8 верасня 2013 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Кароль Давід у адным са сваіх псальмоў, нагадваючы аб Ерузалеме, кажа: “Дзеля братоў маіх і бліжніх маіх я кажу: “Мір табе!” Дзеля дома Пана, Бога нашага, жадаю табе дабра” (Пс 122(121), 8-9).
У гэтых словах Давід выказвае думку аб квітненні Ерузалема і велічы яго святыні. І хаця Бог не дазволіў Давіду пабудаваць храм у Ерузалеме, тым не менш ён там быў пабудаваны. І менавіта найперш дзеля яго Ерузалем стаўся такім слаўным. І нават сёння, калі ад гэтага храма засталася толькі сцяна плачу, габрэі памятаюць аб ім і мараць аб яго адбудове. Памятаюць аб ім і хрысціяне, бо ў ім маліўся Хрыстус.
2. Пабудаваны ў 1774 г. касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі перажыў трагічную гісторыю. У XIX быў зачынены царскімі ўладамі. Падчас Другой сусветнай вайны быў моцна пашкоджаны. Калі наступілі новыя часы свабоды веравызнання, касцёл у 1998 г. быў перададзены каталіцкай парафіі, адрамантаваны і сёння нанова кансэкруецца. Таму сённяшні дзень з’яўляцца днём яго паўторнага нараджэння. Сімвалічна, што гэтая падзея адбываецца ў парафіяльнае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
Старажытны горад Заслаўе знакаміты сваёй гісторыяй, архітэктурай і таксама прысутнасцю з XVII стагоддзя ў ім католікаў і сваім касцёлам, які, як Ерузалем, узносіцца на гары і бачны здалёк. Ерузалем, які ўсхваляў кароль Давід, называецца горадам Бога. Такім горадам павінна быць і Заслаўе, аб чым прыпамінаюць хрысціянскія святыні горада, у тым ліку і касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, які ўзносіцца на гары.
3. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Чалавецтва чакала абяцанага Богам Збаўцу. І хаця Бог мог збавіць яго многімі спосабамі, аднак лагічна было ўчыніць гэта праз чалавека, бо чалавек зграшыў і таму сам павінен быў выправіць сваю віну. Аднак грэх – гэта злачынства супраць Бога, і чалавек сваімі сіламі не мог яго выправіць. Патрэбны быў чалавек з Божай моцай. А каб нарадзіўся чалавек, патрэбна жанчына. Ёю Бог выбраў Марыю. Яна была выбрана Богам, каб нарадзіць Бога-чалавека, які змог бы збавіць чалавецтва. Бог – гэта сама святасць, таму лагічна, што святой павінна была быць і жанчына, якая была выбрана Богам нарадзіць Збаўцу. Менавіта таму Марыя прыйшла ў гэты свет як Беззаганна Зачатая, гэта азначае без першароднага граху.
Нараджэнне Марыі было знакам хуткага прыйсця ў свет Збаўцы. Мы добра ведаем, што перад узыходам сонца на небе з’яўляецца ранішняя зорка як знак таго, што завяршаецца ноч і хутка наступіць дзень. Падобна і з нараджэннем Марыі, як знаку таго, што напрыканцы тунэля, у якім знаходзілася чалавецтва ад часоў Адама, засвяціла святло.
4. Сёння рэкансэкруецца касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Заслаўі. Для чаго мы асвячаем касцёлы? Для таго, каб гэты будынак быў месцам, дзе Хрыстус прамаўляе да нас і такім чынам вядзе да веры; месцам, дзе Ён некрывавым чынам у святой Эўхарыстыі ахвяруе сябе за нас; месцам, дзе ў сакрамэнце пакаяння ахінае нас сваёй міласэрнасцю; месцам, дзе асвячае нас сваёй ласкай; месцам, дзе вучыць нас любові да Бога і бліжняга; месцам, дзе аб’ядноўвае ў адну сям’ю.
Галоўнымі момантамі асвячэння касцёла з’яўляюцца наступныя:
- Акрапленне асвячонай вадой, якое прыпамінае нам сакрамэнт хросту і наша духоўнае адраджэнне. Вада – гэта знак жыцця. Дзе ёсць вада, там ёсць і жыццё. Моцаю Святога Духа ў сакрамэнце хросту мы сталіся новым стварэннем. Моцаю Святога Духа гэтыя сцены становяцца месцам, дзе нараджаецца новы Народ Божы.
- Намашчэнне алтара і сцен касцёла святой хрызмай азначае іх намашчэнне Святым Духам. На алтары цэлебруецца Эўхарыстыя – цэнтральны сакрамэнт, які з’яўляецца хлебам вечнага жыцця. Намашчаныя крыжы на сценах касцёла азначаюць, што сапраўдны Касцёл, як Народ Божы, збудаваны на фундаменце апосталаў.
- Акаджэнне алтара і сцен храма азначае, што гэтае месца з’яўляецца месцам малітвы. Сюды прыходзім, каб дзякаваць Богу, Яго перапрашаць і прасіць благаслаўлення на будучыню; прыходзім, каб спаткаць Бога і Яго несці іншым.
- І, нарэшце, запальванне свечак і асвятленне касцёла. Запаленая свечка – гэта сімвал Уваскрослага Хрыста. Мы ўсе павінны быць як запаленыя свечкі і гарэць святлом Евангелля, каб іншыя маглі яго ўбачыць і такім чынам спаткаць крыніцу гэтага святла – Езуса Хрыста. 5. Такім чынам, літургія асвячэння касцёла раскрывае нам яго значэнне як месца, дзе жыве Бог, і месца, дзе мы Яго можам спаткаць.
Менавіта таму мы імкнёмся мець касцёлы і клапоцімся, каб іх было як мага больш. Сучасны свет, які ўсё больш аддаляецца ад Бога, патрабуе месцаў, дзе чалавек можа спаткаць Божую праўду, што ніколі не змяняецца, каб гэтай праўдай жыць і яе несці іншым. Прыкладам нам з’яўляецца Марыя. Яна была паклікана Богам, каб стаць Маці Збаўцы, і назаўсёды засталася вернай свайму пакліканню.
У сакрамэнце хросту мы сталіся хрысіянамі і атрымалі Божы дар веры. Брамы веры адчынены ўсім, але ці спяшаемся мы ўваходзіць праз іх? Ці стараемся ўмацоўваць сваю веру, каб ёю жыць і несці яе іншым людзям? Калі пакладзем руку на сэрца, то, напэўна, прызнаем, што гэта далёка не так.
Стары, але нанова асвечаны касцёл акурат і павінен дапамагчы нам не баяцца ўвайсці ў брамы веры, не баяцца ёю жыць і яе сведчыць. Касцёл і рэлігійныя практыкі, якія адбываюцца ў ім, павінны дапамагчы нам захаваць годнасць Божых дзяцей і быць святынямі Святога Духа, як ёю была Марыя, нараджэнне якой мы сёння святкуем.
Таму, поўныя даверу да Цябе, Марыя – Божая Маці і Маці нашай веры – давяраемся Табе і просім, каб у прысвечаным Табе касцёле мы аднаўлялі нашу веру і ёю жылі, каб яна была нашым светачам у духоўнай цемры сучаснага свету і каб вяла нас да еднасці з Богам і людзьмі, каб старажытны горад Заслаўе сапраўды быў горадам Бога, які жыве ў сваім Касцёле і ў душах людзей. Амэн.
|