Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на ўрачыстасць Усіх Святых y мінскай архікатэдры

1 лістапада 2013 г.

Веру ў еднасць святых

Дарагія браты і сёстры!

1. Першае чытанне сённяшняй св. Імшы, узятае з кнігі Апакаліпсісу, распавядае аб вялікім натоўпе людзей у белых адзеннях з усіх народаў, які стаяў перад тронам Бога і якога ніхто не можа палічыць. Гэта не што іншае, як святыя.

У літургічным календары на кожны дзень ёсць свае святыя. Аднак мы добра ведаем, што не заўсёды вядзецца працэс праслаўлення памерлага чалавека. Мы ведаем таксама, як многа мучанікаў, імёны якіх нам не заўсёды вядомыя. Але іх імёны ведае Бог. І хаця Касцёл не выказаўся аб іх святасці, Бог гэта ўчыніў.

Менавіта таму ў адзін дзень у Касцёле адзначаецца ўспамін усіх святых – гэтых вядомых і невядомых. У гэты дзень мы хочам праслаўляць усіх святых, каб з іх браць прыклад, як дасягнуць вечнага шчасця.

Кожны святы – гэта чалавек свайго часу. Але адначасова ён становіцца вышэй за тэндэнцыі гэтага часу, не паддаецца яго спакусам, не плыве па цячэнні, але супраць. Яго ідэалам ёсць Бог і Божае права. Гэта яго жыццёвы шлях, які прывёў яго ў вечнасць.

Такім чынам, ушаноўваючы святых, мы таксама ўшаноўваем Бога, як крыніцу святасці.

Культ святых распачаўся з праслаўлення мучанікаў у першых стагоддзях хрысціянства. Тады з’явіўся звычай, што вернікі прыходзілі на іх магілы ў дзень смерці і там маліліся. З часам дзень смерці ў Касцёле пачаў называцца днём нараджэння для неба.

2. Урачыстасць Усіх Святых плаўна пераходзіць ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, які адзначаецца 2 лістапада. Як урачыстасць Усіх Святых, так і ўспамін усіх памерлых вернікаў з’яўляюцца літургічным выразам праўдаў веры, якія знаходзяцца ў Сімвале нашай веры: “Веру … у еднасць святых, адпушчэнне грахоў, уваскрашэнне цела і жыццё вечнае”.

Менавіта ўрачыстасць Усіх Святых з’яўляецца знакам веры ў еднасць усіх святых. У гэты дзень Касцёл, які пілігрымуе па зямлі, яднаецца з трыумфуючым у небе. На зямлі таксама ёсць святыя, і ў гэты дзень яны сваёй малітвай яднаюцца са святымі ў небе. Гэтае свята нагадвае пра перамогу Хрыстовай любові, бо ўсім тым, якія ёй даверацца, яна дае жыццё вечнае.

Падчас агульнай аўдыенцыі ў мінулую сераду (30 кастрычніка) Папа Францішак заахвоціў выкарыстаць праўду аб еднасці святых у новым адкрыцці прыгажосці веры, якая таксама патрабуе дапамогі іншым. Еднасць святых сягае па-за зямное жыццё і смерць і трывае вечна. Дзякуючы ўваскрасенню Хрыста духоўная еднасць святых знаходзіць сваё спаўненне ў вечным жыцці. Існуе глыбокая і непарыўная сувязь паміж тымі, хто яшчэ з’яўляецца пілігрымамі ў гэтым свеце – паміж намі, – і тымі, хто пераступіў парог смерці, каб увайсці ў вечнасць. Усе ахрышчаныя, якія яшчэ на зямлі, душы, якія ў чыстцы, і ўсе благаслаўлёныя, якія ўжо на небе, складаюць адзіную сям’ю. Гэтая еднасць паміж зямлёй і небам асабліва рэалізуецца ў заступніцкай малітве (пар. /2/home/vatican/news/pope-said/119802-papa-swjatyja.html).

Успамін усіх памерлых з’яўляецца заклікам да малітвы ў іх інтэнцыях. Мы верым, што многія з іх знаходзяцца ў чыстцы, месцы, дзе павінны канчаткова ачысціцца ад часовых караў, так бы мовіць, разлічыцца з Богам.
 
Яны ўжо не могуць дапамагчы сабе. Іх лёс у нашых руках. І Касцёл дапамагае нам у гэтым. Менавіта ў тым, што падчас актавы малітваў за памерлых кожны дзень можна атрымаць поўны адпуст і ахвяраваць яго за нашых памерлых. Нашы бацькі, браты, сёстры, блізкія і знаёмыя чакаюць гэтай дапамогі. Цягнік з чыстца да неба ў гэтыя дні курсіруе вельмі часта. Кажучы ўмоўна, каб ім ехаць, неабходна купіць білет. У нашых памерлых няма грошай. Дык купім жа ім білет — гэта не што іншае, як поўны адпуст у іх інтэнцыях.

Святое Пісанне заклікае да малітвы за памерлых. Малітва ў іх інтэнцыях – гэта праява нашай міласэрнасці адносна іх. А Хрыстус кажа, што благаслаўлёныя міласэрныя, бо яны таксама пазнаюць міласэрнасць. Молячыся за памерлых, мы дапамагаем ім і заслугоўваем таго, што ў будучыні нам таксама дапамогуць.

3. Сёння мы ўзгадваем усіх святых і молімся за нашых памерлых. Аднак у гэтыя святыя і вельмі блізкія нам у сувязі з успамінам памерлых дні ў нашу культуру ўрываецца паганскі культ Хэлоўіну. Ім захапляецца моладзь, яго арганізуюць школы, розныя арганізацыі і г.д. Але ці ведаем мы, што гэта такое, і ці разумеем, якую пагрозу нясе з сабой Хэлоўін? Гэта не нявінная забава, але сур’ёзная небяспека. Нам неабходна ўсвядоміць, што Хэлоўін сваімі каранямі сягае да паганскіх святкаванняў свята духаў і кельцкага бога смерці. Таму Хэлоўін – гэта не што іншае, як антыхрысціянскае і язычніцкае свята. Мы, як веруючыя, не можам прымаць у ім удзел. Бацькі і выхаваўцы павінны бараніць дзяцей і моладзь перад вобразамі пагрозы і страху, якія звязаны з гэтым паганскім псеўдасвятам. Практыка Хэлоўіну нязгодная з навучаннем Касцёла і таму не можа прысутнічаць у жыцці хрысціяніна. Усім нам патрэбны рашучы і крытычны падыход да свята Хэлоўіна, бо ён злучаны з культам д’ябла, граху і смерці.

Святы Айцец Францішак кажа, што калі чалавек не моліцца да Бога, то моліцца да д’ябла (пар. /2/home/vatican/news/holy-father/116981-zlo.html). Ведаем, што з гэтага можа выйсці, і таму павінны быць вельмі асцярожнымі, бо злы дух, як кажа святы апостал Пётр, кружыць, як леў, вакол і імкнецца як мага больш душаў зацягнуць у свае сеткі.

4. Мы сёння ўспамінаем усіх святых, тых, якія праслаўлялі Бога, а не д’ябла. Спытаемся ў сябе саміх: дзе ў вечнасці мы хочам быць? У вечным шчасці ці ў вечным цярпенні?

Святыя пакінулі нам прыклад, як дзейнічаць. Возьмем з іх прыклад, возьмем, нават калі здаецца, што ўжо ніхто і нішто нам не дапаможа. Разам са св. Аўгустынам скажам: “Калі іншыя маглі стаць святымі, то чаму я не магу?” Ён змог, і мы таксама павінны змагчы.

Узгадаем у нашых малітвах і нашых памерлых, каб паскорыць для іх пераход з чыстца ў неба і такім чынам павялічыць трыумфуючы Касцёл, да якога мы ўсе пакліканы, і ўмацаваць нашу веру. Амэн.

Адноўлена 01.11.2013 18:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі