многія, можа, хацелі б ісці такім жыццёвым шляхам, на якім жылі б так, як ім хацелася б. Але так немагчыма. Каб шчасліва даехаць да мэты падарожжа, неабходна прытрымлівацца дарожных знакаў, што ў маральным сэнсе чыняць дарогу вузкай, а дарожныя знакі накіроўваюць наш рух, і мы не можам ехаць так, як нам хочацца. Такім чынам, Хрыстус і Яго Евангелле – гэта адзіны шлях у неба.
Таму заклік старацца ўвайсці праз цесную браму азначае жыццё чалавека паводле Божага закону, супрацоўніцтва з Богам і цяжкую працу над сабой і сваім духоўным жыццём, каб дазволіць Святому Духу кіраваць ім.
4. На жаль, у жыцці сучаснага чалавека ўсё больш людзей не клапоціцца аб сваім збаўленні. Яны адмаўляюцца бачыць праўду, любяць толькі сябе саміх і свае грахі, якія закрываюць перад імі Бога. Яны проста жывуць паводле прынцыпу, які на лацінскай мове выказваецца словамі: “carpe diem” – “карыстайся прадстаўленым табе часам, бо жывеш толькі адзін раз”. Такім чынам, яны проста стараюцца выкарыстаць час для сваіх прыемнасцяў.
Больш за тое, сучасны чалавек усё часцей не задумваецца аб сваёй вечнай будучыні, яна папросту яго не цікавіць. У выніку чаго ён не задумваецца і аб сваім духоўным жыцці. Для яго грэх не існуе, таксама як не існуе Божы суд і вечнасць. У выніку ён адмаўляецца ад вечнага шчасця на карысць часовага.
Такім чынам, ён не задумваецца над тым, кім на самой справе ёсць. Бо калі няма вечнасці, то нашто жыццё чалавека, нашто ўсе цяжкасці, хваробы, праблемы, забароны, абмежаванні? Нашто ўсё гэта? Калі б не было вечнасці, то чалавек быў бы больш няшчасны, чым жывёлы і дзікія звяры, бо яны не маюць маральных абавязкаў.
Гэта праблема, якая стаіць перад сучасным чалавекам, і яе неабходна вырашаць, бо калі чалавек будзе жыць паводле прынцыпу «бяры ад жыцця ўсё, бо жыццё адно», то ў свеце не будзе ні справядлівасці, ні любові, ні міру.
Вузкая брама таму і вузкая, каб праз яе мог прайсці не абцяжараны, без непатрэбнага грузу і пакункаў, чалавек. Гэтыім цяжарам з’яўляюцца нашы грахі. Таму нам неабходна найперш звяртацца да Божай міласэрнасці, каб сябе ачысціць і ўчыніць здольнымі прайсці праз вузкую браму.
5. 4 ліпеня 2011 г. ва ўзросце 98 гадоў памёр герцаг Аўстрыі Отта фон Габсбург. Яго пахаванне насіла дзяржаўны характар. Пасля св. Імшы ў катэдры св. Стэфана ў Вене яго цела працэсійна была перанесена да касцёла капуцынаў. Цырыманіярый пастукаў у дзверы касцёла, з-за якіх пачуўся голас: “Хто там?” Цырыманіярый адказаў: “Отта фон Габсбург”” і пачаў чытаць усе яго тытулы. З-за дзвярэй касцёла пачуўся голас: “Не ведаем такога”.
Праз некаторы час цырыманіярый ізноў стукае ў дзверы. Ізноў пытанне: “Хто там?” Называецца імя і асабістыя дасягненні памерлага. З-за дзвярэй паўтараецца голас: “Мы яго не ведаем”.
Праз пэўны час ізноў стук у дзверы. Пытанне: “Хто там?” Адказ: “Отта, бедны грэшнік”. Голас з-за дзвярэй: “Добра, такі можа ўвайсці”.
Сапраўды, брама ў Божае Валадарства вузкая, і праз яе нельга пранесці нашу пыху, ганарлівасць, хлусню і іншыя грахі.
6. Гэтую праўду добра разумеў св. Ян Боска, якога мы сёння ўшаноўваем. У другой палове XIX стагоддзя, калі адбывалася тэхнічная рэвалюцыя, многія маладыя людзі з вёсак паехалі ў вялікія гарады, дзе была праца. Аднак, у той жа час, яны там спаткаліся з праяўленнямі сацыяльнай несправядлівасці. Вялікі ўплыў на іх жыццё і паводзіны аказвалі секулярныя тэндэнцыі, якія пашыраліся. Да такіх уплываў была вельмі падатлівая моладзь і асабліва з бедных сем’яў, моладзь, якую часта выхоўвала вуліца.
Святы Ян Боска добра разумеў, што ад выхавання моладзі будзе залежаць як лёс яе самой, так і будучыня грамадства. Таму ён апрацаваў так званы прэвентыўны спосаб выхавання моладзі. Святы Ян Боска добра ведаў праўду аб тым, што лягчэй папярэдзіць хваробу, чым яе вылечыць. Таму ў яго выхаваўчым метадзе вялікая ўвага звярталася на тое, каб не дапусціць чалавека да злых учынкаў. Ён імкнуўся так выхоўваць моладзь, каб яна ўжо на самай першай стадыі спакусаў свету магла адказаць на іх станоўчым «не». Гэтым самым ён ажыццяўляў свой духоўны дэвіз: “Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце”.
Клапаціўся ён таксама і аб прафесійнай падрыхтоўцы маладога пакалення, каб яно магло прынесці плён у жыцці.
Выхаваўчы метад св. Яна Боска актуальны і ў наш час. Чым жыве сучасная моладзь? Якія ідэалы практыкуе ў сваім жыцці? Ці клапоціцца аб захаванні чысціні душы? Што яе найперш цікавіць? Імкненне да ўлады, валодання і прыемнасцяў. Яна стараецца ўзяць ад жыцця ўсё, што магчыма, нягледзячы на тое, што пры гэтым не захоўвае маральных нормаў. Так ёсць, бо моладзі не хапае дастатковага духоўнага выхавання, і яна часта траціць надзею. Менавіта таму яна вельмі падатлівая на спакусы свету.
7. Сёння, калі ідзе барацьба за душы людзей, мы павінны звярнуць сваю ўвагу на хрысціянскае выхаванне моладзі, ад якой залежыць будучыня свету і Касцёла.
Святы Ян Боска, сёння рэліквіі тваёй рукі, якія знаходзяцца ў грудной частцы тваёй фігуры, прыбылі ў Беларусь. Гэта тая самая рука, якой ты благаслаўляў маладых людзей у Турыне. Паблагаславі сёння нашу моладзь, каб яна ведала, што ў Божае Валадарства вядуць вузкія дзверы і іх можна прайсці толькі тады, калі мы не будзем абцяжараны грахамі і нядобрымі ўчынкамі. Благаславі ўсіх нас, каб мы зразумелі, што нішто нячыстае не ўвойдзе ў радасць вечнага шчасця.
Святы Ян Боска, перад табой доўгі шлях пілігрымавання па беларускай зямлі. Няхай тваім заступніцтвам Бог учыніць яго благаслаўлёным, каб мы сапраўды ачысціліся ад непатрэбнага цяжару і былі годнымі ўвайсці ў Божае Валадарства і там разам з табою маглі раздзяліць радасць вечнага шчасця. Амэн.
|