Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас сустрэчы законных сясцёр Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Мінск, 21 лістапада 2013 г.

Марыя – Маці веры і ўзор кансэкраванага жыцця ў Касцёле

Вялікае ўчыніў мне Усемагутны (Лк 1, 49)    

1. Глыбокапаважаныя сёстры!

Гэты рэфрэн рэспансарыйнага псальма святой Імшы ва ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі ўзяты з Яе славутага гімну “Magnigicat“, які Яна праспявала падчас адведзін святой Альжбеты, Касцёл сёння прапануе нашай увазе. У іх выказана радасць і ўдзячнасць Марыі за ўсё тое, што Ёй учыніў Усемагутны Бог, а менавіта што Яе, адзіную з усіх жанчын свету, выбраў стаць Маці Збаўцы.

Простая дзяўчына атрымала годнасць Багародзіцы. Ці не трэба гэтаму дзівіцца? Ці не трэба за гэта ўсхваляць Бога? Ці не трэба дзякаваць Богу? І Марыя гэта чыніць.

2. Калі паглядзім на таямніцу кансэкраванага жыцця, да якога Бог паклікаў вас, дарагія сёстры, то, напэўна, кожная з вас таксама павінна спяваць свой гімн “Magnificat“, бо ў сучасным секулярным свеце, які не ўспрымае святасці і імкнецца толькі да задавальненняў і багацця, Бог вас паклікаў да жыцця паводле евангельскіх парадаў чысціні, паслухмянасці і беднасці. Тым самым вы, прыняўшы гэтае пакліканне, сталі знакам супраціву ў сучасным свеце, падобна таму, як такім знакам быў Хрыстус (пар. Лк 2, 34).

Быць знакам супраціву азначае плысці супраць цячэння і паказваць свету, што існуюць вечныя і нязменныя маральныя каштоўнасці, на якіх павінен будавацца свет. Уся гісторыя чалавецтва сведчыць аб тым, што наша жыццё мы павінны будаваць на моцным фундаменце, а не на пяску, як кажа Хрыстус (пар. Мц 7, 24-25). Свет з яго багаццямі і прыемнасцямі праміне, а духоўнасць застанецца. Сучасны свет гэтага не разумее. Ён жыве ідэяй capre diem – карыстайся з дадзенага табе часу, бо ён праміне. Так, час праміне, але чалавека чакае вечнасць. І паўстае пытанне: “Якой яна будзе?”

3. Таму ў секулярных абставінах сучаснасці патрэбны тыя, хто ім супрацьстаіць, хто не згаджаецца з імі, хто плыве супраць цячэння. Гэта нялёгка, але толькі тады сам чалавек удасканальваецца і паказвае іншым, што ёсць іншы шлях жыцця, шлях нялёгкі, але той, які вядзе да перамогі.

На гэты шлях у свой час стала Марыя, Ахвяраванне якой у Ерузалемскай святыні Касцёл успамінае сёння. Яе бацькі Яўхім і Ганна прыводзяць Яе ў святыню, каб ахвяраваць Богу. Менавіта там Яна выхоўвалася да вельмі адказнай місіі, каб у рашучую хвіліну гісторыі чалавецтва сказаць Богу сваё “fiat” – “так”.

Гэтае “fiat” Яна павінна была паўтараць усё сваё жыццё і такім чынам як быццам плыла супраць цячэння. Свет жыў сваім жыццём, у якім былі радасці і смуткі. У гэты свет прыйшоў Збаўца, прыйшоў да сваіх, але свае Яго не прынялі (пар. Ян 1, 11). Марыя ўсё гэта бачыла і перажывала. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, заўсёды заставалася вернай свайму пакліканню.

4. Праз тры дні ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету завяршаецца Год веры, які ў Беларусі, з нагоды 400-годдзя прыбыцця цудатворнага абраза Божай Маці ў Будслаў, праходзіў пад дэвізам “Марыя – Маці нашай веры”. На працягу яго мы дзякавалі Богу за прыклад Яе веры і апеку падчас ганенняў, а таксама прасілі дапамогі ў наш час крызісу веры. Святы Айцец Францішак у сваёй першай энцыкліцы “Lumen fidei” (“Святло веры”) таксама назваў Марыю Маці нашай веры (пар. LF 60).

Свет перажывае востры крызіс веры, не выключаючы таксама і духоўных асобаў. Аб гэтым сведчыць адыход ад святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама колькасць пакліканняў, якая памяншаецца. Бог кліча столькі, колькі Яму патрэбна. Але праблема ў тым, што ў гомане сучаснага свету чалавек не заўсёды чуе Яго голас, не заўсёды адказвае на яго і не заўсёды застаецца яму паслухмяным. Свет жыве сваім жыццём, так, як быццам Бог зусім не існуе. Усё як у прыказцы: “Бог сваё, а чорт сваё”.

Гэтаксама было і 2000 гадоў таму. Аднак Марыя не паддалася ўплывам свету і засталася вернай Богу і свайму пакліканню. Таму на ўсе часы Яна засталася ўзорам як хрысціянскага, так і кансэкраванага жыцця. Будучы ахвяраванай Богу як малая дзяўчынка, Яна такой засталася на ўсё жыццё, мужна зносячы ўсе яго досведы.

5. Дарагія сёстры!

Вы ў адпаведны час і ў адпаведным месцы пачулі голас клічучага вас Пана і пайшлі за Ім, каб выбраць Яго за свайго жаніха і, захоўваючы евангельскія парады духоўнай чысціні, паслухмянасці і беднасці, служыць Богу, Касцёлу і людзям паводле харызмы вашых заснавальнікаў і заснавальніц. Бог паклікаў вас служыць у Беларусі ў асаблівы час яе развіцця, калі нашаму грамадству, пасля трох пакаленняў ганенняў на веру, патрэбны дух Евангелля і яго сведкі.

Той, хто быў тут на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі прыйшла свабода веравызнання, добра памятае, што святарская сутана ці законны габіт былі знакам прысутнасці Бога і знакам надзеі пасля многіх дзесяцігоддзяў ганенняў на Касцёл.

Сёння ўжо іншыя часы, але законны габіт, як і святарская сутана, не перастаюць прамаўляць, і прамаўляць вельмі моцна. Яны звяртаюць увагу людзей на існаванне вечных каштоўнасцяў і парушаюць сумленне людзей, так што многіх прымушаюць задумацца аб сэнсе жыцця і сваім жыццёвым шляху.

6. Але, каб быць такімі, неабходна самім быць адпаведна падрыхтаванымі і жыць адпаведным духоўным жыццём. Калі я чагосьці не маю, то не магу даць іншым. Так і тут. Для гэтага неабходна ўвесь час удасканальвацца. Неабходна памятаць аб лацінскай прыказцы: “Qui non progredit –  regredit” – “Хто не ўдасканальваецца, той дэградуе”.

Касцёл у Беларусі хоча бачыць вас заўсёды жывучымі духам нязломнай веры, Евангелля і харызмаў вашых манаскіх супольнасцяў. Дапамогай у гэтым няхай будзе жыццё паводле вашых статутаў, малітва, якая ніколі не з’яўляецца стратай часу, сталая фармацыя, духоўныя практыкаванні, рэгулярны сакрамэнт пакаяння, актыўны ўдзел ва ўсіх пастырскіх акцыях нашай архідыяцэзіі і Касцёла на Беларусі і г.д., а Марыя няхай стане вашым узорам, каб разам з Ёй вы маглі штодзённа спяваць свой гімн “Magnigicat“ і праслаўляць Бога за вялікія рэчы, якія Ён учыніў вам і праз вас Касцёлу. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі