Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія да святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій на фармацыйнай сустрэчы для святароў, якія атрымалі прэзбітарскае пасвячэнне ў апошнія пяць гадоў
Пінск. Семінарыйная капліца 18.11.2013 

Евангелле на сённяшні дзень указваае нам на веру сляпога чалавека, які дзякуючы Езусу вярнуў зрок. Цуд, які ўчыніў Езус, сведчыць што Езус — Божы Сын. І мы як святары сведчым аб гэтым. Напэўна, кожны быў бы вельмі рады, каб, дзякуючы нашай паслузе, узрастала вера ў тых, з кім сустракаемся, як гэта здарылася ў таго сляпога чалавека. Іншыя перажываем часы і іншыя патрабаванні да святара, але заданне застаецца тое самае — вярнуць зрок сляпому — быць правадніком на дарогах веры для  людзей, даручаным маёй пастырскай апецы.
 
Гэта і велічна, але і вялікая адказнасць. Велічна, таму што, як гаворыць Пан — не вы Мяне выбралі, але Я вас выбраў. Пачуццё выбранасці, асаблівай годнасці прысутнічае ў нас. Да гэтага нас рыхтавала духоўная семінарыя. І няважна, што, можа, аўто ў нас больш старое і больш таннае, чым у вернікаў. Альбо, можа, яго яшчэ няма, і тое, што ўмовы жыцця прасцейшыя, чым у некаторых парафіянаў, якія часамі запрашаюць да сябе. Я выбраны Езусам на правадніка для Божага Народа, з’яўляюся распарадчыкам Божых дароў і вестуном Божага Слова. Гэта маё жыццёвае заданне і асаблівае прызванне. 
 
Ніхто са свецкіх асобаў не мае такой улады і годнасці як святар. Але дадзеная яна дзеля таго, каб я іншым дапамагаў у святасці і сам, дзякуючы такой блізкасці з Богам, напаўняўся святасцю.
 
Ваша сустрэча тут у Пінскай семінарыі і катэдры мае фармацыйны характар. А гэта значыць, што павінен адбыцца зварот да ідэальнага стану з пачатку святарства. Чаму? Бо наша семінарыя — гэта не звычайнае месца. Вельмі прыгожая тут прырода, якая вызваляе ў чалавеку чысціню намераў. Рака Піна, Ясельда, Прыпяць. Пінск — сталіца Заходняга Палесся. Адчуваецца павеў даўніны, калі разглядаем пабудовы горада. І калі чытаем і слухаем успаміны некаторых тых, хто закончыў гэтую фармацыйную касцёльную ўстанову. Гэта таксама для вас дотык муроў, якія памятаюць першых місіянераў гэтага рэгіёну — францішканцаў, якія ў ВКЛ прыбылі ўжо праз 80 гадоў пасля смерці заснавальніка св. Францішка з Асыжу. Гэта таксама і праца, і сведчанне св. Андрэя Баболі — мучаніка-езуіта, які тут быў і працаваў, які у недалёкім Янаве ў 1657 годзе прыняў мучаніцтва за адзінства веры і названы нават праз непрыяцеляў Касцёла душахватам. 
 
75 – годдзе кананізацыі гэтага святога мы адзначалі ў гэтым годзе вясной, а адбылася яна ў Рыме ў Белую Нядзелю. Тут, у крыпце катэдры, спачывае і першы біскуп дыяцэзіі — Зыгмунт Лазінскі, які памёр у апінніі святасці ў Вялікім Тыдні 1932 года. Ён казаў: «быў вашым сябрам пры жыцці, яшчэ большым вам буду прыяцелям пасля смерці». Беатыфікацыйны працэс яго закончаны, адпаведныя дакументы перададзены ў Ватыканскую Кангрэгацыю па справахсвятых. Молімся аб цудзе і чакаем рашэння Святога Пасаду ў гэтай важнай для Пінскай дыяцэзіі справе. Тут, у крыпце катэдры, спачывае і першы кардынал Беларусі Казімір Свёнтэк — сведка Веры.
 
Ваша фармацыйная сустрэча адбываецца на заканчэнне ў Касцёле года Веры. І мы, як святары, прызваныя асаблівым чынам перажываць нашу веру і шчодра дзяліцца ёй з іншымі. А каб веру пераказаць, патрэбна рук да дапамогі, адкрытых, поўных бескарыслівасці рук і сэрцаў, тых, якія асабліва прызваны да пераказу Божай любові. 
 
Тымі асабліва павінны быць святары — людзьмі, народжанымі з любові, пра якіх пісаў у юбілейным лісце да святароў бл. Ян Павел ІІ. Якім вялікім было пераканнанне аб сваім пакліканні, якой вялікай была любоў да Хрыста Збаўцы гэтай жменькі вучняў, прызваных Апосталаў, якія былі першыя народжаныя з Божай любові. Дзякуючы іх прапаведаванню Евангелля і сведчання аб Ім, з гэтай малой групы паслядоўнікаў Хрыста і нарадзіўся Касцёл. Якая вялікая гэта ласка, якая спадарожнічае справе збаўлення.
 
Таму год Веры з’яўляецца таксама і часам радасці за справу евангелізацыі, якая здзейснілася ва ўсім свеце. Справа евангелізацыі здзейснілася дзякуючы дапамозе вялікай групы людзей, якія праз вякі з запалам, часамі нават аж да праліцця крыві, абвяшчалі Евангелле. А мы, святары, з’яўляемся іх спадкаемцамі. Адсюль наша радасць у справе евангелізацыі ў год Веры. 
 
Пане Езу, дзякуем Табе за пакліканне. За наш асабісты ўдзел у евангелізацыі , у пашырэнні Веры ў сэрцах людзей, за ласку вядзення евангелізацыі ў гэтым годзе.
 
Заканчэнне года Веры — гэта таксама і магчымасць для нас ачысціць нашу памяць, з таго, як мы служым для Евангелля. Гэта пытанне да нас: ці клапоцімся мы аб тым, каб захаваць дар паклікання да святарства, дар любові Езуса да нас, ці стараемся захаваць тую руплівасць, якую мелі ў першыя дні, тыдні і месяцы святарства?
 
Благаслаўлёны Ян Павел ІІ сцвярджаў, што ў гісторыі святарства , як і ў гісторыі ўсяго выбранага народа, мы сустракаемся таксама са змрочнай прысутнасцю граху. Шмат разоў чалавечая слабасць распарадчыкаў засланіла ў іх аблічча Хрыста. А Хрыстус на такой чалавечай недасканаласці паклаў сакрамэнтальную пячатку сваёй прысутнасці...
 
І добра тое, што маем пачуццё нашай недасканаласці. Тады лягчэй нам заўважыць, што гэта не мы дзейнічаем, але Хрыстус у нас.
 
Год Веры прыпамінае нам аб ідэальным стане лучнасці чалавека з Панам Богам, вызваленні з таго, што нас знявольвае, не дазваляючы на свабоду ў евангелізацыі, якая нам, святарам, даверана. Таму патрэбна пастаяннае вызваленне з нашых слабасцяў для свабоды і радасці вучняў Хрыстовых.
 
Божая прадбачлівасць вызначыла нам час і канкрэтныя абшары для святарскага служэння і важна, каб мы аб гэтым не забываліся, каб добра ўсведамлялі аб тым, хто нас паслаў і да каго мы пасланыя.
Мы служым там, дзе жывуць канкрэтныя людзі. І наш евангелізацыйны клопат накіраваны да іх. Нельга евангелізаваць ананімнага чалавека. Евангелле даходзіць да канкрэтнай асобы. Патрабуе ад чалавека канкрэтнага рашэння. Таму мы, як душпастыры, павінны ведаць людзей, якім абвяшчаем Евангелле. Не можам шкадаваць часу і намаганняў, каб пазнаць і не толькі вонкава, разпазнаючы кім ёсць дадзеная асоба, але, вывучаючы іх патрэбы, разам з супольнасцю дапамагаць ім вырашаць праблемы. Сярод нас жывуць часта людзі, якія па розных прычынах, эканамічных, грамадзкіх, сямейных — згубіліся. 
 
І таму мы павінны паказаць ім Хрыста. І гэта мы павінны чыніць рознымі спосабамі, таксама праз матэрыяльную дапамогу, але перш за ўсё, паказваючы ім мэту жыцця, пераадольваючы пачуццё бязвартаснасці, безнадзейнасці, звязаных часта з адсутнасцю працы, з адсутнасцю жыццёвых перспектыў. Парафіі, у якіх працуеце, — гэта супольнасці, якія адказныя за чалавека, за яго веру. Чым больш будзе ў парафіі рознай дапамогі чалавеку, тым больш поўным будзе справа евангелізацыі. І гэта для нас заданне на ўсе часы святарскай службы.
 
На мінулым тыдні святары наведалі адно з месцаў мучаніцтва святароў з Пінскай дыяцэзіі з нагоды 70-годдзя смерці падчас Другой сусветнай вайны ў Калдычэўскім лагеры смерці. Яны разважалі над іх трагічным лёсам і аб узнёслым прыкладзе святарскага служэння. Вось некаторыя дадзеныя з іх жыццяапісання. 
 
— Сярод іх ксёндз пралат Вітальд Івіцкі, генеральны вікарый, які паўтарыў прыклад св. Максімільяна Кольбэ ў Іванаве напрыканцы лютага 1943 года. У расстрэльнай магіле, калі яму было даравана жыццё, папрасіў, каб жывым замест яго застаўся бацька сям’і — 57-гадовы начальнік чыгуначнай станцыі Пінска.
 
— У Калдычэве загінулі кс. Альфонс Алешчук, які скончыў Пінскую духоўную семінарыю ў 1932 годзе. Ён быў прызначаны выконваючым абавязкі адміністратара парафіі Перамянення Пана ў вёсцы Новая Мыш у 1933 г. 28 красавіка 1942 года быў арыштаваны паліцыяй і расстраляны з 17 святарамі і 23 парафіянамі каля в. Калдычэва (15 км ад Баранавічаў).
 
— Кс. Казімір Дамброўскі, атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1929 годзе. Ён скончыў Каталіцкі Інстытут у Парыжы, абараніў дактарат у галіне сацыяльных навук у 1939 годзе. Падчас акупацыі быў пробашчам у Стаўбцах. Арыштаваны гітлераўцамі разам з вікарыем і атручаны газам у лагеры ў Калдычэве 14 верасня 1942 года. Яму было 40 гадоў жыцця.
 
— Кс. Антоній Леўш, атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1938 годзе. Перад вайной стаў вікарыем у Стоўбцах, арыштаваны немцамі разам з пробашчам і пасля трох месяцаў турмы у Стаўбцах перавезены у Калдычэва, дзе быў атручаны у газавай камеры 14 верасня 1942 года ва ўзросце 36 гадоў. 
 
— Кс. Станіслаў Леанард Новак, атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1933 годзе ў Пінску. У 1935 годзе быў пробашчам у в. Дамачэва, каля Брэста. Арыштаваны гітлераўцамі, быў у турме ў Стаўбцах, перавезены ў Калдычэва, дзе быў атручаны ў газавай камеры 14 верасня 1942г. Меў 38 гадоў, з іх 9 гадоў святарства.
 
— Кс. Антоній Мацкевіч, атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1917 годзе. Прасінадальны кансультант, дарадца Дыяцэзіянальнай Гаспадарчай Рады, Сталовіцкі дзекан і пробашч парафіі ў Міры. Атручаны ў газавай камеры ў Калдычэве 14 верасня 1942 года. Меў 50 гадоў.
 
— Кс. Вацлаў Неймак, камергер Яго Святасці, Ганаровы Канонік Катэдральнай Капітулы. Ён атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1907 годзе. Святар Луцкай дыяцэзіі. Пробашч парафіі ў Новым Свержні, быў атручаны ў газавай камеры ў Калдычэве 14 верасня 1942 года. Меў 60 гадоў.
 
— Кс. Казімір Каўрэцкі, атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1921 годзе. З 1939 года — пробашч у Паланэчцы, быў атручаны ў газавай камеры ў Калдычэве 14 верасня 1942 года. Меў 49 гадоў.
 
— Кс. Леон Буйноўскі, скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю ў Санкт-Пецярбурзе, атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1917 годзе выконваў душпастырскую службу ў Маскве, Гомелі, Івянцы і Мядзведзічах. Арыштаваны ў 1942 годзе і пасаджаны ў Баранавіцкую вязніцу. Паводле адных звестак, ён быў расстраляны на гарадскіх могілках 13 ліпеня 1942 года з 14 іншымі святарамі, паводле іншых звестак загінуў у лагеры ў Калдычэве.
 
— Кс. Баляслаў Брычкоўскі, скончыў Пінскую духоўную семінарыю і атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1936 годзе. Пробашч парафіі ў Крывошыне. Арыштаваны гестапа ў 1942 годзе, быў атручаны ў газавай камеры ў Калдычэве 14 верасня 1942 года. 
 
— Кс. Ян Езерскі, атрымаў прэзбітарскае пасвячэнне ў 1938 годзе, пробашч у Гарадзішчы, арыштаваны немцамі ў Баранавічах, быў атручаны ў газавай камеры ў Калдычэве ў 1943 годзе. 1944 годзе яго парэшткі былі перанесены і пахаваны пры касцёле ў Гарадзішчы. Меў 32 гады.
 
Падрыхтоўка да 100-годдзя з дня народзінаў кардынала Свёнтка —гэта добрая нагода прыгадаць таксама і іншых святараў, якія працавалі для евангелізацыі.

А менавіта: 
1. Кс. Ежы Росяк — шматгадовы пробашч Паланечкі, які скончыў гэту семінарыю, 10 год прабыў у ГУЛАГ-у ў Варкуце.
2. Кс. Люцыян Хмелявец — шматгадовы пробашч пар. Канстанцінава, Дзераўная, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі,
3. Кс. Казімір Тамковіч, пробашч у Ваўкалатах.

Ведаць імёны тых святароў, якія працавалі на ніве Пана да нас і вынікамі душпастырства якіх мы карыстаемся, — гэта наш абавязак, каб не стацца манкуртамі, якія забываюць пра карані. Такім чынам, адчыняецца нам зрок і можа развіваецца дальнабачнасць, каб не бачыць толькі сённяшніх праблем часта асабістага і матэрыяльнага альбо асабовага складу, а бачыць веліч паслугі святарскай для сучаснага чалавека, каб захаваць альбо ў некаторых рэгіёнах закласці падмуркі грамадства, заснаванага на хрысціянскім бачанні быцця.

Адноўлена 20.11.2013 16:44
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі