6 кастрычніка 2013 г.
Пане, дадай нам веры
Дарагія браты і сёстры!
1. Гэтыя словы сённяшняга Евангелля вельмі добра перадаюць пачуцці нашых сэрцаў у Год веры, калі Касцёл стараецца перамагчы крызіс веры і вывесці чалавека з духоўнай пустыні. Гэтыя словы таксама выражаюць галоўную мэту сакрамэнту канфірмацыі, які сёння цэлебруецца ў рубяжэвіцкай парафіі Святога Юзафа, — а гэтая мэта менавіта ўмацаванне веры.
2. Старажытны грэчаскі мысліцель Архімед казаў: “Дайце мне пункт апоры, і я перавярну зямлю”. Гэта думка вялікага мысляра з’яўляецца рэвалюцыйнай і натхняючай. Аднак мы добра ведаем, што ў фізічным свеце яе немагчыма рэалізаваць. Калі за пункт апоры мы нават і возьмем іншую, большую за зямлю планету, то не знойдзем такога доўгага рычага, каб перавярнуць зямлю.
У той жа час у духоўным свеце гэтая думка можа і павінна быць рэалізавана, каб павярнуць свет у напрамку Евангелля. Для гэтага ёсць адпаведны рычаг, якім з’яўляецца вера. Ёсць таксама і пункт апоры, якім з’яўляецца Бог. У Ім ёсць таксама і сіла, якая можа перавярнуць зямлю. Гэта чалавек, які жыве моцнай верай.
У сённяшнім Евангеллі Езус пацвярджае гэтую ідэю: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора», — і яна б паслухалася вас.”.
3. Божае слова, якое Касцёл прапануе нам сёння, канцэнтруецца на цноце веры, дзякуючы якой мы знаходзімся ў руках Бога, Яму давяраем і на Яго пакладаем надзею. У сувязі з гэтым паўстае пытанне: “Ці мы сапраўды з’яўляемся вернымі слугамі Бога і ці заўсёды давяраем Яму?”
У першым чытанні прарок Абакум наракае на тое, што яго народ павінен шмат цярпець і не мае ніадкуль дапамогі. У выніку чалавек знаходзіцца ў безнадзейнай сітуацыі, і ў яго паўстае пытанне: “Дзе ў такой сітуацыі знаходзіцца Бог? Чаму Ён не дапамагае і не ратуе?” Адказ прыходзіць праз веру, што Бог справядлівы і прыйдзе час, калі Ён узнагародзіць чалавека за ўсе несправядлівасці і цярпенні.
У другім чытанні апостал Павел заахвочвае свайго вучня Цімафея заставацца верным свайму пакліканню, мужна абвяшчаць Евангелле і быць яго сведкам. Гэтага акурат патрабуе сучасны свет.
У Евангеллі Езус навучае, што азначае быць Яго вучнем і паслядоўнікам, — гэта значыць менавіта выконваць Божую волю. Гэта, аднак, не азначае, што за выкананне Божай волі мы атрымаем ад Бога залаты медаль. Не, нам неабходна чыніць тое, што мы павінны чыніць, — жыць вераю. Кажуць, што вера прымаецца, але ёй нельга навучыцца. Апосталы яе прынялі з вучэння і сведчання Езуса. Але ў той жа час яны ведалі, што іх вера была слабой, і таму прасілі Езуса: “Дадай нам веры”. Як бачым, Езус непасрэдна не адказаў на іх пытанне, але даў ім параду: “Калі б вы мелі веру з гарчычнае зерне, вы маглі б сказаць смакоўніцы гэтай: «вырвіся з карэннем і перасадзіся ў мора»”. З гэтых словаў Езуса можна зрабіць выснову, што не колькасць веры, калі так можна выказацца, але яе якасць чыніць цуды. Выкарыстоўваючы метафару аб маленькім гарчычным зерні, Хрыстус вучыць апосталаў, што Бог выслухоўвае людзей, якія маюць нават малую колькасць моцнай веры, каб учыніць цуд.
З гэтага ўсяго вынікае выснова: можа, наша вера вельмі малая, нават меншая за гарчычнае зерне, і мы не можам пераносіць дрэвы ці горы. Але яе якасць павінна быць такой вялікай, каб Бог мог нам дапамагчы перамагчы горы праблем, з якімі мы змагаемся. Мець веру азначае аддаць сябе ў рукі Бога, каб выканаць заданне, якое Ён нам вызначыў.
4. Сённяшнія чытанні дазваляюць нам зрабіць выснову, што сапраўдная вера – гэта не вера, якая знаходзіцца на складзе і выкарыстоўваецца толькі ў выключных сітуацыях. Мы, як хрысцяне, не можам жыць паводле прыказкі “як трывога, дык да Бога”. Мы павінны штодзённа жыць верай. Нехта сказаў, што “любоў азначае прабачэнне таго, што непрабачаемае, або яна не з’яўляецца цнотай. Надзея азначае мець надзею ў безнадзейных справах, або яна не з’яўляецца цнотай. Вера азначае верыць у непраўдападобнае, або яна не з’яўляецца цнотай”.
Лёгка сказаць, што мы маем веру ў Езуса, калі справы ідуць добра. Але калі распачынаюцца праблемы і крызісы, то справы з верай не выглядаюць так добра. У той жа час Езус хоча, каб мы заўсёды верылі ў Яго, нягледзячы на крызісы. Таму сённяшняе слова Божае заклікае нас заўсёды верыць у Яго, нават тады, калі здаецца, што Бог забыўся пра нас і маўчыць.
5. Часамі людзі кажуць, што з-за крызісаў, цяжкасцяў жыцця ці дрэннага прыкладу яны страцілі веру. Пры гэтым яны распавядаюць пра гэта так, як быццам страцілі ключы ад кватэры і машыны. На самой справе гэта знак таго, што наша вера слабая і яе неабходна ўмацоўваць.
Менавіта для гэтага Хрыстус устанавіў сакрамэнт канфірмацыі, як сакрамэнт сталага хрысціянства. Сталага — азначае такога, якое не паддаецца ўплывам цяжкасцяў жыцця, супрацьстаіць тэндэнцыям секулярызму, бароніць веру, ёю жыве і яе сведчыць.
Няхай жа з нашых вуснаў узносіцца заклік апосталаў: ”Пане, дадай нам веры”, каб яна перамяняла наша жыццё. Амэн.
|