19 верасня 2013 г., Вілейка
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. У мінулую суботу касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы адзначаў свой 100-гадовы юбілей. Я яшчэ раз віншую парафію з гэтай круглай датай і жадаю ёй Божага благаслаўлення. Сёння, як быццам у працяг гэтага святкавання, у гэтым касцёле праходзіць чарговая пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якой мы распачынаем новы пастырскі год. Гэта вельмі сімвалічна, бо касцёл, нават калі ён і вельмі прыгожы, не адыграе той ролі, якую павінен адыграць у справе збаўлення чалавека, калі ў ім не будзе святара. Ён застанецца музеем, але не месцам спаткання чалавека з Богам.
2. “Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас”.
Гэты спеў перад Евангеллем перадае сутнасць нашага святарскага і манаскага служэння. Мы, святары і кансэкраваныя асобы, пасланы да спрацаваных і абцяжараных рознымі справамі і сваімі грахамі. Нашым заданнем ёсць даць ім найперш духоўную палёгку і таксама, калі існуе такая патрэба, арганізаваць дабрачынную дапамогу.
Чытанні сённяшняй святой Імшы маюць вельмі выразны пастырскі характар.
У першым чытанні з Паслання святога апостала Паўла да Цімафея Апостал народаў прадстаўляе тыя якасці, якімі павінны адзначацца духоўныя асобы. А менавіта — узор у слове, добрыя паводзіны, любоў, вера і беззаганнасць. Павел шануе высокія ідэалы маладога Цімафея, які адчуваў сябе няўпэўнена. Менавіта таму Апостал народаў падбадзёрвае яго да абвяшчэння Божага слова і арганізацыі жыцця хрысціянскіх супольнасцяў. Святы апостал Павел пры гэтым кажа, што гэта ўсё неабходна для свайго і іншых збаўлення.
Евангелле прадстаўляе нам Езуса, які мужна адстойвае свае прынцыпы з ганарлівымі і адначасова з’яўляецца далікатным са сціплымі і пакорнымі. Менавіта такім Ён прадстае ў прыпавесці аб грэшнай жанчыне, якая каялася за свае грахі і аказвала любоў да Езуса.
Гісторыя, прадстаўленая ў сённяшнім Евангеллі, — гэта правакацыйная гісторыя. Цяжка грашыўшая жанчына аказвае большую любоў да Езуса, чым фарысей, які быў духоўным кіраўніком народу. Езус даруе грахі грэшнай жанчыне і хваліць яе. У той жа час Ён папракае фарысея, які не аказаў належнай павагі Яму, як госцю. На першы погляд гэта можа здацца несправядлівым, аднак толькі да той пары, пакуль мы не зразумеем, што ганарлівасць і непакорнасць — гэта таксама грэх. Прыклад Езуса, які дараваў грахі чужаложніцы, нагадвае пра тое, што заўсёды ёсць надзея на навяртанне.
3. Як першае, так і другое чытанне з’яўляюцца вельмі актуальнымі ў нашай пастырскай дзейнасці. Большая часта нашых святароў – маладыя. Недахоп святароў і малая колькасць вопытных не даюць магчымасці маладым прайсці адпаведную пастырскую практыку, каб потым адчуваць сябе больш упэўненымі ў пастырскай дзейнасці. Аднак святы апостал Павел, як мы гэта пачулі ў сённяшнім Пасланні да Цімафея, падбадзёрвае маладых і адначасова заўважае, што вернікі не павінны пагарджаць маладосцю святароў. Неабходна памятаць аб тым, што кожны са святароў дзейнічае не сваёй моцай, але моцай Хрыста, і дапамагаць ім у выконванні іх служэння.
Выключна важнай з пастырскага пункту гледжання з’яўляецца сённяшняе Евангелле, якое на першае месца ставіць справу Божай міласэрнасці. Фарысей запрашае Езуса да сябе дамоў. Пры гэтым ён не аказвае звычайнай паслугі госцю, не вітае Яго пацалункам, не падае вады абмыць ногі. Гэтым самым ён паказвае, хто тут важнейшы, — ён, а не Хрыстус. Больш за тое, ён папракае Езуса, што Ён дапускае да сябе грэшную жанчыну. Такім чынам фарысей імкнецца да таго, каб яму, а не грэшнай, патрабуючай духоўнай дапамогі, жанчыне Езус прысвяціў больш увагі і пахваліў яго.
Такая гісторыя нярэдка паўтараецца і ў нашым жыцці. Сучасны чалавек вельмі часта больш увагі звяртае на вонкавыя аспекты свайго жыцця, чым на духоўныя. Ён нярэдка хоча мець такога святара, які чыніў бы ўсё так, як яму хочацца. Нярэдка людзі наракаюць, што святар патрабуе ад іх падрыхтоўкі да шлюбу, да хросту і г.д. Але гэта патрабаванне не святара, а Касцёла.
Фарысей не мог пагадзіцца з тым, што зрабіў Езус. Ён не мог пагадзіцца з тым, што Езус звярнуў большую ўвагу на грэшную жанчыну, а не на яго, і нават адпусціў ёй грахі. Гэта не прарок, — кажа фарысей, — бо прарок павінен быў бы ведаць, кім з’яўляецца гэтая жанчына. У іншым месцы Езус скажа, што лекара патрабуе не здаровы, а хворы чалавек. Такой хворай была грэшная жанчына, і менавіта яе вылечыў Езус.
4. Сучасны свет духоўна хворы, і мы, святары і кансэкраваныя асобы, пакліканы яго лячыць.
Свята Узвышэння Святога Крыжа, падчас якога ў Вілейцы адбываліся юбілейныя ўрачыстасці, нагадвае нам праўду, што Крыж з’яўляецца нашым збаўленнем, што гэта знак Божай міласэрнасці. Калі габрэі паміралі ад укусаў змеяў, то Бог казаў ім спазіраць на ўзнятага на жэрдзі меднага змея, каб выратавацца ад смерці. Сёння нас кусаюць ядавітыя змеі бязвер’я і секулярызму, і нам неабходна глядзець на Крыж, каб выратавацца. З дрэва Крыжа зыходзіць збаўчая Божая любоў, якую мы пакліканы несці іншым. Мы павінны ведаць пах нашых вернікаў, як кажа Папа Францішак, гэта азначае ведаць іх патрэбы, каб ім дапамагчы, як гэта ўчыніў Езус.
Святар узяты з людзей і для людзей пастаўлены. Ён пакліканы служыць людзям, але і людзі таксама павінны маліцца ў інтэнцыях святароў і пакліканняў да святарства, якіх яшчэ вельмі мала, і дапамагаць святарам у выконванні іх абавязкаў. Нельга браць прыкладу з фарысеяў, каб не дзяліць. Нам неабходна будаваць адзінства, бо ў гэтым наша сіла.
5. Новы пастырскі год распачынаецца ў Год веры, які завершыцца 24 лістапада. Усе нашы высілкі павінны быць накіраваны да адраджэння і ўмацавання нашай веры і яе сведчання. Мы, духоўныя асобы і вернікі, павінны быць светачамі веры ў сучасным свеце, - як заклікае Папа Францішак. Каб лямпа гарэла, у ёй павінен быць алей. Таму, каб быць светачамі веры, неабходна мець у сабе алей Божай ласкі.
Няхай жа нашы сумесныя высілкі праз будаванне еднасці і жыццё ў Божай ласцы дапамогуць адрадзіць веру, каб, жывучы ёю, будаваць новую гармонію паміж усімі намі і гармонію нашага грамадства. Амэн.
|