5 кастрычніка 2013 г., Мінск, Чырвоны касцёл
Сцерагчы веру ў Бога і яе пераказваць іншым
Глыбокапаважаныя браты і сёстры, дарагія бацькі, катэхеты і настаўнікі!
1. У праграме новай евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным заданннем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця, асаблівае месца займае катэхізацыя, нягледзячы на тое, што мэты евангелізацыі і катэхізацыі розныя. Евангелізацыя – гэта абвяшчэнне вечна жывога і дзейснага Божага слова, якое вядзе да спаткання з Богам, з чаго і нараджаеца вера. Катэхіхацыя – гэта абвяшчэнне праўдаў веры. Аднак у адным і другім выпадку гаворка ідзе пра веру і чалавека.
Нездарма Святы Айцец Бэнэдыкт XVI на заканчэнне Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі для пераказу веры ў мінулым годзе вырашыў справу катэхізацыі перадаць з кампетэнцыі Кангрэгацыі па справах Духавенства ў кампэтэнцыю Папскай рады па новай евангелізацыі. Гэта ўсё выклікана клопатам Касцёла аб адраджэнні веры, якая знаходзіцца ў крызісе, каб перамагчы крызіс веры сумеснымі высілкамі як праз евангелізацыю, так і катэхізацыю.
2. Хачу выказаць удзячнасць усім, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення гэтай сустрэчы: Катэхетычнаму аддзелу Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дакладчыкам і парафіі Святых Сымона і Алены ў Мінску. Дзякую таксама яго ўдзельнікам, якія знайшлі час, каб прыехаць і ўдасканальвацца.
Лацінская прыказка кажа: “Qui non progredit – regredit” – “Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе”. У дзяржаве існуюць курсы павышэння кваліфікацыі ў розных галінах гаспадаркі, навукі, культуры і г.д. Падобныя курсы павінны дзейнічаць і ў Касцёле, бо ўсім нам неабходна ўдасканальвацца. Нават калі атрымалі добрую катэхетычную фармацыю, веды забываюцца, а ўзровень практыкі не падымаецца. З’яўляюцца таксама новыя тэндэнцыі і накірункі катэхізацыі, і іх неабходна пазнаваць, каб быць здольнымі адказваць на ўсё больш складаныя выклікі часу.
Адзін студэнт са здзіўленнем вельмі часта бачыў у бібліятэцы знакамітага прафесара, які нешта вывучаў. Аднойчы ён асмеліўся спытаць у яго: “Чаму вы, такі знакаміты прафесар, можаце яшчэ навучыцца? Усе вучацца па вашых кнігах, і таму мне не зразумела, навошта вы так шмат часу праводзіце над іншымі кнігамі і часопісамі”. Тады прафесар яму адказаў: “Я не хачу карміць маіх студэнтаў учарашнім пагрэтым абедам, а хачу кожны дзень прыносіць новыя рашэнні; навука развіваецца, і я павінен ісці ў нагу з часам”.
Мяркую, што гэтая заўвага павінна датычаць кожнага з нас. Менавіта з гэтай мэтай кожны год мы арганізуем катэхетычныя сімпозіўмы ці сустрэчы.
3. Сёлетняя сустрэча бацькоў, катэхетаў і настаўнікаў з’яўляецца вельмі актуальнай. Час прыйшоў, каб комплексна паглядзець на катэхізацыю, бо гэта заданне не толькі святароў, законнікаў і законніц, катэхетаў, але таксама бацькоў і настаўнікаў. Усе мы павінны адчуваць сваю адказнасць за перадачу веры маладому пакаленню і яе ўмацаванне.
Успомнім гады ганенняў на веру. Як тады праводзілася катэхізацыя? Афіцыйна яна была забаронена і ў касцёлах, якіх таксама было мала, не праводзілася. Святароў было вельмі мала, аб свецкіх катэхетах ніхто нават і не марыў. Катэхізацыяй займаліся бацькі і дзяды. Яны ўжо ў тыя часы былі свецкімі апосталамі. І дзякуючы ім вера не толькі захавалася, але і была перададзена маладым пакаленням.
Святары, якім было забаронена катэхізаваць, нярэдка катэхізавалі падчас святой Імшы, прамаўляючы катэхізацыйныя казанні.
Абсалютна не было катэхетычнай літатартуры. Кароткія катэхізісы перапісваліся ад рукі або на пішучай машынцы на бібульчатай паперы праз кальку адразу ў дзесяці экзэмплярах, так што апошні было вельмі цяжка чытаць. У Вільнюсе была адна законніца, якая такім чынам надрукавала семдзесят тысяч малых катэхізісаў. Кожны экзампляр быў вельмі каштоўным дарам.
Калі паглядзім на сённяшнія магчымасці, то ў параўнанні з мінулым – гэта дзень і ноч. Сёння мы афіцыйна рыхтуем катэхізатараў, маем падручнікі па катэхізацыі для дзяцей і матэрыялы для катэхетаў. Пры парафіях існуюць нядзельныя школы, куды на катэхізацыю могуць хадзіць дзеці, моладзь і дарослыя.
Аднак добрая матэрыяльная база і новыя магчымасці – гэта яшчэ не ўсё. Можна мець вельмі багатую бібліятэку і ў той жа час заставацца вялікім ігнарантам. Неабходна яшчэ ёю карыстацца. Таксама неабходна карыстацца новымі магчымасцямі свабоды веравызнання. Але тут ужо ўсё залежыць ад нас саміх. Ад Касцёла, як ён арганізуе катэхезу. Ад катэхетаў і настаўнікаў, ці аддана яны служаць справе катэхізацыі і ці адпаведна падрыхтаваныя. Ад бацькоў, ці клапоцяцца яны, каб іх дзеці прымалі ўдзел у катэхізацыі, і ад сведчання, якое яны даюць новаму пакаленню. Ад саміх дзяцей, моладзі і старэйшых, ці стараюцца яны прыняць матэрыял, які прадстаўляецца іх увазе.
Як бачым, справа эфектыўнай катэхізацыі — гэта справа Касцёла, сям’і і самога катэхізуемага. Таму ўсе згодна павінны прымаць удзел у гэтым працэсе.
5. Сімвалічна, што сёння Каталіцкі Касцёл успамінае святую Фаўстыну Кавальскую, дзякуючы якой свет атрымаў пасланне Езуса аб Божай міласэрнасці, якая з’яўляецца апошняй надзеяй перажываючага крызіс веры свету. Вымаленая на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў пераследу веры і атрыманая два дзесяцігоддзі таму свабода веравызнання і звязаная з гэтым свабода катэхізацыі з’яўляецца вялікім дарам Божай міласэрнасці.
Тут да месца ўзгадаць, што падчас Пантыфікату вялікага апостала Божай міласэрнасці благаслаўлёнага Яна Паўла II, які 27 красавіка 2014 г. будзе кананізаваны, быў апрацаваны новы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які стаў сапраўднай кнігай веры для сучаснага чалавека. 6. Дарагія браты і сёстры!
Заданнем катэхетаў, як падкрэсліў Папа Францішак падчас Імшы для іх на плошчы святога Пятра ў Рыме 29 верасня 2013 г., з’яўляецца сцерагчы і ўмацоўваць памяць аб Богу ў сабе самім і ў іншых, бо мы створаны паводле вобразу і падабенства Божага, а не матэрыяльнай рэчы, якая часта становіцца мэтай жыцця чалавека. Катэхет – гэта той, які ўмяшчае гэтую памяць у служэнні абвяшчэння Бога і Яго збаўчага дзеяння. Для выканання гэтага задання неабходна быць людзьмі веры, якой была Марыя (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/documents/papa-francesco_20130929_giornata-catechisti_it.html).
Няхай гэтыя словы Святога Айца стануць для катэхетаў, бацькоў і настаўнікаў праграмай у справе катэхізацыі маладога пакалення. А Марыя – Маці нашай веры — няхай выпрасіць усім нам у свайго Сына адпаведныя выклікам і знакам нашага часу ласкі, каб вера, якая нараджаецца з абвяшчаемага Божага слова, умацоўвалася і акрэслівала накірунак нашага жыцця. Амэн.
|