1 верасня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія дзеці!
1. Сардэчна вітаю ўсіх вас падчас гэтай святой Імшы, якая прысвечана распачаццю новага навучальнага года.
Хутка прайшлі канікулы, але жыццё працягваецца і дзецям ізноў трэба ісці ў школу, хоць, можа, і не вельмі хочацца. Бацькі і Касцёл з надзеяй глядзяць на дзяцей, якія распачынаюць новы этап свайго жыцця. Распачацце новага навучальнага года – гэта нешта якасна новае ў іх жыцці. У такія хвіліны мы заўсёды патрабуем парады і дапамогі.
Таму вельмі важна, што гэты новы этап у жыцці дзяцей і моладзі распачынаецца малітвай. Мы часта спадзяемся на свае сілы і здольнасці. Аднак гэтага, як паказвае жыццё, мала. Сам Хрыстус сказаў, што без Яго мы не зможам нічога ўчыніць. Таму асабістыя высілкі тых, хто распачынае новы навучальны год, мы давяраем Богу і просім Яго благаслаўлення.
2. Перад вамі, дарагія школьнікі, пазнанне новых ведаў і адкрыццё новых перспектыў, якія павінны вас перамяніць і учыніць з вас новых людзей.
Што патрэбна для таго, каб сапраўды стаць новым чалавекам?
Адказ дае пэўная легенда.
У сярэднявеччы адзін чалавек выправіўся пешшу ў доўгую пілігрымку. Па дарозе да санктуарыя ён апынуўся каля каменаломняў, дзе рабочыя цяжкай працай здабывалі камяні і з іх рабілі будаўнічыя блокі.
Пілігрым спытаў аднаго з іх: “Што робіш?” У адказ пачуў: “Ці не бачыш? Цяжка працую”.
Пілігрым пайшоў далей і спытаў наступнага: “Што робіш?” На што пачуў: “Не бачыш? Працую з ранку да вечара, каб утрымаць сям’ю”.
Пілігрым пайшоў далей і, сустрэўшы трэцяга рабочага, спытаў яго: “Што робіш?” Адказ быў такі: “Не бачыш? Будую катэдру!” І рукой паказаў на будоўлю, якая знаходзілася ў даліне.
Тры чалавекі рабілі тую ж самую працу, але кожны разумеў яе па-свойму. Першы з’яўляецца сімвалам працы для сябе. Другі – сімвалам працы для іншых. Трэці – для Бога. Аднак ва ўсіх ёсць нешта тое ж самае, а менавіта праца, якая чыніць іх іншымі.
3. Падобна павінна быць і з навучаннем. Навука – гэта найперш праца для сябе. Мы атрымліваем веды, каб потым імі ў жыцці паслугоўвацца. Але нельга жыць толькі для сябе, нельга быць эгаістам, бо ўсе мы жывём у грамадстве і павінны дапамагаць іншым. Таму нашы веды павінны служыць і ім. Нарэшце, сваімі ведамі мы павінны праслаўляць Бога. Таму вучоба – гэта таксама і будоўля катэдры нашага сэрца.
Рэцэптам на добрае навучанне з’яўляецца злучэнне сімвалаў трох каменацёсаў з легенды. А менавіта праца для сябе, для іншых і для Бога. Да гэтага неабходна далучыць адпаведнае духоўнае і чалавечае выхаванне, бо толькі тады вырасце новы чалавек.
4. Тыдзень таму ў Беларусі распачалася перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боско – выдатнага выхавацеля моладзі, які дэвізам свайго святарскага і выхаваўчага служэння ўзяў словы: “Дайце мне душы, а ўсё іншае забярыце”. Ён добра ведаў, што акрамя прафесійнай фармацыі маладога пакалення неабходна яшчэ духоўная і чалавечая.
Праблема выхавання моладзі з’яўляецца адной з найбольш актуальных у наш час. Яна на вуснах бацькоў і на вуснах усяго грамадства, бо паўсюль бачна шмат недахопаў у гэтай галіне. Таму новы навучальны год, які распачынаецца, павінен стаць вельмі адказным не толькі для дзяцей, але і для настаўнікаў і выхавацеляў. Менавіта яны, па прыкладу св. Яна Боско, пакліканы прысвяціць сябе адказнай місіі выхавання новага пакалення.
Неабходна памятаць, што выхаваўца – гэта не прафесія, а пакліканне. Гэта таксама вельмі складанае служэнне, асабліва ў наш час, калі ўсе імкнуцца да абсалютнай свабоды і калі ў некаторых краінах свету ўстанаўліваецца ювенальная паліцыя, што выклікае шмат спрэчак у грамадстве і так, на самой справе, не заўсёды пазітыўна ўплывае на працэс выхавання.
5. Касцёл актыўна ўключаецца ў працэс фармацыі маладога пакалення. Пры парафіях дзейнічаюць нядзельныя школы па катэхізацыі. Бацькі павінны пастарацца запісаць туды сваіх дзяцей і забяспечыць іх удзел у занятках.
Але гэтым іх высілкі не могуць абмяжоўвацца. Яны таксама павінны даваць дзецям добры прыклад малітвы, удзелу ў нядзельных і святочных набажэнствах, споведзі, прыняцці святой Камуніі і г.д. Калі гэтага не будзе, то высілкі па катэхізацыі не прынясуць такіх вынікаў, якіх мы жадаем. Гэта першаснае заданне бацькоў, і яго неабходна выканаць як найлепей.
Дарагія бацькі! Вашы дзеці ідуць у школу. Але вы, у пэўным сэнсе, таксама ідзяце ў школу, бо павінны вучыцца выхоўваць сваіх дзяцей у духу любові Бога і бліжняга, сумленнага выконвання сваіх абавязкаў і дапамогі патрабуючым.
6. Сёння дзеці прыходзяць да касцёла са школьнымі прыладамі, каб іх асвяціць. Я з радасцю гэта ўчыню.
Касцёл хоча, каб у вашых дзённіках былі толькі выдатныя і добрыя адзнакі. Усё, аднак, залежыць ад вас саміх, ад таго, як вы будзеце старацца вучыцца і імкнуцца да належнага выхавання. Малітва дапамагае, але яна павінна ісці ў нагу з працай над кнігай, выкананнем хатніх заданняў і імкненнем да фармацыі на хрысціянскіх каштоўнасцях. У гэтай справе ні Касцёл, ніхто іншы вас не заменіць. Касцёл можа толькі маліцца, што і чыніць цяпер; іншыя могуць і павінны дапамагаць. Аднак усё залежыць толькі ад саміх школьнікаў.
Таму, дарагія дзеці, з першага дна новага навучальнага года старанна вучыцеся для сябе, бліжняга і Бога; будзьце паслухмянымі сваім выхаваўцам і настаўнікам і даверце сябе на малітве Богу. Вы ж, бацькі, памятайце аб заданні дапамагаць дзецям развівацца не толькі інтэлектуальна і фізічна, але і духоўна. Выхавацелі і настаўнікі, любіце сваіх вучняў, любіце так, каб разам са св. Янам Боско маглі сказаць, што яны ўкралі ў вас сэрцы і вы не можаце жыць без іх.
Усе – вучні, бацькі і настаўнікі – распачніце гэтую працу сёння, не адкладвайце яе на заўтра, каб новы навучальны год сапраўды стаў новым этапам у жыцці дзяцей і ўсяго нашага грамадства; стаў часам фармацыі новага чалавека на хвалу Богу, Касцёлу і Бацькаўшчыне. Амэн.
|