12 кастрычніка 2013 г.
Дыяканскае пасвячэнне адбываецца ў ружанцовым месяцы, таму асабліва дзякуем Марыі і аддаём гэтага кандыдата пад Яе апеку на дарозе дыяканскага служэння. Дзякуем Ёй за ласку паклікання, за шэсць год семінарыйнай фармацыі, тэалагічнага навучання ў пінскай міждыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі, за духоўную фармацыю ў супольнасці кармэлітаў. Дзякуем за дзень, калі гэты брат прымае дыяканскае пасвячэнне, якое атрымлівае тут у Нарачы, дзе яго браты кармэліты шчыра служаць Богу і людзям ужо многія гады. Дзякуем Марыі за Яе пасрэдніцтва і адначасова жадаем аддацца пад Яе апеку як Маці, якую справядліва называем “Маці святароў”.
Дарагі кандыдат, калі ты скіроўваешся на жніво Пана і ў матчыныя далоні Марыі складаеш сваю будучыню, даверся Ёй. Пад Яе апекай вытрымай цяжкасці і выпрабаванні на жніве Пана. Яно, напэўна, не будзе лёгкім, бо Хрыстус не абяцаў сваім вучням выгоднага, бесклапотнага і лёгкага жыцця. Наадварот, часта прыпамінаў, што праўда і дабро нараджаюцца сярод супраціваў.
І ты, тут прысутны, прыйшоў таксама з рознымі справамі. Нанова даверымся Пану Богу, нанова выкажам гатоўнасць выконваць Божую волю. У Божай Маці мы будзем мець найлепшую апякунку, якая не забываецца пра нас. Марыя, наша Маці, прымі ўсіх пад плашч Тваёй апекі на далейшую дарогу нашага жыцця, застанься з намі ва ўсе часы, дапамагай нам і ратуй.
Сёння адбываецца дыяканскае пасвячэнне. Ужо за табой, дарагі кандыдат, законная фармацыя і гады падрыхтоўкі да святарства. Наколькі ўсё гэта было неабходна! Бо служэнне Хрысту і Касцёлу занадта патрабавальныя.
Прыгледзьмася, каго сёння мы можам спаткаць у свеце? Да якіх людзей Бог нас пасылае?
У сучасным свеце мы можам спаткаць людзей з вялікай галавой і маленькім сэрцам. Такі чалавек даверыцца розуму, завучанай мудрасці. Навуковыя ступені, амбіцыі, навуковыя дасягненні, публікацыі. Ён мае інтэлектуальны погляд на чалавека, на Касцёл, на сяброў. Чалавек з вялікай галавой, які прываблівае адукаванасцю, ведамі. Але з цяжкасцю затрымліваецца над іншым чалавекам. Ён здольны крытыкаваць нават найбліжэйшых. Ён звычайна не здольны на шляхетныя ўчынкі, а калі і робіць іх, то толькі тады, калі з гэтага мае карысць. Людзі з вялікай галавой, але з маленькім сэрцам чулі ад Езуса непрыемныя словы: “гора вам”.
Мы можам спаткаць таксама чалавека з малой галавой, маленькім сэрцам і вялікім жыватом. Тут першынство належыць уласнаму ўяўленню пра сябе. Такі чалавек не мае імкнення пазнання чагосьці. Ён карыстаецца тым, што пададуць альбо што трапіць у яго рукі. Ён не мае пачуццяў да іншага чалавека. Яго не цікавяць ані праўда, ані дабро. Яму не цікавае духоўнае ўзрастанне. Яму важна спажывецтва, забеспячэнне сябе самога, заспакаенне смаку. Усім кіруе выгада, прага збіральніцтва. Збіральніцтва прыносіць яму пачуццё шчасця. Сэрца яго затопленае ў рэчах, у справах, у інтарэсах. Яму неабходна запоўніць прагненні. Такі тып бачым у Ірада – чалавека ўлады. Яго не цікавяць праўда, іншы чалавек, грамадства. Яго цікавяць улада і прыемнасць. Яго цікавіць Ірадыяда. Дзеля яе ён забівае святога.
У сучасным свеце мы можам спаткаць і святога чалавека з вялікім сэрцам. Ён усё робіць паводле сэрца. Ён зразумее. Усюды задзейнічае сэрца. Веды для яго не найважнейшыя, хоць неабходныя. Гэта св. Францішак, брат Альбэрт. Маладосцю іх жыцця было вялікае сэрца для чалавека і Бога.
Сёння наш выбраны брат стане дыяканам. Будзе слугой - выбраным самім Хрыстом. “Не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў, - кажа Езус, - і пасылаю вас на служэнне”.
Здарэнне ў доме Левія, дзе Езус сказаў: “ідзі за Мной”. Левій арганізаваў вялікі прыём, на якім быў прысутны Езус. Цябе таксама кліча да дыяканскага служэння.
Як служылі вядомыя ў Касцеле дыяканы. Святы Стэфан, святы Лаўрэнцій, святы Раман Гымалог з VI стагоддзя, які складаў рэлігійныя спевы і навучаў іншых спевам хваліць Бога. Не шкадуй ні розуму, ні сэрца на служэнне Эўхарыстыі, Божаму слову і беднаму чалавеку. Дзеля гэтага Пан сёння цябе кліча.
Ты павінен быць соллю зямлі, і неабходна, каб яна захавала свае ўласцівасці. Тое, што надае смак тваёй працы, - гэта любоў Бога, якая знаходзіцца ў тваім сэрцы. Святы слуга Пана чыніць святым Божы народ. Ён асвячае ўсіх, хто мае добрую волю, моцай прабываючага ў ім і дзейснага Духа Святога. Асвячае моцай слова і чыну – штодзённа і падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Будзь пакорлівы і пазбаўся спраў гэтага свету, каб Хрыстус мог цябе асвяціць. Маліся і прасі, каб вернікі за цябе маліліся. Як учыніць, каб не быць толькі цёплым, але каб быць гарачым? Найлепшая наша дапаможніца ў гэтым - Божая Маці.
Трэба забыць пра сябе, але гэта вельмі цяжкая справа. Як святар, ты павінен быць дасканалым. Трэба ўмець забыцца пра сябе, аб патрэбах штодзённых і трывожных думках асабістых, з выключэннем таго святога ўспаміну, што належыш да Бога і ад Яго паходзіш. Гэтую думку належыць усё больш развіваць, ажыўляць, узмацняць і ўдасканальваць. “Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны”, - кажа Езус. Благаслаўлёны Папа Ян ХХІІІ навучаў: “Калі імкнуся, каб быць вялікім святаром, то я павінен пазбыцца ўсяго, так, як Езус на крыжы, і павінен у духу веры ацэньваць усе здарэнні майго жыцця і таксама рашэнні старэйшых адносна сябе”.
Няхай гэтыя словы благаслаўлёнага будуць добрым заахвочваннем для нашага кандыдата ў дыяканы і для кожнага з нас, каб мы не баяліся бескампрамісна крочыць Божым шляхам паклікання.
|