Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы для моладзі

26 верасня 2013 г., мінскі архікатэдральны касцёл

Узрастаць да поўні свайго паклікання

“Я дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14, 6)


Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагая моладзь!
    
1. Гэтыя словы мы спявалі перад чытаннем Евангелля. Імі Езус падкрэслівае, што не хто іншы і не што іншае ёсць дарогай, праўдай і жыццём, як толькі Ён сам. Гэтыя словы мы паўтараем сёння, калі распачынаем новы пастырскі год для моладзі і калі па чацвяргах у мінскай катэдры адбываецца традыцыйнае моладзевае набажэнства і сустрэча. Мы іх паўтараем у дзень, калі Каталіцкі Касцёл успамінае святых мучанікаў Косму і Дам’яна, якія жылі ў IV стагоддзі і сваёй мучаніцкай смерцю пацвердзілі веру ў Хрыста.

Усе мы, асабліва моладзь, шукаем шляхоў свайго жыцця. Але ці звяртаемся з дапамогай у гэтым пошуку да Хрыста і да Яго Евангелля, каб яго святло магло асвятліць гэты шлях, каб мы не заблудзіліся і маглі адрозніваць дабро ад зла? Мы шукаем праўды, але дзе? Ці ведаем аб тым, што дапамогай у гэтым пошуку ёсць вера? Святы Аўгустын кажа: “Разумею, каб верыць і веру, каб разумець”. Вера і навука – гэта два крылы, на якіх чалавек уздымаецца ўверх, каб пазнаць праўду, – навучае благаслаўлёны Папа Ян Павел II. Вера і праўда ўзаемазвязаны, а абыякавая да праўды вера не збаўляе, – кажа Папа Францішак.

Мы хочам жыць і цешыцца жыццём. Але да якога жыцця мы імкнёмся? Толькі да таго, якое прамінае, ці таксама да вечнага?

Гэтыя пытанні задае нам сёння Хрыстус. Задае Ён іх кожнаму чалавеку, асабліва моладзі, якая павінна знайсці сваю дарогу, пазнаць праўду і падрыхтавацца да самастойнага жыцця. Гэтыя пытанні задавалі сабе і святыя сённяшняга дня – Косма і Дам’ян. Адказ на яго яны знайшлі ў Хрысце, які для іх стаў дарогай, праўдай і жыццём.

2. Аднойчы выкладчык спытаў студэнтаў: “Чаго людзі шукаюць у жыцці?” Як заўсёды, былі розныя адказы. Сярод іх быў і такі, які змусіў задумацца ўсіх: адзін малады чалавек адказаў, што людзі шукаюць чагосьці такога, што магло б запоўніць іх сэрца, бо пустое сэрца баліць.

Сапраўды, пустое сэрца баліць і з’яўляецца нешчаслівым. Яго немагчыма запоўніць толькі пазнаннем законаў навукі, эканомікі ці тэхналогіі. Немагчыма запоўніць і штучнымі справамі – гэткай штучнай ежай, у выніку чаго яно становіцца яшчэ больш пустым і галодным.

Сучасны свет імкнецца да імгненнага поспеху. Здаецца, што разам з ім прыйдзе заспакаенне сэрца і задавальненне. Аднак, як паказвае жыццё, не заўсёды так адбываецца, бо імкненне да поспеху павінна яшчэ ўзбагачацца любоўю да Бога і людзей.

А дзе яна? Менавіта яе найбольш чакае сэрца, і яна не павінна падавацца ва ўпакоўцы свабоднага сексу, бо тады будзе не чым іншым, як каляровай ўпакоўкай, якая, здаецца, укрывае ў сабе ежу для сэрца. Хто, аднак, яе пакаштуе, той вельмі хутка пачуе смак горычы, смутку, здрады, самотнасці і г.д.

Словам, акрамя прафесійнай, усім нам, асабліва моладзі, патрэбна яшчэ і чалавечая і духоўная фармацыя.

4. Шлях да яе паказвае Хрыстус. Вельмі характэрным з’яўляецца Евангелле аб цудоўным улове рыбы. Пётр і яго паплечнікі лавілі ўсю ноч і нічога не злавілі. Аднак у прысутнасці Езуса, калі Яго паслухалі і выплылі на глыбіню, злавілі так шмат рыбы, што рваліся сеткі. Гэта быў сапраўдны цуд.

Добра ведаў аб гэтым Пётр. Ён ведаў, што стаўся ўдзельнікам Божай справы, што браў удзел у тым, што яго перарастае, у тым, чаго ён нягодны. Таму ён хацеў адысці. Але Езус прадказаў яму ўдзел у яшчэ большым цудзе, а менавіта ў цудзе духоўнай лоўлі людзей. Пётр адкрыў поўню свайго жыцця на глыбіне возера.

5. У нашым жыцці мы таксама знаходзімся як быццам на возеры. Ім з‘яўляецца навука, праца, адпачынак, малітва, спорт і г.д. Аднак вельмі часта нашы высілкі на ім застаюцца безвыніковымі. Мы ўсё чакаем багатага ўлову, а яго няма. Евангелле навучае, што ён можа здзейсніцца толькі тады, калі мы паслухаем Езуса і адплывём на глыбіню, гэта азначае, што не будзем задавальняцца простымі рашэннямі, але знойдзем у сабе сілы рашыцца на высілак, на адвагу, на перамогу цяжкасцяў і таксама на давер, што варта паслухаць Езуса і закінуць сеткі, бо Яго словы даюць багаты плён.

Дарагія моладзь! У імкненні да поспеху не бойцеся адплысці на глыбіню возера навукі, прафесійнай дасканаласці і духоўнага жыцця, каб там разам з Езусам закінуць сеткі, каб больш пазнаваць, мацней верыць і на хрысціянскіх каштоўнасцях фармаваць сябе.

Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, апякунка моладзі, ахіне вас плашчам сваёй апекі. Няхай святыя сённяшняга дня Косма і Дам’ян выпрасяць у Бога патрэбныя для вас ласкі, каб ваша вера была моцнай, а Езус быў вашай дарогай, праўдай і жыццём. Няхай вам спадарожнічаюць словы вядомага французскага паэта і чалавека сталых маральных поглядаў Антуана дэ Сэнт-Экзюперы, што нельга ўхіляцца ад высілкаў, а калі ўхіляцца, то толькі для таго, каб распачаць яшчэ большыя, бо нашым заданнем ёсць узрастаць і дарастаць да адкрыцця поўні свайго паклікання. Амэн.

Адноўлена 26.09.2013 10:33
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі