Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на 10-годдзе асвячэння каронаў для цудатворнага абраза Маці Божай Гудагайскай

20 кастрычніка 2013 г., Гудагай

У 10-ю гадавіну асвячэння каронаў для абраза Маці Божай Гудагайскай  мы сабраліся тут, каб выказаць яшчэ раз нашу любоў і ўдзячнасць. Бо Ты, Марыя, ужо больш за 300 год знаходзішся ў Гудагайскім санктуарыі, каб падзяліць лёс Божага народа, які тут жыве, які сюды прыходзіць, каб прасіць праз Тваё пасрэдніцтва  аб розных дарах і ласках у Твайго Сына, а нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Ты прабывала ў розных месцах на працягу гісторыі прысутнасці тут у гэты час, як бы падкрэсліваючы, што была і ў Егіпце, як бы ў замежжы. Былі часы, што аб Табе і забываліся. Розныя  іншыя справы і здарэнні займалі месца ў чалавечых сэрцах, таму былі перыяды, калі слабелі набажэнства і культ абраза – з вялікай духоўнай стратай жыхароў Гудагая і навакольных мясцовасцей. У вершы аб сваёй маці паэт Сяргей Грахоўскі разважае, што недастаткова часта з гэтым словам звяртаўся ў юнацкім узросце да мамы.

Калі пушок прабіўся над губою
I ў сны прыйшло дзявочае імя,
Я ні аб чым не раіўся з табою,
Матуля адзінокая мая.

Мне сорамна здавалася часамі
Сярод хлапцоў — цыбатых забіяк —
Назваць цябе, як у маленстве, «ма-ма»,
Таму часцей не называў ніяк.

А вечарамі, слова не сказаўшы,
Ішоў блукаць каля чужых варот
I пазіраў, як у акенцы нашым
Мільгаў у лямпе да світання кнот.

Не спала ты асеннімі начамі,
Хоць падала ад зморы галава,
Глядзела ў змрок вільготнымі вачамі,
Прывычная да гора удава.

Ты прала кужаль, ты капала гліну,
А ў час жніва зусім не чула рук,
Ды гаварыла ласкава пра сына:
«Хай падрасце, няхай паспіць сынок»,

I зноў сама збіралася па дровы,
А ў валасах гусцела сівізна —
«Хоць бы сказаў ён ласкавае слова,
Хоць бы, як колісь, мамаю назваў».

...Прайшлі гады. Мы пасівелі самі,
I, мабыць, крыўдна мне не аднаму,
Што гэтае святое слова «мама»
Сказаць ужо няма каму.
1957

І таксама Гудагай памятае пра розныя часы, асабліва нядаўнія мінулыя часы атэізму, калі культ Божай Маці ў сілу атэістычнай прапаганды быў не такі інтэнсіўны, калі малітва «Вітай, Марыя» не заўсёды гучала ў вуснах маладога пакалення, якому прапанавалася светлая будучыня без Бога і Маці Езуса.  

Але гісторыя памятае і той момант, калі цудатворны абраз з Ашмян, дзе пэўны час захоўваўся, урачыста пераносілі вернікі ў Гудагай, будуючы ў населеных пунктах на гэтым шляху трыумфальныя брамы ў Твой гонар. Кароны былі асвечаны Папам Янам Паўлам ІІ, да кананізацыі якога ў красавіку будучага года рыхтуецца ўвесь хрысціянскі свет, і 6 год таму гэтыя кароны ўсклаў на абраз першы кардынал Беларусі Казімір Свёнтэк, стагоддзе народзін якога рыхтуемся адзначыць у наступным 2014 годзе.

Сёння, у 10-ю гадавіну асвячэння каронаў, мы хочам аддзячыць Табе за ўсё, падзякаваць усім сэрцам, а адначасова прасіць Цябе аб духоўнай падтрымцы, каб мы маглі, адраджаючы веру, памятаць аб тым, што з’яўляецца фундаментам нашай лепшай будучыні.

Гісторыя Твайго з’яўлення і побыту тут з’яўляецца для веруючых хрысціян знакам. У цяжкія часы Ты тут з’явілася і ў розныя павароты гісторыі Ты не пакідала свайго народа.

Мы сёння радасныя з Тваёй прысутнасці і таго, што мы знаходзімся так блізка ад Цябе, Маці Бога. Славім Цябе ў 10-ю гадавіну асвячэння каронаў. І гэта час, калі мы павінны задумацца шчыра і з адвагай аб аднове нашага маральнага жыцця. Каб мы прынялі прынцыпы жыцця нашых продкаў, каб шанавалі хрысціянскую традыцыю, якая служыла вартай сужэнскай вернасці, сямейнага ладу. І таксама ўзаемадапамогі, каб мы не забываліся на тое, што з’яўляецца для хрысціяніна фундаментам і будуе дабро, і што прыносіць бяспечнасць быту. Просім Цябе, каб усё больш было такіх асоб, каго называем сумленнымі людзьмі.

Мы сёння хочам праз выраз нашай удзячнасці і пашаны таксама прынесці нашыя гарачыя абяцанні. Бо яны будуць сапраўднай каронай, годнай Цябе - нашай Маці і Каралевы. Толькі нашыя пастанаўленні адновы нашага жыцця, узнаўленне нашых міжасабовых адносін, направы звычаяў  і клопат аб супольным дабры – могуць у поўні Табе прынесці радасць. Мы спадзяёмся, што будзеш намі апекавацца, бо так было спрадвечна, калі добрая воля была бачна ў людзей, тады Ты, Маці, выходзіш ім заўсёды насустрач. Бо мы ведаем, што Табе належыць гэтая пачэсная назва – Маці, якая слухае.

Маці здольная выслухаць, Яна слухае сваё дзіця перш, чым яно прыходзіць на свет. Потым услухоўваецца ў кожны ўздых і біццё сэрца.  Яна ўслухоўваецца ў кожны гук, у кожны рытм сэрца, а потым у кожнае слова. І нават тады, калі яно прамаўляецца невыразна. Яна мае ў сабе вялікую моц, а слых Маці Божай з’яўляецца слыхам любові, здольны ўсё зразумець. Мы хочам за гэта ўсё, за Тваю чуласць, дзякаваць, як і за тое, што Ты нас вучыш, Ты нас выхоўваеш, Ты нам прыпамінаеш аб тым, што ўсе мы павінны навучыцца слухаць, таксама каб лепей ўзаемна разумець сябе, каб узаемна дапамагаць, каб дадаваць адвагі ў тым, што прыносіць дабро,  так патрэбнае для нас, для краіны і Касцёла.

Ты вучыш нас стаць у праўдзе. А жывём у свеце і ў часы, якія вельмі часта аддаляюць нас ад Евангелля, ад Твайго Сына. І гэта сурёзны выклік для нас. Мы жывём у часы крызісу ў свеце чалавечай тоеснасці. У выказваннях многіх людзей у сучасным свеце праяўляецца тое, што чалавека з хрысціянскімі поглядамі на жыццё не слухаюць, не разумеюць нашых традыцый.

Крызіс тоеснасці, асобы якімсьці чынам датычыць усіх нас. Дзяўчаты забываюцца аб тым, што значыць быць дзяўчынай. Хлопцы забываюцца аб тым, што значыць быць хлопцам. Сужэнцы забываюцца аб сужэнскай вернасці. Такое можам сказаць у некаторых выпадках, але вельмі балючых - аб бацькоўстве. Тоеснасць становіцца няўпэўненай, а калі яна будзе знішчана, то тады няма куды паварочвацца. Тады не стае нам паваротнага пункту  для нашых планаў у жыцці.  Таму вялікая наша надзея, калі ў 10-ю гадавіну асвячэння каронаў мы ўглядаемся ў Твой вобраз і адчуваем на сабе Твой позірк. Бо ў Тваім позірку мы адчуваем нашу тоеснасць і будзем знаходзіць патрэбную дапамогу, каб застацца вернымі таму, кім з’яўляемся ў супольнасці як хрысціяне, і імкнуцца да таго, каб быць — быць чалавекам, быць маці альбо бацькам,  быць грамадзянінам краіны, быць законнікам, быць святаром, што гэта першасная справа.  Каб вырвацца з духоўнай пустаты ў гэтай справе, Твая дапамога нам вельмі неабходная, і таму дзякуем за яе. Каб атрымаць параду ад Той, якая нас любіць, якая за нас перажывае, якая нам жадае дабра, мы можам заўсёды прыходзіць і адчуць сябе маладымі, Яе дзецьмі, і выйсці з санктуарыя са свядомасцю што Яна заўсёды тут нас чакае, у адрозненне ад жыццёвых сітуацый, якія апісвае ў вершы раней узгаданы паэт.

Паэт Сяргей Грахоўскі  апісаў пачуцці да маці ў вершы «Пакуль жывая маці»: «Я — малады, пакуль жывая маці. Ссівелага яна заве: “Сынок”, І  тупае, і тупае па хаце, Здымае з куфра колішні замок.
Усё адчынена — і сэрца, і шуфляды, Дыміцца з цёплай бульбай чыгунок. Я да слязы расчулены і рады, Пачуўшы зноў: “Дзіцятка і сынок”. І за надзеяй свеціцца надзея, Хоць непрыкметна час бяжыць, А мне здаецца — маці маладзее З адзінай прагай жыць і жыць. А грымнуў гром. І маці рукі На сэрцы склала да пары… І зразумеў я ісціну навукі, Што я без маці — ўжо стары. Расстануся з хацінаю пустою І ў белы свет падамся сіратою».                                 

3/IV/1999

Таксама і мы адчуваем сябе моцнымі, калі ідзём з верай праз жыццё і маем асаблівую пашану да Маці Божай, бо ведаем, што Яна нас заўсёды тут чакае.

Марыя была пад крыжам  Езуса Хрыста. З Ёй былі таксама іншыя асобы. Просім Яе вельмі горача, каб нам дазволіла таксама спадарожнічаць у розныя цяжкія хвіліны, калі трэба будзе бараніцца ад кагосьці альбо перад чымсьці. Няхай будзе з тым усім, што складаецца на нашу сталасць.

Марыя была пад крыжам, а крыж з’яўляецца знакам найвялікшай сталасці. Не было і не будзе на працягу вякоў большай сталасці,  як тая, з якой спатыкаемся пры крыжы, калі Хрыстус поўны любові да чалавека, да кожнага з нас, аддае сваё жыццё за нас. Няхай такі ўзор асабовага развіцця, няхай гэты прыклад нас узбагачае і вядзе па жыцці. А Божая Маці, якая з такім спакоем і матчынай любоўю углядаецца ў нас у гэтай святыні, няхай будзе назаўсёды для нас Маці, якая слухае.




Адноўлена 21.10.2013 11:56
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі