Івянец, 4 снежня 2013 г.
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, браты і сёстры!
1. Святой і збаўленчай з’яўляецца малітва аб памерлых, –– кажа Святое Пісанне.
Паслухмяныя гэтаму закліку Бога і касцёльнай традыцыі, мы сёння сабраліся тут, у Івянцы, каб памаліцца за а. Андрэя Ахрэма, які 30 дзён таму, выконваючы святарскую паслугу апекі над хворым, трагічна загінуў.
Напэўна, не адзін з нас пытаецца: чаму так сталася, чаму Бог гэта дапусціў, ці ў нас так многа святароў і г.д. Пытанняў шмат, і мы па-чалавечы не можам знайсці на іх адказу. У такім выпадку неабходна толькі даверыцца Божаму Провіду і Божай міласэрнасці, бо Божыя планы — не нашы планы, і як бы ні было цяжка, у духу веры схіліць свае галовы перад Богам.
2. Святы апостал Павел кажа, што дадзена чалавеку адзін раз памерці, а потым суд. Гэтыя словы былі актуальныя не толькі ў часы Апостала народаў, але застаюцца актуальнымі ва ўсе часы. Дзе людзі жывуць, там і паміраюць і ад смерці ніхто не выкупіўся і не выбавіўся.
Адна гісторыя распавядае пра вельмі багатага чалавека, які наведаў Рым. Потым яго прыняў імператар, які спытаўся, як яму спадабаўся Вечны горад. Багаты чалавек адказаў, што больш прыгожага горада ён не спаткаў у сваім жыцці. Аднак адна справа яго засмучае, бо ў Вечным горадзе ён убачыў могілкі. Так, сапраўды, чалавек памірае там, дзе ён жыве ці працуе. Паміраюць старыя, хворыя і маладыя, здаровыя.
Мы ведаем прызначэнне гадзінніка – паказваць час. Час для а. Андрэя скончыўся і распачалася вечнасць, да якой ён ішоў усё сваё жыццё і да якой вёў сваіх вернікаў.
Хаця яго пастырскае служэнне не было доўгім, аднак ён залужыў павагу і пашану ў вернікаў. Добра памятаю яго актыўны ўдзел у трэцяй агульнабеларускай малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы ў ліпені гэтага года. Малады святар даспадобы прыйшоўся моладзі, і бачна было, што ён знайшоў сумесную мову з ёю. Яго добрая адукацыя, выхаванне і спосаб жыцця былі заўважаны іншымі. Яго духоўная сям’я францішканаў, да якой ён належаў, пакладала ў ім вялікую надзею. Аднак яго лёс быў іншы і незразумелы для нас.
3. Хаця цяжка прымірыцца з трагічнай смерцю маладога святара, тым не менш мы павінны на яе глядзець праз праўду ўваскрашэння, якой ён жыў і якой навучаў вернікаў, даючы ім новую надзею на жыццё вечнае.
Які нешчаслівы няверуючы чалавек. Для яго са смерцю завяршаецца ўсё. Для чаго тады цярпенні, хваробы, клопаты і захаванне закону і г.д.? Для чаго, калі са смерцю ўсё завяршаецца?
Для нас хрысціян, смерць – гэта толькі пераход ад бачнага жыцця ў нябачнае, ад часовага ў вечнае. Нездарма ў прэфацыі за памерлых кажам, што жыццё верных змяняецца, але не завяршаецца.
Падмуркам гэтай праўды ёсць праўда Уваскрасення Хрыста. Святы апостал Павел кажа, што калі б Хрыстус не ўваскрос, то пустой была б наша вера і наша абвяшчэнне Евангелля. Але Хрыстус уваскрос, і гэта факт гістарычны. У святле праўды Уваскрасення Хрыста вузенькая сцяжынка да магілы памерлага – гэта не апошняя яго дарога. На помніку былога прэзідэнта ЗША Беньяміна Франкліна напісана: “Тут ляжыць старая пацёртая кніга, якая называецца Беньямін Франклін, але будзе другое новае яе выданне”. Такім чынам выказана праўда аб уваскрасенні і новым жыцці.
На брамах адных могілак знаходзіцца барэльеф, які прадстаўляе чалавечыя косці і на іх немаўля. Чалавечыя косці – гэта сімвал смерці. Немаўля – сімвал новага жыцця. Такім чынам аўтар гэтага барэльефа хацеў прадставіць праўду аб вечным жыцці чалавека, аб тым, што са смерці мы пераходзім у жыццё вечнае.
4. Кожнае жалобнае набажэнства – гэта таксама акт веры. Айцец Андрэй трагічна загінуў у Год веры, якою сам жыў і якой вучыў іншых. Сёння падчас гэтай святой Імшы мы молімся з вераю ў Божую міласэрнасць. Менавіта вера ў жыццё вечнае і Божую міласэрнасць дае нам суцяшэнне ў гэтым цяжкім перажыванні. Вера дапамагае нам падпарадкавацца Божай праўдзе, якая не з’яўляецца цеснай рубашкай, што абмяжоўвае нашу свабоду, але якая ў Езусе Хрысце з’яўляецца значэннем і сэнсам нашага жыцця. Гэтая праўда падтрымлівае нас. Яна з’яўляецца той скалой, на якой мы знаходзім сваю стабільнасць, нават перад абліччам смерці. У святле веры жыццё становіцца пэўным, але таксама і смерць становіцца гарантыяй пераходу ў вечнасць.
5. Кожная святая Імша – гэта таксама наш удзел у нябеснай літургіі. Эўхарыстычная ахвяра, нашы малітвы, святая Камунія дзякуючы Божай ласцы становяцца часткай нябеснай літургіі. Таму сёння мы просім Бога, каб дзякуючы нашым малітвам трагічна памерлы айцец Андрэй заняў частку ў нябеснай літургіі вечнай хвалы Бога. Амэн.
|