29 верасня 2013 г.
Наш надзейны абаронца
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала, якое сёння адзначае Касцёл, уводзіць нас у таямніцу свету анёлаў. Вядома, што яны створаны Богам як духі, якія маюць розум і вольную волю, але не маюць цела. Сярод іх ёсць вышэйшыя рангам, калі так можна выказацца, і ніжэйшыя. Менавіта гэта арханёлы, якіх мы сёння ўспамінаем, і анёлы, у залежнасці ад таго, якое заданне ім даручыў Бог.
2. Са Святога Пісання мы ведаем, што калі Бог стварыў святло, то даручыў яго найбольш значнаму з усіх анёлаў, імя якога было Люцыфер, што азначае Насіцель святла.
Люцыфер любіў сябе больш за ўсё аж да такой ступені, што хацеў заняць месца Бога, і з групай іншых анёлаў стаў змагацца з Ім.
Напэўна, Бог мог адразу перамагчы Люцыфера і ягонае войска, бо Ён усемагутны. Аднак паводле Божага Провіду іншы арханёл з воклічам “Хто ж як Бог!” павёў верных Богу анёлаў на барацьбу з Люцыферам. Словы “Хто ж як Бог!” па габрэйску гучаць “Мі-Ха-Эль”, адкуль і паходзіць імя Міхал.
“Хто ж як Бог!” Гэты вокліч кажа, што ніхто не можа зраўняцца з Богам. Люцыфер думаў, што ён быў як Бог, але памыліўся. Не важна, якім значным ён быў, але ён заставаўся творам Бога, які заўсёды больш значны за сваё тварэнне.
Арханёл Міхал са сваім анёльскім войскам ваяваў супраць Люцыфера і перамог, бо ведаў, што няма нікога большага і мацнейшага за Бога. У выніку Люцыфер страціў пазіцыю носьбіта святла і замест таго, каб называцца Люцыферам, называецца д’яблам ці злым духам, які спакушае. Урэшце д’ябал і ягоныя анёлы павінны былі пакінуць неба, бо для іх там больш не было месца.
З усёй гэтай гісторыі зыходзіць выснова, што не неба змянілася, але Люцыфер і яго анёлы змяніліся, і ў небе няма месца таму, хто ненавідзіць Бога. Збунтаваныя анёлы пайшлі ў пекла, а Люцыфер, які імкнуўся валодаць светам, стаў валадаром пекла.
3. Гэтая гісторыя паўтараецца, і Бог пытаецца ў нас: “На чыім баку мы знаходзімся? Д’ябла ці Aрханёла Міхала?” Ад гэтага залежыць наш лёс на зямлі і ў вечнасці. Бог пытаецца заўсёды, бо д’ябал, як рыкаючы леў, імкнецца як мага больш душаў зацягнуць у свае сеткі. Бог пытаецца асабліва ў наш час крызісу веры.
Пануючы ў сучасным свеце дух секулярызму вельмі моцна ўплывае на чалавека, не вядзе яго да Бога, але ад Бога; спакушае на кожным кроку; абяцае шчасце без Бога; сцвярджае, што Божы закон абмяжоўвае свабоду чалавека і г.д.
У той жа час адмаўленне ад Божага закону не з’яўляецца свабодай, а новым знявольваннем. Калі чалавек думае, што ён свабодны тады, калі можа чыніць усё, што хоча, – прымаць наркотыкі, піць алкаголь, весці распуснае жыццё, гуляць у казіно і г.д., то ён вельмі моцна памыляецца. Ён не свабодны, а нявольнік алкагалізму, наркотыкаў, неўпарадкаванага сексу і т.п.
Свабода без Божага закону на самой справе вядзе да несвабоды. І ўжо не чалавек кіруе сваім жыццём, але паталогіі і нядобрыя звычкі. Прымаючы прапанову злога духа, чалавек выступае супраць Бога і замест таго, каб ісці шляхам збаўлення, ідзе дарогай пражыцця.
Таму прыклад святога Міхала Арханёла заўсёды з’яўляцца актуальным. І нам, людзям XXI стагоддзя, неабходна кожны дзень паўтараць яго дэвіз: “Хто ж як Бог!”, каб на першым месцы заўсёды быў Бог і каб Ён кіраваў нашым жыццём.
4. Менавіта таму Касцёл заахвочвае маліцца да святога Міхала Арханёла, каб сілы зла нас не перамаглі.
Гісторыя малітвы да святога Міхала Арханёла звязана з яго аб’яўленнямі ў гарах Гаргана ў Італіі напрыканцы V стагодзя. Менавіта там ён аб’явіўся святому біскупу Лаўрэнцію і папрасіў асвяціць грот, які сабе абраў. З тых часоў на Гары святога анёла (Monte di San’Angelo) на Гаргана існуе прысвечаны яму санктуарый. У ім знаходзіцца славутая фігура святога Міхала Арханёла, якая была зроблена ў 1507 г. Яна ўяўляе сабой князя нябеснага войска ва ўбранні рымскага легіянера з мячом у руцэ, пад яго нагамі знаходзіцца галава пераможанага д’ябла.
Копія гэтай фігуры сёння прыбывае ў парафію Святога Міхала Арханёла ў Гатава, духоўная апека якой даручана айцам міхалітам. Такім чынам праз яе грот святога Міхала Арханёла з Гаргана ў Італіі становіцца бліжэйшым нам, каб мы маглі карыстацца з тых духоўных дароў, якія дае Бог праз заступніцтва нашага нябеснага апекуна.
Культ святога Міхала Арханёла вельмі моцна распаўсюджаны ў Беларусі, і менавіта ён з’яўляецца нябесным апекуном як нашай краіны, так і Мінска-Магілёўскай Мітраполіі. Упэўнены, што з прыбыццём копіі яго фігуры з санктуарыя ў Гаргана гэты культ яшчэ больш пашырыцца.
5. Пасля святой Імшы пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце адбудзецца малітва аб вызваленні ад розных залежнасцяў. Гэтая малітва будзе адбывацца ў кожны першы аўторак месяца, калі ўшаноўваецца святы Міхал Арханёл.
Потым міхаліты атрымаюць шкаплер святога Міхала Арханёла. Мы ведаем шкаплер Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Калі яго часта называюць кулеадпорнай камізэлькай, то шкаплер святога Міхала Арханёла называецца пакусаадпорнай камізэлькай. І той, і іншы патрэбныя, бо неабходна бараніцца як ад спакусаў, так і ад грахоўных куляў.
Дарагія браты і сёстры, у гэты асаблівы дзень даверым Касцёл у Беларусі, саміх сябе, парафію ў Гатава і супольнасць міхалітаў апецы святога Міхала Арханёла.
Святы Міхале Арханёле, магутны наш апякун і заступнік, ахоўвай нас ад усялякага зла, перадусім ад уплыву знішчаючага духоўнасць секулярызму. Выпрасі нам у Бога ласку заўсёды ў сваім жыцці кіравацца тваім дэвізам: “Хто ж як Бог!”, — бо шчаслівы чалавек, які спадзяецца на Бога. Амэн.
|