7 кастрычніка 2013 г.
Глыбокапаважаныя браты і сёстры!
1. Сёння Каталіцкі Касцёл успамінае Маці Божую Ружанцовую, а ў парафіі ў Лошыцы адзначаецца парафіяльнае свята – адпуст.
Літургічны ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай адбываецца ў кастрычніку, калі ў Паўсюдным Касцёле асаблівым чынам праз малітву святога Ружанца ўшаноўваецца Марыя. Згодна са шматвекавой традыцыяй ў кастрычніку мы збіраемся на ружанцовую малітву ў касцёлах, капліцах, каля фігур Божай Маці і крыжоў, а таксама ў нашых сем’ях.
Падчас сваіх аб’яўленняў у Люрдзе, Фаціме, Ля Салет і іншых месцах Марыя заклікала да ружанцовай малітвы. Усе апошнія Пантыфікі таксама заахвочвалі да яе.
Слова ружанец выводзіцца з лацінскага слова rosarium, бо малітвы Вітай, Марыя, якія паўтараюцца ў ім, утвараюць як быццам ахвяраваны Марыі вянок ружаў. Малітва святога Ружанца вядомая здаўна, з часоў святога Дамініка. Вялікая заслуга ў распаўсюджванні культу святога Ружанца належыць менавіта дамініканцам.
Доўгія часы гэтая малітва складалася з трох частак, пакуль Папа Ян Павел II не пашырыў яе. Цяпер яна складаецца з наступных чатырох частак. Першая – гэта радасныя таямніцы, у якіх мы разважаем пра Звеставанне, Адведзіны Марыяй святой Альжбеты, Нараджэнне Езуса, Яго ахвяраванне і потым знаходжанне ў Ерузалемскай святыні. Другая частка – гэта таямніцы святла: Хрост Езуса ў Ярдане, цуд у Кане Галілейскай, заклік да навяртання і абвяшчэння Евангелля, Перамяненне на гары Табор і ўстанаўленне Эўхарыстыі. Трэцяя частка – гэта балесныя таямніцы, у якіх мы разважаем аб малітве Езуса ў Гетсіманскім садзе, Яго бічаванні, укаранаванні цернем, нясенні крыжа на Галгофу і смерці. Чацвёртая частка – гэта хвалебныя таямніцы Уваскрасення Езуса, Яго Унебаўшэсця, Спаслання Святога Духа, Унебаўзяцця Марыі і Яе каранацыі як Валадаркі неба і зямлі.
Такім чынам, вельмі простая малітва святога Ружанца на самой справе з’яўляецца скарачэннем Евангелля. Прамаўляючы яе, мы разважаем над таямніцамі нашага збаўлення і атрымліваем надзею на жыццё вечнае, якім цешыцца Марыя.
2. Ружанец адыграў вялікую ролю ў захаванні веры і яе перадачы маладым пакаленням падчас ганенняў на Касцёл, якія працягваліся ў нашай краіне аж тры пакаленні.
Калі ў другой палове ХХ стагоддзя на Філіпінах узнікла пагроза грамадзянскай вайны, арцыбіскуп Манілы кардынал Джэйм Сін заклікаў усю нацыю маліцца на ружанцы, каб пазбегнуць гэтага няшчасця. Тады паўсюдна гаварылася аб тым, што ён ахінуў Філіпіны малітвай Ружанца. І яна дапамагла, філіпінскі народ не падняў рукі адзін на аднаго.
У нас таксама нямала праблем і цяжкасцяў. Таму ў часы свабоды веравызнання і адначасова растучых пряўленняў секулярызму і амаральнасці Ружанец павінен застацца нашай духоўнай зброяй, якую нам нельга выпускаць з рук. Ружанец таксама павінен стаць аб’ядноўваючай нас малітвай.
3. Сёння перад святой Імшой быў асвечаны пляц пад будову касцёла і парафіяльнага дома. Гэтае месца прадугледжана пад санктуарый Божай Міласэрнасці як адзінай надзеі свету. Атрыманая два дзесяцігоддзі таму свабода веравызнання – гэта таксама бачны знак Божай міласэрнасці, якая, дзякуючы малітве, у тым ліку ружанцовай, цярпенням і ахвярам нашых продкаў, ахінула нас.
4. Божая міласэрнасць – гэта вялікі дар і адначасова заданне. Бог працягвае нам руку сваёй дапамогі, але за яе неабходна ўхапіцца. Неабходна памятаць, што жыццё без Бога і веры ў Яго не мае сэнсу і вядзе ў сляпы завулак.
Прыкладам захавання веры з’яўляецца Марыя, аб чым мы разважаем у радасных таямніцах Ружанца. А каб быць моцнымі вераю, як Яна была моцнай, неабходна адкрыцца на дзеянне Святога Духа, як гэта ўчыніла Марыя.
5. Сакрамэнт канфірмацыі, які сёння ўдзяляецца ў парафіі ў Лошыцы, павінен дапамагчы тым, хто яго прымае, стаць падобнымі да Марыі, каб заўсёды адкрывацца на дзеянне Святога Духа, які кіруе нашым жыццём.
Для біялагічнага жыцця чалавека патрэбны кісларод, які арганізм атрымлівае дзякуючы працэсу дыхання. Для духоўнага жыцця патрэбны духоўны кісларод, які мы атрымліваем дзякуючы дзеянню Святога Духа. Гэта тыя духоўныя лёгкія, якія нас ажыўляюць, каб мы маглі адрозніваць дабро ад зла, бараніць веру і жыць паводле яе прынцыпаў.
6. Сённяшняе набажэнства – гэта таксама набажэнства ўдзячнасці Богу за дзесяць гадоў служэння міхалітаў у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Дарагія айцы і браты міхаліты, вы прыйшлі сюды служыць з дэвізам святога Міхала Арханёла: “Хто ж як Бог!” Менавіта з такім воклічам ён пайшоў на барацьбу са збунтаваныі анёламі і іх перамог. З гэтым воклічам вы павінны ісці ў сучасны свет, каб перамагчы ў новым змаганні за веру, калі замест ідэалагічнага атэізму нам пагражае матэрыялістычны, калі абясцэньваюцца каштоўнасці Божага дару жыцця і парушаецца Творцам устаноўлены інстытут сям’і, калі дэвальвуюцца маральныя каштоўнасці на карысць амаральнага жыцця і безадказнай свабоды чыніць усё, што хочацца, калі ідэалогія бездухоўнасці індактрынуе чалавека так моцна, што ён жыве так, як быццам Бога зусім няма.
Гэтыя «калі» можна працягваць бясконца. Ім мы павінны супрацьставіць прынцып святога апостала Паўла: “Калі Бог з намі, то хто супраць нас?”
Няхай жа з вамі, дарагія айцы і браты міхаліты, і даручанымі вашай духоўнай апецы вернікамі заўсёды будзе Бог, няхай Ён усім нам дапамагае і няхай вядзе да перамогі дабра над злом.
Няхай усіх нас апякае Маці Божая Ружанцовая, каб па прыкладу Марыі мы былі моцнымі верай і хрысціянскім сведчаннем. Амэн.
|