29 верасня 2013 г.
Святы Міхал Арханёл – сімвал перамогі над злом
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл адзначае свята святых арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала. Кожны з іх адыграў асаблівую ролю у гісторыі збаўлення.
Анёлы – гэта Божыя стварэнні, якія не маюць цела, але маюць розум і свабодную волю. Адметнасцю анёлаў з’яўляецца тое, што яны створаны Богам для выконвання спецыяльных заданняў, і таму праз іх дзейнічае сам Творца. У гэтым сэнсе сімвалічна, што імёны сённяшніх святых на габрэйскай мове заканчваюцца на “-эль” – Міхаэль, Габрыэль і Рафаэль. А “Эль” на старагабрэйскай мове азначае Бог.
Імя Міхал – азначае Божая моц. Габрыэль – Божы пасланец. Рафаэль – Божыя лекі. Са Старога Запавету ведаем, што Арханёл Міхал перамог збунтаваных анёлаў. Габрыэль звеставаў Марыі, што Яна Богам паклікана быць Маці Збаўцы. Рафаэль вылечыў маладога Тобія. Такім чынам нябачны Бог становіцца прысутным у сваіх анёлах і праз іх аб’яўляе сваю моц. Сапраўды, хто можа быць такім, якім ёсць Бог? Хто можа так любіць, каб праз свайго Сына збавіць нас і вылечыць ад грахоўнай хваробы?
2. Сёння ў парафіі ў Багданаве патранальнае парафіяльнае свята, адпуст святога Міхала Арханёла. Імя Міхал паходзіць ад габрэйскага слова “Міхаэль”, якое на беларускую мову перакладаецца як “Хто ж як Бог!” Менавіта з такім воклічам пайшоў на барацьбу са збунтаванымі анёламі Арханёл Міхал. Гэтае імя таксама азначае перамогу над злом і супрацьпастаўляецца фальшываму выкарыстанню дару свабоды. Прыкладам такога неадпаведнага выкарыстання свабоды з’яўляюцца збунтаваныя анёлы, якіх перамог святы Міхал.
Таму гэтае імя вучыць нас, што азначае быць Божым стварэннем і як выкарыстаць Божы дар свабоды, што вельмі важна ў наш час.
3. Сучасны свет усё мацней ставіць пытанне: “Ці для таго, каб быць шчаслівым, неабходна залежаць ад Бога і Яго загадаў? Дзе тады свабода?” Прыхільнікі абсалютнай свабоды чыніць усё, што хочацца, і лібералізму кажуць, што шчасця можна дасягнуць без Бога, які толькі і жадае, каб зняволіць чалавека і зрабіць яго залежным ад сябе. Гэта на што іншае, як барацьба злога духа з чалавекам. У такой сітуацыі Касцёл накіроўвае наш позірк да святога Міхала Арханёла.
4. Гісторыя свету і нашага недалёкага мінулага падчас ганенняў на Касцёл выразна сведчыць, што будаванне раю без Бога на самой справе азначае будаванне пекла. Таму неабходна вучыцца адрозніваць сапраўднае дабро ад фальшывага і штучнага, праўду ад хлусні, шчасце ад ілюзій. Гэта нялёгкае заданне, асабліва калі сціраецца розніца паміж дабром і злом, праўдай і фальшам. У выніку чаго аслабляецца вера і мы, хрысціяне, становімся неаязычнікамі.
Перад такімі выклікамі сучаснасці Касцёл, які бярэ прыклад са святога Міхала Арханёла, не кланяецца тэндэнцыям моднага ў наш час маральнага плюралізму, а цвёрда стаіць на пазіцыях тых каштоўнасцяў, якія даў нам Хрыстус і якія сцерагуць годнасць чалавека і вядуць да сапраўднага шчасця. Усё гэта азначае, што мы, падобна як гэта ўчыніў святы Міхал Арханёл, павінны падняць уверх меч Евангелля і з заклікам “Хто ж як Бог!” стаць на абарону хрысціянскіх каштоўнасцяў.
Ад гэтага будзе залежаць наша будучыня.
5. Нашы бацькі і дзяды ў цяжкія часы пераследу веры сваім жыццём штодзённа паўтаралі гэтыя словы. Яны дапамаглі ім вытрываць, захаваць веру і перадаць яе новым пакаленням.
А што мы пакінем пасля сябе? Моцную і жывую веру ці заросшае зеллем грахоў поле бязвер’я? Святы Міхал Арханёл і яго адважная барацьба са злым духам заклікаюць нас даць адказ на гэтае пытанне. Ужо прыйшоў час сказаць Богу “так”, а злому духу – “не”.
Неабходна, каб аб гэтым мы памяталі не толькі сёння, падчас адпусту нашага святога апекуна, але і ўсё наша жыццё. Нам неабходна кожны дзень быць сведкамі хрысціянства, каб яго несці ў свет.
Сённяшняя ўрачыстасць, якая заклікае да абароны Божага закону і жыцця паводле яго, павінна знайсці свой працяг у нашым штодзённым жыцці. Для гэтага нам неабходна ўпарадкаваць наша жыццё паводле Божай волі, каб у ім сапраўды быў прысутны Бог. Ён павінен быць гаспадаром нашага сэрца, а не кватарантам, які не ўмешваецца ў нашыя асабістыя справы.
Прыклад святога Міхала Арханёла вучыць нас, што шчасце чалавека знаходзіцца не ў змаганні з Богам, але ў прыналежнасці да Яго. Сёння, святы Міхал, мы звяртаемся да цябе: дапамажы нам нанова захапіцца Богам і жыць верай у Яго, бо толькі яна вядзе да збаўлення. Амэн.
|