Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі на аблучыны семінарыстаў

10.11.2013, катэдра ў Пінску

Чалавек – адзіная істота на зямлі, якая здольная задумацца над сабой, над сэнсам і мэтай жыцця. На розных этапах жыцця задае сабе мэты бліжэйшыя і далейшыя, якія імкнецца асягнуць. Важнае заданне маладога чалавека – адкрыць сваё пакліканне. Ад правільнага адкрыцця паклікання залежыць поспех на зямлі і дасягненне шчасця на зямлі і ў вечнасці.  Таму важна ў маладосці адкрыць, кім хочам быць, на якую жыццёвую дарогу кліча мяне Пан. Важна таксама маладым дапамагаць у адкрыцці паклікання.

Слова “пакліканне” мае некалькі значэнняў. Звычайна гаворым так тады, калі хтосьці атрымаў прызачэнне. Гэта і служба ў войску, і прызначэнне міністра, дырэктара, пробашча.  З гэтым звязаны пэўныя абавязкі, прывілеі і заданні. Але слова гэтае мае і агульнае значэнне, калі хочам указаць на жыццёвы выбар, які зрабілі на падставе любові альбо голасу сумлення. Аб іх гаворым  - што яны, гэтыя людзі на пасадах -  з паклікання.

У нашым жыцці ўпісана пакліканне да жыцця ў касцёльнай супольнасці. Праз хрост мы сталі дзецьмі Касцёла і дзецьмі Бога. Аб гэтым гаворыць св. Ян Евангеліст: усім тым, якія прынялі (Слова), дало моц, каб сталі дзецьмі Божымі, тым, хто верыць у Імя Яго - якія ані з крыві, ані з пажадання цела, ані з волі мужа, але з Бога нарадзіліся (Ян 1, 12-13). А св. Павел гаворыць: ці не ведаеце, што вы Божая Святыня і што Божы Дух жыве ў вас? (1 Кар 3, 16) Гэта Божае жыццё ў нас, праяўленне якога - наша вера і любоў да Бога, мы павінны пастаянна развіваць і паглыбляць.

З сям’і некаторых Бог кліча да святарства і манаскага жыцця. Такое пакліканне асаблівае. Гэта знак выбрання Богам. Яно з’яўляецца незразумелай ласкай і важным заданнем. Як напісаў бл. Ян Павел ІІ  - дарам і таямніцай. Яно ёсць дарам для касцёльнай супольнасці. Ёсць дарам для кагосьці у адносінах да іншых.

Пакліканне да святарства – гэта ласка, дадзеная задарма. Хрыстус першым вучням сказаў: не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў і прызначыў на тое, каб ішлі і плады прыносілі і каб трывалыя былі плады (Ян 15, 6). І таму не столькі маладыя выбіраюць Хрыста, колькі Ён іх выбірае. Выбірае тых, якіх хоча. Пакліканыя асобы добра ведаюць, што гэта не столькі яны выбралі Хрыста, як Ён іх выбраў, паклікаў і паслаў на сваё жніво.

Пакліканне да святарства і кансэкраванага жыцця – гэта вялікі давер для пакліканага, але таксама для бацькоў і радні. Быць маці, бацькам святара, кансэкраванай асобы - гэта гонар, але і заданне.

Пакліканне да святарства - гэта не толькі дар, але і вялікае жыццёвае заданне для выканання.

Пакліканне да святарства і манаскага жыцця – гэта напамін людзям аб Богу, заклік да абвяшчэння Божай Праўды, асабліва Евангелля, атрыманай ад Хрыста. Езус кліча маладых, каб як святары абвяшчалі праўду, адорвалі людзей Божай мудрасцю. Такой мудрасці ўсе мы патрабуем. Шатан пастаянна сее хлусню і руйнуе людзей.  Патрэбныя сейбіты праўды  - бескампрамісныя, адважныя, якія не гавораць толькі тое, што падабаецца людзям, але гавораць тое, што паходзіць ад Бога. Святары апрача дзейнасці навучання здзяйсняюць літургічныя дзеянні і пастырства. Выконваюць святыя абрады, асабліва Таямніцу Эўхарыстыі. Выконваюць служэнне міласэрнасці і збіраюць людзей вакол Эўхарыстыі.

Молімся, каб кожны з нас, тут прысутных, выконваў добра жыццёвае пакліканне і дапамагаў іншым адкрываць і выконваць яго.

У слове Божым на сённяшнюю нядзелю знаходзім такое павучанне: сам Пан наш Езус Хрыстус і Бог, Айцец наш, які палюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы, няхай заахвоціць сэрцы вашыя і ўмацуе вас у кожнай справе і добрым слове (2 Тэс 2). Але верны ёсць Пан. Ён умацуе вас і захавае ад злога. А Пан няхай накіруе сэрцы вашыя да Божай любові і да Хрыстовай цярплівасці.

Ці памятаеце аб гэтым вы, дарагія семінарысты, якія сёння накладаеце першы раз сутаны? Пан Бог найлепей ведае ўсё. Ён ведае нас лепей, чым мы самі сябе ведаем. Вы прымаеце сутаны ў Год веры. А вера не з’яўляецца чымсьці такім трывалым, пэўным, аб чым магу сказаць з упэўненасцю, што яе маю. Яна можа ўзрастаць і занепадаць у залежнасці, як я клапачуся аб яе ўзрастанні. Аб гэтым я вам напамінаў на пачатку новага акадэмічнага года.

Этапы ўкаранення ў святарства павінны весці вас да больш плённай духоўнай фармацыі і да спраўджвання гатоўнасці шчыра прыняць місію евангелізацыі, якая выконваецца заўсёды ў імя Езуса Хрыста.

Дарагія семінарысты, вам можа здавацца, што калі вы прабываеце ў гэтых святых сценах семінарыі, якую заснаваў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі, першы біскуп Пінскі, у якой праходзіў фармацыю бл. Мечыслаў Багаткевіч, святар, мучанік Другой сусветнай вайны, іншыя святары, якія загінулі ў падобных акалічнасцях, таксама першы кардынал Беларусі Казімір Свёнтэк, 100-годдзе нараджэння якога мы рыхтуемся адзначыць у наступным годзе, кс. інфулат Вацлаў Пянткоўскі, шматгадовы Генеральны вікарый на частку дыяцэзіі ў межах Беларусі, вязень ГУЛАГу, як і іншыя святары, якія прайшлі выпрабаванні за веру ў лагерах Сібіры, Крайняй Поўначы і Сярэдняй Азіі, то, можа, думаеце, што не павінны баяцца ніякіх спакусаў і атакаў злога, што гэтыя сцены вас абароняць. Але можа зусім быць інакш. Шатан усю сваю агрэсію скіроўвае да тых, якія хочуць быць бліжэй Хрыста і пакуль што пад аховай гэтых муроў і апекай выхаваўцаў, памятаючы адначасова аб тых, якія чакаюць добрага пастыра.

Вы маеце пэўны вопыт прабывання ў семінарыі, і гэта штосьці падобнае да прабывання ў пустыні: абмежаваныя кантакты са светам, малітоўная засяроджанасць – гэта ўсё, спалучанае з асабістым і шчырым запалам, напэўна, будзе плённым.

Прымаючы абавязак нашэння сутаны, трэба забыцца аб многіх справах. Не трэба засяроджвацца на настроях, уражанннях. Нельга вяртацца да неспакою. Але аб адным вы павінны памятаць: ці з’яўляецца Бог для вас усім ва ўсім (1 Кар 15, 28). Трэба вучыцца забывацца аб сабе, але гэта няпроста зрабіць.  Як семінарысты ў сутанах, вы павінны станавіцца ўсё больш дасканалымі.  Трэба навучыцца забывацца аб сабе, аб усіх успамінах, патрабаваннях і баязлівых думках чалавечага эгаізму, за выключэннем гэтага святога ўспаміну, што належым да Бога і ад Яго выходзім. Гэты ўспамін трэба ўсё больш узмацняць, ажыўляць і дасканаліць. “Будзьце дасканалымі, як дасканалым ёсць Айцец ваш Нябесны”.

І ў гэтай справе няма месца сумненням. Нічога нельга таксама адкладваць на потым. Цяпер найлепшы час, каб за св. Паўлам сказаць сабе раз і назаўсёды, што хочаце і імкнецеся да таго, каб Бог быў у вас усім ва ўсім (1 Кар 15, 23).

Неабходна і далей быць блізка Эўхарыстычнага Хрыста. Пачатак такой духоўнасці бярэцца ад навяртання сэрца, розуму і волі да Таго, які нас да канца палюбіў (Ян 13, 1). Цяжкім можа быць навяртанне, бо патрабуе адарвацца ад сябе, ад асабістых крытэрыяў і праграм. Ці так вы разумееце прынцыпы дзейнасці семінарыі? Ці вы былі гатовымі ў словах і дзеяннях семінарыйных выхаваўцаў і старэйшых знаходзіць, можа, часамі з вялікім напружаннем, волю Божую? Таму лепей цяпер разумееце сэнс прабывання ў семінарыі, бо прабыванне патрэбна для фармацыі паставы  даверу Хрысту, Найвышэйшаму Святару.

Усіх вас з думкай аб усёй семінарыі давяраю асаблівай апецы Маці Божай,  прысутнай у Назарэце падчас Звеставання, у Бэтлееме і ў Ерузалемскай святыні, падчас навучання Хрыста і на Кальварыі. Яна першая радавалася Уваскрасенню Езуса Хрыста. І вы будзьце – так, як Яна, заўсёды пры Езусе, заўсёды з Езусам.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі