Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на пахаванні а. Андрэя Ахрэма

Івянец, 8 лістапада 2013 г.

Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае, – так маліліся мы падчас актавы малітвы за памерлых. Так маліўся, несучы дапамогу памерлым, а. Андрэй. А сёння мы сабраліся на пахавальнай Імшы у гэтай прыгожай святыні, якая была сведкай многіх падзей, каб праводзіць у горад памерлых і аддаць апошнюю паслугу ужо святой памяці а. Андрэю, які трагічна загінуў на пачатку тыдня, вечарам у панядзелак 4 лістапада, вяртаючыся ў кляштар айцоў францішканаў з касцёла ў Камені. Дарога з адной парафіі да другой, якую ён неаднаразова праязджаў і праходзіў як брат, семінарыст, святар, стала месцам яго смерці і пераходу ў вечнасць.

Жыццё Тваіх вернікаў, о Пане, змяняецца, але не заканчваецца, – так у прэфацыі жалобнай Імшы Касцёл моліцца за памерлых. Па Тваёй волі, Пане, мы прыходзім на свет, у Тваіх руках нашае жыццё, паводле Твайго наказу нашае цела, што падлягае наступствам граху, вяртаецца ў зямлю, з якой было ўзята. Аднак мы былі адкуплены смерцю Твайго Сына, і Ты нас уваскрасіш сваёю моцаю, каб мы мелі ўдзел у хвале Яго Уваскрасення. І мы, як сыны і дочкі Касцёла, у такія балючыя моманты развітання з блізкай асобай прымаем гэтыя словы малітвы з верай. Бо словы аб Уваскрасенні – “Брат твой увакрэсне,  ці верыш у гэта?” – скіраваў таксама наш Пан Езус Хрыстус да сясцёр памерлага Лазара, іх брата; і на іх вачах, у прысутнасці вялікага натоўпу людзей, уваскрасіў свайго сябра, гаворачы: “Лазар, выйдзі з магілы”. І мы верым ва ўваскрасенне і вечнае жыццё, якое абяцаў Пан Езус для вернікаў.

Спяваем у малітвах за памерлых: “Гады нашыя прамінаюць, як трава, а Ты, Божа, трываеш у вяках”. Святы Францішак Сальскі напісаў шмат гадоў таму: “Жыццё - гэта час, калі шукаем Бога. Смерць — гэта час, калі Яго знаходзім. Вечнасць — гэта час, калі Яго маем”. Для святой памяці а. Андрэя просім міласэрнага Бога, каб такі час яму падарыў за яго жыццёвы выбар –  бо служыў Богу як святар і жыў як манах паводле евангельскіх парад.

Касцёл павучае, як належыць сябе паводзіць адносна памяці аб памерлым – праз малітву і ўдзел у Эўхарыстыі. Сам сум і плач не дае суцяшэння і дапамогі для памерлага. Калі цела памерлага кладзём у цёмную труну, то душу яго ўзносім на крылах малітвы ў краіну святла. Толькі ў малітве выражаецца нашая салідарнасць з памерлым, з тым, які адышоў. Для яго час заслугаў скончыўся, і сам сабе не здолее ні ў чым дапамагчы ў поўным ачышчэнні на годнае спатканне з Богам. Сёння душа яго спадзяецца на нашую дапамогу, і таму неабходна канцэнтравацца на малітве, поўнай даверу.

У  першым чытанні з Кнігі Мудрасці мы пачулі словы: “Душы справядлівых у руках Бога. Смерць іх лічылася няшчасцем, іх адыход ад нас лічыўся знішчэннем, а яны спачываюць у спакоі. Выпрабаваў іх Пан, як золата ў печы, і прыняў іх, як ахвяру ўсеспалення”.  Суцяшэннем напаўняюць нас такія словы. Той, які трагічна загінуў, трывае ў спакоі. Бог выпрабаваў яго, і верым, што прыме яго Той, які дае ласку і міласэрнасць сваім выбраным.

Аб памерлым гаворым толькі добрае – такое правіла выпрацавана пакаленнямі. Хаця аб памерлых неаднойчы выказваем свае меркаванні, якія змяняюцца ў залежнасці ад фактаў і нашых настрояў. Удзельнічаючы ў пахаванні памерлых, мы ведаем, што яны Богам ужо асуджаныя, а Божы суд не такі, як чалавечы.  Сур’ёзнасць смерці паралізуе наш розум і вусны, якія вельмі хуткія, каб асудзіць іншых. Канцэнтруецца нашая думка над тым, як Бог, які ўсё бачыць, судзіць, і таму як мы саміх сябе павінны асудзіць ужо цяпер, не адкладваючы такога абавязку на апошнюю хвіліну, калі пытанне Бога ўдарыць і ў нашу душу.

Апостал Народаў у другім чытанні з Паслання да Карынцянаў прыгадвае фундаментальную праўду нашага жыцця, нашага чалавечага існавання: ніхто з нас не жыве для сябе і ніхто не памірае для сябе; бо калі мы жывём, то жывём для Пана, калі ж паміраем – для Пана паміраем. Таму ці жывём, ці паміраем – мы належым Пану. Ці ўсведамляем мы, што павінны належаць Пану? Ёсць шмат людзей, якія не жадаюць жыць для Бога, якія жывуць так як быццам Бог не існаваў, па-свойму ўкладаючы жыццё, без Бога, без Евангелля, без Касцёла, без духоўных каштоўнасцяў, заснаваных на хрысціянскай маральнасці. А Святы Павел навучае, што такая дарога памылковая. Усе станем перад трыбуналам Бога, бо напісана: “Перада Мною схіліцца кожнае калена, і кожны язык будзе вызнаваць Бога”.

Можа, некаторым не падабаецца загад кленчыць перад Богам. Пачынаючы ад эпохі Асветы, узрастае бунт чалавека супраць Бога. Узрастае забыццё звычаю кленчыць перад Богам - Панам і Створцам. І што з гэтага выйшла? Рэвалюцыі і крывавыя войны. Саромеймася кланяцца сучасным бажкам, але не саромеймася кланяцца перад Богам, які з’яўляецца нашым Панам і Богам.

У абліччы смутку, які перажываем, варта паразважаць над чытаннем Евангелля на сёння, дзе знаходзім незвычайныя словы: “Я – уваскрасенне і жыццё, – кажа Пан, - хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі”. Выпадала б на гэтым выразе завяршыць пахавальныя словы, бо нічога больш суцяшальнага сказаць ужо не зможам.

Дарагі айцец Андрэй, сёння развітваюцца з табой і бацькі, і родныя, і блізкія асобы, айцы і браты францішканцы і кансэкраваныя асобы розных іншых манаскіх супольнасцяў, святары і вернікі, якім ты служыў. Развітваюцца тыя, каму кароценькі час служыў ты як святар, і за гэта ўсе вельмі табе ўдзячныя. З сумам прыняў вестку аб смерці і моліцца, напэўна, з намі Мітрапаліт Тадэвуш з архідыяцэзіі, з якой паходзіш і ў якой ты служыў як святар вернікам. Дзякуем табе за велікадушнае служэнне ў святарскай і манаскай супольнасці. Ты даў прыклад сучаснай моладзі, што трэба клапаціцца заўсёды аб збаўленні сваёй душы, бо выбраў радыкалізм евангельскіх парад жыць у беднасці, паслухмянасці і чысціні паводле статутаў манаскай супольнасці францішканцаў канвентуальных. Таксама кароткім служэннем як святар і 8-гадовай падрыхтоўкай да святарства і манаскага жыцця ты паказаў прыклад адказнага клопату аб збаўленні іншым людзям. І такім чынам ты будзеш у нашай памяці. Бо чалавек, які не памятае аб сваіх памерлых, не заслугоўвае даверу. Ён тады павярхоўны, бо жыве выключна сваім часам. Такі чалавек не здольны рабіць высновы з мудрасці пакаленняў. Будзем жа памятаць пра святой памяці нашых памерлых, а асабліва пра такіх асобаў, як а. Андрэй.

Божай Міласэрнасці давяраем душу святой памяці а. Андрэя. Бог, наш любячы Айцец, заўсёды знойдзе выйсце, заўсёды супакоіць, суцешыць, апраўдае. Бо Ён - паводле слоў справядлівага Ёва – “Збаўца, які на зямлі паўстане як апошні, якога няма сярод памерлых”, дапаможа нам захаваць памяць і надзею аб тым, які адышоў ад нас. А мы, тут сабраныя, хочам прамовіць малітву за памерлага: «Вечны супакой дай яму, Пане», а таксама  заспяваць песню: «Няхай анёлы прывядуць цябе ў рай, няхай цябе падтрымаюць мучанікі і завядуць у святы горад Ерузалем».

Адноўлена 08.11.2013 18:24
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі