22 верасня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сённяшняе Евангелле распавядае пра багатага чалавека і загадчыка яго маёмасці, кажучы сучаснай мовай – мэнэджэра. Гэта адна з самых складаных прыпавесцяў Езуса, бо здаецца, што Ён хваліць тых, хто несумленна ўзбагачаецца.
У тыя часы мэнэджэр меў вялікую свабоду распараджацца маёмасцю гаспадара і таму нярэдка выкарыстоўваў гэтае права для сваёй выгады. Як кажуць – зарабляў, выкарыстоўваючы грошы гаспадара.
Але шыла ў мяшку доўга не ўтрымаеш, і прыйшоў час, калі гаспадар выявіў махінацыі. Ён запатрабаваў поўнай справаздачы ў мэнэджэра, як той распараджаўся яго маёмасцю і якія прынёс даходы. Аднак мэнэджэр быў хітрым і вельмі хутка знайшоў выйсце з сітуацыі. Ён паменшыў даўгі даўжнікоў свайго гаспадара і такім чынам знайшоў сабе сяброў, каб яны былі яму абавязанымі.
Калі гаспадар даведаўся пра гэта, то пахваліў мэнэджэра. І тут наступае самы важны і цяжкі момант сённяшняга Евангелля. Здаецца, што Езус хваліць махінатара. Але не, Езус гэтага не чыніць. Ён не пахваліў несумленнасць мэнэджэра, але яго празорлівасць знайсці ўпадабанне ў вачах людзей, якія потым яму дапамогуць.
Пры гэтым Езус падкрэсліў, што тыя, хто шукае асабістай выгады, з’яўляюцца больш праніклівымі, чым тыя, хто шукае духоўнай карысці. Адсюль выснова, што ў пошуках духоўнай карысці нам трэба быць праніклівымі, як праніклівымі з’яўляюцца асобы, якія шукаюць асабістай матэрыяльнай выгады.
Далей Езус вучыць, што неабходна разумна выкарыстоўваць матэрыяльныя каштоўнасці, каб дасягнуць вечнага шчасця, бо багатаму цяжка ўвайсці ў Божае Валадарства. Іншымі словамі, Езус заахвочвае да мудрага выкарыстоўвання зямных багаццяў. Бо калі мы гэтага не ўмеем чыніць, то хто нам даверыць духоўныя? – пытаецца Ён.
2. Пасля гэтых павучанняў Хрыстус кажа, што нельга адначасова служыць багаццю і Богу. Бог павінен быць нашым сапраўдным багаццем. Наша сэрца там, дзе наша багацце. Калі мы клапоцімся толькі аб матэрыяльным багацці, то і наша сэрца будзе там. Але, каб дасягнуць Божага Валадарства, неабходна клапаціцца аб духоўных справах. Тут Езус не кажа не клапаціцца аб зямных справах, а толькі нагадвае, што, як мы распараджаемся матэрыяльнымі справамі, таксама распараджаемся і духоўнымі. Хрыстус падкрэслівае і тое, што матэрыяльныя справы, якія неабходны для жыцця, не могуць замяняць духоўных, але павінны весці да іх.
3. Звычайна багацце ў нас асацыюецца з грашыма. У каго многа грошай – той багаты, у каго мала – той бедны. Калі мы кажам пра грошы, то маем на ўвазе банкноты. Калі б яны маглі гаварыць, то, напэўна, маглі б распавесці вельмі цікавыя гісторыі, як іх выкарыстоўвалі людзі. Кожная кропка, пляма, нейкі запіс ці надрыў на банкноце – гэта частка яе гісторыі, якая звязана з гісторыяй людзей, якія гэтую банкноту выкарыстоўвалі. Толькі Бог дакладна ведае, дзе была і для якіх мэтаў выкарыстоўвалася тая ці іншая банкнота. Яна, як і чалавек, мае свае радасныя і балючыя таямніцы.
Грошы могуць быць выкарыстаны для добрых і злых мэтаў; для таго, каб жыць, лячыць чалавека, дапамагчы беднаму і г.д. Выкарыстоўваюць іх і для таго, каб купіць зброю для тэрарыстычнага акту. Выкарыстоўваюць для набыцця наркотыкаў, алкаголю і ажыццяўлення многіх амаральных справаў. Такім чынам, грошы могуць дапамагаць чыніць дабро, але могуць і стаць прычынай зла.
4. Адзін вельмі багаты чалавек звярнуўся да псіхатэрапеўта, скардзячыся на тое, што, нягледзячы на сваё багацце, не адчувае сябе шчаслівым. Урач падвёў яго да акна і спытаўся, што ён бачыць. Багаты чалавек адказаў: бачу вуліцу, а на ёй дамы, людзей, дзяцей і г.д. Потым урач паставіў яго перад люстэркам і задаў тое ж самае пытанне: што ён бачыць? Багаты чалавек адказаў: сябе самога. Тады ўрач спытаў яго, чым адрозніваецца акно ад люстэрка, і патлумачыў, што шкло ў акне чыстае і нічым не захіленае, а ў люстэрцы яно заклеена тонкай плёнкай срэбра. Як вядома, срэбра належыць да каштоўных металаў.
Мараль гэтага аповеду наступная. Дакуль перад вачыма чалавека няма багатых рэчаў, ён усё бачыць натуральным і Божым спосабам. Калі ж з’яўляюцца матэрыяльныя рэчы, яны нас спакушаюць, і праз іх прызму мы бачым толькі сябе, а не бліжняга. Такім чынам, наша пакланенне грашам і матэрыяльным каштоўнасцям з’яўляецца прычынай нашага эгаізму. Гэтым самым мы адракаемся ад Бога ў нашым жыцці, што можа прывесці да нечаканых вынікаў.
Адна гісторыя распавядае пра вельмі вядомага будаўніка. Незадоўга да пенсіі ён атрымаў заказ на будаўніцтва новага дома. Ён добра ведаў, што гэта яго апошняя праца, і пасля яе завяршэння ён пойдзе на адпачынак. Не будучы маральна ўстойлівым, ён выкарыстоўваў неадпаведныя будаўнічыя матэрыялы, каб такім чынам несправядліва зарабіць. Ён думаў: усё затынкуецца і не будзе бачна, якасныя матэрыялы ці не. Якое ж было яго здзіўленне, калі на развітанне з ім фірма, у якой ён працаваў, як узнагароду падарыла яму кватэру менавіта ў гэтым доме. Аказалася, што гэты дом ён будаваў для сябе. Ён добра ведаў, што дом збудаваны з няякасных будаўнічых матэрыялаў і таму не будзе добрым. Гэта быў вялікі ўрок яму, што ўсё тое, што мы робім, робім не толькі для іншых, але адначасова робім для сябе.
3. Менавіта аб гэтым нам хоча нагадаць сёння Езус, калі кажа, што нельга служыць двум гаспадарам – Богу і мамоне.
Парабала аб несправядлівым мэнэджары павінна заахвоціць нас да абачлівага выкарыстання матэрыяльных каштоўнасцяў, бо існуе два варыянты – служыць Богу альбо багаццям. 20 верасня г.г. Папа Францішак, каментуючы евангельскі тэкст, падкрэсліў, што нельга адначасова служыць Богу і грашам. Пры гэтым ён сказаў, што гэта не камуністычны погляд, але слова самога Езуса. Сіла грошай адцягвае ад веры, аслабляе яе, і чалавек яе страчвае. Напачатку грошы даюць пачуццё дабрабыту і важнасці, але потым прыходзіць марнасць, ад якой толькі адзін крок да пыхі. Папа заклікае быць уважлівымі, каб не трапіць у пастку ідалапаклонства грашам.
Няхай жа сённяшняе Евангелле дапаможа нам паўсюль бачыць не толькі рэчы, але і людзей і ім служыць, каб стаць сапраўднымі мэнэджэрамі Божай дабрыні. Амэн.
|