Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас кансэкрацыі касцёла Божага Цела ў Беразінскім

31 жніўня 2013 г.

Касцёл – месца будовы жывога Касцёла як Народа Божага

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, браты і сёстры!

1. Сардэчна вітаю ўсіх вас на гэтай урачыстасці, прысвечанай кансэкрацыі новага касцёла Божага Цела ў Беразінскім. Добра памятаю свой візіт у гэтую парафію некалькі гадоў таму. Памятаю пажаданні вернікаў мець свой дом малітвы. Памятаю таксама і падобныя пажаданні мясцовай улады. Касцёл – гэта месца спаткання чалавекам з Богам, месца яго духоўнай фармацыі, і таму ўсім хочацца мець яго, каб там на евангельскіх каштоўнасцях выхоўваць новых грамадзян. Вернік – гэта не толькі член Касцёла, але таксама грамадзянін, і грамадству добра, калі ён шляхетны, справядлівы, міласэрны і г.д., словам, калі ён будуе сваё жыццё на духоўным падмурку.

Сёння мы дзякуем Богу, што гэты праект так хутка рэалізаваўся. Бог, аднак, не мае ні рук, ні ног. Імі з’яўляемся мы, што вельмі добра праявілася падчас будаўніцтва новага касцёла. Таму перадусім вялікая падзяка пробашчу кс. Сяргею Бараўнёву, які сапраўды стаў spiritus movens гэтага праекту. Дзякую мясцовым уладам за дазвол. Словы падзякі кірую праектантам і будаўнічым. Хачу выказаць асаблівую падзяку ўсім спонсарам і парафіянам. Вашы высілкі і ахвяры не пайшлі надарма. Сёння яны бачны ў новым прыгожым касцёле.

2. Радуючыся з пабудовы новага касцёла, неабходна памятаць і аб тым, што самі яго муры яшчэ не з’яўляюцца знакам таго, што там жыве Бог. Колькі касцёлаў было зачынена падчас ганенняў? Колькі сёння ў многіх краінах свету зачыняецца, бо людзі перастаюць верыць? Колькі касцёлаў заменена на музеі ці прызначана на іншыя мэты?

Аднак, у той жа час, неабходна сказаць, што ў гэты момант Бог прысутны тут. Езус сказаў: калі двое або трое збярэцца ў Маё імя, то Я знаходжуся сярод іх. Бог прысутны ў сваіх верніках, у жывым Касцёле як Народзе Божым. Рацыя, згодна з якой гэты будынак называецца касцёлам, менавіта ў тым, што сапраўдны Касцёл, якім ёсць Народ Божы, гэта азначае вернікі, будзе збірацца тут на малітву.

3. Сёння, дарагія браты і сёстры, мы прымаем удзел у незвычайным і даволі рэдкім набажэнстве – кансэкрацыі новага касцёла. Гэтую цырымонію можна зразумець належным чынам толькі тады, калі мы ўсвядомім, што як сам будынак, так і ўся літургія вельмі сімвалічныя ў жыцці Касцёла, членамі якога мы з’яўляемся. Кансэкрацыя касцёла ўключае ў сябе кансэкрацыю як яго сцен, якія з’яўляюцца сімвалам Божага Народа, так і алтара, які сімвалізуе Хрыста.

4. Чалавек становіцца членам Касцёла праз сакрамэнт хросту. На пачатку сённяшняга набажэнства сцены гэтага касцёла і вернікі былі акроплены вадой. Гэта знак успаміну нашага хросту і знак таго, што мы павінны жыць праўдай гэтага сакрамэнту з чыстымі і вернымі Богу сэрцамі. Сёння мы знаходзімся тут не як гледачы, а як удзельнікі гэтай велічнай літургічнай цырымоніі. Таму мы павінны дазволіць Хрысту ачысціць нашы сэрцы, каб паўней следаваць за Ім.

Таксама падчас святой Імшы кансэкрацыі новага касцёла ўрачыста чытаецца Божае слова, якое, як навучае Святы Айцец Бэнэдыкт XVI, з’яўляецца крыніцай кожнага адраджэння. Хто яго чытае і слухае, той узрастае духоўна.
 
Калі прарок Старога Запавету Эздра прачытаў закон Майсея, то народ усклікнуў: “Амэн, Амэн”. Гэта азначае, што народ яго прыняў і з радасці нават плакаў. З радасці людзі плакалі, калі пасля трох пакаленняў ганенняў на нашай зямлі ізноў пачало абвяшчацца Евангелле. Абвяшчэнне Божага слова ёсць знакам нараджэння касцёльнай супольнасці, бо вера нараджаецца ад слухання, – як навучае святы апостал Павел. Мы сабраліся ў новым касцёле, каб прыняць Божае слова ў нашых сэрцах і дзякуючы гэтаму перамяніцца.

Незадоўга, праз малітву і памазанне алеем хрызмы, будзе кансэкраваны алтар – найбольш святое месца, якое сімвалізуе намашчанага Богам Айцом Езуса Хрыста. Калі Езус выйшаў з водаў Ярдану, пасля хросту ў ім, які прыняў з рук святога Яна Хрысціцеля, адкрылася неба і Дух Святы ў вобразе голуба зышоў на Яго і пачуўся голас нябеснага Айца: “Гэта Мой Сын умілаваны”. Сцены касцёла таксама будуць памазаны хрызмай, што з’яўляецца сімвалам прыналежнасці да апостальскага Касцёла і прыпамінае нам, што праз хрост і канфірмацыю мы становімся памазанымі Святым Духам наследнікамі Хрыста.

Далей алтар і сцены касцёла будуць акаджаны кадзілам. Гэта сімвал ахвяры Хрыста за нашы грахі і таксама сімвал малітвы, якая будзе ўзносіцца ў гэтым месцы. Будуць акаджаны таксама і вернікі, як знак таго, што мы ўсе ахвяруем сябе саміх Богу.

Потым на алтары і ў касцёле будуць запалены свечкі. Яны з’яўляюцца сімвалам таго, што мы павінны быць святлом свету. Кансэкрацыя касцёла не прынясе чакаемага духоўнага эфекту датуль, пакуль сваім жыццём мы не будзем сведчыць нашу веру і несці Бога ва ўсе вымярэнні нашага жыцця. Ніякія словы не з’яўляюцца такімі моцнымі і пераканаўчымі, як само жыццё чалавека.

5. Сённяшняе асвячэнне новага касцёла чыніць яго святым месцам, дзе будзе праслаўляцца Бог, абвяшчацца Божае слова і цэлебравацца сакрамэнты. Цэнтрам касцёльнай дзейнасці ёсць Эўхарыстыя, у якой мукі, смерць і Уваскрасенне Хрыста становяцца прысутнымі, так што праз Яго, з Ім і ў Ім аддаецца хвала Богу Айцу ў еднасці Духа Святога.

Як сумна, калі вернікі не прымаюць удзел у нядзельных і святочных набажэнствах. Нядзельная святая Імша павінна стаць цэнтрам нашага рэлігійнага жыцця. Нядзеля – гэта дзень Пана, дзень, калі мы святкуем Уваскрасенне Хрыста, дзякуючы якому мы былі збаўлены.

Наш поўны ўдзел у святой Імшы адбываецца тады, калі мы прымаем святую камунію, дзякуючы чаму становімся адным целам з Хрыстом і яднаемся з нашымі братамі і сёстрамі. Дзякуючы Эўхарыстыі мы становімся больш касцёльнымі. Нездарма гаворыцца, што Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл.

6. Новы касцёл з цэглы пабудаваны і сёння кансэкруецца. Цяпер мы павінны ў ім праз слуханне Божага слова і цэлебрацыю сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі, будаваць жывы Касцёл, цаглінамі якога з’яўляюцца нашы душы. Таму не забудземся сюды дарогі. Тут нас чакае Хрыстус, адзіны Збаўца свету. Спатканне з Ім дае веру, якая, як навучае папа Францішак у сваёй першай энцыкліцы “Lumen fidei” – “Святло веры”, свеціць у цемры і не дае нам заблудзіцца; дапамагае адрозніць дабро ад зла; асвятляе супольнае жыццё, пацяшае ў цярпеннях і вядзе да сапраўднага шчасця. Амэн.

Адноўлена 30.08.2013 19:32
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі