Мінск, Чырвоны касцёл, 15 лістапада 2013 г.
Ва ўзаемнай любові і адзінстве несці людзям пах памазання Святым Духам
“Даю вам новую запаведзь, каб любілі адзін аднаго, як Я вас палюбіў” (Ян 13, 14)
1. Вашы Эксцэленцыі, глыбокапаважаныя святары!
Гэтыя словы мы спявалі перад Евангеллем, якое прадстаўляе нам сцэну Апошняй Вячэры Пана, падчас якой Ён устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і сакрамэнт святарства. Гэтыя словы нагадваюць нам аб любові, якой Езус палюбіў нас і якой мы павінны любіць адзін аднаго. Гэтая любоў бязмежная, бо Езус яе пацвердзіў сваёй крыжовай смерцю і з гэтай любоўю прыходзіць да нас у сакрамэнтах святарства і Эўхарыстыі.
У першым чытанні святы апостал Павел нагадвае пра ўстанаўленне гэтых жыццёва важных для Касцёла і кожнага чалавека сакрамэнтаў і наказ здзяйсняць Эўхарыстыю да канца часоў (пар. 1 Кар 11, 23-26).
Мы добра ведаем выраз, што Касцёл цэлебруе Эўхарыстыю, а Эўхарыстыя будуе Касцёл. Але для цэлебрацыі Эўхарыстыі патрэбны святар. Святарства вырастае з Эўхарыстыі і яно найперш для Эўхарыстыі, а праз Эўхарыстыю – для Касцёла як Містычнага Цела Хрыста. Таму гэтыя два сакрамэнты нераздзельна злучаны і адзін служыць другому, каб на самой справе служыць людзям у іх пілігрымцы ў дом нябеснага Айца.
2. Гэтае служэнне павінна адбывацца ў любові нас, святароў, адзін да аднаго і да даручаных нашай духоўнай апецы людзей. Яно таксама павінна адзначацца пачуццём еднасці паміж намі і з нашымі вернікамі, бо ў еднасці наша сіла.
Шлях да гэтага ляжыць праз нашае навяртанне, аб чым кажа Езус у сённяшнім Евангеллі: “Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са Мной” (Ян 13, 8). Мы заклікаем людзей да навяртання і спавядаем іх. Але яно патрэбна таксама і нам. Нам неабходна дазволіць Езусу нас абмыць, ачысціць, каб мы свяціліся святасцю свайго жыцця і веры. Людзі хочуць бачыць у нас святых слугаў, якія абвяшчаюць вечна жывое і актуальнае Божае слова, цэлебруючы сакрамэнты, асвячаюць людзей і, у любові ім служачы, будуюць хрысціянскія супольнасці.
3. Нам таксама неабходна несці на сваіх плячах цяжар даверанага нашай духоўнай апецы Божага Народу, імёны якога павінны быць упісаны ў нашы сэрцы. Мы, святары, якім даручана паслуга Alter Christus, павінны быць падобнымі да Езуса – Добрага Пастыра, які бярэ на свае плечы заблукаўшую авечку і нясе яе ў статак, Ён нават аддае сваё жыццё за сваіх авечак (пар. Мц 18, 12; Ян 10, 11).
У гэтай паслузе нам нельга быць наймітамі і ўцякаць перад драпежнымі ваўкамі, – як кажа Хрыстус (пар. Ян 10, 12). А гэтых сучасных ваўкоў вельмі многа. Гэта найперш выклікі секулярызму і маральнага рэлятывізму, жыццё так, як быццам Бога зусім няма, крызіс сям’і, дэвальвацыя Божага дару жыцця, амаральнасць, сексуальная разбэшчанасць, абагаўленне багацця, пакланенне ідалам і захапленне акультызмам, алкагалізм, наркаманія і г.д. Гэта тыя ваўкі, якія нішчаць духоўнае жыццё чалавека. Таму нам не дазваліцельна прыняць паставу палітычнай карэктнасці ў маральных справах. На бязвер’е сучаснага свету нельга глядзець з боку ці з балкона, у яго неабходна ўвайсці з вучэннем Хрыста.
4. У сакрамэнце святарства мы былі памазаны Святым Духам. Слова памазаны асацыіруецца з памазаннем пахучым алеем, які ўжываўся ў Старым Запавеце для ўстанаўлення каралёў. Аднак пах алея прызначаўся не толькі для іх, але і для іх падданых.
Пахучы алей ужываецца таксама і для памазання рук святара пры пасвячэнні, і яго пах прызначаны не толькі для нас, але і для тых, да каго Божы Провід нас пасылае. Выразна аб гэтым кажа Папа Францішак. Памазанне святым алеем не для таго, каб памазаць нас саміх, не для таго, каб мы гэты алей замыкалі ў нашым святарскім флаконе, бо ён тады можа прагоркнуць, а нашы сэрцы – расчаравацца, але яно таксама і для іншых. Добры святар пазнаецца па памазанні даверанага яго апецы народу, якім духоўным жыццём ён жыве, якое дае сведчанне Евангеллю і г.д. Калі мы знаходзімся ў такіх адносінах з Богам і людзьмі, то тады з’яўляемся сапраўднымі пасрэднікамі паміж Богам і людзьмі (пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/documents/papa-francesco_20130328_messa-crismale_it.html), - як кажа Папа Францішак. Толькі тады нашы парафіі сапраўды будуць месцам спаткання чалавека з Богам і месцам, дзе бурліць рэлігійнае жыццё. Нездарма прыказка кажа: “Які поп, такі і прыход”.
5. Хаця Беларусь не з’яўляецца місіянерскай краінай, тым не менш місіі належаць да прыроды Касцёла, і сёння, у часы крызісу веры, неабходна новая евангелізацыя, гэта азначае патрэбна не толькі місія “ad gentes” – “паганаў”, але і даўно ахрышчаных і, на жаль, адыйшоўшых ад веры народаў. Усё гэта нагадвае пра тое, што пах нашага святарскага памазання неабходна несці ў свет, нельга замыкацца толькі ў гетта сваёй парафіі, манаскай супольнасці ці малітоўнай групы і руху, бо яшчэ так многа сэрцаў чакае Евангелля.
Таму чарговым і вельмі актуальным заданнем святара з’яўляецца выйсце з самога сябе з мэтай пайсці да іншых, каб такім чынам самім удасканальвацца, пастаянна ажыўляць дар святарства, узрастаць у веры, надзеі і любові і станавіцца больш дынамічнымі ў сваёй паслузе. Трэба памятаць аб тым, што той, хто дае, сам атрымлівае яшчэ больш, бо інакш у нашых сэрцах народзіцца незадавальненне, пасіўнасць і апатыя, што з’яўляецца хваробай многіх з нас і ўскладняе крызіс святарскай тоеснасці, які ўліваецца ў крызіс сучаснай цывілізацыі, хвалі якога заліваюць свет.
Хто быў на моры, той, напэўна, заўважыў, што недалёка ад берага знаходзяцца так званыя хвалярэзы, якія разбіваюць небяспечныя падчас шторму хвалі. Нам таксама неабходна разбіць хвалі шторму секулярызму, які залівае свет, каб выплыць на глыбіню і ў імя Пана закінуць сеці (пар. Лк 5, 4) і каб плён нашай святарскай працы быў багаты.
6. Дарагія браты ў святарскім служэнні!
Гэтай святой Імшой мы завяршаем ІІ агульнабеларускую сустрэчу святароў на тэму “Святло веры – святарская вернасць”. Святла веры патрабуе сучасны свет, які заблудзіўся ў тумане секулярызму. Ён патрабуе гэтага святла, каб знайсці страчаную надзею і выйсці з цемры, якая яго ахінула. Нам, святарам, Бог даверыў місію несці святло веры ў гэты свет. Гэта нялёгкае і вельмі адказнае заданне, бо для многіх людзей вера застаецца толькі ілюзорным святлом, якое перашкаджае чалавеку здабываць веды, – як кажа Папа Францішак (пар. LF 2).
Каб яго паспяхова выканаць, неабходна захаваць святарскую вернасць, быць Alter Chiristus – Другім Хрыстом, і дзейнічаць ад Яго імя. Сама рэчаіснасць секулярызацыі і крызісу веры змушае нас выплысці на ўзбуранае мора сучаснага свету і адказваць на яго выклікі. Для гэтага нам неабходна быць аб’яднанымі паміж сабой і з верным народам, каб быць Касцёлам – тым чаўном Пятра, які, даверыўшыся Хрысту, мужна плыве на глыбіню. На гэтым моры лічыцца не пасада, а памазанне Святым Духам (пар. пар. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/documents/papa-francesco_20130328_messa-crismale_it.html), бо тады закінутыя ў імя Хрыста сеці вылавяць багаты ўлоў (пар. Лк 1, 6).
Няхай праз заступніцтва Марыі – Маці святароў - Бог адновіць у нас памазанне Святым Духам, каб мы, захоўваючы сваю святарскую тоеснасць і вернасць пакліканню, па прыкладу Першасвятара Езуса Хрыста любоўю да Бога і бліжняга неслі людзям пах святарства і вялі іх да спаткання з Хрыстом, з якога нараджаецца неабходная для збаўлення вера (пар. Мк 16, 16). Амэн.
Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:
1. Францішак. Энцыкліка “Lumen fidei” (LF). 2. http://www.vatican.va/holy_father/francesco/homilies/2013/ documents/papa-francesco_20130328_messa-crismale_it.html).
|