25 верасня 2013 г., Новы Свержань
Дзякуем табе, а. Станіслаў – верны слуга Евангелля
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння мы сабраліся ў касцёле свв. апп. Пятра і Паўла ў Новым Свержані, каб падзякаваць а. Станіславу Салаце, які завяршае сваё служэнне ў Беларусі, падзякаваць таму, які больш за два дзесяцігоддзі верна служыў Касцёлу ў нашай краіне, падымаў яго з руін і ўмацоўваў.
2. Благаслаўлёны Бог, які жыве навекі.
Гэты рэфрэн сённяшняй св. Імшы вельмі добра перадае тую ідэю, якой прысвяціў сваё служэнне а. Станіслаў. На самым пачатку адраджэння Касцёла ў Беларусі ты, а. Станіслаў, прыехаў на гэтую выпаленую сонцам атэізму зямлю, дзе амаль што не было святароў, каб абвяшчаць хвалу Бога, якога не змог знішчыць атэістычны рэжым. Ты прыехаў у Беларусь, каб абвяшчаць хвалу Таго, які быў, які ёсць і які будзе назаўсёды, нягледзячы на тое, што наша Бацькаўшчына праз доўгія гады ганенняў на веру была палігонам атэізму і была моцна знішчана духоўным Чарнобылем.
Можа, камусьці гэта падасца іроніяй лёсу, аднак менавіта ў чарнобыльскай зоне давялося табе працаваць. Там, на знішчанай фізічным і духоўным Чарнобылем зямлі, ты мужна адраджаў духоўнасць. Ты пабудаваў касцёл у Нароўлі і капліцу ў Грушоўцы, як месца спаткання з Богам, каб у яго сценах будаваць сапраўдны Касцёл, імя якому Народ Божы.
3. Паўсюль, куды Божы Провід рашэннем біскупа пасылаў цябе, ты, не пакладаючы сіл, служыў Богу і людзям. З тваім іменем звязаны пачатак будовы новага касцёла ў Фаніпалі і праведзены рамонт старажытнага касцёла ў Новым Свержані. Аб гэтым сведчаць таксама і сёння тры адноўленыя алтары, якія асвячаюцца сёння, што вельмі сімвалічна. Алтар – гэта месца, на якім святар у Эўхарыстыі складае бяскроўную ахвяру Езуса Хрыста. Выконваючы сваё служэнне, ты склаў самога сябе ў ахвяру і згарэў, як згарае свечка – да канца. І толькі стан здароўя не дазваляе табе працягваць далей тваё служэнне. Твая адданая праца прынесла табе павагу і заслужаны аўтарытэт як сярод вернікаў, так і ў грамадстве.
Хвароба не дазваляе табе далей працягваць служэнне тут, і ты ад’язджаеш. Аднак ты ад’язджаеш з вялікім гонарам, бо пакідаеш пасля сябе след на беларускай зямлі. Гэта матэрыяльны і духоўны след, дзякуючы якому адрадзілася вера і вырасла новае пакаленне вернікаў, якія сёння дзякуюць табе і дзякуюць Богу за тваё адданае служэнне.
4. Айцец Станіслаў, табе можна адрасаваць словы першага сённяшняга чытання з кнігі Ездры (пар. 9, 5-9). Ты, падобна як прарок Ездра, апынуўся ў сітуацыі, калі людзі чынілі беззаконні і пераследавалі веру. Тым больш што гэта сталася на ахрышчанай тысячу гадоў таму зямлі. Гэта быў вялікі грэх.
Ты, падобна як Ездра, упаў з людзьмі на калені і перапрашаў Бога за грахі народу. І Бог аказаў сваю міласэрнасць. Народ, які многія дзесяцігоддзі хадзіў у духоўнай цемры, дзякуючы твайму адданаму служэнню атрымаў святло Евангелля. І ты, а. Станіслаў, быў актыўным удзельнікам гэтага працэсу.
5. Табе таксама можна адрасаваць словы сённяшняга Евангелля. Цябе, як калісьці апосталаў, паслаў Езус, каб абвяшчаць Божае Валадарства і аздараўляць хворых. Наша зямля патрабавала носьбітаў Евангелля; патрабавала тых, хто, цэлебруючы сакрамэнты, асвячае людзей; патрабавала будаўнікоў хрысціянскіх супольнасцяў. Езус паслаў цябе да гэтага народу як аднаго з апосталаў сучаснасці. Ты нічога не ўзяў з сабой у дарогу, толькі Евангелле і крыж. Гэта была твая духоўная зброя.
6. Айцец Станіслаў, ты ад’язджаеш з Беларусі, але цешышся яе духоўным адраджэннем, у які ты ўнёс свой вялікі ўклад.
Вялікі паэт Аляксандр Пушкін пісаў: “Я памятник себе воздвиг нерукотворный, к нему не зарастёт народная тропа”. Ты таксама збудаваў сабе помнік, і не адзін. Гэта пабудаваныя і адноўленыя табой матэрыяльныя святыні з цэглы. Гэта святыні Духа Святога, якімі сталі ахрышчаныя і адноўленыя да новага жыцця ў сакрамэнце пакаяння людзі. Гэта таксама новы Народ Божы, які з’явіўся на нашай зямлі дзякуючы твайму ахвярнаму служэнню. Ты цяпер будзеш знаходзіцца далёка ад месцаў, дзе служыў у Беларусі. Аднак памятай аб тваіх былых верніках і маліся, каб да пабудаваных і адноўленых табой святыняў не зараслі дарогі, каб яны заўсёды былі чыстымі і каб імі ішло як мага больш людзей. Памятай, бо тут ты пакінуў частку свайго сэрца. Мы ж, са свайго боку, выказваем удзячнасць і запэўніваем аб малітве ў тваёй інтэнцыі.
Ад імя вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі шчыра дзякую табе, а. Станіслаў, за адданую і ахвярную працу, і жадаю Божага благаслаўлення. Ты належыш да манаскай сям’і Місіянераў Святой Сям’і і сваім служэннем будаваў сям’ю вернікаў у нашай краіне. Няхай і далей праз нашу супольную малітву яна становіцца больш моцнай у будаванні Божага Валадарства, на хвалу Бога і для збаўлення людзей. Амэн.
|