Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча падчас Імшы з удзяленнем дыяканскага пасвячэння

Мінская архікатэдра, 7 снежня 2013 г.

Глыбокапаважаныя святары, кандыдаты ў дыяканы, іх бацькі, родныя, блізкія, браты і сёстры!

1. Сённяшні дзень з’яўляецца знакавым у сучаснай гісторыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Яшчэ ніколі ў ёй у апошнія часы не адбывалася пасвячэнне адначасова пяці дыяканаў, што з’яўляецца вялікай ласкай, бо жніво вялікае, а працаўнікоў мала (пар. Мц 9, 37).

Знакавай з’яўляецца сённяшняя падзея і таму, што яна адбываецца ў вігілію ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Мы глядзім на Марыю як на тую, якую Бог выбраў быць Маці Збаўцы і якая згадзілася з Божай воляй, што стала ключавым момантам у ажыццяўленні Божага плану збаўлення.

Пяць вашых сыноў, братоў, блізкіх і знаёмых, дарагія браты і сёстры, у свой час адказалі Хрысту “так” на Яго заклік пайсці за Ім.

Касцёл дзякуе Богу, які паклікаў да святарства тых, якія сёння пасвячаюцца ў дыяканы. Касцёл дзякуе кандыдатам у дыяканат за смелае рашэнне, якое яны прынялі ў часы паступаючага і нават ваяўнічага секулярызму, калі замест духоўных прапагандуюцца матэрыяльныя каштоўнасці, амаральнасць, імкненне да поспеху і прыемнасцяў і г.д.

Аднак у прыняцці гэтага рашэння і далейшай фармацыі прымалі актыўны ўдзел многія іншыя людзі і інстытуты. Гэта найперш вашы бацькі, якія былі першымі евангелізатарамі і катэхізатарамі, — менавіта яны прывілі вам любоў да Бога, Касцёла і людзей. Касцёл дзякуе ім і тым, хто дапамог вам пачуць голас клічучага вас да святарства Бога. Касцёл дзякуе пінскай, гродзенскай, шчэцінскай і тарноўскай семінарыям, дзе праходзілі фармацыю сённяшнія кандыдаты да дыяканату.

3. Евангелле, якое мы толькі што пачулі, распавядае аб тым, што запрошаныя на вяселле адмовіліся (пар. Лк 14, 16-20). Інакш паступілі нашы кандыдаты да дыяканскага пасвячэння. У гомане сучаснага свету, які вядзе не да Бога, але ад Бога, вы пачулі голас клічучага Пана: “Ідзі за Мною” (Мц 9, 9) і на яго адказалі: “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8). Гэта нялёгкая справа ў накіраваным на спажывецтва, імкненне да ўлады, поспеху і прыемнасцяў свеце.

4. Дыяканскае пасвячэнне паводле старажытнай традыцыі здзяйсняецца праз ускладанне рук біскупа і спецыяльную малітву пасвячэння. У гэтай малітве біскуп моліцца аб умацаванні кандыдата ў стан дыякана дарамі Святога Духа, каб адзначаўся цнотамі, жыў згодна з Божым законам, у чысціні сэрца, быў сумленным, трываў у Хрысце і служыў іншым. Словы гэтай малітвы заклікаюць да поўнага прыпадабнення да Хрыста – Баранка Божага, Найвышэйшага Святара і Ахвяры.

Гэты заклік да святасці і прыпадабнення Хрысту прыгожа ілюструе Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які навучае, што дзякуючы сакрамэнту пасвячэння місія, якую Хрыстус даручыў сваім апосталам, працягвае здзяйсняцца ў Касцёле (пар. КККК 322). “Сакрамэнт пасвячэння мае тры ступені, якія з’яўляюцца неад’емнымі ў арганічнай структуры Касцёла: біскупства, прэзбітэрат і дыяканат” (КККК 325). Існуюць дзве ступені ўдзелу ў святарстве Хрыста – біскупства і прэзбітэрат. Дыяканат жа існуе для служэння. Аднак і біскупства, і прэзбітэрат, і дыяканат удзяляюцца праз сакрамэнт пасвячэння (пар. ККЦ 1554). У сувязі з гэтым святы Ігнацы Антыёхійскі заклікае да належнай пашаны не толькі біскупу ці святару, але таксама і дыякану” (пар. Epistula ad Trallianos, 3, 1: KKЦ 1554).

5. Дыяканы прымаюць удзел у пасланні і ласцы Хрыста. У сакрамэнце пасвячэння яны пазначаюцца незнішчальнай пячаткай (характарам) і прыпадабняюцца да Хрыста, які таксама стаў дыяканам – слугою ўсіх.

Заданні дыяканаў вельмі вялікія і важныя. Прыпадабняючыся да Хрыста, які служыў усім, дыяканы пасвячаюцца для служэння Касцёлу, якое яны здзяйсняюць пад кіраўніцтвам біскупа і якое датычыць паслугі слова, Божага культу, пастырскіх заданняў і дабрачыннасці (пар. КККК 330). Гэтыя абавязкі дыяканы павінны выконваць так, каб людзі маглі бачыць у іх вучняў Хрыста, які прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб самому служыць.

Беатыфікаваны тры гады таму англійскі кардынал, канвертыт з англіканства Генры Ньюман у сваім славутым казанні аб пакліканні до Божай службы прыгадвае пакліканне вялікіх асобаў Старога і Новага Запаветаў, такіх, як айцец нашай веры Абрагам, прарокі Ілля, Ісая, Ерамія і Самуэль, апосталаў, святога Паўла і Божай Маці.

Потым ён успамінае тых, хто не паслухаў Божага голасу і яго не прыняў: багаты юнак, які меў шмат багацця і адышоў сумны (Мц 19, 16-26); чалавек, які найперш хацеў вярнуцца і развітацца з блізкімі (пар. Лк 9, 61); запрошаныя на вяселле з сённяшняга Евангелля (пар. Лк 14, 16-20). Вера і паслухмянасць абавязковыя, каб адказаць Богу на Яго заклік. Адзнакай паклікання з’яўляецца паслухмянасць пайсці за Хрыстом, пайсці нават у невядомае. Гэта можа ўчыніць толькі чалавек моцнай веры.

Кардынал Ньюман таксама падкрэслівае, што гэты голас клічучага Хрыста не з’яўляецца аднаразовым актам, але паўтараецца ўсё жыццё, і таму заўсёды неабходна адказваць на яго і быць яму паслухмяным.

6. “Adsum” – “Вось я, пашлі мяне” (Іс 6, 8). Так адказалі на заклік Хрыста сённяшнія кандыдаты да дыяканату. Але так неабходна адказваць і кожны дзень, адказваць праз вернае выконванне сваіх функцый і далейшую фармацыю. Няхай гэтае вашае “Adsum” па прыкладу Марыі заўсёды спадарожнічае вам.

Зусім нядаўна завяршыўся Год веры, мэтай якога было вывесці чалавека з духоўнай пустыні, нанова паказаць прыгажосць веры і распаліць яе агонь, каб палымнеў моцна і запальваў іншых. У гэтым працэсе вы таксама павінны мець свой удзел, перадусім як настаўнікі Евангелля і слугі дабрачыннасці. Няхай на гэтым вашым шляху спадарожнічае вам прыклад Марыі – Маці нашай веры (пар. LF 60), каб дзякуючы вашаму служэнню аднавілася першапачатковая свежасць Евангелля (пар. EG 11), – як да гэтага заклікае Папа Францішак у Апостальскай адгартацыі “Evagelii gaudium” – “Радасць Евангелля”.

7. Дарагія кандыдаты да дыяканскага пасвячэння!

Вы прымаеце дыяканскае пасвячэнне ва ўспамін святога біскупа Амброзія, які адзначаўся здаровай навукай, мужна бараніў хрысціянскую веру і праславіўся абвяшчэннем Евангелля. Прымаеце яго ў вігілію ўрачыстасці Беззаганнага Зачацця Насвяцейшай Панны Марыі, якая на ўсе часы з’яўляецца ўзорам згоды з Божай воляй і прыкладам служэння бліжнім.

Па прыкладзе нябеснага апекуна сённяшняга дня святога Амброзія і Найсвяцейшай Панны Марыі будзьце моцнымі верай, бараніце яе ў часы секулярызму, які распаўсюджваецца, і заўсёды заставайцеся яе сведкамі. Служыце Касцёлу і людзям. Дазвольце Хрысту весці вас, каб ваша дыяканская паслуга прыносіла багаты духоўны плён, а Бог шчасліва завяршыў справу, якую распачаў, клічучы вас да святарства. Амэн.

Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. Катехизис Католической Церкви. Москва 1998 (ККЦ).
2. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла. Кампендый (КККК).
3. Энцыкліка “Lumen fidei” – “Святло веры” (LF).
4. Апостальская адгартацыя “Evangelii gaudium” – “Радасць Евангелля” (EG).

Адноўлена 05.12.2013 12:23
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі