Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас св. Імшы аб міры ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце

7 верасня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Шчаслівыя міратворцы

Дарагія браты і сёстры!

1. Штодзённае жыццё сведчыць аб тым, што сучасны свет – гэта свет насілля, а не супакою і міру. Так было таксама ў большай ці меншай ступені ва ўсёй гісторыі чалавецтва. І прычынай усяму ёсць грэх. Ужо на заранку чалавечай гісторыі Каін забіў Абэля (пар. Быц 4, 8). Уся далейшая гісторыя нашай планеты – гэта збройныя канфлікты, войны, акты насілля і тэрарызму, якія выклікаюць сапраўдны дождж крыві. Цікава таксама і тое, што з апошніх 4000 гадоў запісанай сусветнай гісторыі толькі 300 прайшлі без вялікіх войнаў (пар. http://www.preachtheword.com/sermon/ bea09.shtml).

ХХ стагоддзе адзначылася дзвюма найбольш крывавымі ў гісторыі чалавецтва сусветнымі войнамі. У 1945 г. была заснавана Арганізацыя Аб’яднаных Нацый, адной з галоўных мэтаў якой з’яўляецца барацьба за мір. Аднак, нягледзячы на гэта, войны і канфлікты далей трываюць. Пасля Другой сусветнай вайны была апрацавана і выпрабавана атамная зброя. Апошнія два з паловай гады ў Сірыі практычна адбываецца грамадзянская вайна, у якой ужо загінула каля ста тысяч чалавек і каля двух мільёнаў сталі бежанцамі. Зусім нядаўна, 21 жніўня 2013 г., там была выкарыстана хімічная зброя, ад якой у страшных пакутах і цярпеннях загінула каля паўтары тысячы чалавек. Нездарма адзін з пісьменнікаў саркастычна напісаў, што мір – гэта той час гісторыі чалавецтва, калі людзі перастаюць ваяваць, каб перазарадзіць пушкі (пар. http://www.preachtheword.com/sermon/ bea09.shtml).

2. Калі паглядзім на ўсё гэта, то воляй-няволяй узнікае пытанне: “Божа, а дзе Ты знаходзішся, калі адбываюцца такія злачынствы?” На гэтыя і падобныя пытанні Бог адказвае: “Я знаходжуся на сваім месцы, бо я даў табе, чалавек, свой закон, які кажа любіць бліжняга і быць справядлівым адносна яго, толькі ты, чалавек, не слухаеш Мяне, і адсюль усе беды і злачынствы”.

Тут слушна працытаваць словы вялікага Альберта Эйнштэйна, які, нагадваючы пра выпрабаванні атамнай бомбы, казаў, што “гэта не праблема фізікі, але праблема этыкі, і нас непакоіць не выбуховая сіла бомбы, але выбуховая сіла д’ябла” (http://www.preachtheword.com/sermon/ bea09.shtml).

3. Другі Ватыканскі Сабор прыпамінае, што “паколькі людзі грэшныя, небяспека вайны будзе пагражаць ім аж да прыйсця Хрыста” (GS 78). Гэтым самым Сабор яшчэ раз падкрэслівае прычыну збройных канфліктаў, а менавіта – грэх.

У той жа час неабходна памятаць, што пагроза вайны – гэта яшчэ не вайна, і, напэўна, яе можна пазбегнуць. Найперш трэба памятаць аб словах Хрыста, што без Яго дапамогі мы нічога самі не можам зрабіць (пар. Ян 15, 5).

Таму лагічна паўстае пытанне: “Ці мы заўсёды просім аб Божай дапамозе?” Замест гэтага часта выкарыстоўваецца прыказка: ”Калі хочаш міру, то рыхтуйся да вайны”. Але трэба памятаць, як кажа іншая прыказка, што і незараджаная стрэльба страляе адзін раз у год.

4. Сёння, калі Блізкі Усход, дзе адзін аднаму супрацьстаяць не толькі  нацыяналістычныя і рэлігійныя праблемы, але і практычна ўсё яшчэ не вырашаны ізраільска-палесцінскі канфлікт і спатыкаюцца інтарэсы многіх дзяржаў, зноў стаіць на парозе новага ваеннага канфлікту на думку прыходзяць словы папы Паўла VI, сказаныя ім на форуме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый 4 кастрычніка 1965 г.: “Ніколі больш вайны!” (http://www.vatican.va/holy_father/paul_vi/speeches/1965/documents/hf_p-vi _spe _19651004_united-nations_it.html) і благаслаўлёнага Яна Паўла II, што “не існуе мір любым коштам” (http://ekai.pl/dziennikarze_kai/x70210/wojna-i-co-dalej/). Да іх далучаецца крык душы папы Францішка: “Мы жадаем жыць у міры, жадаем быць мірнымі людзьмі, мы жадаем, каб у нашым свеце, які раздзіраецца расколамі і канфліктамі, усталяваўся мір, а не вайна; каб больш ніколі не было войны! Мір з’яўляецца настолькі каштоўным дарам, што яго неабходна ўмацоўваць і берагчы… Насілле ніколі не прыводзіла да міру. Вайна вядзе да вайны, насілле да насілля. Я настойліва прашу канфліктуючыя бакі прыслухацца да голасу свайго сумлення, не замыкацца ў сваіх інтарэсах, убачыць у іншым брата і, пераадолеўшы сляпое супрацьстаянне, мужна і рашуча стаць на шлях перамоў” (http://www.vatican.va/holy_father/francesco/angelus/2013/ documents/papa-francesco_angelus_20130901_it.html).

5 верасня г.г. Пантыфік звярнуўся да “Вялікай дваццаткі”, пасяджэнне якой адбылося ў Санкт-Пецярбургу 5-6 верасня, з заклікам не заставацца інертнымі перад абліччам драмаў сірыйскага народа і з адвагай і рашучасцю пачаць пошук мірнага вырашэння праз дыялог і перамовы паміж зацікаўленымі бакамі пры адзінадушнай падтрымцы міжнароднай супольнасці (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/letters/2013/documents/papa-francesco_20130904_putin-g20_en.html). 

Такім чынам, Касцёл заклікае людзей добрай волі ўчыніць усё магчымае, каб вырашыць збройныя канфлікты. У першую чаргу неабходна вырашыць сірыйскі канфлікт, які, пасля прымянення забароненай хімічнай зброі, выклікае вялікую і абгрунтаваную занепакоенасць ва ўсім свеце. Для вырашэння гэтага канфлікту папа Францішак прапануе шлях дыялогу і заклікае да посту і малітвы ў гэтай інтэнцыі (пар. http://www.vatican. va/holy_father/francesco/angelus/2013/documents/papa-francesco_angelus_ 20130901_it.html).

5. Нам неабходна прыслухацца да голасу гэтых вялікіх прарокаў нашага часу і прамоўтараў міру ў свеце, такіх, як благаслаўлёны Ян XXIII, Павел VI, благаслаўлёны Ян Павел II, Бэнэдыкт XVI і Францішак, калі ў паветры ўсё мацней адчуваецца пах вайны. Сёння актуальнай застаецца перасцярога Эйнштэйна: “Не ведаю, якая зброя будзе выкарыстана ў трэцяй сусветнай вайне, але калі такая адбудзецца, то чацвёртая будзе на камяні і калы” (http://rozum.salon24.pl/5944,czy-pokoj-na-swiecie-nie-jest-mozliwy-wer-1-1). Усё гэта нагадвае пра тое, да якіх непапраўных наступстваў можа прывесці вайна, і таксама пра тое, што праблема міру – гэта праблема чалавечага сэрца.

Езус жа кажа: “Мір пакідаю вам, мір Мой даю вам. Не так, як свет дае, Я вам даю” (Ян 14, 27). Што гэта за мір? Найперш – гэта духоўны мір. Калі ў душы чалавека будзе супакой, то і ў свеце будзе мір. Калі нарадзіўся Езус, хоры анёлаў спявалі: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі мір людзям добрай волі” (Лк 2, 14). Езус нясе мір у сэрцы людзей, і гэты мір ёсць хвалой Бога.

Нездарма Другі Ватыканскі Сабор навучае, што “супакой – гэта не проста адсутнасць вайны, не толькі стан раўнавагі супярэчных сіл. Супакой не нараджаецца з дэспатычнага дамінавання, але слушна і трапна ён названы «справай справядлівасці» (Іс 32, 17). … Зямны супакой, які ўзнікае з любові да бліжняга, – гэта вобраз і вынік Хрыстовага супакою, які паходзіць ад Бога Айца. … Таму да хрысціянаў скіраваны настойлівы заклік, каб, «робячы праўду ў любові» (Эф 4, 15), яны ядналіся з сапраўды мірна настроенымі людзьмі, каб у малітвах выпрасіць і аднавіць супакой” (GS 78).

Таму Касцёл няспынна прыпамінае словы Езуса: “Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названы сынамі Божымі” (Мц 5, 9). Папа Францішак і прадстаўнікі іншых веравызнанняў адважна выказваюцца за пошук мірнага вырашэння сірыйскага канфлікту. Тым больш што яго наступствы могуць быць непрадбачанымі і іх цяжка прадугледзець.

6. Сёння, молячыся аб міры, просім Цябе, Усемагутны Божа супакою! Прымі нашу малітву, якая сёння ўліваецца ў сусветны малітоўны акіян, і заступніцтвам Марыі – Каралевы міру – даруй супакой Сірыі, Блізкаму Усходу і ўсяму свету, бо мір на зямлі – гэта прадвеснік шчасця ў вечнасці. Амэн.

Выкарыстаная літаратура:

1. GS
2. http://www.preachtheword.com/sermon/bea09.shtml.
3. http://www.vatican.va/holy_father/paul_vi/speeches/1965/documents/hf_p-vi _spe _19651004_united-nations_it.html.
4. http://ekai.pl/dziennikarze_kai/x70210/wojna-i-co-dalej/.
5. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/angelus/2013/ documents/papa-francesco_angelus_20130901_it.html.
6. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/letters/2013/documents/papa-francesco_20130904_putin-g20_en.html.

Адноўлена 06.09.2013 12:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі