Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы 250-годдзя касцёла Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах
5 кастрычніка 2013 г.

Касцёл – месца чування і веры

                            З радасцю ўвойдзем у Дом Пана

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!

1. Гэтыя словы рэфрэну сённяшняй святой Імшы вельмі добра перадаюць пачуцці нашых сэрцаў, калі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Касцяневічах адзначае юбілей 250-годдзя. Сёння мы з радасцю ўвайшлі ў брамы гэтага касцёла, падобна таму, як нашы продкі ўпершыню ўчынілі гэта чвэрць тысячагоддзя таму. Іх радасць была бязмежнай, як і наша сёння, тым больш што гэты касцёл з’яўляецца адным з самых старэйшых у наваколлі і мае вельмі багатую гісторыю.

Ён перажыў як часы росквіту Касцёла на нашых землях, так і часы ганенняў. Але Бог так справіў, што менавіта гэты касцёл, як адзін з нямногіх, увесь час быў адкрыты. Гэта было асабліва важным ў часы атэістычнага рэжыму, калі менавіта сюды ехалі людзі зблізку і здалёк, каб духоўна адрадзіцца.

2. 250 гадоў – гэта нямала нават у сусветнай гісторыі Касцёла. Калі б сцены гэтага касцёла маглі гаварыць, то, напэўна, маглі б расказаць цудоўныя гісторыі навяртання людзей, іх спаткання з Богам і іх хрысціянскага сведчання.

Колькі святых Імшаў, хростаў, споведзяў, святых Камуній, благаслаўленняў сужэнстваў і іншых набажэнстваў тут цэлебравалася? Колькі людзей тут адшукала страчаную раней веру і надзею? Колькі памерлых адсюль з малітвай было перанесена на месца вечнага спачынку? Толькі Бог гэта ведае.

3. Сёння, святкуючы юбілей 250-годдзя касцёла ў Касцяневічах, мы дзякуем Богу і нябеснай апякунцы гэтага касцёла Найсвяцейшай Панне Марыі за гісторыю гэтай святыні, за яе фундатараў і ахвярадаўцаў, за тое, што яна не была зачынена і знішчана, за святароў, якія тут працавалі, і за вернікаў, якія тут маліліся. З гэтай нагоды неабходна ўзгадаць ксяндза Станіслава Жука, які ў часы ганенняў на веру 37 гадоў мужна і ахвярна тут служыў Богу і людзям. Дзякуючы яму многія людзі захавалі веру. Ён, быццам Майсей, мужна вёў  Народ Божы праз выпрабаванні ў новыя часы свабоды веравызнання.

Сёння мы дзякуем усім душпастырам і парафінам як за клопат аб духоўным стане вернікаў, так і за стан святыні.

Аднак жыць толькі гісторыяй – гэтага мала: неабходна ацаніць наш сучасны стан і зазірнуць у будучыню.

4. Касцёл – гэта месца спаткання чалавека з Богам у слове Божым, сакрамэнтах, катэхізацыі, іншых цэлебрацыях і дзейнасці, якая тут адбываецца, у тым ліку і дабрачыннасці. Мы сустракаем Бога ў касцёле, каб жыць Ягонай праўдай і несці Яго іншым людзям праз наша хрысціянскае сведчанне. Наказ Езуса Хрыста “Ідзіце і навучыце ўсе народы” заўсёды застаецца актуальным.

Евангелле, якое мы пачулі, нагадвае пра неабходнасць чування, бо ніхто не ведае, калі прыйдзе Пан (пар. Мк 13, 35). Нам усім неабходна чуваць, каб справы гэтага свету не захілілі перад намі мэты нашага жыцця; каб у гомане сучаснага свету і нашых клопатах мы не забыліся аб тым, што найважнейшае, а менавіта каб не страцілі са свайго позірку справу вечнага жыцця і збаўлення. Нам нельга браць прыкладу з тых евангельскіх слугаў, якія праводзілі час у забаве і распусце і таму не былі падрыхтаванымі да прыйсця Пана.

5. Ці гэтая евангельская гісторыя не паўтараецца сёння, калі жыццё сучасных хрысціян не згодна з іх пакліканнем? Мы часта кажам адно, а чынім другое. Мы называем сябе хрысціянамі і кажам, што верым у Бога, а на самой справе з’яўляемся язычнікамі!

Вельмі часта можна пачуць, што сучасны чалавек слабы і так заняты, што не можа доўга маліцца і кожную нядзелю хадзіць у касцёл. Але калі на самой справе, то час на малітву мы замянілі на доўгія гадзіны сядзення перад тэлевізарам або ў інтэрнэце. А колькі часу мы прысвячаем размовам па тэлефоне, асабліва мабільным. Ці падчас іх ёсць месца Богу? Як часта мы звяртаемся да розных сектаў, акультыстаў і варажбітоў або верым прадказанням, асабліва аб канцы свету і г.д.? Калі мы сапраўдныя веруючыя, то павінны верыць толькі Богу. Сам Езус пацвердзіў, што будзе канец свету, але калі — аб гэтым ведае толькі Бог. І тут не можа быць ніякіх дыскусій.

Вялікай праблемай сучаснасці з’яўляецца крызіс сям’і і жыцця. Расце колькасць разводаў і абортаў. Усё часцей дэфармуецца традыцыйны і Богам устаноўлены інстытут сям’і і легалізуюцца гомасексуальныя саюзы. Аборты і генетычныя маніпуляцыі дэвальвуюць Божы дар жыцця.

Вялікі непакой выклікае дэмаралізацыя моладзі, якая ўсё больш пашыраецца. Сродкі масавай камунікацыі індактрынуюць яе ў тым, што сэнс жыцця знаходзіцца ў прыемнасцях і гульнях, а Божы закон, адказнасць і ахвярнасць з’яўляюцца толькі перашкодай на шляху да шчасця. Усё часцей прапагандуюцца імпрэзы без захавання маральных прынцыпаў, падчас якіх іншы чалавек зводзіцца да ролі забавы. Да гэтага дадаюцца алкагалізм і наркаманія, якая ўсё больш і больш распаўсюджваецца сярод моладзі.

Нагадваючы пра гэтыя праблемы, неабходна памятаць і аб тым, што за выхаванне маладога пакалення адказваюь бацькі, старэйшыя асобы і грамадства. Але ці ўсе адчуваюць гэтую адказнасць? Вельмі часта мы жывём паводле прынцыпу: “Мая хата з краю”. У нашае маральнае жыццё ўсё больш і больш уваходзіць прынцып паліткарэктнасці, каб толькі кагосьці не абразіць, і таму мы адмаўляемся бараніць маральныя каштоўнасці.

І гэтыя анамаліі абвяшчаюцца як праява сучаснасці і прагрэсу ў імя свабоды. У сувязі з чым паўстае пытанне: “Чаго вартая такая свабода, якая выступае супраць Божага права і дару жыцця і абапіраецца на эгаізме і пошуку задавальненняў?”

6. Перад абліччам такіх небяспечных з’яваў мы павінны спытаць сябе: “Што азначае чуваць у сучасным свеце?”

Чуваць перадусім азначае быць блізка Бога. Чуваць таксама азначае больш слухаць Бога, чым людзей, жыць згодна з вучэннем Евангелля і Божымі запаведзямі, а не паводле прынцыпаў, якія абвяшчаюць сучасныя дэмаралізатары. Чуваць азначае быць сведкам веры, калі словы і справы з’яўляюцца найпрыгажэйшым знакам таго, што мы жывём паводле Божага права. Мы, як хрысціяне, павінны жыць так, каб іншыя ў нашым жыцці бачылі прыгажосць і радасць блізкасці Бога і бліжняга, з якім мы павінны дзяліцца любоўю. Мы павінны ўсведамляць, што найбольшай пагрозай для хрысціянства з’яўляецца рэлігійная абыякавасць тых, якія лічаць сябе хрысціянамі, але жывуць як язычнікі. Таму чуваць азначае быць чалавекам сумлення і яго не заглушаць.

6. Юбілей касцяневіцкай святыні мы адзначаем у Год веры. Гэта вельмі сімвалічна, бо на працягу 250 гадоў у розных абставінах у сценах гэтага касцёла людзі сустракаліся з Хрыстом, з чаго нараджалася вера, якая прайшла выпрабаванні часам.

Сімвалічна таксама і тое, што гэты юбілей мы адзначаем у літургічны ўспамін святой Фаўстыны Кавальскай – сакратаркі Езуса Міласэрнага. Менавіта яна перадала свету заклік Езуса аб набажэнстве да Божай міласэрнасці і распаўсюджвала яго культ. Апосталам Божай міласэрнасці ў наш час стаў благаслаўлёны Ян Павел II, які, паводле аб’яўленага 30 верасня г.г. рашэння Папы Францішка, будзе кананізаваны ў наступным годзе ў Нядзелю Божай Міласэрнасці, 27 красавіка 2014 г.

Гісторыя касцёла ў Касцяневічах – гэта знак Божай міласэрнасці.   

Сёння, перад выклікамі  сучаснасці, мы з надзеяй працягваем глядзець на яго і спадзяёмся, што і далей у ім будзе абвяшчацца Евангелле, цэлебравацца сакрамэнты, праводзіцца дабрачынная праца і людзі будуць вучыцца чуваць, каб прыбягаць да Божай міласэрнасці, як адзінай надзеі сучаснага свету.

Марыя, Маці нашай веры і апякунка гэтай парафіі, благаславі, каб касцёл, які сёння распачынае пісаць новую старонку сваёй гісторыі, і далей заставаўся бачным знакам веры, без якой няма збаўлення. Амэн.  

Адноўлена 04.10.2013 22:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі