26 жніўня 2013 г.
Сёння мы сабраліся, каб згодна з планам рэстаўрацыі асвяціць фігуру св. Яна Евангеліста пры касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Воўчыне Пінскай дыяцэзіі Брэсцкага дэканата. Гэта адна з чатырох фігур, якія ўпрыгожвалі дах звонку касцёла.
Гісторыя парафіі выводзіцца з 1638 года. Тады першы драўляны касцёл у гэтай мясцовасці зафундаваў Аляксандр Гансеўскі. Касцёл, які існуе цяпер, быў пабудаваны ў 1733 годзе родам Чартарыйскіх. На жаль, падчас Другой сусветнай вайны і наступных дзесяцігоддзяў ночы атэізму касцёл быў адабраны і нішчыўся дзесяцігоддзямі. Падчас перабудовы кардынал Казімір Свёнтэк у паразуменні са сп. Віктарам Вількам, рэстаўратарам, кавалерам Мальтыйскага Ордэна, прыняў рашэнне аб яго аднаўленні і вяртанні для Божага культу.
Сп. Віктар Вільк мае вялікі вопыт рэстаўрацыйных прац у культавых пабудовах на Беларусі. Сярод іх - рэстаўрацыя архікатэдры ў Мінску, пабудаванай у 1730 годзе, у якой цудам захаваліся ўнікальныя фрэскі, адзіныя з захаваных на ўвесь горад – сталіцу нашай рэспублікі. Сп. Вільк займаўся таксама рэстаўрацыяй комплекса былога францішканскага кляштара ў Пінску, пабудаванага ў 16-18 стагоддзях, з прыстасаваннем яго да патрэбаў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай каталіцкай духоўнай семінарыі для Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій. Ён кіраваў рэстаўрацыяй вонкавай часткі катэдры ў Пінску, 1730 года пабудовы, і званіцы з 1830 года.
Рашэнне аб рэстаўрацыі касцёла ў Воўчыне - гэта адно з апошніх намаганняў кардынала Казіміра Свёнтка па аднаўленні зруйнаваных святынь у Беларусі, каб вярнуць хараство і памяць, якія даходзяць з глыбіні стагоддзяў ад нашых продкаў для нашчадкаў. А сп. Віктар Вільк працягвае запланаваную справу кардынала ўжо пасля яго смерці, спачатку - з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам, а цяпер - са мной.
Мы хутка ўзнімем адноўленую фігуру св. Яна Евангеліста на дах касцёла тут, у Воўчыне, на спецыяльна падрыхтаваны пастамент. Яна там была запланавана архітэктарам як адна з выяваў чатырох евангелістаў. На жаль, у пасляваенныя гады яна была знішчана, як і іншыя фігуры евангелістаў - свв. Мацвея, Лукі, Марка. Стараннямі сп. Вілька і паплечнікаў кавалачкі знішчанай фігуры былі адшуканы. Фрагменты фігуры былі сабраны, ідэнтыфікаваны, склеены, і, дзякуючы такой тытанічнай працы, фігура будзе ўзнесена на ўзровень каля дваццаці метраў, на вышыню сцен касцёла, на адзін з чатырох вуглоў. Яна зноў будзе ўпрыгожваць мясцовасць Воўчын.
Гэтая фігура будзе сведчаннем аб нашых продках, іх хрысціянскіх каранях і тонкім веданні мантументальнага мастацтва. Фігура ў рост чалавека, зробленая з каменя пясчаніка, мае дасканалыя кшталты. Гэта сведчыць аб культуры нашых продкаў, якія не шкадавалі сродкаў на выраб і ўпрыгожванне мясцовасці свайго пражывання прыгожымі фігурамі, звязанымі з біблейскай тэматыкай.
Шчыра дзякую ўсім спонсарам, прадстаўнікам дзяржаўнай улады, сродкам масавай інфармацыі за ўдзел і асвятленне гэтай важнай справы. Асаблівая падзяка Канферэнцыі біскупаў Амерыкі за фінансавую падтрымку, сп. Віктару Вільку і яго камандзе з усімі супрацоўнікамі - за правядзенне рэстаўрацыйных прац згодна з патрабаваннямі і нормамі адносна такіх аб’ектаў. Дзякую ўладам Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважанаму па справах рэлігій і нацыянальнасцяў за падтрымку ў атрыманні віз для спецыялістаў. Дзякую ўпраўленню аховы помнікаў, кіраўніцтву Брэсцкай вобласці і раёна, консульству РП у Брэсце і фондам Рэспублікі Польшча, нашай суседкі, за актыўную падтрымку праекту па адбудове святыні. Дзякую пробашчу кс. Юрыю Медушэўскаму.
Заклікаю ўсіх неабыякавых да такой велічнай справы, каб далей уключаліся ў працяг рэалізацыі такога праекту, якога жадаў кардынал Казiмір Свёнтэк, першы кардынал Беларусі, стагоддзе народзін якога будзем адзначаць у наступным 2014 годзе.
На хвалу Бога ў Тройцы Святой Адзінага.
|