Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас набажэнства для паляўнічых

Будслаў, 26 кастрычніка 2013 г.

(Мк 10, 17-30)

Глыбокапаважаныя паляўнічыя і ўдзельнікі сённяшняй малітвы!

1. Дзякую за запрашэнне ўзначаліць набажэнства ў вашай інтэнцыі.

Бог стварыў свет і чалавека. Стварыў Ён таксама розных жывёл, звяроў, птушак і рыб. Бог наказаў чалавеку валодаць зямлёй і яе дабротамі, у тым ліку жывёламі і звярамі (пар. Быц 1, 1, 1-28). Для падтрымання біялагічнага жыцця чалавек павінен мець ежу. Ужо ад пачатку існавання чалавецтва яно займалася паляваннем і рыбалоўствам, каб пракарміцца.

З часам паляванне стала таксама хобі многіх людзей, спосабам правядзення часу на прыродзе, адпачынкам і нават спортам. Паляўнічыя засноўвалі свае гурты і клубы. У нашай краіне існуе беларускі паляўнічы клуб “Сафары”.

2. Акрамя чыста “прафесійнага”, калі так можна выказацца, захаплення паляваннем, у ім павінны захоўвацца адпаведныя нормы і правілы. Яны дапамагаюць захаванню патрэбнай папуляцыі кожнага гатунку звяроў і раўнавагі паміж імі для падтрымання Богам устаноўленага парадку.

Не дапушчальна таксама здзеквацца са звяроў і іх мучыць. Нельга ставіць сваёй мэтай браканьерства і ўзбагачэнне коштам небяспечнага памяншэння колькасці таго ці іншага віду звяроў.

Таму паляўнічыя павінны захоўваць маральныя нормы паводзін, што будзе спрыяць стварэнню сапраўднай і згоднай з Божым планам атмасферы валодання зямлёй і яе рэсурсамі.

Прыкладам павінен быць нябесны апякун паляўнічых святы Губерт. У маладосці ён быў так моцна захоплены паляваннем, што яму прысвячаў увесь свой час, не зважаючы нават на святыя дні. І вось аднойчы здарылася, што падчас палявання ў Вялікую пятніцу ён нечакана ўбачыў аленя, паміж рагоў якога знаходзіўся крыж. Тады таксама пачуў голас з неба, які перасцярагаў яго аб неадпаведных паводзінах. Гэты выпадак стаў пераваротным у яго жыцці, аж да такой ступені, што ён пачаў весці маральнае жыццё і нават стаў біскупам і вельмі шмат учыніў для евангелізацыі людзей.

3. Афрыканскія паляўнічыя распрацавалі вельмі эфектыўны спосаб палявання на малпаў. Яны разразаюць на дзве часткі какос і чысцяць яго. Потым у адной частцы робяць невялікую дзірку, каб туды магла прайсці лапа малпы, а ў другую кладуць вялікі апельсін. Пасля гэтага абедзве часткі змацоўваюць і прывязваюць да дрэва. Самі ж паляўнічыя хаваюцца між зарасляў і чакаюць.

Раней ці пазней з’яўляецца малпа, якая вельмі любіць апельсіны. Яна чуе пах гэтага ласунку, падыходзіць да какоса, суне лапу ў дзірку, хапае апельсін і цягне назад. Аднак не можа яго выцягнуць, бо дзірка занадта малая. Нягледзячы на гэта, малпа не здаецца і ўсё мацней і мацней цягне апельсін. Яна так занята гэтай працай, што не заўважае, як падыходзяць паляўнічыя і накідваюць на яе сетку, каб злавіць.

4. Мараль гэтага апавядання ў тым, што нездаровае імкненне да багацця і прыемнасцяў становіцца прычынай таго, што малпа трапляе ў палон. Яна мае магчымасць пазбегнуць палону, але для гэтага павінна пакінуць апельсін у какосе і ўцячы. Аднак яна гэтага не чыніць.

Такая сістэма палявання працуе, бо малпа не можа адначасова мець і апельсін, і свабоду. Малпа нават тады, калі бачыць надыходзячых паляўнічых, не адпускае апельсіна і не ўцякае, але, наадварот, з яшчэ большай сілай стараецца яго дастаць.

Гэтая сістэма палявання вельмі эфектыўная, бо малпа сама сябе зацягвае ў небяспеку.

Калі б малпа магла маліцца, то, напэўна, убачыўшы надыходзячых паляўнічых, малілася бы наступным чынам: “Пане Божа, ратуй мяне, але не кажы мне адмовіцца ад апельсіна”.

Гэта, можа, выглядае смешна, але ці мы часам не молімся падобным чынам?

Добрым прыкладам можа служыць багаты малады чалавек з сённяшняга Евангелля. Яго малітва была наступнай: “Пане Божа, дай мне вечнае жыццё, толькі не прасі адмовіцца ад майго багацця” (пар. Мк 10, 17-22).

Калі б чалавек, які любіць звяроў, убачыў, што надыходзяць паляўнічыя з сеткай, то, напэўна, крычаў бы малпе: “Пакінь ты гэты апельсін і ўцякай хутчэй!” Гэта акурат тое, што зрабіў Езус з багатым маладым чалавекам. Ён бачыў у ім таго, які апынуўся ў небяспецы з-за нездаровай прывязанасці да матэрыяльных дабротаў. Менавіта таму Ён прапанаваў яму пакінуць іх, каб заслужыць вечнае жыццё.

5. Чаму Езус так учыніў? Евангеліст Марк кажа, што Езус паглядзеў на маладога чалавека з любоўю (пар. Мк 10, 21). Навучанне і дырэктывы Хрыста часамі здаюцца незразумелымі і вельмі цяжкімі для выканання, аднак на самой справе яны служаць дабру чалавека. Мы зменім свае адносіны да іх, калі ўсвядомім, што яны хаця і патрабуючыя, аднак у іх ёсць любоў Таго, хто ведае нас лепей, чым мы самі сябе, і хто сапраўды жадае нам дабра.

Багаты евангельскі чалавек дзейнічаў па прынцыпу малпы. Ён усімі сіламі імкнуўся быць багатым, не зважаючы на тое, што яго жыццё знаходзілася ў небяспецы. Менавіта таму Езус указаў яму адзіны шлях да паратунку: “Прадай усё, што маеш, і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе. Потым прыходзь і ідзі за Мною” (Мк 10, 21).

6. Мы ведаем, што гэты малады чалавек быў вельмі рэлігійны і ад маладосці захоўваў Божы закон. Чаму тады ён не прыняў прапановы Езуса, якая, як здаецца, стала яму папярок горла?

Тут трэба памятаць аб старажытных звычаях габрэйскага народа, які верыў, што багацце – гэта Божае благаслаўленне. Багатыя людзі лічыліся за тых, хто атрымаў спецыяльнае благаслаўленне, а бедныя – за тых, хто яго не атрымаў і быў нават пракляты Богам. Таму не дзіўна, што калі Езус сказаў, што багатаму будзе вельмі цяжка ўвайсці ў Божае Валадарства, апосталы вельмі здзівіліся і пыталіся: хто ж тады можа збавіцца? (пар. Мк 10, 25-26)

Нешта падобнае можна ўбачыць і ў сучасным матэрыялізаваным свеце, у якім усё больш і больш распаўсюджваецца паняцце так званага евангелля росквіту, а менавіта тое, што багацце з’яўляецца знакам Божага адабрэння, а беднасць – наадварот, знакам неадабрэння. Нярэдка можна пачуць: Бог мяне благаславіў і мне ўдалося раскруціць бізнес.

7. У той жа час для Езуса евангелле росквіту з’яўляецца выклікам. Евангелле росквіту – гэта не што іншае, як матэрыялізм у рэлігійнай вопратцы. Менавіта матэрыялізм вучыць, што жыццё без матэрыяльных каштоўнасцяў не мае сэнсу. Евангельскі малады чалавек акурат і быў матэрыялістычным веруючым.

Праз заступніцтва святога Губерта папросім Бога аб благаслаўленні паляўнічым, каб іх жыццё, праца і паляванне былі згодныя з Божай воляй. Папросім таксама аб мудрасці сучаснаму свету, каб ён жыў не паводле прыкладу малпы, якая пакланяецца матэрыялізму ва ўсіх яго формах. Папросім, каб матэрыяльныя каштоўнасці не захілялі чалавеку Бога, але дапамагалі ў шляху да Яго, каб ён жыў духам евангельскай беднасці, “бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а пашкодзіць свайму жыццю” (Мк 8, 36)? Амэн.

Адноўлена 26.10.2013 14:38
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі